УСЕВАЛАД РОДЗЬКА

 

Калi аналiзуеш дзейнасьць беларускiх нацыяналiстаў падчас Другой сусьветнай вайны, нярэдка ловiш сябе на думцы: Як? Калi яны пасьпелi арганiзавацца? Адкуль бралiся сiлы i людзi?!.. Украiнскi нацыянальны рух Супрацiву стварыўся на аснове арганiзацыяў i фармацыяў, якiя дзеялi ўсе мiжваенныя гады. Беларускi нацыянальны Супрацiў, як i нацыяналiстычны рух арганiзаваўся фактычна ўжо падчас нямецкай акупацыi.

Гiсторык Анатоль Бадулiн у сваiм тэндэнцыйным артыкуле «Националист — это человек, сделавший уверенный шаг к фашизму» (Советская Белоруссия, № 115, 20 чэрвеня 1996 г.) сьцьвярджаў, што:

«узьнiкненьне iдэалёгii беларускага нацыяналiзму адносiцца да 1940 году, калi на тэрыторыi Польшчы (акупаванай немцамi) ў колах беларускiх нацыяналiстаў... узьнiкла думка пра стварэньне нелегальнай арганiзацыi... — «АБН»(Арганiзацыя беларускiх нацыяналiстаў, паводле Ю. Туронка — Партыя беларускiх нацыяналiстаў - С. Ё.)». Сапраўды, менавiта ў акупаванай гiтлераўцамi Варшаве ў 1940-41 гадах стварыўся кiруючы цэнтар Беларускага нацыянальнага Супрацiву. Адным зь яго лiдэраў стаў 20-гадовы Ўсевалад Родзька.

Ус. Родзька нарадзiўся ў 1920 годзе ў вёсцы Чучэвiчы Лунiнецкага павету ў сям’i Фiларэта i Веры Родзькаў. Яго бацька — настаўнiк, якi паходзiў зь вёскi Вераскава на Наваградчыне, у першую сусьветную вайну быў мабiлiзаваны ў расейскую армiю, стаў афiцэрам. З 1918 году Фiларэт Родзька настаўнiчаў на Мазыршчыне, дзе й ажанiўся з таксама настаўнiцай Верай Гулевiч. У 1920 годзе, магчыма, з войскамi генэрала Булак-Балаховiча, яны ўцякаюць ад бальшавiкоў на Наваградчыну, у Вераскава. Вiдаць, па дарозе дахаты, на Лунiнеччыне, i нарадзiўся ў сям’i Родзькаў хлопчык, якому бацькi далi iмя Ўсевалад. У 1934 годзе ў Наваградку польскiмi ўладамi была зачыненая беларуская гiмназiя. Яе навучэнцаў залiчылi ў мясцовую польскую гiмназiю iмя А. Мiцкевiча. Сярод беларусаў, якiя туды трапiлi, былi й будучыя вядомыя дзеячы беларускай эмiграцыi: Барыс Рагуля, Язэп Сажыч i Ўладзiмер Набагез. Успамiнае Б. Рагуля: «Нас, беларусаў, у гiмназii было пяцёх. У пятай клясе ўжо вучыўся Родзька, якi быў запiсаны расейцам. Але не яго гэта была вiна, а бацькоў... У шостай клясе беларусамi сябе лiчыла ўжо восем чалавек, у тым лiку i Ўсевалад Родзька. А гiмназiю скончыла 13 беларусаў... Родзька належаў да харцэрства г.зн. скаўтаў. Гэта была вельмi шавiнiстычная польская арганiзацыя... Усевалад быў вельмi здольным i выбiраўся на камандзiра скаўцкай дружыны. Страшэнна здольны ён быў у мовах, гiсторыi, а ў матэматыцы крыху слабейшы. У 1935 годзе быў нейкi «дзень калёнii» (Польшча дамагалася калёнiяў). Выступае Родзька на сцэне: «Нам трэба калёнii!» Пасьля гэтага мы, Набагез i я, падыходзiм да яго: «Каму патрэбны калёнii, табе? Хiба ты ў калёнii не сядзiш?!» Далi яму мы тады перцу так, што ён пайшоў i на беларуса перапiсаўся: «Я ваш, я з вамi! — кажа. — Я хачу пераймаць мэтоду Макiявэлi (тады мы вельмi захаплялiся гэтым Макiявэлi). Я мушу ўбiцца ўверх, каб зьверху зрабiць беларускую справу». Я кажу: «Браток, гэта сьлiзкая дарога. Можаш так узьлезьцi, што й ня вылезеш пасьля. Мы калёнiяў не патрабуем»... Нялёгка прыходзiлася беларускiм хлопцам баранiць свае нацыянальныя правы ў польскай гiмназii, але яны выстаялi. Пры гэтым iм удалося пазьбегнуць i камунiстычнага ўплыву, захаваць свой нацыянальны накiрунак. Б. Рагуля ўспамiнае, што шмат беларускiм гiмназiстам дапамог сэнатар Васiль Рагуля, якi казаў: «Сацыялiзм — гэта мост да камунiзму. I паколькi ты ня хочаш пераходзiць на той бок рэчкi, дык ня лезь на мост!». Гэтак беларускiя хлопцы саматугам захавалi сваю нацыянальную арыентацыю, яшчэ ня ведаючы, якую ролю iм давядзецца адыграць у беларускiм руху празь некалькi гадоў... У 1938 годзе, пасьля матуры, Родзька, Рагуля i Янка Гутар зьбiралiся паступаць ва ўнiвэрсытэт на мэдыцыну, але ў апошнi момант iх мабiлiзавалi ў польскае войска. Рагуля i Родзька трапiлi ў падафiцэрскую школу ў Замброў.

