Асуджаны на змаганьне з мовай

 

Швэдзкi паэт Крыстафэр Леандэр жыве цяпер у Менску. Ягоная жонка працуе тут у прадстаўнiцтве ААН. Леандэр — аўтар чатырох зборнiкаў паэзii i кнiгi фантасмагарычных апавяданьняў. Цяпер ён рыхтуе да друку сваё дасьледаваньне творчасьцi Марсэля Пруста, а таксама зборнiк дзiцячых апавяданьняў («казкi для крыху падрослых дзяцей»). Тут, у Менску, якi паволi адкрывае Крыстафэру свае стрымана-някiдкiя вартасьцi, паэзiя для яго — вялiкая магчымасьць унутранага выжываньня: ён думае па-швэдзку, мроiць па-швэдзку i пiша па-швэдзку, пераадольваючы супор непадатлiвай роднай мовы...

 

— Швэдзкая мова дужа адменная ад вашай, яна — сур’ёзная ноша для цябе як паэта, для тваёй як паэта свабоды, яна — цяжар, якi спадарожыць у самавыражэньнi. У швэдзкай мове ў вялiкай ступенi паэт — супраць мовы. З вашай паэзiяй iначай. Яна жывiцца плаўнасьцю, плынямi мовы. Вы можаце плысьцi за моваю i можаце кiраваць плынямi. Швэдзкi ж паэт асуджаны на змаганьне з моваю. Калi ты хочаш выразiць хараство мовы, ты мусiш ходацца зь ёю. Швэдзкая мова — дужа камянiстая. I вам як паэту належыць разьбiваць яе.

— На чым базуецца Вашая паэзiя?

— Перш i больш за ўсё — на каханьнi. Я мкнуся ўбачыць штодзённы сьвет вачыма паэзii, вачыма каханьня, i ў такiм разе мне наканаванае змаганьне з моваю, змаганьне з асноўнымi канцэпцыямi, устанаўленьнямi Божымi. Задачаю паэта —устромiць пагляд на людзей, на тое, што насамрэч дзеецца. Гэта значыць, паэзiя схiльная трактаваць жыцьцё пры дапамозе найстаражытнейшых прыладаў, выкарыстоўваць адвечныя зёлкi. Мы ўсё шчэ як тыя аратыя, што апрацоўваюць зямлю спаконвечным спосабам... Шмат якая паэзiя па-ранейшаму трактуе сьвет у бiблiйных вобразах, такiм, як ён быў 2000 гадоў таму. I як бы выклiк для паэта — убачыць штодзённае жыцьцё: станцыi мэтро, самалёты, палiцыянтаў — усё тое, што доўжыцца сёньня, — i перадаць хараство, магiю гэтага.

— Калiсь, гадоў пад дзесяць таму, Пiмен Панчанка з пачуцьцём рэальнасьцi канстатаваў, што паэзiю па-за навучальным працэсам чытае ў нас, можа, 1 працэнт беларусаў. Наколькi папулярная паэзiя ў Швэцыi?

— Найперш я хацеў бы пракамэнтараваць Вашае сьцьверджаньне пра беларускае стаўленьне да паэзii. Як iншаземец, як госьць тут я не падтрымаю Вашага ўражаньня. У мяне ўражаньне, што кожны тут, як правiла, цiкавiцца паэзiяй i шмат яе чытае. I я з пачуцьцём зайздрасьцi рэагую на той вялiкi розгалас, якi паэты маюць тут са сваёй творчасьцi. У Швэцыi гэта ўсё ж ня так. Але ў нас ёсьць вялiкая цiкавасьць да жывой паэзii, да паэтычных чытаньняў. Вельмi часта рок-фэстывалi маюць у сваёй праграме паэтычныя конкурсы. Я чытаў разам з музыкамi свае вершы на адным з такiх фэстаў. Ёсьць, увогуле, нямала праўдзiвых цанавальнiкаў паэзii, але нялёгка ўсё ж знайсьцi такiх людзей. Я нават думаю, што цяпер у Швэцыi больш людзей пiша вершы, чым iх чытае.

— Цiкава, беручы пад увагу сказанае, наколькi шырока разышлася Вашая апошняя паэтычная кнiжка?

— Гэты зборнiк выйшаў накладам 1000 паасобнiкаў. Я буду ўражаны, як усё гэта прадасца.

— Значыць, ляжаць пакуль у кнiгарнях?

