ПАЎСТАНЬНЕ Ў «КАРАЛЕЎСТВЕ БЕЛАРУСЬ»

 

Зроблены першы крок да ўвасабленьня фрагмэнтаў віртуальнага «Каралеўства Беларусь» у рэальныя спарадкаваныя формы. 8 траўня ў залі музэя Максіма Багдановіча фундацыі «ЭўроФорум», «Наша Ніва», Інстытут Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы і Беларуская Асацыяцыя Журналістаў рэпрэзэнтавалі сумесны праект — «Беларускі Калегіюм».

Незалежная навучальная установа «Беларускі Калегіюм» ёсьць плёнам супольнай творчасьці беларускіх навукоўцаў, якія складаюць альтэрнатыву ідэолягам дзяржаўнай адукацыі РБ. Калегіюм напрацягу трох (непасрэднае навучаньне) і чатырох (дыстанцыйнае навучаньне) дае бакаляўрскае і магістарскае навучаньне для студэнтаў старэйшых курсаў гуманітарных спэцыяльнасьцяў і асобам з вышэйшай адукацыяй у спэцыялізацыях: філязофія-літаратура, журналістыка, найноўшая гісторыя.

«Сучаснае эўрапейскае кантынэнтальнае мысьленьне», «Генэалёгія беларускае ідэі»... «Досьледы ў галіне мэдыяў»... «Гісторыя таталітарызму ў Беларусі», «Незалежнае грамадзтва як сыстэма з аўтарэгуляваньнем»... — у праграме «Беларускага калегіюму» больш за пяцьдзясят курсаў і сэмінараў па тэмах, недаступных для навучаньня ў сучасных беларускіх дзяржаўных установах. Да выкладаньня апрача беларускіх навукоўцаў запрошаныя спэцыялісты з Украіны, Польшчы і Расеі.

«Беларускі Калегіюм» не дае пакуль поўнае вышэйшае адукацыі. Дыплём установы дзейсны толькі ў абранай для навучаньня спэцыялізацыі. Тым ня менш, у плянах арганізатараў — стварэньне незалежнага беларускага Ўнівэрсытэту...

У прэзэнтацыйных прамовах пэрыяд, у якім існуе сёньняшняя Беларусь, быў названы «найбольш плённым для самаўдасканаленьня». Мы ведаем пэрыяды гісторыі краіны, якія ці не шматкроць больш актыўна стымулявалі інтэлігенцыю да творчасьці «як адзінага спосабу ўцёку ад брутальнай рэчаіснасьці». Але, як правіла гэтыя пэрыяды скончваліся вынішчэньнем тых, хто ўдасканальваўся, «пад корань». Магчыма, менавіта таму атмасфэра, якая панавала ў залі падчас прэзэнтацыі «Беларускага Калегіюму», вызначалася строгасьцю, сабранасьцю і пэўнай патаснасьцю. Нібы на сходзе паўстанцаў у ноч перад правядзеньнем буйной апэрацыі. Зрэшты, інакш быць не магло, бо ж адукацыйная ініцыятыва «Беларускі Калегіюм» заплянаваная не на адзін год наперад, а сёньня выглядае на тое, што каб задуманае спраўдзілася, ад нас спатрэбяцца ня толькі творчыя высілкі.

К.С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0