Трапiўшы ўвосень 1939 г. у нямецкi палон, Усевалад Родзька выйшаў на волю вясной 1940 году. Ён наладжвае кантакты зь Беларускiм камiтэтам у Варшаве, узначальвае яго кракаўскую фiлiю. Менавiта ў гэты час праяўляецца ягоны талент арганiзатара, самаахвярнасьць стойкага беларускага патрыёта. Яго заўважылi. Айцец Гадлеўскi паверыў маладому хлопцу й прыцягнуў Усевалада да падпольнай працы. Цяпер Родзька зь юнацкага «падпольля» ўваходзiць у сапраўдную кансьпiрацыю. Ужо не было патрэбы «гуляць» з палякамi, бо пачыналася вялiкая «гульня» зь немцамi, стаўкi ў якой былi вельмi вялiкiя.

Да сёньняшняга дня застаецца ня высьветленым да канца час узьнiкненьня Беларускай Незалежнiцкай Партыi (БНП). Эмiграцыйны гiсторык Вацлаў Пануцэвiч лiчыў, што яна ўзьнiкла ў 1939 г. у Вiльнi й аформiлася ў 1940-41 гг. у Варшаве. У большасьцi iншых крынiцаў, у тым лiку i савецкiх, паведамляецца, што БНП арганiзавалася ў 1942 годзе ў акупаваным немцамi Менску. Як бы там нi было, а ў 1940-41 гадах у Польшчы а. Гадлеўскi сфармаваў арганiзацыйны цэнтар Беларускага нацыянальнага Супрацiву. У найноўшай гiсторыi хапае прыкладаў, калi сьвятары ачольвалi вызвольныя рухi. Напрыклад, у мiжваенны час каталiцкi сьвятар Андрэй Глiнка ачолiў славацкую нацыяналiстычную партыю, якая выступала за стварэньне незалежнае славацкае дзяржавы (а. В. Гадлеўскi яшчэ ў 1936-39 гг. у Заходняй Беларусi кiраваў нацыяналiстычным «Беларускiм фронтам»). Падчас Другой сусьветнай вайны пасьлядоўнiкi а. Глiнкi ўтварылi шэраг патрыятычных ваенiзаваных арганiзацыяў, як «Глiнкаўская моладзь», «Глiнкаўская гвардыя» ды iнш., якiя складалi галоўную сiлу вызвольнага руху.

У лiпенi 1941 г. Усевалад Родзька, пры падтрымцы абвэру, зь якiм супрацоўнiчаў (гэта быў тактычны крок а. Гадлеўскага), стаў бурмiстрам Вiцебска. Ён паступова праводзiць беларусiзацыю горада, з 1942 г. арганiзоўвае выхад газэты «Беларуская Старонка», у якой часта выступае з публiцыстыкай i фэльетонамi. Аначасова Родзька праводзiць актыўную падпольную працу — выконвае iнструкцыi а. в.Гадлеўскага. У жнiўнi 1941 года пры непасрэдным удзеле Родзькi была падрыхтаваная i праведзеная беларуска-украiнская антыбальшавiцкая вайсковая апэрацыя на Палесьсi. I сёньня ўкраiнскiя гiсторыкi пiшуць пра гэтую вайсковую акцыю, у якой удзельнiчала 10 тысяч жаўнераў Палескай Сечы Ўкраiнскай Паўстанчай Армii i 5 тысяч беларусаў зь Беларускае самаабароны, якая стыхiйна ўзьнiкла на пачатку вайны на Берасьцейшчыне й Пiншчыне. У вынiку апэрацыi пад беларуска-ўкраiнскi кантроль была ўзятая вялiкая тэрыторыя: ад Пiнску да Мазыру i ад Слуцку да Сарнаў. Пазьней злачынная нямецкая палiтыка змусiла гэтыя аддзелы iсьцi ў лес i арганiзоўваць нацыянальны партызанскi рух.

