Археалягiчныя адкрыцьцi сьвету

ЖЫВАЯ АРХЕАЛЁГIЯ

 

Пры вывучэньнi старажытнасьцi, асаблiва дапiсьмовых пэрыядаў, непазьбежна ўзьнiкае жаданьне праверыць тыя цi iншыя меркаваньнi й гiпотэзы. Безумоўна, мiнулае нельга перанесьцi ў сучаснасьць, але сытуацыю, якая мадэлюе старажытнасьць, можна стварыць штучна, г.зн. правесьцi археалягiчны экспэрымэнт. Экспэрымэнтатарства ў археалёгii мае даўнюю гiсторыю, але толькi ў апошнiя дзесяцiгодзьдзi яно ператварылася ў сапраўдны навуковы накiрунак. На сваiм адмысловым шляху дасьледаваньня старажытнасьцi археолягi-экспэрымэнтатары зрабiлi надзвычай цiкавыя адкрыцьцi.

Бадай самыя вынiковыя экспэрымэнты апошнiх дзесяцiгодзьдзяў належаць вучонаму з Санкт-Пецярбургу Сяргею Сямёнаву. Вывучаючы прылады працы каменнага веку, ён ня мог не прыгадаць сваю кiрку, зь якой пачынаў працаваць на чыгунцы. На кiрцы ад працы з пэўнымi пародамi i матэрыяламi заставалiся адпаведныя сьляды. «I я падумаў, — успамiнаў пазьней Сямёнаў, — цi ня глянуць гэткiм чынам i на старажытныя каменныя прылады, на сьляды, што засталiся на iх? Аказалася, што на большасьцi каменных, касьцяных i мэталiчных прыладаў ёсьць драпiны рознай шырынi й глыбiнi, зломы, месцы, адпалiраваныя да бляску. Некаторыя сьляды ўдавалася адрозьнiць няўзброеным вокам, iншыя — толькi пад мiкраскопам».

Сямёнаву карцела адказаць на пытаньне: якому вiду працы адпавядалi тыя цi iншыя сьляды. Выкарыстоўваючы старажытную тэхналёгiю, дасьледчык пачаў рыхтаваць каменныя i касьцяныя вырабы, даводзячы iх да пэўнага падабенства з прататыпамi. На працягу некалькiх дзесяцiгодзьдзяў ён праводзiў тысячы экспэрымэнтаў з дакладнай фiксацыяй сьлядоў, якiя застаюцца на iнструмэнце ад розных вiдаў працы. Унiкальная клясыфiкацыя такiх сьлядоў дазволiла археолягам вызначаць функцыянальнае прызначэньне знойдзеных на паселiшчах каменнага веку вырабаў з косьцi, крэменя.

Археолягi-экспэрымэнтатары — дасьледчыкi каменнага веку, найбольшую ўвагу надавалi каменным сякерам. Вытворчыя iх якасьцi правяралiся многiмi спэцыялiстамi. Дацкiя экспэрымэнтатары давялi, што крамянёвымi сякерамi можна высекчы цэлы дубовы лес. Выкарыстаўшы чатыры каменныя сьвiдраваныя сякеры, якiя адносiлiся да 4 тыс. да н.э., чэскiя археолягi сьсеклi больш за 100 дрэваў. «Пад час экспэрымэнту, — успамiнаў Яраслаў Малiна, — па меры таго, як мы набiралiся досьведу, мы ўжо былi ў стане сьсекчы вялiкую хвою з дыямэтрам ствала 130 мм (маецца на ўвазе адзiн дрывасек) усяго за 45 сэкундаў, а стомiлiмэтровы дуб — за 40 сэкундаў. Час, якi затрачваўся на такую апэрацыю, зразумела, узрастаў з павелiчэньнем дыямэтру ствала i цьвёрдасьцi драўнiны. Хвоя з дыямэтрам ствала 400 мм «супрацiўлялася» нам 21 хвiлiну. Ну а як рэагавала каменная сякера? А нiяк! Адной зь сякер мы сьсеклi 170 дрэваў, i на яе вастрыi была заўважная — акрамя рабочых сьлядоў — адна зьмена: большая завостранасьць рэжучага канта!»

