Славамiр Адамовiч

СПАРОН

 

Зь пiсьма (Яна — Яму)

31-V-54 г.

Дзень добры, Генюсь!

... Яшчэ апiшу табе, як гуляе наша моладзь. Танцы былi 30 мая, iграў Яцына Фэлiкс у яго на кватэры. На танцах быў Чэсь Дубовiк i гуляў зь Ядзюняй, а Адольф з Галяй. Дануся i Вера таксама гулялi са сваiмi хлапцамi. Я адбыла толькi чатыры танцы й сышла. Не магу слухаць музыку, здаецца, як пахавала каго... Генюсь, я ж ведаю, што як вернесься дамоў, дык i гаварыць са мною ня станеш, а будзеш жыць са сваёй любiмай Лёнечкай. Генюсь, калi ты толькi кiнеш мяне, дык i сам ня будзеш красавацца са сваiмi прыгожымi вачыма. Генюсь, цi ж у цябе такое сэрца, што ты мяне не пашкадуеш з такiмi цяжкасьцямi. Любы мой, я табе апiшу, што ў мяне не было месячнага, дык я рашыла зрабiць тое, што зрабiла Маня, бо iначай мне нельга. Я падумала, што калi мне гэтага не зрабiць, а застацца такой, то тады мне будзе вельмi дрэнна, як Янi Казак. Генюсь, я гэта раблю пакуль што сама, а потым пайду на Станцыю да той самай жанчыны, да якой хадзiла Маня. Мiлы мой, ты сам падумай, я паверыла табе i ад цябе трэба перажываць такое. Але нiчога, можа ў цябе сэрца скрушыцца, i ты мяне ня кiнеш. Генюсь, я тваю просьбу выканала, высылаю восем цыгарэт i чатыры лёзы, а таксама паперы на пiсьмы... Яшчэ паведамляю, што ў клюбе стаў працаваць зь Яжукова Друшч Грыша, якi вярнуўся з армii. Было ў нас кiно, вельмi добры фiльм «Багдан Хмяльнiцкi». Я як прыйшла, дык адразу села i не выходзiла. Цалую цябе, любы мой!..

Указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 23 лiстапада 1955 году адмянiў забарону на аборты i прызнаў правамерным спыненьне цяжарнасьцi ва ўмовах бальнiцы цi iншых лячэбных установаў. Празь дзесяць гадоў пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны савецкая жанчына атрымала права вырашаць лёс свайго ненароджанага дзiцяцi. З таго часу на тэрыторыi Беларусi аборт застаецца ЛЕГАЛIЗАВАНЫМ. Аднак пры незаконным спыненьнi цяжарнасьцi ўступае ў дзеяньне артыкул 114 Крымiнальнага кодэксу РБ («Незаконнае ажыцьцяўленьне аборту»). Суб’ектамi такога злачынства зьяўляюцца ўрач, якi зрабiў аборт па-за межамi бальнiцы цi лячэбнай установы, а таксама асобы, якiя ня маюць вышэйшай адукацыi. Абцяжарваючымi акалiчнасьцямi зьяўляюцца неаднаразовае правядзеньне абортаў, сьмерць пацярпелай альбо iншыя цяжкiя вынiкi. Караецца: штрафам, папраўчымi работамi, пазбаўленьнем права займацца ўрачэбнай практыкай на пэўны тэрмiн, пры абцяжваючых акалiчнасьцях — пазбаўленьнем волi на тэрмiн да 8 гадоў.

Слова «аборт» паходзiць ад лацiнскага «abortus» i азначае нi што iншае, як «выкiдыш». Адрозьнiваюць самаадвольны й штучны аборт. Самаадвольны ў народзе звычайна называюць выкiдышам. Штучны падзяляюць на мэдыцынскi (законны) i немэдыцынскi (незаконны, крымiнальны). Гвалтоўнае выдаленьне плоду з арганiзму ў нас яшчэ называюць спаронам. Таму выраз «пароць лухту» азначае ня толькi «гаварыць пустое, бязглузьдзiцу», але i «нараджаць, выдаляць зь сябе неактуальныя для дадзенай сытуацыi словы». Кажучы «ён запароў справу», мы маем на ўвазе, што адзiн з нас ня справiўся з заданьнем i «сапсаваў гульню», выйшаўшы зь яе праз абартаж. Калi справу «запаролi», яна ўжо практычна не падлягае працягу альбо аднаўленьню. Спарон — гэта плод, якi яшчэ ня здольны да жыцьця па-за матчыным целам. Адзiнае выйсьце — пачаць спачатку, з чыстага лiста. Але каб бесьперашкодна вынасiць сваю «справу», «каб маглi мы плод здаровы, чысты, крэпкi, без каросты данасiць да свайго часу», трэба разьвiваць энэргетыку жаданьня, якое пачынаецца з узьнiкненьня iдэi зачацьця. Паўнавартасны полавы акт завяршаецца не гартанным харалам аргазму, а болем парадзiхi, адыходам каляплодных водаў, перарэзанай пупавiнай i першым крыкам народжанага. Лёгiка аборту палягае ў самаабмежаваньнi, самаспыненьнi, самаадмаўленьнi. Лёгiка любовi — працяг i вечнасьць праз нараджэньне.

