Сто твораў ХХ стагодзьдзя

Прывакзальная плошча ў Менску

Да 70-х гадоў мiнулага стагодзьдзя на тым самым месцы, дзе сёньня знаходзiцца галоўны менскi вакзал «Менск Пасажырскi», быў сасновы бор. У 1863 годзе ў тым бары атрад беларускiх iнсургентаў даў бой расейскiм карнiкам. Сярод тых iнсургентаў быў Ян Баляслаў Луцкевiч, бацька Iвана i Антона Луцкевiчаў. Празь дзесяць гадоў пасьля таго здарэньня на месцы лесу ўжо была чыгунка i першы ў Менску вакзал — Вiленскi…

… У 1890 годзе быў узьведзены першы мураваны вакзал у Менску. Гэта быў даволi iмпазантны аднапавярховы будынак з цокалем i двума двухпавярховымi рызалiтамi з высокiмi сьпiчастымi шатрамi абапал параднага ўваходу. Плянiроўка была клясычнай для будынкаў такога тыпу: прасторны вэстыбюль з апэрацыйнай заляй, ад якога разыходзiлiся два рукавы ўздоўж рэек, у якiх былi залi чаканьня. Ужо тады ў вобразе вакзалу адлюстравалася iдэя брамы. Брамы зь дзьвюма вежамi, прайшоўшы празь якую чалавек трапляў у Горад…

… Перад вакзалам неўзабаве сфармаваўся пляц, якi таксама атрымаў назву Вiленскага. Дамiнантаю гэтага ансамблю была вадацяжная вежа, памiж якой i вакзалам былi раскiнутыя адна- i двухпавярховыя дамы розных службаў. Адзiн зь iх яшчэ iснаваў пяць гадоў таму i быў добра ўсiм вядомы як камэра захоўваньня. Яго велiзарныя лёхi й магутныя скляпеньнi паслужылi добрую службу Беларускай чыгунцы. Крыху далей, па адной лiнii з вакзалам стаяла царква чыгуначнiкаў. Яе раскiдалi напрыканцы 50-х… Стыль гэтага ансамблю быў спэцыфiчны, часьцяком званы ў лiтаратуры як «цагляны стыль», якi быў пашыраны ў Беларусi й мудрагелiстым чынам спалучаў у сабе рысы эклектыкi, мадэрну, народнага дойлiдзтва й розных тутэйшых выкрутасаў — дэкору, запазычанага цi то з гатычных касьцёлаў, цi то з сынагогаў…

… Цэнтральны вакзал краiны набыў адпаведныя сваёй ролi рысы ў 1940 годзе. Тады па праекце архiтэктара Радчанiка Вiленскi вакзал быў капiтальна разбудаваны. Iдэя Брамы атрымала ў яго iншую трактоўку. На гэты раз гэта было велiзарнае вiтражнае вакно вышынёю ў тры паверхi, якое займала амаль усю цэнтральную частку будынка, якая моцна вылучалася большымi памерамi й вялiкiм трохкутным франтонам. Пра былыя рызалiты-вежы ўжо нiчога не нагадвала — пад страхою йшоў магутны гзымс i ўвесь будынак быў раўнастайна пачлянёны на ўсю даўжыню пiлястрамi, што прыдала яму манумэнтальнасьць. Праўда, паўцыркульныя арачныя праёмы першага паверху, яшчэ царскiх часоў, Радчанiк ахайна захаваў. Сакавiтая рустоўка, пiлястры, ордэр — першыя ў Менску прыкметы нэапалядыянскага ар-дэко, больш знанага як сталiнскi ампiр. Распачалася глябальная рэканструкцыя плошчы па праекце ленiнградзкага архiтэктара (родам з Самары) Барыса Рубаненкi… Праз год новы вакзал гарэў. Пачалася вайна…

… Па вайне будынак вакзалу быў тактоўна адноўлены амаль у ранейшым аблiччы. Толькi ўбраньне iнтэр’ераў стала больш сакавiтым, i бадай, празьмерным: росьпiсы, ляпнiна, бронзавыя жырандолi. Па вайне ўсiм хацелася сьвята. У 1949-м вакзал «Менск Пасажырскi» iзноў пачаў прымаць пасажыраў… У 1991 годзе, пасьля свайго стогадовага юбiлею, былы Вiленскi вакзал быў зруйнаваны…