Экспэрымэнты з каменнымi вырабамi, узнаўленьне тэхналёгiяў апрацоўкi каменя й вызначэньне магчымасьцяў дагiстарычных iнструмэнтаў становяцца мэтаю дасьледаваньня многiх спэцыялiстаў у розных краiнах сьвету. У некаторых унiвэрсытэтах зьявiлiся нават спэцыяльныя практычныя сэмiнары па вывучэньнi спосабаў апрацоўкi крэменя.

Адна зь дзiўных старонак каменнага веку — старажытная мэдыцына. Археолягаў ужо не зьдзiўляюць адкрыцьцi пахаваньняў таго часу са сьлядамi трэпанацыi чэрапа. У многiх выпадках такая апэрацыя, якая i сёньня лiчыцца адной з самых складаных для хiрургаў, сканчалася для пацыентаў пасьпяхова, бо рана зажывала, чалавек працягваў жыць.

Незвычайная апэрацыя iнструмэнтамi каменнага веку была праведзеная ў ЗША. Андрыен Ханус — археоляг з Агастэн-каледжа (Сiу-Фолiс), трапiў у шпiталь з дыягназам «прабадзеньне тоўстай кiшкi». Ханус угаварыў дактароў правесьцi апэрацыю з дапамогаю абсыдыянавых iнструмэнтаў эпохi каменя. Дапамагчы свайму сябру згадзiўся Эрэт Калахан — адзiн з найвядомейшых амэрыканскiх экспэрымэнтатараў, якi працаваў у музэi гораду Лiнчбэрга. Проста ў шпiталi Калахан зрабiў доўгiя i тонкiя абсыдыянавыя нажы, якiмi 6 траўня 1983 году была пасьпяхова праведзеная апэрацыя. «Абсыдыянавыя iнструмэнты, — дзялiўся сваiмi ўражаньнямi хiрург, — у шмат разоў вастрэйшыя за нашыя хiрургiчныя скальпэлi з адмысловае сталi. Мяркую, што абсыдыянавыя лёзы калi-небудзь стануць неад’емнай часткаю iнструмэнтарыя пры правядзеньнi некаторых тонкiх апэрацыяў. Магчыма, iх будуць выкарыстоўваць пры апэрацыях на вочы цi плястычных апэрацыях, iнакш кажучы, там, дзе патрэбная вострая рэжучая частка. Бо вастрыё каменнага скальпэля мае таўшчыню усяго ў дзесяць малекулярных пластоў, яно вастрэйшае за стальное ў некалькi разоў».

Хiрург у сваiх прагнозах не памылiўся. Не прайшло i году, як у Вашынгтоне была створаная фiрма, якая занялася вытворчасьцю скальпэляў з абсыдыяну.

У якасьцi прыкладу надзейнасьцi i трываласьцi старажытных прыстасаваньняў варта прывесьцi назiраньнi брытанскага экспэрымэнтатара Тымацi Севярына, якi ў 1977 годзе паўтарыў плаваньне легендарнага абата Брэндана. Абат з 17 манахамi ў VI стагодзьдзi на скураной лодцы з Iрляндыi праз Iсьляндыю трапiў на востраў Ньюфаўндленд. На дакладнай копii лодкi старажытных iрляндцаў у чэрвенi 1977 году, затрацiўшы больш за тры месяцы на пераадоленьне 4700 км у iльдах, завiрухах i туманах, Тымацi Севярын пасьпяхова закончыў экспэрымэнтальнае падарожжа. Пра iншыя вартыя ўвагi вынiкi плаваньня Яраслаў Малiна пiсаў наступным чынам: «Чым далей плыла экспэдыцыя Севярына, тым больш вiдавочным станавiлася тое, што сучасныя iнструмэнты i матэрыялы наўрад цi могуць спаборнiчаць з копiямi сярэднявечных. Мяшкi i ўпакоўкi з плястычных матэрыялаў лопалiся i прапускалi ваду, мэталiчныя iнструмэнты i дэталi, нягледзячы на кансэрвацыю, iржавелi i ламалiся. Iх замянялi дрэвам, скураю i льняным палатном. Абалонка ж корпусу лодкi таўшчынёю 6 мм ад сутыкненьня з марской вадой паступова мацнела, сьцягвалася i не прапускала нi кроплi вады».