Праблема абортаў у Беларусi набывае асаблiвае значэньне ў сувязi з iнтэнсіўным падзеньнем нараджальнасьцi. Паказчыкi натуральнага прыросту насельнiцтва i пашыранага ўзнаўленьня ў бягучым дзесяцiгодзьдзi характарызуюць вымiраньне народу ў межах 30-50 тысячаў. Калi верыць статыстыцы, дэмаграфiчны спад у нашай Краiне назiраецца з 1986 году i супадае з пачаткам так званай постчарнобыльскай эры. Зрэшты, як сьцьвярджае акадэмiк Мiхал Цяўлоўскi, лятальны працэс пачаўся ў 1993 годзе. Беларускiя сем’i складаюцца толькi зь бязьдзетных мужа i жонкi. Расьце колькасьць абортаў i бясплодзьдзя, скарачаецца працягласьць жыцьця беларусаў. Калi дэмаграфiчны крызыс будзе працягвацца й далей, праз 111 гадоў з твару Зямлi можа зьнiкнуць апошнi жыхар Беларусi.

Каiрская мiжнародная канфэрэнцыя па народанасельнiцтве адзначыла тэндэнцыю: чым бяднейшая краiна, тым большая ў ёй нараджальнасьць. Наша Рэспублiка — выключэньне з гэтага правiла. Адна з прычынаў — неабмежаваная практыка абортаў. Сёньня з трох зачацьцяў адно завяршаецца гватоўным перапыненьнем цяжарнасьцi. На нашым кантынэнце мы займаем трэцяе месца па колькасьцi абортаў на тысячу чалавек. I гэта дае падставы гаварыць пра самагенацыд нацыi.

 

ГIНЭКОЛЯГ РАСПАВЯДАЕ

Тацяна Анатолеўна Чарняўская, загадчыца гiнэкалягiчнага аддзяленьня 34-й палiклiнiкi Савецкага раёну сталiцы, лiчыць, што колькасьць абортаў па Менску зьнiжаецца, хоць i вельмi павольна, а спад нараджальнасьцi спынiўся. Зьвернемся, аднак, да статыстыкi. У мiнулым годзе ў 34-й палiклiнiцы зафiксавана 278 родаў i 74 аборты ў тэрмiне звыш 6 тыдняў. А так званых мiнi-абортаў — 280. Паводле дадзеных жаночых кансультацыяў у сталiцы летась родаў здарылася амаль 12 з паловай тысячаў, 4 тысячы звычайных абортаў i 16 тысяч «вакуумаў» (абортаў, зробленых мэтадам вакуум-асьпiрацыi). Па сацыяльных паказаньнях (матэрыяльная незабясьпечанасьць, адсутнасьць работы, жыльля) у 34-й кансультацыi быў зроблены толькi адзiн аборт (гэта ў 1997 г.), па мэдыцынскiх паказаньнях не было нiводнага, i па генэтычных — адзiн (быў выяўлены плод з генэтычнымi адхiленьнямi). Па Менску ў 1997 годзе зроблена: па сацыяльных паказаньнях 187 абортаў, па мэдыцынскiх — 116. Тут значную частку складаюць падлеткi, бо, паводле нашага заканадаўства, да 18 гадоў жаночы арганiзм лiчыцца няполавасьпелым, i ўрачы абавязаныя спыняць цяжарнасьць, калi таго патрабуе непаўналетняя.

Па генэтычных паказаньнях зроблены 71 аборт. Г.зн., што ў 71-й жанчыны па раньняй стадыi цяжарнасьцi з дапамогаю ультрагуку й бiяхiмii выяўленая паталёгiя плоду, i калi б не аборт — на сьвет нарадзiлася б 71 хворае дзiця. Мэтодыка дыягнаставаньня з дапамогаю ультрагуку дастаткова дарагая, але на сёньня практычна ўсе пацыенткi 34-й кансультацыi, якiя маюць цяжарнасьць да 10 тыдняў, праходзяць ультрагукавое абсьледаваньне.

