Андрэй Верабей

 

Лірыка чырвонага стагодзьдзя

 

Апагей папулярнасьці «беларускай савецкай літаратуры» супадае з кульмінацыяй расeйскага камунізму і Другой сусьветнай вайной, якая стала найважнейшай падзеяй у найноўшай гісторыі краіны, што літаратура й зафіксавала.

Вайна, а перадусім партызанская, лясная вайна-вольніца, партызанская рэвалюцыя, сталіся сваеасаблівай мадэрнай казаччынай і момантам славы для тоеснасьці беларусаў, перавярнуўшы іх уяўленьні пра самых сябе. Наступныя пакаленьні ўзгадаваліся на літаратуры й гістарыяграфіі, засяроджаных на вайне. Зразумела, што на гэтай хвалі спэкуляваў і каляніяльны рэжым.

Фактычна, уся гісторыя Беларусі другой паловы ХХ ст. — гэта толькі непазьбежны працяг той рэвалюцыі. Якая яшчэ бадай ня скончылася. Дзень Перамогі застаецца галоўным сьвятам летняга цыклю, Беларусь — краінай-пераможцай з старым саюзьнікам і ворагам, сьвядомасьць кіруецца тымі самымі імпульсамі. Стаіць партызанская незалежнасьць.

 

вырывайце з жывых жылы

 

Тэма вайны, вайна з выкарыстаньнем машынаў — увогуле дрэнны матэрыял для паэзіі. Уся добрая паэзія ваенных часоў — гэта спроба гаварыць найбольш пра чалавека, а не пра забойствы. Імаралістычны і шавіністычны дрэйф тых «беларускіх савецкіх» паэтаў, якія распрацоўвалі тэму вайны, лягчэй было б зразумець, калі б яны ў гэтай эстэтыцы адлюстравалі (хай сабе ў шуфляду) праўду вайны зь яе бессэнсоўнымі ахвярамі, азьвярэньнем, здрадамі, безвыходнасьцю. Але йшлося хутчэй не аб праўдзе і абліччах вайны, а пра вызваленьне пэўных рысаў нацыянальнага характару, гульню на пэўных народных ілюзіях і мітах.

Нават у шаблённых патрыятычных вершах «беларуская савецкая літаратура» глыбока распрацоўвала дзьве тэмы, якія зьліваюцца ў адну: крыўда і адплата (пры існаваньні ў беларускай мове дзьвюх антанімічных параў: крыўда/праўда, крыўда/помста — пошук праўды ператвараецца ў пошук сытуацыі ўзаемаразьлікаў за ўсё; ідэя дараваньня, такая важная ў тоеснасьці ўсіх краёў, абнятых хрысьціянскай цывілізацыяй, у беларускіх тэрыторыях стала непрынцыповай) — тэму, што рытуальна згадвалася нават у такіх, здавалася б, адлеглых па мэце і простых, «дыдактычных» вершах, як Броўкава «Родная мова», што адкрываў падручнікі па беларускай мове і дзе сярод чатырох караценькіх абзацаў, якія мелі абхапіць усё-ўсё, адзін абвяшчае:

 

А вораг находзіў, бязлітасна білі,

Трываць не хацелі абразы і слёз,

І разам з Бярозаю катаў тапілі

Пціч,

Друць,

Сож.

 

І ў Бураўкіна ў аналягічным хрэстаматыйным вершы «Беларусі»:

 

Колькі вызнаў і вынес ты, краю мой мілы!

І цяпер успамін мае грудзі пячэ,

Дзе старыя акопы як пустыя магілы,

Дзе сябры пахаваць не паспелі яшчэ.

У нябыт і нядоля, і ворагі рынулі...

 

Кожнай нацыі хапіла за свой век пад бок і пад галаву, аднак, плачуць яны не аднолькава голасна і па розным.

«Беларускім партызанам» Янкі Купалы — адэкватны адказ на першабытнасьць нацызму пад формай патрыятызму.

 

Партызаны, партызаны, беларускія сыны,

За пакуты, за кайданы рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны!

...

 

Выразайце людаедаў, вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць.

 

Няўменьне знайсьці дакладны й моцны вобраз хаваецца пад патэтыку, даведзеную да краю буйства. Рыфмы банальныя (лясы-каласы, сілы-магілы-жылы) або выпадковыя (пабеду-следу). Фармальных прычынаў, каб трапіць у падручнікі, няма, аднак і гэты верш вучаць у школе на памяць.