Намагаючыся ўдасканалiць арганiзацыю i эфэктыўнасьць дасьледчай працы, археолягi-экспэрымэнтатары некаторых краiнаў стварылi свае навукова-дасьледчыя цэнтры. У большасьцi выпадкаў дзеля гэтай мэты былi ўзноўленыя старажытныя паселiшчы, жыцьцё й побыт на якiх максымальна наблiжаныя да прататыпаў.

 

 

БАТСЭР-ХIЛ

Вядомы ангельскi археоляг Пэтэр Рэйнальдс у 1972 годзе на высокiм пагорку Батсэр, што каля Портсмута (Англiя), заснаваў экспэрымэнтальнае земляробчае паселiшча жалезнага веку. Паводле задумы Рэйнальдса вёска мела быць абсалютна iдэнтычнай пасёлкам старажытных кельтаў.

У ваколiцах Батсэра i сапраўды каля 2300 гадоў таму жылi кельты. У эпоху жалеза яны расьсялiлiся на вялiкай частцы Эўропы. Сьветлавалосыя вусачы, высакарослыя i храбрыя воiны, якiя зачэсвалi свае хвалiстыя валасы назад, былi адначасова бязьмежна гасьцiннымi i шчодрымi людзьмi. Рымляне iх называлi галамi. У I ст. да н. э. гальскiя плямёны пасьля працяглай вайны былi заваяваныя рымскiм iмпэратарам Юлiем Цэзарам, а пазьней канчаткова асымiляваныя iншымi народамi. Вольналюбiвыя iрляндцы лiчаць кельтаў сваiмi продкамi.

Навукова-дасьледчы археалягiчны цэнтар пад адкрытым небам у Батсэр-Хiле заняў тэрыторыю ўзвышша, а таксама суседнi лес i палеткi на плошчы 12 га. Батсэр-Хiл — мясцовасьць маладаступная для цiкаўных людзей. Жыхары вёскi —вучоныя-экспэрымэнтатары на чале з Пэтэрсам Рэйнальдсам iмкнуцца максымальна наблiзiць сваё жыцьцё да побыту людзей канца I тыс. да н.э.

У 1973 г. экспэрымэнтатары збудавалi тут дзьве круглыя хаты —дакладныя копii кельцкiх жытлаў, рэшткi якiх не адзiн раз знаходзiлi археолягi на тэрыторыi Вялiкабрытанii. Адну хату дыямэтрам 4 м было вырашана зрабiць цалкам з дрэва. Паводле рэканструкцыяў Рэйнальдса, спачатку пракапалi кругавы равок, у якi ўбiлi двухмятровыя калы. Iх перавязалi зьверху вербалозьзем i скуранымi раменьчыкамi, каб потым умацаваць канструкцыю страхi з жэрдак. Сьцены пераплялi дубцамi i абмазалi глiнаю. Сабранаю на экспэрымэнтальных палях саломаю накрылi страху. Паводле iншых старажытных аналёгiяў дом будавалi з каменнымi сьценамi. Дыямэтар хаты дасягаў 9 м. Толькi на страху экспэрымэнтары патрацiлi каля 5 тон саломы. Спэцыялiстам такое будаўнiцтва дазолiла сьцьвердзiць, што кельты маглi змайстраваць сваё жытло ўсяго за 2-3 днi, а аднаму чалавеку на гэта спатрэбiлася б каля 175 працоўных гадзiнаў.