34-я палiклiнiка дзейнiчае дзесяць гадоў. Абслугоўвае насельнiцтва Савецкага раёну сталiцы, 26% якога складаюць пэнсiянэры (па Менску — 15% ад агульнай колькасьцi менчукоў). Палiклiнiка мае, бадай, адзiны ў краiне палiклiнiчны стацыянар для цяжарных i для жанчын з гiнэкалягiчнымi захворваньнямi. Працуе ўрачэбна-кансультатыўная рэабiлiтацыйная камiсiя (УКРК), заключэньнi якой не падлягаюць рэвiзii ў бальнiцах. I калi УКРК адпраўляе жанчыну на аборт, гiнэколяг стацыянару павiнен спынiць цяжарнасьць.

На пытаньне, якi закон рэгулюе ў Рэспублiцы практыку абортаў, Тацяна Анатолеўна Чарняўская адказвае: «Права жанчыны вызначаць свой лёс i лёс свайго ненароджанага дзiцяцi. МЫ, АКУШЭРЫ-ГIНЭКОЛЯГI, СУПРАЦЬ ЗАБАРОНЫ АБОРТАЎ. КАТЭГАРЫЧНА! МЫ ВЕДАЕМ, ШТО АДРАЗУ ПОЙДУЦЬ КРЫМIНАЛЬНЫЯ АБОРТЫ, мацярынскiя сьмерцi, маса розных ускладненьняў i iнвалiдызацыя жанчын». Тацяна Анатольеўна супраць таго, каб матэрыяльна малазабясьпечаныя жанчыны «пладзiлi жабрацтва i ўбогасьць». На жаль, сярод жанчын, якiя iдуць на аборт, так званы сацыяльны аргумэнт — самы пашыраны. Так, акупацыйна-марыянэтачны рэжым ня дбае i ня будзе дбаць пра матэрыяльны дабрабыт беларускiх жанчын. Далёка не заўсёды аказваюцца джэнтльмэнамi й беларускiя мужчыны. Але тая лёгкасьць, зь якою жанчына абiрае аборт, аргумэнтуючы свой выбар нiбыта цяжкiм матэрыяльным становiшчам, выклiкае хутчэй пратэст i непрыняцьце, чым разуменьне. Банальны эгаiзм чалавека цывiлiзацыi — вось што штурхае жанчыну на забойства свайго плоду, забойства, упершыню ў сьвеце легалiзаванае ўказам Ленiна 16 лiстапада 1920 году. Тысячы нашых здаровых, прыгожых i маладых жанчын iдуць на аборт. А вось адна з пацыентак 34-й кансультацыi, цяжкая сардэчнiца, у 38 гадоў захацела i нарадзiла трэцяе дзiця, дачушку вагою 2 кг 800 грамаў. Дактары настойлiва раiлi зрабiць аборт, але жанчына не згадзiлася. Не данасiла да дзевяцi месяцаў, пачала гiнуць, прыйшлося зрабiць кесарава сячэньне. У вынiку яна выжыла, але век свой падкарацiла, перайшла ў больш цяжкую групу iнвалiднасьцi.

Па-мойму, жанчына ажыцьцявiла адзiна правiльны выбар. Ён выклiкае толькi павагу i дае прыклад тым, хто шукае апраўданьняў сьмертазабойству.

Вернемся, аднак, да пазыцыi гiнеколягаў. Т.А.Чарняўская, загадчыца 34-й жаночай кансультацыi: «Я ня згодная з забаронай абортаў да таго моманту, пакуль ня будзе забясьпечанае нармальнае пражываньне будучага чалавека. Вось адукоўваць людзей трэба. На жаль, нашы кантрацэптывы каштуюць 300-400 тысячаў. Ня кожная жанчына можа iх набываць. Лепш за ўсё таблеткi. Для здароўя мы асаблiвых адхiленьняў не знаходзiм. Якасьць iх пастаянна ўдасканальваецца. Сiлест, напрыклад, мае станоўчы пабочны эфэкт: нармалiзуе функцыю яечнiкаў, прафiляктыка раку. Праўда, мае невялiкае адмоўнае ўзьдзеяньне на шыйку маткi. I таму анколягi пачынаюць супраць iх выступаць... У нас жа стала менш ускладненьняў у тых жанчын, якiя прымаюць гэтыя таблеткi. Праблема ў тым, што яны нерэгулярна паступаюць у аптэкi. Добра, калi жанчына можа закупiць iх на пару гадоў наперад, патрацiўшы 6-8 мiльёнаў рублёў.