— Я спадзяюся, што там, а ня ў нейкiм склепе. Адзiная мая кнiжка, якая чыста разышлася, — гэта зборнiк фантасмагарычных апавяданьняў. Можна адчуць лёгкую зайздрасьць, калi ўспамiнаеш цягу да паэзii ў краiнах былога Савецкага Саюзу — людзi ўскладалi свае спадзевы на паэтаў. Прынамсi, даўней так было. Усякi чалавек дапраўды жывiўся цiкавасьцю да паэзii, палка, горача, надаваў паэзii патэнцыйна выбуховае значэньне.

— У Беларусi пра швэдзкую паэзiю ведаюць няшмат. Але што да беларускай, то яна, пэўне, зусiм няведамая ў Швэцыi...

— Але, на жаль. Праўду кажучы, мне ўсё шчэ даводзiцца як бы адукоўваць маiх прыяцеляў у Швэцыi, што Беларусь —самастойная краiна з самастойнай моваю i сваёй гiсторыяй... Цяпер я вельмi б разгубiўся, калi б вы папрасiлi мяне параўнаць сябе з кiм-небудзь зь беларускiх паэтаў. Дагэтуль я практычна ня ведаю беларускай паэзii, хiба колькi iмёнаў. Вам належыць багата iнфармацыi пра сябе даць сьвету...

— З Вашага дазволу хацелася б вярнуцца да лiтаратуры, да асноўных мастацкiх працэсаў, характэрных сучаснай швэдзкай паэзii...

— Мы маем падстарэлую iмажысцкую, сымбалiсцкую паэзiю, добра прадстаўленую ў сьвеце Томасам Транстромэрам, ёсьць сацыяльная, «штодзённая» паэзiя, фэмiнiсцкая паэзiя, ёсьць, натуральна, таксама заглыбленая ў мову складаная абстракцыйная паэзiя. Ёсьць, ведама, i так званая «паэзiя гневу». Дапраўды, на гэтым полi шмат што разьвiваецца, доўжыцца, не перарываецца, але почасту цяжка адчуць, што тут адбываецца нешта вельмi важнае. Мяне не пакiдае пачуцьцё, што швэдзкая лiтаратура, швэдзкае мастацтва ў цэлым у нейкай ступенi завiсьлi ў пустэчы, што людзi чакаюць нечага, чакаюць, як нешта важнае распачнецца.

У нас вельмi адменная ад вашай гiсторыя, прынамсi, ХХ стагодзьдзе. Нас абмiналi вялiкiя катастастрофы апошняга стагодзьдзя: сусьветныя войны, генацыды, навалы, як чарнобыльская. Нам выпала вельмi мiрная, спакойная мiнуўшчына — адбывалася мiрнае, павольнае расшчапленьне каштоўнасьцяў. Вось жа, людзi дужа дэзарыентаваныя сёньня. I гэта вы можаце адчуць таксама ў паэзii.

— Хапаюся за апошнiя словы. Для Вашай паэзii цi характэрнае памкненьне, скажам, зарыентаваць? Цi для Вас паэтычная творчасьць — у iмя хараства такога мастацтва, цi гэта творчасьць — супраць распаду ад, прыблiзна кажучы, застыласьцi i пэўнасьцi?

— Я магу адказаць станоўча — у маёй творчасьцi i тое, i тое. Уся добрая, новая, рэвалюцыйная паэзiя ў гiсторыi паэтычнага майстэрства была паэзiяй для самой сябе, паэзiяй у iмя мастацтва. Гэтак i з Шэксьпiравай паэзiяй, i з Бадлеравай, i з творчасьцю Рыльке, Мандэльштама... Паэзii заўсёды выпадае змагацца з вонкавым сьветам, каб выслабанiць для сябе прасьцяг. Няпроста сказаць «не» навонкi, на сьвет, гэта зусiм не бязьвiнны крок... Для мяне мая паэзiя цяпер i тут, як я жыву ў Менску, — гэта вялiкая магчымасьць унутранага выжываньня: я думаю па-швэдзку, мрою па-швэдзку, пiшу па-швэдзку, але ёсьць тут толькi адзiн чалавек, зь якiм я магу пагаварыць па-швэдзку — мая жонка. У такой сытуацыi мая паэзiя — вельмi вялiкая магчымасьць выжываньня.