Аднак Родзька застаўся працаваць бурмiстрам, што давала шмат магчымасьцяў у падпольнай працы. Праўда, iлюзii наконт нямецкiх «вызваленцаў», якiх i так было ня шмат, хутка зьнiклi. Пасьля гiбелi Гадлеўскага ў катоўнях гестапа, Усевалад Родзька фактычна становiцца кiраўнiком нацыянальнага антынямецкага падпольля ў Беларусi, а перадусiм яго найбольш актыўнай часткi. У 22 гады! Бузумоўна, не хапала досьведу, верных сяброў i саюзьнiкаў. Але Родзька знаходзiў выйсьце нават у самых безнадзейных сытуацыях. Патрэбна была зброя й ён браў яе ў абвэру, дзеля барацьбы з бальшавiкамi. А хто яшчэ даў бы яе беларусам? Заходнiя саюзьнiкi? Усе спробы наладзiць зь iмi кантакты нi да чаго не прывялi...

У студзенi 1944 году Ўсевалад Родзька уваходзiць у Беларускую Цэнтральную Раду, дзе адказвае за працу з моладзьдзю. Менавiта моладзь складала асноўную частку сяброў БНП. А калi ў сакавiку 1944-га пачалася мабiлiзацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, Родзька ачольвае 15-ы батальён БКА. Ён, праз свой вайсковы партыйны актыў, быў фактычным кiраўнiком БКА, у той час, калi маёр Кушаль камандуючым быў намiнальна. Кiраўнiцтва БНП у гэты час рыхтуецца да збройнай барацьбы з бальшавiкамi: ствараюцца ня толькi легальныя вайсковыя аддзелы, але й партызанскiя атрады, пашыраецца падпольная сетка. Сябра ЦК БНП Б. Рагуля ўспамiнае: «Быў у Родзькi плян путчу ў Менску падчас II Усебеларускага кангрэсу. Асноўнай сiлай мусiў стаць мой батальён, якi знаходзiўся пад Докшыцамi. Нам павiнны былi падаць цягнiк, каб мы пераехалi ў Менск. Там мы бы сталi галоўнай сiлай аховы кангрэсу i плянаванага путчу, мэтай якога было абвяшчэньне незалежнае Беларускае Народнае Рэспублiкi. Але эшалёну немцы нам не далi, бо, магчыма, нешта пранюхалi...». Плян антынямецкага паўстаньня ў Менску, якi распрацаваў Родзька, быў, канешне, фантастычным. Сiлаў у БНП было вельмi мала. Значна менш, чымсьцi ў польскай Армii Краёвай падчас варшаўскага паўстаньня. Тым больш, што пачалася апэрацыя «Баграцiён» i савецкiя танкi ймклiва наблiжалiся да Менску. Таму частка сяброў ЦК БНП выступiла супраць самагубчага пляну. Неабходна было захаваць людзей дзеля будучай партызанскай i падпольнай барацьбы.

Летам 1944 году ва Ўсходняй Прусii, у мястэчку Дальвiц, быў арганiзаваны беларускi дэсантны батальён, якi павiнен быў стаць найбольш баяздольнай адзiнкаю антыбальшавiцкага партызанскага руху. Немцы забясьпечвалi беларусаў зброяй, амунiцыяй i самалётамi перакiдвалi ў Беларусь. Палiтычным кiраўнiком быў маёр Родзька, а камандзiрам батальёна — маёр Iван Гелда, сябра БНП, якi толькi вызвалiўся зь беластоцкай турмы гестапа. Родзька верыў у паўстанцаў на Бацькаўшчыне й хацеў iм даць вайсковае й палiтычнае кiраўнiцтва. Да пачатку 1945 г. было адпраўлена некалькi вялiкiх дэсантных групаў, а таксама асобныя дэсантнiкi. Усе яны лiчылiся жаўнерамi Беларускага Краёвага Войска(БКВ) i сябрамi Беларускай Вайсковай Арганiзацыi(БВА). БВА была ўтвораная яшчэ ў 1944 годзе, як адзiн з варыянтаў БНП, але толькi ў красавiку 1945-га ў Бэрлiне прайшла першая нелегальная канфэрэнцыя вайскоўцаў БВА. Большасьць яе ўдзельнiкаў выказалiся за ўдзел у партызанцы на Бацькаўшчыне. Прысутны на канфэрэнцыi праваднiк СБМ Мiхась Ганько пакаяўся ў сваiх памылках ды заявiў, што далучыцца да дэсантаў, як шэраговы партызан... Нягледзячы на ўсе намаганьнi Ўсевалад Родзька ня здолеў перакiнуць свой батальён у Беларусь. Вясной 1945-га ў немцаў ужо не было лiшнiх самалётаў... Але ён не губляе аптымiзму. Нават пасьля капiтуляцыi Нямеччыны й раззбраеньня батальёна «Дальвiц» у Чэхii мясцовымi партызанамi, Родзька з групай сваiх хлопцаў пешым маршам прабiваецца на Беларусь. На Беласточчыне яны затрымалiся, тут i адбыўся правал — Родзьку i яшчэ некаторых арыштавалi гэбiсты. Выратавалiся нямногiя. Напрыклад, Юрка Сянькоўскi ўцёк на Захад. Iншыя працягвалi пешы марш на ўсход i ўлiлiся ў партызанскую армiю генэрала Вiтушкi.