Чытаньне й завучваньне такіх вершаў падсьвядома прывучае, што ўсё можа быць, раз магчыма тое, пра што гаворыцца ў творах, што, будзьце гатовыя, дзеці, у жыцьці бываюць часы й сытуацыі, калі сьціраюцца ўсякія межы паміж чалавечым і зьвярыным: «клююць сэрца, смокчуць кроў», «сыты людзкім жырам», «выразаў ён старцам вочы, рэзаў матак і дзяцей». Мэтафорыка замку Дракулы нараджае ва ўяве хімэрных монстраў і фармуе «пачуцьцё ворага», а калі браць канкрэтны беларускі дыскурс — зьмяшчае «ворага» як элемэнт сьветабудовы на захад ад уласнай тэрыторыі.

 

стойка трымаўся юнак на дапросе

 

Для «беларускага савецкага» мастацтва было ўласьціва атаясамліваць ворагаў і немцаў (той факт, што Хатынь палілі ўкраінцы, а ня немцы, напрыклад, старанна замоўчваўся — рухнулі б схемы) і перабольшваць жорсткасьць варагоў. Так, у фільме «Гадзіньнік спыніўся апоўначы» ґаўляйтэр Беларусі Кубэ раздае дзецям-закладнікам шакалядкі, каб яны яму ручкі цалавалі, хоць ведае, што малых вось-вось расстраляюць. Парушэньне гістарычнай праўды відавочнае, і відавочныя мэты: зрабіць забойства Кубэ актам Найвышэйшае кары, катарсысам. Калі простым узьвялічваньнем сваіх подзьвігаў не абыходзілася, калі пра вайну стваралі суцэльны міт, дык супраць каго быў скіраваны гэты міт? У супэрхіце беллітры «Камсамольскі білет» («Стойка трымаўся юнак на дапросе») таксама: цалкам нерэальная сытуацыя, «вораг-жандар» ставіць юнака перад дылемай: або цішкам-нішкам зьнішчыць свой камсамольскі білет, або сьмерць. Зразумела, юнак без ваганьняў выбірае сьмерць. Далей ідзе забойства, ня простае, а такое, што ня кожнаму паскудзе з СС прыйшло б у галаву. Для роздуму пра суадносную вартасьць жыцьця і ідэалаў не застаецца месца.

Нянавісьць да немцаў-фашыстаў, паноў-жандароў etc. — няпрыязь да таго, што з захаду, фактычна, да ўсяго эўрапейскага (самыя паняткі «Эўропа» і «эўрапейскі» досыць цяжка акрэсьліць, але ўсё ж за імі стаіць пэўная відавочная юдэахрысьціянская, грэкарымская, рацыяналістычная і сэнсуальная традыцыя; нацызм быў паразай эўрапейскіх вартасьцяў і перамогай стэпавага, азіяцкага, ірацыянальнага, што перадгадваў яшчэ Герман Гесэ ў сваім эсэ пра «рускага чалавека»; «савецкая» ж культура акрэсьлівала панятак «рускі чалавек» празь ягонае супрацьстаяньне «эўрапейскаму барбарству» й нечалавечнасьці, што былі выплёскваліся на ўсходнеславянскія землі). Быць усходнім славянінам, беларусам, паводле гэтых схемаў, значыць, не паддавацца Захаду, змагацца зь ім, быць адрозным ад эўрапейцаў. Але ж аўтэнтычны зародак усходнеславянскіх тоеснасьцяў (беларускіх і ўкраінскіх у большай, расійскіх у меншай ступені) — эўрапейскія. Антыэўрапейскі прышчэп на эўрапейскай дзічцы дае хворую шчыпу, прырэчаную на пэрыядычнае падмярзаньне.

 

тупат быстрага каня

 

Цікава, што й Панчанка, які малюе сьвет — беларускі трылер — у воку снайпэра, і Глебка —

 

Ноч. Халодная зямлянка.

Перастрэлка. Цішыня.

Неба, чыстае як шклянка.

Тупат быстрага каня.