Пабудаваная вёска абгароджаная плотам, за якiм прасьцiраюцца земляробчыя дзялянкi i паша. Экспэрымэнтатары праводзяць тут сэлекцыю прымiтыўных вiдаў хатнiх жывёл i расьлiн, iмкнучыся максымальна наблiзiць iх да рэальных прататыпаў дагiстарычных часоў. Напрыклад, паводле касьцявых матэрыялаў, атрыманых пры раскопках, археолягi ведалi, як выглядала авечка ў кельцкiя часы. Па будове шкiлету яна нагадвала зьдзiчэлую авечку soay, якая i дагэтуль жыве каля Шатляндыi на далёкiх астравах Сьвятой Кiльды. У soay мала мяса. У старажытнасьцi iх маглi гадаваць пераважна для атрыманьня воўны i малака. Авечак soay разводзяць цяпер i ў Батсэр-Хiле, праўда, для iх прыручэньня даследчыкам прыйшлося папрацаваць не адзiн год.

Жыхары Батсэр-Хiла запрагаюць у павозку i аруць глебу эскмурскiмi понi, якiя ў найбольшай ступенi нагадваюць коней жалезнага веку. Экспэрымэнтатары нават паспрабавалi атрымаць сьвiньню, якая магла б атаесамляцца з адпаведным старажытным вiдам. Для гэтага злучылi эўрапейскага дзiка i тэйлiворцкую сьвiньню, якая лiчыцца самай старажытнай пародай у Англii.

У Батсэр-Хiле сеюць, зьбiраюць i апрацоўваюць ураджай так, як гэта некалi рабiлi кельты. Пэтэр Рэйнальдс пасьля шматгадовых экспэрымэнтаў адзначаў, што зерне, якое яны вырошчвалi i зьбiралi старажытнымi спосабамi, зьмяшчае значна болей, чым сучаснае зерне, пратэiну, кальцыю, фосфару, калiю i iншых неабходных чалавечаму арганiзму элемэнтаў.

Атрыманыя прадукты Рэйнальдс i ягоныя сябры выкарыстоўвалi для прыгатаваньня ежы, якой маглi харчавацца старажытныя людзi. Праведзеныя дасьледаваньнi дазваляюць iстотна дапоўнiць археалягiчныя i этнаграфiчныя зьвесткi. Напрыклад, спэцыялiсты прыйшлi да высновы, што старажытныя земляробы мелi вельмi багаты i карысны для чалавека рацыён прадуктаў харчаваньня. А ежа, прыгатаваная старажытнымi спосабамi i з адпаведных прадуктаў, вельмi часта захоўвае пратэiну ў 2 разы болей, чым цяпер.

Аднаго разу Пэтэр Рэйнальдс нават паспрабаваў, карыстаючыся архаiчнымi рэцэптамi, зварыць пiва. Даўно вядома, што ўжо старажытныя шумеры ў III тыс. да н. э. варылi 8 вiдаў ячнага, 8 вiдаў пшанiчнага, 3 вiды зьмяшанага пiва.

У Батсэр-Хiле археолягi ткуць тканiны на старажытных вэртыкальных варштатах. Воўну атрымлiваюць бяз стрыжкi, шляхам вычэсваньня поўсьцi ад тых жа soay. Гарчшкi лепяць без ганчарнага круга. Экспэрымэнтатарам нават удалося ўзнавiць працэс лепкi вялiкiх, вышынёю амаль у 1 м, пасудзiн для захаваньня прыпасаў. Археолягi Батсэр-Хiла цалкам паўтарылi ўвесь цыкль працы ганчара ў старажытнасьцi: ад нарыхтоўкi глiны, яе захаваньня, да лепкi i ўпрыгожваньня посуду, абпалу яе ў спэцыяльных горнах...

 

 

ЛЕЙРЭ

Гiстарычна-археалягiчны цэнтар у Лейрэ (Данiя) быў створаны ў 1960-х гадах дацкiм археолягам Хансам-Оле-Хансэнам. Задуме Хансэна папярэднiчалi падрыхтоўка i здымкi незвычайнай перадачы дацкай тэлевiзii. Ён i яшчэ тры студэнты факультэта археалёгii бралiся на вачах тэлегледачоў збудаваць дом эпохi жалеза, дакладна паўтараючы археалягiчна вядомыя ўзоры. Паводле сцэнара ў фiнальнай перадачы дом спальвалi.