Больш за тое, напару я адчуваю, што швэдзкая мова як такая мае неяк адстойваць сябе, каб выжыць у пэўных сфэрах, бо апошнiя 20-30 гадоў мы зазнаем вельмi адчувальнае ўварваньне амэрыканскай культуры i амэрыканскай мовы. Дарэчы, я ўражаны, як вашыя рок-музыкi зазвычай сьпяваюць на роднай мове, тым часам як бальшыня швэдзкiх музыкаў сьпявае па-ангельску. Яшчэ адно сувязнае зьвяно разрываецца...

— Але, на шчасьце, швэдзкiя дзецi ўсё ж гадуюцца на незраўнанай айчыннай дзiцячай лiтаратуры. Даволi ўспомнiць адну толькi Астрыд Лiндгрэн.

— Нават прызнаныя празаiкi ў Швэцыi ня могуць разьлiчваць на большыя наклады, чым Астрыд Лiндгрэн, магчыма, найбольш папулярны швэдзкi лiтаратар у сьвеце. Калi мая жонка была праваднiцаю для беларускай групы ў Швэцыi, тыя беларусы хацелi ведаць усяго адну рэч — iм было нецiкава, дзе замак, дзе найславутая бажнiца, дзе музэi — яны хацелi ведаць адну рэч — на якiм даху жыве Карлсан. Я ведаю, на якiм, бо я быў жыў па суседзтве з Астрыд Лiндгрэн.

— Цi можна ў такiм разе сказаць, што Карлсан — сымбаль Швэцыi?

— Як гэта нi дзiўна, я думаю, што Карлсан больш папулярны ў былым СССР, чым у Швэцыi. Я мяркую з тэлевiзii — Карлсана паказваюць тут вельмi часта. Астрыд Лiндгрэн стварыла нямала вобразаў, якiя сапраўды вельмi папулярныя ў Швэцыi — да прыкладу, малеча Эмiль цi Пiпi. Я не магу зразумець, чаму менавiта ў Карлсана тут такая папулярнасьць. Як я быў дзiцем, я нат крышачку баяўся яго. Ён быў трохi грубаваты...

— Таму, пэўне, ня стаў швэдзкiм сымбалем... Вельмi хацелася б тут, можа, уразумець асноўныя пазыцыi швэдзкай традыцыi, культуры. Што ёсьць у швэдаў такога, чаго адназначна няма нi ў кога больш?

— Пачаць можна з Астрыд Лiндгрэн, якую кагадзе мы ўспомнiлi. Сапраўды, нiхто ў сьвеце ня мае такой багатай i разнастайнай дзiцячай лiтаратуры, настолькi прывабнай для дзяцей, як швэды. Далей — рэлiгiя. У нiводнай краiне не знайсьцi такой колькасьцi рэлiгiйных маньякаў, як у Швэцыi. Адзiн з шырока знаных маньякаў — сьвятая Брыгiта з ХIV стагодзьдзя. Былi ў нас Эмануэль Свэдэнборг, заснавальнiк новай сусьветнай рэлiгii, Стрындбэрг, вельмi многа iншых рэлiгiйных маньякаў. Я таксама разьлiчваю заняць месца ў гэтым даўжэзным шэрагу...

Яшчэ пра адметы. Калi параўнаць Швэцыю i Беларусь: як глядзiш з вышынi палёту, то заўважаеш падабенства нашых краявiдаў. Вы маеце крыху большае жыхарства, чым мы, але ж на значна меншай тэрыторыi. Вось жа, у Швэцыi людзi жывуць вельмi раскiдана, далёка адзiн ад аднаго. Кожны — пратэстант, i кожны сядзiць дома i думае — пра жыцьцё, пра Бога, пра ўсiх кроўнiкаў, пра сусьвет — i становiцца на дзiва сур’ёзным. У ХIХ стагодзьдзi у нас была вялiкая эмiграцыя ў Амэрыку — тых людзей папросту выгналi, бо седзячы дома, яны напрыдумлялi процьму ўласных рэлiгiяў...

Апрача таго, у нас ёсьць уласная мадэль сацыяльнай сыстэмы, якая па-ранейшаму функцыянуе лепш за бальшыню iншых заходнеэўрапейскiх мадэляў. Натуральна, яшчэ паасобныя швэдзкiя вартасьцi, як свабода слова, дэмакратыя, якасьць, узаемаадказнасьць у дачыненьнях мужчыны i жанчыны. Папросту сацыяльна перадавое грамадзтва... Ну i швэдзкая гарэлка, ведама. Гэта iншая гiсторыя.

Гутарылi Юрась Бушлякоў i Сяргей Комлач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0