Сьпiралi зручныя тым, што 3-5-8 гадоў жанчына можа не баяцца зацяжараць. Але i яны, здараецца, выклiкаюць запаленчыя працэсы ды iншыя непрыемнасьцi. Дагэтуль жанчыны прыходзяць выдаляць сьпiралi, якiя насiлi 10-15 гадоў. Выпускаюць сьпiралi зь медным дроцiкам, якi з часам цалкам разбураецца. Робяць i чыста залатыя. Але тут варта быць пiльнымi, бо часта афэрысты пад выглядам залатых прадаюць медныя. Нядаўна я выдаляла ў жанчыны такую псэўдазалатую сьпiраль. Капнула нашатырнага сьпiрту — «золата» i пасiнела, хоць сапраўднае павiнна заблiшчэць.

Небясьпечна для жанчыны нараджаць пры тромбафлебiце. А вось пры цукровым дыябэце плод дапамагае мацi. З пэўнага ўзросту пачынае функцыянаваць падстраўнiкавая залоза, i ён бярэ на сябе нагрузку мамы. У вынiку нараджаецца нездаровым. I таму хворым на цукровы дыябэт мы рэкамэндуем спыняць цяжарнасьць.

Мэдыцынскiм паказаньнем для спыненьня цяжарнасьцi зьяўляецца i ўзрост пасьля 45, калi вельмi часта вынiкам апладненьня аказваецца паталёгiя плоду. Напрыклад, хвароба Даўна. Але i тут бываюць выключэньнi. Нядаўна ў нас нарадзiла 42-гадовая жанчына. Першая цяжарнасьць. Лёгка вынасiла, цудоўнае дзiця... У кожнага свая мяжа.»

 

Зь пiсьма (Яна — Яму)

14 чэрвеня 1954 г.

Дзень добры, мiлы мой Генюсь!

Дазволь паведамiць табе, што пiсьмо тваё атрымала, за што застаюся ўдзячная. Генюсь, прачытаўшы яго, я ўсьцешылася, але i засумавала яшчэ мацней. Ты ж пiсаў у першым, што табе служыць усяго два месяцы, а цяпер пiшаш, што больш. Не разумею, чаму гэта так...

Генюсь! Ты хiба не пасаромеўся пытацца ў мяне, цi не гуляю я з кiм? Эх, ты! Хiба ты ня бачыў i не адчуваў, як я любiла й люблю цябе, больш не любiць мне нiкога й нiколi. Генюсь! Павер, як я прачытала гэта слова «гуляла», дык моцна плакала i вельмi ўзлавалася на цябе.

Першы ты скарыў маё сэрца, першы раз я спазнала любоў, першы раз я даведалася, што стаiць, навошта сэрца хвалюецца i кроў.

Генюсь, ты пытаесься, што за жанчына, якая будзе рабiць, яе завуць Янiнай, яна жыве толькi з хлопчыкам, а муж ейны на вярбоўцы. Яна ўжо ўсё зрабiла, i я цяпер свабодная, але гэтая жанчына ўзяла зь мяне 100 рублёў. Грошай мне прыслала сястра 300 рублёў, а я дома сказала, што 200. Я да яе хадзiла ў суботу 12 чэрвеня, а ў нядзелю 13 чэрвеня ўвесь дзень плакала i пераносiла такi боль, што нават валасы на сабе iрвала. Я ў той час была ў лесе, каб нiхто ня чуў i ня бачыў маiх пакут. Генюсь, яшчэ нiчога не было знаць, было там дзiця цi не, а толькi адна сумесь!.. Генюсь, падумай, якая я была няшчасная ў тую нядзелю. Усе дзяўчаты былi ў Крывiчах на фэсьце, а я адна ў лесе i толькi слухала, як зязюля кукуе i птушкi пяюць... Мiлы мой Генюсь! Хоць ты i кiнеш, але я цябе нiколi, таму што ты мяне...

Апiшу табе, што ў нас вельмi цёпла, суха, дождж ня йдзе, таму яравыя культуры вельмi бедныя. Жыта ўжо адкрасавала, так што хутка i ўборка.

Яшчэ ты пытаесься, цi развучваюць дзяўчаты песьнi на Нарачы. Не, бо няма кiраўнiка. Я цяпер працую ў праўленьнi калгаса «Маладая Гвардыя»...