Праз 2 гады амаль 90 чалавек адгукнулiся на просьбу Хансэна паўдзельнiчаць у незвычайным экспэрымэнце — пабудаваць у Лейрэ, што ў далiне Гертхадален пад Капэнгагенам, дагiстарычную вёску. Аснову паселiшча ў хуткiм часе склалi шэсьць будынкаў, дзе спэцыялiсты занялiся экспэрымэнтальнай дасьледчай працай. Побач зьявiлiся «дагiстарычныя» палi, лугi, на якiх пасьвiлiся статкi старажытных хатнiх жывёл.

Жылыя i гаспадарчыя пабудовы Лейрэ — копii будынкаў V ст. да н.э. — V ст. н.э., сьляды якiх знаходзiлi дацкiя археолягi пад час раскопак. Аснову сьценаў у дамах складалi вэртыкальна ўкапаныя слупы, якiя перапляталiся вербавым гольлем. Паверхня сьцен пакрывалася сумесьсю глею, пяску, гною i вады. На будаўнiцтва аднаго доўгага дому, якi археолягi ўзнавiлi ў Лейрэ, старажытныя людзi эпохi жалеза маглi трацiць сама меней год. Зiмою нарыхтоўвалася драўнiна, абчэсвалiся бярвеньнi i жэрдкi, на замерзлым возеры рэзаўся чарот для страхi. Летам узводзiўся дом. Спачатку ўкопвалiся слупы. З дапамогай скручаных вяровак, скураных пасоў майстраваўся каркас хаты, якi абмазвалi глеем i накрывалi чаротам...

Што застаецца ад хаты эпохi жалеза пасьля пажару? Дацкiя археолягi наўмысна спалiлi адзiн з экспэрымэнтальных будынкаў жалезнага веку. Спэцыялiсты вельмi часта пры раскопках знаходзяць рэшткi пажарышчаў. Цяпер яны мелi магчымасьць удасканалiць практыку «чытаньня» сьлядоў спаленьня. Напрыклад, экспэрымэнт дазволiў сьцьвердзiць, што пры пажары посуд можа зьмяняць колер у залежнасьцi ад таго, якая страха ўпала на яго. Ад полымя саламянай страхi посуд чырванее, а ад дзiрвана, травы — чарнее. Заўважаецца, што дубовыя слупы прагараюць ня так глыбока, як ясеневыя.

У Лейрэ ежу гатуюць старажытнымi спосабамi. Мяса, напрыклад, —на гарачых камянях. Перад прыгатаваньнем яго соляць i закручваюць у шырокiя лiсты.

Жыхары Лейрэ носяць адзеньне, якое робiцца паводле старажытных узораў. У Скандынавii, як нiдзе ў iншых месцах Эўропы, дзякуючы кансэрвуючым якасьцям дубовых калодаў, у якiх хавалi людзей, добра захавалiся рэшткi адзеньня эпохаў бронзы, жалеза, сярэднявечча. Археолягi рэканструявалi абутак, спаднiцы, плашчы, шапкi, паясы i нават сеткi для ўкладкi жаночых валасоў.

Жанчыны ў Лейрэ ткуць тканiну на старажытных прыстасаваньнях, фарбуюць адзеньне расьлiннымi фарбамi, носяць скураны абутак, якi шнуруецца раменьчыкамi i ўцяпляецца знутры сенам, воўнаю. Спаднiцу робяць, як i ў старажытнасьцi, з адзiнага кавалку тканiны. Жанчыны нацягваюць спаднiцу праз галаву, зашпiльваюць затым яе на плячах i сьцягваюць на поясе. Жыхаркi Лейрэ сьцьвярджаюць з уласнага досьведу, што такое адзеньне надзвычай зручнае, надзейнае i практычнае.