 

(конь мог быць ходкім, лётным, шпаркім, хуткім, але ў вершы ён «быстры»; гэта ня конь скача «пад сховам цемнаты», а «сивка-бурка вещая каурка», гэта прывід расейскай Эўропы) (адзін з наймацнейшых і выключных вершаў беларускай савецкай паэзіі; тэма — настальгія па адрэзаным лініямі фронту родным месьце — «ад сэрца напісана», як казалі ў тыя гады; верш вылучаецца арыгінальнасьцю ў форме і матывах) (верш пра сьвет двухвымерных прадметаў і зьяваў; сьвет бясколерны, беспрыметны, зь мінімумам кваліфікатываў; сьвет вайны; раўнінны сьвет Усходняй Эўропы сярэдзіны ХХ ст.) (увогуле, начныя вобразы і радкі — нацыянальная страва беларускіх паэтаў; каляніяльная сытуацыя — сытуацыя ночы; ад Багрымава «Ой, кажане, кажане, чаму ж ня сеў ты на мяне» да Глёбусава «Засынаю, ізноў засынаю // бо надзеі ніякай ня маю // і ў жыцьці ўжо нішто не трымае»),

—  і Куляшоў —

 

З самалётаў не зводжу вачэй

І не веру, няўжо самалёты

Проста з неба ляцяць на дзяцей,

Сеюць смерць кулямёты.

 

— і Броўка:

 

Гляньце — сёння ў грудзях

Толькі помста адна!

 

і

 

Аднаго кожны дзень я жадаю ў жыцці:

Каб за сонцам услед мне па трупах варожых

Хоць на некалькі крокаў наперад прайсці.

 

і Танк — усе яны прайшлі вайну не ў акопах, і не пад немцамі, а ваенкорамі ў франтавой газэце.

 

кожны чацьверты

 

Тое, што Нямеччына за 1944-45 была разбурана ня меней, чым Беларусь за 1943-44, і тое, што беларусы самі нямала спрычыніліся да пачатку гэтай «апошняй» вайны ў 1939-40, нікога ў нас не абыходзіла. Беларусы — задоўга самыя няшчасныя. Бо ўмеюць лічыць ахвяры ў дубль. Пачалося зь лічбы ахвяраў Другой сусьветнай вайны, а што далей, то болей. Лічбы (бярозкі ў Хатыні), надзвычай важныя для нацыянальнай тоеснасьці беларусаў.

 

Я іду,

ты ідзеш,

а ён не ідзе, ён мёртвы.

Я пяю,

ты пяеш,

маўчыць кожны чацвёрты.

Мы ідзем,

ідзяце вы.

Грунт пад нагамі цвёрды.

Яны не ходзяць.

Нежывы

кожны чацвёрты.

 

(Анатоль Вярцінскі)

 

Людзі бедныя, неданошаныя і ня еўшы, але людзі маюць права быць такімі, бо былі войны, бо ёсьць прычыны (Эўропа шэсьцьсот гадоў эвалюцыянуе да усё большага перанясеньня адказнасьці ў сярэдзіну суб’екта, суб’екта-цела ці суб’екта-супольнасьці, беларусы ж насуперак жывуць, адмаўляючыся браць на сябе адказнасьць, экстэрыярызуючы яе) — гібель кожнага другога беларуса ў вайне з швэдамі і расейцамі ў XVII ст., кожнага трэцяга ў Паўночнай вайне, кожнага пятага — у вайне 1812 году і ў Першай сусьветнай і кожнага чацьвертага ў Другой сусьветнай войнах — з кансэквэнтнымі высновамі пра асаблівасьць долі й геаграфічнага становішча, пра «прахадны двор», «скрыжаваньне шляхоў», «мост між усходам і захадам», пра тое, што беларусы ня самі адказныя за свой спэцыфічны матэрыяльны й маральны стан, высновамі пра «варагоў» і «сяброў», пра выключную трагічнасьць, якая абумоўлівае выключныя правы і накладае асаблівыя абавязкі, гэткі мазахісцкі мэсіянізм — гэтыя лічбы відавочна ў шмат разоў перабольшаныя, але працягваюць паўзьці дагары, і ўжо ня раз чуецца пра кожнага трэцяга беларуса, забітага ў Другую сусьветную вайну або ў 1812 годзе. Яшчэ адзін вынік стагодзьдзя — беларусы прывучыліся гуляць мільёнамі сьмерцяў як шчытом і мячом, казыром і пяцьцю картамі адной масьці. Нацыя ператварыла сваіх мёртвых у мэблю свайго дому, у капітал, у «бюлетэнь» (калі паліклінічны лісток непрацаздольнасьці — гэта капітал) (цяпер паводле звыклай схемы ў капітал ператвараецца Чарнобыль). Тут — «мы ў адзіночку не пражывем». З гэтага гледзішча па-прароцку-двухсэнсоўна гучаць адны з апошніх радкоў «беларускае савецкае» паэзіі:

 

Таму асцерагайцеся,

Бо замест сонца

У нашых песнях —

Небяспечны стронцый.