Дазволь закончыць маё маленькае пiсьмо. Цалую цябе, твая нялюбая сяброўка Юзя! Высылаю дзевяць цыгарэт i лёзы, а таксама два лiсты паперы.

 

НОВАЯ ЭТЫКА
АЛЬБО САМАГЕНАЦЫД?

За два тысячагодзьдзi ў заходняй культуры, да якой прыналежым i мы, выпрацавалася абсалютная каштоўнасьць — увекавечаньне й ахова права кожнай асобы на жыцьцё. Гэта неад’емнае i вельмi канкрэтнае права. Выключэньнi дапушчалiся ў пэўных выпадках пры вырашэньнi пытаньня «жыцьцё за жыцьцё» альбо абумоўлiвалiся заканадаўчым параграфам.

Новыя законы, якiя легалiзавалi аборт, уяўляюць сабой усеагульнае адмаўленьне ад адной з галоўных каштоўнасьцяў заходняга чалавека i прыняцьце новай этыкi, паводле якой жыцьцё мае адносную вартасьць. Нездарма менавiта ў 20-м стагодзьдзi чалавецтва ўзаконiла аборт i перажыло дзьве сусьветныя вайны, а таксама такiя антыгуманныя рэжымы як сталiнiзм i гiтлерызм. Ёсьць лёгiка i ў тым, што менавiта Беларусь, якая па колькасьцi насельнiцтва за пяцьдзясят апошнiх гадоў так i не сягнула далей дзесяцiмiльённага рубяжу, якая перажывае дэмаграфiчны крызыс i iмклiва старэе, у 1994 г. абiрае сваiм лiдэрам асобу з даволi выразнымi нэкрафiлiчнымi рысамi характару, асобу, якая ня любiць жыцьцё, але цягнецца да мёртвага, сьмерцi.

Калi чалавецтва прызнае магчымым права жанчыны на абартыўны самагенацыд проста таму, што ёй так хочацца, тады i лукашэнкi прызнаюць для сябе магчымым зьдзяйсьняць татальны тэрор супраць уласнага народу.

Мы — фiзычна прыгожы этнас. Мы ня менш пажадлiвыя, чымся французы (цi не адсюль у нас столькi паэтаў на душу насельнiцтва?). Мы любiм i ўмеем любiцца. Але чаму мы нiяк ня можам нарадзiць: нi здаровае нацыянальнае цела? нi дзяржаву як канстытуцыянальныя межы для гэтага цела? нi калектыўную цi iндывiдуальную сiлу? Атрымоўваем цi выкiдышаў, цi неданоскаў, якiх невядома хто на нашу галаву выходжвае.

Мы — i жанчыны, i мужчыны — любiм аборт, бо ён стварае iлюзiю сацыяльянай адказнасьцi, хаця на самой справе вызваляе ад яе. Замест зьнiшчэньня жыцьця трэба зьнiшчаць умовы, якiя робяць жыцьцё невыносным.

 

ЖЫЦЬЦЯЗДОЛЬНАСЬЦЬ ПЛОДУ

Дзяўчынка Ксенiя Кiнг нарадзiлася ў штаце Флорыда на 21 тыднi цяжарнасьцi (4,5 месяцы) ад першага дня апошняга мэнструальнага цыклю ейнае мацi. Важыла яна 510 грамаў, затым пахудзела да 369-цi.

Некаторыя дзяржавы выкарыстоўваюць здольнасьць выжыць па-за целам мацi як сродак вымярэньня гуманнасьцi ў адносiнах да яшчэ ненароджаных дзяцей. 30 гадоў таму «жыцьцяздольнасьць» складала каля 30 тыдняў. Сёньня яна скарацiлася да 20. На працягу наступных 20 гадоў яна можа дасягнуць пэрыяду ад 10 да 12 тыдняў. Такiя зьмены адбываюцца ў сувязi з ростам штучных падтрымлiваючых жыцьцё сыстэм. Дзецi застаюцца такiмi ж самымi. Таму «жыцьцяздольнасьць» паказвае хутчэй на майстэрства дактароў ды аснаджанасьць стацыянараў, у якiх нараджаецца дзiця.

 

АБОРТ З ДАПАМОГАЮ
КЕСАРАВА СЯЧЭНЬНЯ

Мэтад дастаткова стандартны да моманту адсячэньня пупавiны. Пры кесаравым сячэньнi адсмоктваецца сьлiзь дзiцяцi, яму аказваецца iнтэнсіўная тэрапiя ў iнкубатары для нованароджаных, дзе ўсё робiца для яго выжываньня.