У вёсцы нават узноўлена месца для ахвярапрынашэньняў: на калах вецер матляе конскiя скуры, пагрозьлiва глядзяць пустымi вачнiцамi конскiя чарапы.

У Лейрэ археолягi супольна з Заалягiчным iнстытутам вывелi адваротным скрыжаваньнем тыя пароды хатнiх жывёл, якiя людзi разводзiлi ў тутэйшых мясьцiнах каля 2 тыс. гадоў таму. Сьвiньнi, як i ў старажытнасьцi, большую частку свайго жыцьця кормяцца, жывучы ў лесе пад Лейрэ. Для сельскагаспадарчых экспэрымэнтаў, у прыватнасьцi, для апрацоўкi глебы, спэцыялiсты вывелi валоў, якiя па сваiх фiзычных якасьцях наблiжаюцца да старажытных прататыпаў. Валоў шэсьць тыдняў прыручалi хадзiць у ярме. Пазьней яны цягалi дубовае рала — дакладную копiю прыстасаваньня для ворыва ў 300-х гадах да н.э. Менавiта дацкiм археолягам належыць прыярытэт у экспэрымэнтах са старажытнымi спосабамi апрацоўкi глебы. У тутэйшых балотах адшукана мноства прыстасаваньняў старажытных земляробаў.

Пазьней у Лейрэ, акрамя ўласна вёскi жалезнага веку, узьнiклi адмiнiстрацыйныя, вучэбныя будынкi. Лейрэ стала ня толькi цэнтрам навукова-дасьледчай працы, а i «службаю для школ», «службаю для грамадзкасьцi». У 1970 г. археолягi запрасiлi ў Лейрэ некалькi дацкiх сем’яў, якiя захацелi пажыць у дагiстарычнай вёсцы. Iм так спадабалася iмiтаваць старажытнае жыцьцё, што некаторыя згадзiлiся застацца ў хатах жалезнага веку на зiму.

Ад таго часу ў Лейрэ прыяжджае вучыцца шмат дзяцей. Школьнiкi пад кiраўнiцтвам iнструктараў працуюць у майстэрнях, вучацца старажытнаму ткацтву, лепяць i абпальваюць посуд, куюць жалеза, працуюць на палях, даглядаюць хатнiх жывёл. Адныя жывуць у Лейрэ працяглы час, iншыя прыяжджаюць на экскурсii. Адначасова спэцыялiсты ладзяць курсы для студэнтаў, настаўнiкаў, адкрываюць выставы.

 

 

ДЗЮПЭЛЬ, АВЭРТАН-ДАЎН...

Нямецкiя экспэрымэнтатары ўзнавiлi жыцьцё сярэднявечнай вёскi ХII-ХIII стагодзьдзяў у Дзюпэлi (Нямеччына). Вёска-музэй была заснаваная тут энтузiястамi пад кiраўнiцтвам Андрыяна фон Мюлера. Яго праект пачаў актыўна рэалiзоўвацца пасьля, здавалася б, алягiчнага звароту: «Заплацiце, i вы атрымаеце права працаваць у нас задарма». Экспэрымэнтатарам зь Дзюпэля спрыялi супрацоўнiкi Лейрэ, якiя дапамаглi пабудаваць першы сярэднявечны дом. Насельнiкi Дзюпэля з задавальненьнем апранаюцца ў адзеньне вясковых жыхароў ХII-ХIII стагодзьдзяў. У вёсцы, адраджаючы сярэднявечнае жыцьцё, ткуць тканiну, робяць драўлянае пабытовае начыньне, гадуюць авечак i вырошчваюць хлеб...

У графстве Уiлтшыр у Авэртан-Даўне (Вялiкабрытанiя) ангельскiя археолягi праводзяць незвычайны экспэрымэнт з разбурэньнем культурных напластаваньняў. Дзеля гэтага была збудаваная копiя старажытнага вала i рова. У вал i каля яго археолягi наўмысна зьмясьцiлi скураныя i драўляныя рэчы, крэмень, посуд, косткi i г.д., каб пазьней, раскопваючы, даведацца, як яны якасна зьмяняюцца пад узьдзеяньнем ветру, вады, зьмяшчэньня пластоў. Вал раскопваецца i будзе раскопвацца далей праз пэўныя iнтэрвалы часу: 2, 4, 8, 16, 32, 62, 128 гадоў.