(Максім Танк)

 

Чалавек тут вырастае з пэўнасьцю, што ўсё магчыма, і ўсё на сьвеце ўспрымае як нармальнае. Межы магчымага і нармальнага рассунуліся да немагчымасьці. Беларусам за нішто будзе зноў пакласьці мільёны людзей у зямлю («не впервой») (існуе стэрэатып, што ўсходнія славяне прайграюць падступнаму й хітраму Захаду ў штодзённым жыцьці, але пры гэтым ніхто не параўнаецца зь імі ва ўменьні выжываць у цяжкіх становішчах; з гэтай тэзы лягічна дайсьці да высновы, што адзінае выйгрышнае, а значыць выгоднае для ўсходніх славянаў становішча рэчаў — экстрэмальнае, напрыклад, ваеннае) (пайграем у вайнушку: хто будзе «немцамі»?). Па-другое, калі йдзецца пра пэрыядычныя галакосты, прападае разуменьне вартасьці кожнага асобнага жыцьця кожнага асобнага чалавека. Па-трэцяе, хлусьня гістарыёграфаў — маці ўсіх хлусьняў. Па-чацьвертае, вялізная лічба ахвяраў апошняй вайны сакралізуе гэтую падзею, ператварае ў блюзьнерства любыя спробы гістарычных ці палітычных пераацэнак, задае пэўную арыентацыю нацыянальнай сьвядомасьці; вядома, «дзела крэпкае, калі яно скроплена крывёю». Хто наважыцца дакапацца да рэальных і канкрэтызаваных (колькі жыдоў, колькі жыхароў іншых краінаў, колькі расейскіх ваеннапалонных, колькі ў камэрах гестапа, колькі пад савецкімі бамбёжкамі etc.) лічбаў?

З падачы мастацтва чалавек пагарджае найважнейшай абмежавальнай праўдай: магчымае тое, што чалавек лічыць магчымым.

Ад веку беларусаў «білі й крыўдзілі» — гэта стала стэрэатыпам і абґрунтаваньнем пазыцыі. Крый Божа ім зноў дарвацца да магчымасьці помсьціць, бо то будзе страшная помста. Гэта будзе сэрбскі сындром, памножаны на савецкую вывучку.

 

каб сала у хаце кубламі вялося

 

У культурнай казаччыны два наступствы: непавага да нормы (непавага да літары правілаў і законаў, «бескультурнасьць» у сэнсе схільнасьць зьмешваць знакі; філязофія «ўсё-можа-быць», «пачуцьцё нясталасьці й нетрываласьці») і ўсходнеславянская эўрапейская/антызаходнеэўрапейская раздвоенасьць («пачуцьцё ворага», пакрыўджанасьць, помсьлівасьць, гістэрычнасьць, міты пра мост між захадам і ўсходам, недаацэнка сваёй культуры й традыцыі).

Калі хочацца радыкальных зьменаў, паўстае пытаньне пра выдаленьне дыдактычнага курсу літаратуры з школьных праграмаў (літаратура — нестабільнасьць, мова — стабільнасьць) (асабліва калі йдзецца пра маладую нацыю зь невялікім корпусам тэкстаў, што тоіць небясьпеку ўзьнікненьня кляўстрафобіі).

 

год адзінаццаць, а можа, дванаццаць

 

Увогуле ж пытаньне зь «беларускай савецкай літаратурай» заключаецца ня ў тым, адкінуць яе ці не адкінуць; пытаньне ў тым, што яе няма куды прытачыць. Ідзецца не пра ацэнку, а пра спробу інтэрпрэтацыі і клясыфікацыі.