 

11—12 ТЫДНЯЎ (3 МЕСЯЦЫ)

У гэтым узросьце функцыянуюць усе сыстэмы органаў. Дзiця дыхае, глытае, пераварвае i выдаляе. Яно вельмi чуйнае да болю, адварочваеца да шуму i непрыемнасьцяў, iмкнецца заняць зручную пазыцыю, калi яго трывожаць. Хутка ён будзе спаць i прачынацца разам з мацi. Калi яго амнiятычная вадкасьць робiцца салодкай, ён будзе часьцей глытаць, калi кiслай, яно запавольвае глытаньне.

Гукавымi сыгналамi дзiця можна навучыць адварочвацца ад болевых стымулаў, але нi ў аднаго немаўляцi ня будзе аднолькавага адказу, бо яны ўжо — iндывiдуальнасьцi.

 

АБОРТ
ПРАЗ АТРУЧЭНЬНЕ СОЛЬЛЮ

Мэтад выкарыстоўваецца пасьля 16 тыдняў, калi дастатковая колькасьць вадкасьцi зьбiраецца ў мяшках з водамi плоду. Доўгая iголка ўстаўляецца праз жывот цяжарнай у каляплодны мяшок. Упырскваецца раствор канцэнтраванай солi. Плод уздыхае i глытае соль i атручваецца ёю. Вонкавы слой скуры атрымлiвае апёкi ад каразiйнага эфэкту. Апэрацыя займае крыху больш гадзiны часу. Праз суткi адбудуцца «мёртвыя» роды. Прадукт цяжарнасьцi выкiнуць у клазэт, у лепшым выпадку — спаляць у крэматорыi стацыянару.

 

ПРОСТАГЛАДЫНАВЫ АБОРТ

Спэцыяльна створаны прэпарат абартыўнага дзеяньня, якi выклiкае заўчасныя роды. Звычайна выкарыстоўваецца ў сярэдзiне i ў канцы цяжарнасьцi з мэтаю выклiкаць аборт. Можа выклiкаць у арганiзьме жанчыны сур’ёзныя ўскладненьнi.

 

АБОРТ У 12 ТЫДНЯЎ

Аборт праводзiцца памiж 7 i 12 тыднямi цяжарнасьцi з выкарыстаньнем петлепадобнага сталёвага нажа. Матка выводзiцца праз похву. Шыйка (рот маткi) утрымлiваецца адкрытай. Гiнэколяг расьсякае маленькае цельца на кавалкi i адслойвае плацэнту ад сьценак маткi.

 

АБОРТ ДА 18 ТЫДНЯЎ

Праводзiцца памiж 12 i 18 тыднямi. Выкарыстоўваюць шчыпцападобны з вострымi зубамi iнструмэнт. Гiнэколяг захоплiвае частку плоднага цела i адрывае яе. Гэтае членаадсячэньне прцягваецца без абязбольваньня для плоду да таго часу, пакуль усе часткi, уключаючы i глыбока разьмешчаны пасьлед, ня будуць выдаленыя. Крывацячэньне пры гэтым прафузнае. Адна з апэрацыйных мэдсёстраў узнаўляе часткi цела, каб упэўнiцца, што матка пустая, iнакш мацi сьцячэ крывёю i атрымае iнфэкцыю.

 

ВЫЦЯЖНЫ АБОРТ

Падобны на папярэднi. Але выкарыстоўваецца i новы iнструмэнт — магутная выцяжная трубка. Яна адрывае часткi цела плода i яго плацэнту, адсмоктваючы «прадукты цяжарнасьцi» ў слоiк.

 

«МЫЛЬНЫ»
(КРЫМIНАЛЬНЫ) АБОРТ

Здараеца сярод насельнiцтва зь нiзкiм сацыяльным статусам. У матку ўводзiцца гаспадарчае мыла, што выклiкае ня толькi аборт, але i паражэньне нырак. Заканчваецца лятальным зыходам альбо калецтвам жанчыны.

 

НАСТУПСТВЫ

З абортам зьвязана больш за 100 фiзычных ускладненьняў. Да непасрэдных адносяцца iнфэкцыя, цяжкiя крывацячэньнi, пашкоджаньнi маткi ды iншых унутраных органаў, нерэгулярная мэнструацыя, галаўны боль, трамбозы, галавакрут...

Працяглыя фiзычныя ўскладненьнi — гэта бясплоднасьць, выкiдыш i заўчасныя роды, цяга да алькаголю, злоўжываньне мэдыкамэнтамi i наркатычнымi рэчывамi...