Арыштаванага кiраўнiка БНП Родзьку (псэўданiм «Воўк») прывезьлi ў Менск, у «амэрыканку». Там у яго патрабавалi раскрыць падпольныя структуры, партызанскiя базы й групы сувязi. Магчыма, катавалi... У 1995 годзе ў Менску выйшла кнiга Аляксея Салаўёва «Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах», дзе аўтар выкарыстоўвае ўрыўкi з паказаньняў Родзькi. Толькi ня пiша ён, якiмi мэтадамi выбiвалiся паказаньнi ў гэтага маладога хлопца i што зь iм зрабiлi чэкiсты. У лiпенi 1997 году я быў у гасьцях у Лявона Луцкевiча, апошняга з тых, хто праходзiў па «справе шасьцi» (Родзька, Гелда, Луцкевiчы, Усевалад Кароль, Янка Гiнько). Па словах Луцкевiча: «Родзька расказаў на сьледзтве нават тое, што мог не гаварыць». Аднак Лявон Луцкевiч ня верыў, што такая вялiкая асоба, як Родзька, мог «проста так здаваць сваiх паплечнiкаў. Вiдаць, спрабаваў арганiзаваць нейкую гульню й перайграць Цанаву. Але дзе-ж ты яго перайграеш?!..». Сябра БНП Янка Жамойцiн тлумачыць напiсаньне Родзькам падрабязных успамiнаў у турме тым, што ён хацеў захаваць для гiсторыi сьведчаньнi пра дзейнасьць Беларускага Супрацiву. А што да «гульнi», дык ёсьць фактам, што некаторым арыштаваным дэсантнiкам БНП чэкiсты прапаноўвалi магчымасьць дэсанту ў Грэцыю(!). Цi не на баку камунiстычных партызанаў яны там павiнны былi ваяваць?! Але гэта толькi словамi й скончылася... Дзесьцi ў траўнi 1946 году адбыўся суд. Родзька i Гелда былi засуджаныя на сьмерць. Было Усеваладу, як i Кастусю Калiноўскаму, толькi 26 гадоў... Адныя крынiцы паведамляюць, што яго павесiлi, другiя — што расстралялi. Ходзяць нават чуткi, што яму захавалi жыцьцё i жыў ён у Сiбiры. А Юрка Вiцьбiч на фотакопii паказаньняў Родзькi, якую зьмясьцiў у «Саўдзельнiках у злачынствах» В.Раманоўскi, не пазнаў яго почырку. Загадка?.. «Для мяне Родзька застаўся героем, — гаворыць Б.Рагуля. — Ён i загiнуў як герой, як Калiноўскi. I я схiляю галаву перад гэтым чалавекам. Усё ж такi ён заплацiў жыцьцём за iдэю. Нi за грошы, нi за што iншае, а за iдэю...» Была ва Ўс.Родзькi прыёмная дачка. Пасьля вайны жыла з мацi ў Парыжы. Эмiгранты кажуць, што яна выйшла замуж за гiшпанца i цяпер беларускай мовы, напэўна, ня памятае. Магчыма, ня памятае яна i свайго бацьку, беларускага героя, які паклаў сваё жыцьцё на алтар Бацькаўшчыны....

Сяргей ЁРШ

 

Удакладненьне да бiблiяграфii пра генэрала Вiтушку *

Артыкул «Генэрал Вiтушка змагаецца» быў надрукаваны ў газэце «Беларускае Слова» (Заходняя Нямеччына) № 6 (7), 3 траўня 1949. Перапрашаю чытачоў i Рэдакцыю.

Сяргей Ёрш

* Глядзi «НН» № 32 (3.11.1997) i № 3 (9.02.1998)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0