… Адразу пасьля вайны, пакуль iшлi аднаўленчыя (й зьнiшчальныя) работы па ўсiм Менску, на Менскiм замчышчы, зь якога былi сьцёртыя ўжо апошнiя будынкi, зашчыравалi археолягi. Для археалёгii Менску то быў сапраўдны ўзьлёт — нiдзе ў Эўропе нiводная сталiца не расчысьцiла да донца ўсё сваё старажытнае першапачатковае ядро. Перад вачыма археолягаў паўстаў горад — сьведка тысячагадовае цывiлiзацыi. У духу тых гадоў пасыпалiся сьвяткаваньнi грандыёзных юбiлеяў Менску: 880, 885 i гэтак далей. 900-годзьдзе ўжо павiнна было прыпасьцi амаль на камунiзм. Прыблiзна ў тыя, першыя паваенныя гады, была зробленая першая рэканструкцыя старажытнага Менску. Перадусiм гэта была велiзарная брама з двума грувасткiмi вежамi. Да 1984 году, пакуль не была знойдзеная сапраўдная Брама, гэтая, абсалютна гiпатэтычная рэканструкцыя (цi не падгледжаная на малюнку Язэпа Драздовiча) брамы, уважалася за сымбаль нашае сiвое гiсторыi. «Браму Менску» шматкроць выяўлялi на значках, плякатах, капэртах, у манаграфiях i падручнiках. Iдэя пабудаваць у Менску Браму, накшталт таго, як у Маскве пабудавалi «крамлёўскiя шпiлi» над калясальнымi новымi спарудамi, залётала ў паветры. Якраз пачалося змаганьне зь «бязродным касмапалiтызмам»…

У Менск пасьля вайны вярнуўся той самы Барыс Рубаненка, якi ўжо праектаваў рэканструкцыю Прывакзальнае плошчы. Але гэтым разам ягоная задача была нашмат больш маштабнаю… Апроч таго, што гэтая плошча павiнна была стаць адной з найбуйнешых у Эўропе (крыху меншай за плошчу Ленiна), яна мусiла ўвасобiць абсалютную перавагу сацыялiзму й нацыянальнай палiтыкi ў СССР. Былая Вiленская плошча разглядалася як парадная брама ня толькi Менску, але i ўсёй Беларусi. Так бы мовiць, калясальныя вароты Выставы Дасягненьняў Народнае Гаспадаркi, якой уяўлялi сабе будучы Менск дойлiды, якiя прыехалi з Масквы ды Ленiнграду. Быў створаны творчы калектыў на чале з Рубаненкам, у склад увайшлi архiтэктары Л.Вусава, Л.Галубкоўскi, А.Карабельнiкаў i У.Герашчанка. Рэалiзацыя праекту зьдзяйсьнялася амаль аўтаматычна, у надзвычай сьцiслыя тэрмiны з 1948 па 1956 год.

У вынiку была ўтворана вялiкая, прастакутная ў пляне плошча 400 на 120 мэтраў (без улiку вулiцаў). На яе выходзяць трасы вулiцаў Кiрава, Ленiнградзкай, Бабруйскай, Ульянаўскай, разам зь якiмi памеры плошчы яшчэ большыя. Новыя будынкi пераважна жылых кварталаў, акрэсьленых вулiцамi Ульянаўскай, Ленiнградзкай i Сьвярдлова, утварылi выразны архiтэктурны ансамбаль параднага ўезду ў горад з боку чыгуначнага вакзалу. Дарэчы, гэта быў i першы мiкрараён у Менску, адзiн зь першых у Эўропе (другi пасьля ансамблю новага Кале ў Францыi па праекце Агюста Пэрэ). Тут стварыўся своеасаблiвы мiнi-горад са сваiм жыльлём, крамамi, кавярнямi, рэстарацыямi, майстэрнямi, школай, дзiцячым садам, адмiнiстрацыяй i вытворчасьцю…

Галоўным акцэнтам у кампазыцыi гэтага раёну сталi два адзiнаццацiпавярховыя дамы-вежы па рагох пяцiпавярховых жылых дамоў, разьмешчаных амаль сымэтрычна асноўнай восi плошчы: будынак вакзалу — вулiца Кiрава. Лёгкая асымэтрыя толькi павялiчыла вiзуальна маштаб гэтых спарудаў. Вось тут i надалася тая самая мiтычная рэканструкцыя старажытнай менскай Брамы…