Многiя жанчыны пакутуюць ад псыхiчных наступстваў пасьля перажываньня аборту, маці ня можа не ўспамiнаць пра забiтае дзiця. Пачуцьцё вiны не дае спакою. Такiя ўскладненьнi называюць сындромам перажываньня аборту ульбо ПАС (пост-абортавы сындром). Вось некаторыя сымптомы ПАС: пэрыядычныя цяжкiя ўспамiны, сны i паўтарэньне перажываньня аборту, складанасьцi ва ўзаемiнах зь людзьмi, бяссоньнiца, абвостранае пачуцьцё вiны, пагаршэньне памяцi, прыпадкi ярасьцi, спробы суiцыду.

 

РОЛЯ МУЖЧЫНЫ

Тацяна Анатолеўна лiчыць, што для барацьбы з абортамi патрэбныя радыкальныя мерапрыемствы ў адносiнах да мужчын. У пацьверджаньне сваёй пазыцыi яна распавядае пра адзiн не зусiм законны экспэрымэнт, якi савецкiя мэдыкi правялi ў Новасiбiрскiм акадэмгарадку гадоў 20 назад. «Было дрэнна з донарскай крывёю для клiнiкi, добраахвотнiкаў няма, прымусiць здаваць нiкога нельга. I тады мы выдалi загад, сэнс якога палягаў у наступным: калi жанчына iдзе на аборт, мужчына павiнен здаць 200 гр. крывi... Вы ведаце, ня трэба было вучыць, як засьцерагацца, ня трэба было гаварыць пра шкоднасьць абортаў. Iх колькасьць адразу зьменшылася. Бо для мужчыны здаць кроў — гэта трагедыя. Яны нават прытомнасьць губляюць...» I сапраўды, ёсьць за мужыкамi такi грэх. Кроў здаваць, толькi калi вельмi выпiць хочацца, а жонка грошай не дае. На аборт яе адправiць — раз плюнуць. А калi пасьля спарону палюбоўнiца бясплоднаю стане — мужычок да iншай шусьне. Бывае, што каханая забудзецца пiгулку выпiць, а ў мужычка кар’ера, кватэрка малая ў «даляры» (прэстыжны дом насупраць Камароўскага рынку ў Менску), ды i маральна не гатовы да бацькоўства. I тады «позьнясьпелы» мужычок раiць сяброўцы схадзiць «на вакуум», пра якi ён нiякага ўяўленьня ня мае. Ёсьць, на жаль, такая зьява. Але ёсьць i iншае, калi жанчына сама праяўляе iнiцыятыву i ставiць свайго мужчыну перад фактам аборту. I мужчына, якi гатовы быў стаць бацькам, раптам становiцца сьведкам i часткова прычынаю самагенацыду. Ён перажывае аборт па-мужчынску трывожлiва i балюча. I пачуцьцi да любiмай пацiху астываюць, бо жанчына, якая «вычысьцiлася» ад ягонага дзiцяцi, засьведчыла, што больш за ўсё яна любiць сябе...

Няпраўда, што мужчына нiколi не зразумее пачуцьцяў жанчыны, якая перажыла аборт. Рэч у тым, што мужчыны перажываюць своеасаблiвыя мiнi-аборты непараўнальна часьцей, чым iхныя сяброўкi. Я маю на ўвазе палюцыi i мастурбацыю. I ў першым, i ў другiм выпадку пасьля семявывяржэньня мужчыну апаноўвае пачуцьцё маральнай няўтульнасьцi i вiны, адчуваецца фiзычнае разбалянсаваньне. Палюцыя, а яшчэ больш мастурбацыйны акт, выклiкаюць надзвычай складаны комплекс адмоўных рэакцый, а ў эмацыйна разьвiтай натуры могуць назiрацца мышачныя спазмы, сутаргi з наступным панiжэньнем рэактыўнасьцi ўсяго арганiзму. Да мужчынскага мастурбацыйнага акту, як i да жаночага аборту, прывыкнуць нельга. Мастурбацыйны аргазм — гэта заўсёды аргазм болю, а ня радасьцi. Штучнае семявывяржэньне навонкi — гэта як добра паесьцi, а потым званiтаваць, як спрабаваць выплюнуць з роту ўсю сьлiну. Плоць заўсёды iмкнецца ўвайсьцi, а ня выйсьцi. У гэтай скiраванасьцi палягае iдэя Прыроды.