БСЛ дэкляравала рэалізм, але рацыяналізму, інтэлектуальнасьці, аб’ектыўнасьці, крытычнасьці, супярэчлівасьці, шматграннасьці, аналітычнасьці ў ёй няма.

БСЛ дэкляравала вернасьць клясычным канонам (прыкладам, вершы, напісаныя вэрлібрам, ухваляліся толькі ў тым выпадку, калі іх аўтарам быў герой сацыялістычнай працы), але пры гэтым, як правіла, не выходзіла за простыя, паўфальклёрныя формы.

БСЛ вымушана была пераважна школьнай і дыдактычнай літаратурай і дэкляравала сваю «даступнасьць», але толькі безадказныя бацькі могуць рэкамэндаваць дзецям твор хоць нейкага аднога зь яе пісьменьнікаў, не прачытаўшы перад тым: у любога можна натрапіць на дзікунства ці ідалапаклонства, прычым у самых нечаканых месцах. Ды й мала хто зь дзяцей зачытваецца творамі, дзе ўсё раскладзена па паліцах і якія не зважаюць на элемэнтарныя законы папулярнай літаратуры.

БСЛ дэкляравала сваю народнасьць, трактуючы яе як глыбінную адпаведнасьць нацыянальнай душы і арыґінальнасьць, аднак, як паказала Саламія Паўлычко ў «Дыскурсе мадэрнізму ва ўкраінскай літаратуры», ідэалёгія і эстэтыка гэтага народніцтва сфармаваліся пад уплывам расейскага народніцтва (якое, дарэчы, сталася ня самай плоднай, марґінальнай галіной у расейскай літаратуры), а расейскае народніцтва было позьняй кампіляцыяй шэрагу эўрапейскіх тэорыяў.

БСЛ дэкляравала таксама эстэтычнасьць і сьвятую вайну супраць безгустоўнасьці, але паколькі ў прынцыпе шукала сабе лёгкіх шляхоў (характэрны факт: трымалася за хібны, перакручаны правапіс толькі таму, што так «прывычна») (трагедыяў александрыйскім вершам не пісалі) (не цікавілася філязофіяй і навукамі, нават сучаснай псыхалёгіяй: сярод «беларускіх савецкіх пісьменьнікаў» малы мінімум людзей зь нефілялягічнымі адукацыяй або грунтоўнымі досьледамі зь іншых, нават блізкіх гуманітарных навук), то пісала досыць адвольныя рэчы («Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць // Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца.» — Здаецца, у вершы «Пахне чабор» Петруся Броўкі, часта выдаваным за шэдэўр беларускае паэзіі, замест лічбы 12 магло б стаяць 13 або 17) (хто іх там ліча?).

Любая інтымная тэматыка ў БСЛ a priori заставалася другаснай, як у любой літаратуры, якая сьвядома фармулюе сябе як літаратура таталітарнага грамадзтва.

БСЛ ставіць сабе ў заслугу зьберажэньне беларускай мовы і ідэі, але амаль у кожным творы парушала, падвяргала рэвізіі нават тыя спрэчныя, не заўжды лягічныя, зрусыфікаваныя нормы беларускай мовы, якія яна сама сабе стварыла, тым самым прышчапляючы чытачам непавагу да мовы і да нормы ўвогуле. Урэшце яна да апошняга трымаецца за «наркомаўскі» правапіс, навязаны сталінскай рэформай 1933 году. Колькі зь «беларускіх савецкіх» пісьменьнікаў запомніла, што, у адрозьненьне ад расейскай мовы, у беларускай прыназоўнік «па» вымагае меснага склону?..

Мастацтва — гэта ня толькі эстэтыка, але яшчэ й этыка. радкі ж кшталту Крапівоўскіх «Ад Якуціі аж да Мазыршчыны // Чужаедскія кодлы панішчаны» ня вылушчыш з агульнага даробку, важаць і сваеасаблівыя шэдэўры жанру пахвалы, што йдзе ў беларускай літаратуры ад Рымшы: сапраўды, «Вялікаму Сталіну ад беларускага народа. Пісьмо працоўных, пераказанае шасцю паэтамі» і «Ленін думае пра Беларусь» Бураўкіна з фармальна-стылістычнага пункту гледжаньня — з самых вартых і найкалярытнейшых твораў БСЛ. З чыста ж фармальнага пункту гледжаньня «беларуская савецкая літаратура» сваім патэтычным і рытарычным, далібог стандартным патрыятызмам («З пушчамі, бярозавымі трактамі, // З гулам самалётаў над зямлёй, // З працавітай песняй дужых трактараў, // З яснай, электрычнаю зарой» — Пімен Панчанка) і эпігонствам кампрамэтуе беларускі нацыянальны дыскурс.

