Зьезд

Раздору не адбылося

 

Калi бачу незнаёмую кнiгу, мяне заўсёды цягне разгарнуць яе на любой старонцы й прабегчы вачыма хаця б адзiн абзац. А раптам трапiцца нешта такое, што я нiдзе й нiколi не чытаў, што прымусiць мяне зазiрнуць на iншыя бачыны ды ўрэшце выкласьцi свае крэўныя за пiсьменьнiцкую працу. Але ж гэтую працэдуру цiкава праводзiць зь незнаёмымi кнiжкамi. А калi бачыш на вокладках вядомыя прозьвiшчы сяброў Саюзу пiсьменьнiкаў, што сабралiся на свой чарговы зьезд ва ўжо не сваiм доме, то спадзяваньняў быць нечым зьдзiўленым меншае. Праўда, не настолькi, каб не разгарнуць кнiгу зь вядомымi героямi. Цi каб не зайсьцi наўздагад у залю зьезду. А раптам!..

На ганку былога Дому лiтаратараў, куды я збочыў у надзеi знаходкi невядомага сюжэту, сядзеў апрануты ў белую вышываную кашулю паэт Анатоль Сыс, паклаўшы на свае стомленыя рукi сваю «буйную головушку». Значыць, зьезд даўно пачаўся. Дарогу ў залю мне перагарадзiлi двое малойчыкаў у чорным. Нарэшце я не без задавальненьня пакарыстаўся «нашанiўскаю ксiваю», нiбы Штырлiц прайшоўшыся праз строгi кантроль.

Як высьветлiлася, мне пашчасьцiла патрапiць на «завязку». З трыбуны выступаў Васiль Зуёнак. Зь першых рэплiкаў прамоўца прымусiў мяне насьцярожыцца. Ён казаў што Саюз пiсьменьнiкаў — адзiны й апошнi аплот беларускай нацыянальнай iдэi. Але на наступнай частцы прамовы, зь якой вынiкала, што гэты несакрушальны аплот павiнен як мага больш грунтоўна фiнансавацца дзяржаваю, я расслабiўся. Усё, што прамоўца казаў далей, я ўжо недзе неаднойчы чуў. I з чым нiколi ня мог згадзiцца. I пра памiраючы бяз роднае мовы народ (па-мойму, ён някепска жыве й безь яе). I пра гаротны стан роднае мовы (чаму ж гаротны, калi на гэтай мове ёсьць з кiм выпiць i з кiм пасварыцца?). I пра недахоп беларускiх школак. Асаблiва хвалявала шаноўнага дакладчыка, што ў Фрунзэнскiм раёне апошнiя адсутнiчаюць цалкам (а па мне, дык школаў для дзетак беларусаў цалкам дастаткова, а Фрунзэнскаму раёну «так и надо»).

Далей можна было ня слухаць i я пераключыў увагу на прэзыдыюм. Наперадзе зь бязь меры адухоўленымi тварамi клясыкаў сядзелi Iван Шамякiн, Iван Навуменка ды пасланец прэзыдэнта Пашкевiч. Усе трое ў тахт думкам прамоўцы i ў знак згоды кiвалi мудрымi галовамi. За iмi аб нечым весела шапталiся Генадзь Бураўкiн i Iгар Лучанок. Сонная заля чакала банкету. А паколькi мне выпiць не было з кiм, я вырашыў пайсьцi па сваiх справах. Так бы мовiць, паклаў том на палiцу, не дачытаўшы. Сыс па-ранейшаму сядзеў на тым самым месцы i ў той самай паставе.

Увесь дзень мяне не пакiдала думка, што я дарэмна сышоў. Што самае цiкавае, як заўжды, было наперадзе, а я яго прафукаў. Таму блiжэй да вечара я рызыкнуў iзноў адкрыць XII том гiсторыi БСП. Гэтым разам пiсьменьнiцкая брацiя тусавалася па-за межамi залi. У кулюарах. Знаёмыя лiтаратары запэўнiвалi мяне ў дарэмнасьцi майго сыходу. Я ж не пачуў, як зьнiштожыў Замяталiна ў сваёй прамове Генадзь Бураўкiн. А зь якiм палымяным словам за лiтаратуру выступiў Нiл Гiлевiч! А расейскаму дэсанту на чале з Васiлiем Бяловым нават слова не далi на нашым сувэрэнным зьезьдзе. А як заiнтрыгаваў Пашкевiч сказаўшы, што ён не пачуў «канкрэтных прапановаў» па ганарарах. Але чырвонай нiткаю праз усе кулюары праходзiла фраза: «расколу не адбылося». Казалася гэта на панiжаных танах, вельмi давяральна. Пра якi раскол гаворка, я не зразумеў. Але ж якi ты сёньня пiсьменьнiк, калi хоць трохi не якабiнец.

З буфэту раптам вылецеў i запоўнiў сабою ўсё «административное здание» знаёмы голас. «Я ня буду галасаваць за Някляева! Я не люблю гэтага чалавека!» Я пасьпяшаўся на голас. Ва ўсiм задаволены сабою паэт Някляеў папiваў гарэлку, а па-над iм раскачваўся Анатоль Сыс, асыпаючы шчодрымi пракляцьцямi шляхетную галаву адзiнага кандыдата на пасаду старшынi арганiзацыi. Думаю, Сыс, як заўсёды, быў адзiным «раскольнiкам». Астатнiя цудоўна выканалi свае ролi й заслужана напiвалiся. «Маскалi» не прайшлi, на чале СП стаў малады «супэрагент», а адмiнiстрацыя ППРБ — суцэльныя чытачы й прыхiльнiкi роднага слова. Дык чаму ня пiць? Выпiў i я. За працяг гэтага бясконцага раману.

З.Б.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0