Памiж iншым перад архiтэктарамi й дэкаратарамi стаяла задача стварыць помiнiк максымальна нацыянальны па форме (пра зьмест я ўжо згадаў). Для гэтага ў тыя гады рэальная спадчына не надавалася: пра готыку й рэнэсанс згадваць было небясьпечна, папскае барока адпадала само сабою. Мiт стаўся адпаведны мiту. Натуральна, пераносiць элемэнты архаiчнага драўлянага дойлiдзтва нiхто не зьбiраўся (sic! — усе перакрыцьцi вышэй за першы паверх выкананыя з дрэва), а таму па хадзе прыдумлялася Нешта. Абрыс трох’ярусных вежаў i сапраўды нагадвае пра народныя традыцыi, а яшчэ пра Белую вежу, а яшчэ пра гомельскi клясыцызм, а яшчэ пра нешта з Рыма i Смаленску. Першапачаткова верхнiя ярусы з гадзiньнiкам i гербам БССР былi ўвянчаныя па пэрымэтры шпiлямi. Па другiм ярусе ўжо стаялi шыхты высокiх бэтонных пiнакляў, цалкам фантазiйных. I нарэшце, па кутах першага яруса ўсталi калясальныя бэтонныя скульптурныя групы: сяляне, рабочыя, iнтэлiгенты, моладзь… Па розных паверхах, часьцяком бяз пэўнае сыстэмы, раскiданыя маскароны, картушы, з выявамi беларускiх кветак, арнамэнтамi са слуцкiх паясоў i нават з зубрамi… На жаль, створаныя ў сьпешцы, гэтыя элемэнты архiтэктурнага ўбраньня неўзабаве пачалi крышыцца, ствараючы сур’ёзную небясьпеку для мiнакоў. Пакрысе, ярус за ярусам, вежы пазбавiлiся сваiх шыкоўных шатаў… Савецкi бэтон — ня рымскi камень. Брама Менску «падтала», як сьнежны палац. Як i шмат iншых савецкiх культурных мiтаў. Па-сутнасьцi, гэтым палацам з фантазiяў i паветра яна й ёсьць… Адзiныя дэталi, якiя засталiся ў ранейшым выглядзе — гэта найвялiкшы ў Беларусi гадзiньнiк i… герб БССР.

Доўгiя гады ў дзьвюх велiзарных брамах, што былi ў сярэдзiне гэтых дамоў, хавалiся ад дажджу й сьнегу постацi цыклёпаў, зьнятых зь вежаў. Пакуль ня зьнiклi назаўсёды…

Вежы сталi галоўнай вэртыкальнай дамiнантай горада, сфармаваўшы адметны абрыс усёй панарамы Менску. Помнiк, стылiстыка якога была вымысьленая адно невялiкiм калектывам дойлiдаў, што прыехалi ў БССР, застаўся цi не найярчэйшым (разам зь менскiм ГУМам) помнiкам нацыянал-савецкага стылю ў Беларусi.

Апошнi штрых быў пакладзены пабудоваю прыгараднага вакзалу, па праекце аднаго з старэйшых архiтэктараў, якi атрымаў адукацыю яшчэ ў царскiм Пецярбургу, Сяргея Баткоўскага, а таксама Нуты Шпiгельмана. Будынак паўстаў у 1955 годзе. Ахайна й дакладна прапрацаваныя ягоныя дэталi былi навязаныя да ўжо адноўленага будынку цэнтральнага вакзалу. Быў нават паўтораны рытм паўцыркульных вокнаў i частата пiлястраў. Болей падобны да iтальянскай вiлы, чым да празаiчных у сваёй утылiтарнасьцi прыгарадных касаў, гэты iмпазантны будынак замкнуў пэрспэктыву Ленiнградзкай, былой Пецярбурскай вулiцы… Ягоная стылiстыка шмат больш арганiчная, бо Баткоўскi з Шпiгельманам не вынаходзiлi стыляў, а акуратна кампiлявалi…

Цыкляпiчная энэргетыка, закладзеная ў ансамблi былое Вiленскае плошчы, адчуваецца i сёньня. Пасьля адкрыцьця мэтрапалiтэну гэты пляц стаў абсалютым цэнтрам транспартных шляхоў усяе Беларусi i, бадай, назаўжды застанецца сымбалем Менску… эпохi БССР.

Сяргей Харэўскi

 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

20. Аркадзь Астаповіч. Дворык

21. Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Сьцяг

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0