Нэалiтычную вёску ў Алерсьлеве (Данiя) археолягi збудавалi яшчэ ў 1958 годзе. Тут экспэрымэнтатары зрабiлi шмат назiраньняў пад час працяглага пражываньня ў рэканструяваных будынках.

Каля дацкага гораду Орхуса на плошчы каля 100 га археолягi ўзнаўляюць цэлыя комплексы пабудоваў старажытнай i сярэднявечнай Данii, у тым лiку пасёлак вiкiнгаў.

Побач з рэканструяванымi будынкамi, валам, брамаю i сьценамi гарадзiшча I тыс. да н.э., пасярод возера ў польскiм Бiскупiне можна пабачыць вынiкi экспэрымэнтатарскай дасьледчай працы мясцовых археолягаў. Экспэрымэнтатарства ў Бiскупiне мае даўнiя традыцыi.

Яшчэ ў 1930-х, калi вялiся раскопкi гарадзiшча, тут пачалi праводзiць экспэрымэнты з апрацоўкай драўнiны, костак, адлiўкай бронзавых вырабаў. У Бiскупiне, iмiтуючы старажытныя заняткi, секлi дрэвы, пяклi i варылi ежу. Як вядома, Бiскупiнскае гарадзiшча загiнула пад час аднаго з варожых нашэсьцяў у часы жалезнага веку. У 1939 годзе напад на паселiшча з’iмiтавала група ўдзельнiкаў экспэрымэнту, выкарыстоўваючы адпаведныя копii зброi i прыстасаваньняў.

У Бiскупiне становiцца надзвычай ажыўлена i людна ў час спэцыяльных фэстываляў. Тады адбываюцца шматлiкiя экспэрымэнтальныя акцыi з удзелам ахвотных. У 1996 г. на адной з пляцовак я бачыў тоўстае дрэва, якое спэцыяльна прывезьлi ў Бiскупiн для экспэрымэнту. У адзiн з чарговых фэстываляў плянавалася выдзеўбаць зь яго човен.

***

У Беларусi пакуль няма экспэрымэнтальнай археалёгii. Адзiны экспэрымэнт, якi праводзiўся да таго ж археолягамi з Санкт-Пецярбургу, адбыўся пры раскопках знакамiтых краснасельскiх шахтаў пад Ваўкавыскам. Сутнасьць яго заключалася ў вызначэньнi спосабаў i затрачанага часу на выкопваньне шахты людзьмi эпохаў каменя i бронзы. Цэлая галiна сучаснай археалягiчнай навукi застаецца ў нас нязьведанай, а таму кожны, хто адважыцца ёй займацца, будзе варты пашаны айчыннага пачынальнiка.

Пранiкненьне ў старажытнасьць празь яе «ажыўленьне» мае ня толькi вялiкае навукова-дасьледчае значэньне. Колькасьць экспэрымэнтальных паселiшчаў, якiя iмiтуюць старажытнасьць, хутка расьце. Для многiх людзей жыцьцё ў вёсцы жалезнага веку становiцца ня толькi адкрыцьцём дагiсторыi, але вiдавочным актам пазнаньня сучаснай цывiлiзацыi. Паступова прыходзiць перакананьне ў тым, што сучасны эўрапеец няўмольна аддаляецца ад свайго першаснага асяродзьдзя: прыроды i рэальных чалавечых адносiн у грамадзтве. Магчыма, праз асяродкi старажытнасьцi многiя людзi зробяць першы крок да разуменьня чалавечай iснасьцi: мы павiнны жыць у гармонii з прыродай i iншымi людзьмi свайго грамадзтва.

Мiкола Крывальцэвiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0