ДЗЯРЖАЎНЫ ЗНАК

 

«Кожны з нас жыве надзеяй растлумачыць уласны знак», — гэтыя словы гурт БОНДА прасьпяваў у тыя часы, калi пошук i тлумачэньне беларускiх Знакаў толькi распачыналiся у беларускiм грамадзтве, якое нараджалася. Дзесяць гадоў таму. Сёньня сам гурт стаўся адным са знакаў найноўшае гiсторыi. Прыблiзна столькi ж часу таму запачаткавалася публiчная дыскусія аб стварэньнi-вяртаньнi аднаго з агульнанацыянальных сымбаляў, якi стаiць амаль у адным шэрагу з Гербам, Сьцягам i Гiмнам. Вядзецца аб беларускай нацыянальнай валюце.

Распачаты за часамi «непарушнага» СССР, пошук iмя беларускай валюты мог падацца свайго кшталту iнтэлектуальнай гульнёй. Куна, грыўна, дынар, дукат; пенязь шэлег, грош... Для разьменнай манэты прапаноўвалiся цiкавыя наватворы, кшталту «менкi». Але ў першы пэрыяд iснаваньня незалежнае Рэспублiкi Беларусь амаль адразу ў грамадзянаў, незалежна ад iхных палiтычных поглядаў, зафiксавалася назва «талер». Нават сёньня хто-нiхто блытаецца ў пытаньнi аб тым, як называюцца нiкiм ня бачаныя новыя беларускiя грошы, завезеныя ў краiну пры ўладзе Кебiча. Чаму — трэба запытацца ў самаго Вячаслава Францавiча. Былы прэм’ер правёў апэрацыю з грашыма «бязь лiшняга шуму». Тое, што на новых грошах напiсана «рубель», а ня «талер» сталася адной зь нямногiх «асабiстых перамогаў» Кебiча у супрацьстаяньнi «наступу апазыцыi», якая на той час ужо пасьпела дамагчыся «нацыяналiстычных» законаў аб Гербе, Сьцягу i Мове.

Упартасьць «кебiчаўцаў» цалкам зразумелая — «талер» гучыць зусiм ужо «не па-руску». Талер — эўрапейская назва. Аб папулярнасьцi талера ў эўрапейскай сярэднявечнай Беларусi сьведчыць шматлiкасьць варыянтаў назвы манэты: талар, талiар, таляр, талер, талярок (Археалёгiя i нумізматыка Беларусi, стар. 602).

Сёлета спаўняецца 480 гадоў з часу, калi ў Чэхii быў адбiты першы талер. За кароткi гiстарычны пэрыяд манэта сталася ўнiвэрсальнай эўрапейскай валютай, якая, напрыклад, у Нямеччыне чаканiлася рыхтык да 1907 году. Сярэднявечны талер падарыў назву сучаснай унiвэрсальнай валюце — даляру.

У Беларусi першы талер быў адбiты ў 1564 годзе на Вiленскiм манэтным двары, апошнi — у Гораднi ў 1793. Невялiкую па колькасьцi эмiсiю Гарадзенскага манэтнага двара толькi ўмоўна можна назваць эканамiчным крокам. Перад фатальнай пагрозай згубы дзяржавы нашыя продкi пакiнулi знак — Незалежнасьць. Роўна празь дзьвесьцi гадоў у незалежнай Рэспублiцы Беларусь быў створаны праект новых беларускiх талераў.

Iснуе два камплекты эскiзаў. Адзiн захоўваецца ў архiве Нацбанку, другi — у Зянона Пазьняка. Малюнак, якi вы бачыце на iлюстрацыi, быў выкананы адмыслова для «Нашай Нiвы» адным з распрацоўшчыкаў праекту мастаком Лявонам Бартлавым.

Мастацкая канцэпцыя палягае ў жаданьнi спалучыць сучасны эўрапейскi дызайн зь сярэднявечнай беларускай стылiстыкай. Колерная аснова — сьветлыя (да белага) адценьнi тла на кантрасьце з адценьнямi чырвонага колеру. Сюжэтная канцэпцыя — гiстарычная, альбо «гiстарычна-асьветнiцкая». На банкнотах намiналам ад аднаго, двух, пяцi й да тысячы талераў выявы Багдановiча, Братоў Луцкевiчаў, Кастуся Калiноўскага, Францiшка Скарыны, Льва Сапегi, Кастуся Астроскага i аж да Рагвалода з Рагнедаю. З адваротнага боку месьцяцца выявы з адпаведных гiстарычных сюжэтаў. Адразу ж было абумоўлена, што ў полiканфэсiянальнай краiне ня варта закранаць кананiчныя асобы.

Распрацоўшчыкi талераў пасьпелi дабрацца да лёнданскай фiрмы, зь якой Нацбанк вёў перамовы аб друкаваньнi новай валюты, каб на месцы ўдакладнiць нюансы вытворчасьцi. Праца над эскiзамi вялася за рэкордныя для такiх задачаў тэрмiны — крыху больш за год. Але кебiчаўская каманда пасьпела апярэдзiць «апазыцыянэраў». У Расеi былi надрукаваныя рублi. Знайсьцi чалавека, якi б мог распавесьцi гiсторыю стварэньня гэтых грошай амаль немагчыма. Хтосьцi па-просту маўчыць, а хтосьцi, як, напрыклад, былы на той час галавой Нацбанку Станiслаў Багданкевiч, сьцьвярджае, што ня бачыў тыя грошы, бо «меў iншыя задачы». На сёньня яму вядома, што на банкнотах выяўленыя «нейкiя дзеячы» i «нейкая архiтэктура»... «Нейкiя дзячы», «нейкiя грошы», «нейкая эканомiка», «нейкая краiна»... Выглядае на тое, што наўрад цi мы калi-небудзь пабачым плён творчасьцi невядомых пакуль мастакоў часоў «кебiцкага застою»: пэрспэктыва, вартая жалю, хіба з гледзiшча калекцыянта.

Што да пэрспэктывы ўвядзеньня ў абарачэньне жывых беларускiх талераў, аднога «жыцьця надзеяй» не дастаткова. Магчыма, ёсьць сэнс у тым, што сёньня ў нас дастаткова часу, каб удасканалiць канцэпцыю валюты незалежнае Беларусi. Зрэшты, на колькi багата часу — залежыць ад нас...

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0