Дык куды, да якой традыцыі залучыць БСЛ?

Ідэалягічная заанґажаванасьць, апаляґетыка правадыроў, багаборства, брутальнасьць і маральнае экспэрымэнтатарства даюць падставу для аналёгіяў з пэўнай эўрапейскай літаратурай левых. Аднак жа, эўрапейская левая літаратура звычайна не стваралася за грошы ўладаў і на замову ўладаў. Калі браць постаці асобных культурных герояў, у БСЛ і блізка няма нікога ўпоравень з Маякоўскім ці Араґонам.

 

Камуністы — гэта слова як са сталі,

Камуністы — гэта слова як з агню.

Маркс і Энгельс нам імя такое далі

Сто гадоў таму назад упершыню.

 

(Аркадзь Куляшоў)

Памылкі беларускай мовы маюцца тут у кожным радку, а больш... А больш нічога. І марны занятак — перачытваць БСЛ у пошуках нечага іншага, бо знайсьці яго можна пераважна толькі ў тых, хто па часе ці абставінах выхаваньня й жыцьця ня поўнасьцю належыць БСЛ, або ў тых, што былі рэпрэсаванымі, а значыць, не зусім адпаведнымі яе нормам.

Уласна, стылёвая невыразнасьць і ёсьць самай характэрнай рысай БСЛ.

Іншы раз даходзіла да дэманстратыўнага ідыятызму:

 

Савецкі Саюз не адзін:

Амерыка, Англія ў згодзе.

Што ж будзе, калі гэты млын

На поўныя ставы заходзе?

А як матцы глядзець

На сына, што стаў галавешкай?

Праклёны ж яе, ну як медзь,

Звінелі і білі даўбешкай.

 

(Якуб Колас)

Што азначаў гэты ідыятызм? Ці то была стома, ці то шчырая страта густу й меры, ці форма пратэсту — гэта ўжо пытаньні інтэрпрэтацыяў. Здаецца, што нейкае значэньне і кантэкст «беларуская савецкая» літаратура магла б набыць у выніку постмадэрновай інтэрпрэтацыі — але то сумная для яе пэрспэктыва.

Гэтак, «беларуская савецкая літаратура» — гэта плынь у беларускай літаратуры ХХ ст., адзначаная моцнымі дыдактызмам і ідэалягічнай заанґажаванасьцю, а таксама спэцыфікай густаў, плынь, якая стварыла «наркомаўскі» правапіс і карысталася ім, якая зьвязала свой лёс зь лёсам расейскага камунізму, каб разам і адначасова зь ім дасягнуць найвышэйшай кропкі разьвіцьця, а пасьля канчаткова замерці на зломе тысячагодзьдзяў. Яе гістарычная і эстэтычная вартасьць, як і шанцы далейшага ўплыву на мастацтва і грамадзтва выклікаюць пытаньне.

Ёсьць пытаньне з вызначэньнем часавых рамак «беларускай савецкай літаратуры». Яе зараджэньне прыпадае на 20-я гады, а згасае яна марудна, пачынаючы недзе з канца 50-х, з 60-х (з пункту найбольшае сталасьці і росквіту) на пару зь левым таталітарызмам і эўрапейскімі камуністычнымі інтэлектуаламі, пусьціўшы яшчэ кволую хвалю камсамольскага дэкадансу. Гэтак, Чарнышэвіч, Янка Маўр, Пфляўмбаўм, Максім Танк, Янка Брыль, ... яшчэ ня цалкам да яе належаць, а Быкаў, Караткевіч, Адамчык, Купрэеў, Разанаў, ... ужо пачалі адмаўляцца ад яе варштату.

Калі прыйшла самая пара процістаць нэакаляніяльнаму ладу і духу, ідэалёгію й рыторыку змаганьня зноў спрабуюць сфармуляваць у мове рымэйкаў зь «Беларускім партызанам».

Галоўнае пытаньне зь «беларускай савецкай літаратурай» заключаецца ў тым, як яе забыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0