Каштоўнасьць жыцьця ня толькi народжанага чалавека, але зародка i нават семенi добра зразумеюць кiтайцы, якiя адлiчваюць узрост ня з моманту выйсьця з матчынага ўлоньня, а з моманту апладненьня, калi ўзьнiкае новы згустак жыцьцёвае энэргii.

Аборт — гэта, бадай, самая дарагая цана за цывiлiзацыйны камфорт i ўласны эгаiзм, якую сплачваюць як жанчына, так i мужчына.

 

Зь пiсьма (Яна — Яму)

21 чэрвеня 1954 г.

Прывiтаньне зь Беларусi!

Дзень добры, мой мiлы Генюсь. Хачу паведамiць табе, што пiсьмо тваё атрымала, за якое кажу вялiкi дзякуй. Генюсь, я цяпер лёгкая, i, дзякуй Богу, адчуваю сябе нядрэнна. Думаю толькi адно: каб хутчэй убачыць цябе, пачуць твае словы. Але гэта, пэўна, ня ўдасца, бо ты да нас нiколi не пакажасься з-за таго, што так зрабiў са мной. Ты як прыедзеш, дык адразу пойдзеш да сваёй Лёнi... Генюсь, ты не падумай, што я зваляюся безь нiякай аховы, можа быць, яшчэ i мяне возьме хто-небудзь з прыроды...

Дзякуй табе за тваё добрае абяцаньне i яшчэ дзякуй за тваю дабрадушнасьць. Да спатканьня...

 

ГРАМАДЗЯНСКАЕ ДЗЕЯНЬНЕ СУПРАЦЬ АБОРТАЎ

Мужчынаў абвiнавачваюць у тым, што вельмi часта яны штурхаюць жанчын на грэх спарону. Папрок справядлiвы. Але iншыя мужчыны, можна сказаць, сапраўдныя мужыкi, выступаюць катэгарычна супраць гвалтоўнага спыненьня цяжарнасьцi. Дзеля пашырэньня iдэi аховы чалавечага жыцьця яшчэ ў зародку, мужчыны (не без дапамогi жанчын, вядома) стварылi Дабрачынны фонд аховы жыцьця ля яго вытокаў i генэтычнага коду народа, якi ўзначалiў доктар тэхнiчных навук акадэмiк Мiхал Дамiнiкавiч Цяўлоўскi. Пра гэтую арганiзацыю я пачуў ад члена праўленьня Фонду спадара Кiранава Вадзiма Сяргеевiча. Мой суразмоўца мае 39 гадоў, жанаты, гадуе двох сыноў. Па адукацыi — iнжынэр. Працуе ў БДУ на катэдры фiзыкi паўправаднiкоў i — настройшчыкам музычных iнструмэнтаў у 12-й менскай школе. Жонка працуе ў кансэрваторыi.

Названы Фонд — арганiзацыя не рэлiгiйная, але ў яго ўваходзяць прадстаўнiкi асноўных канфэсiяў Беларусi: каталiцкай, прваслаўнай, пратэстанцкай, мусульманскай i юдэйскай. Спадар Кiранаў рэпрэзэнтуе ў Фондзе праваслаўную царкву. Сябры дабрачыннай арганiзацыi чытаюць лекцыi ў школах, iнтэрнатах, вучылiшчах. У днi, калi ў палiклiнiках сталiцы праводзяць вакуум-аборты, фондаўцы прыходзяць у апошнi момант паспрабаваць адгаварыць хоць адну жанчыну ад непапраўнага кроку. З уладамi канфлiктаў Дабрачынны Фонд ня мае, але ня мае i рэальнай дапамогi. Курсiруюць чуткi, што вось-вось ППРБ выдасьць чарговы закон, якi забаронiць аборты. Наколькi яны праўдзiвыя, сказаць цяжка. Ясна адно: без шырокага публiчнага абмеркаваньня праблемы абортаў прыняцьце падобнага закону цi ўказу будзе мець катастрафiчныя наступствы. Праўда, як паказвае вопыт Харватыi, можа быць i па-iншаму. Калi аборты забароненыя дзяржавай, жанчына пачынае больш адказна ставiцца да свайго ненароджанага дзiцяцi. Тут ужо прыходзiцца думаць ня толькi пра Боскую кару, але й пра адказнасьць перад Законам.

Адносiны членаў Фонду з урачамi жаночых кансультацыяў складваюцца няпростыя. Мэдыкi прыводзяць адзiны, на iх думку, iстотны аргумэнт: калi яны ня будуць рабiць аборты, жанчыны пойдуць да падпольных «спэцыялiстаў» спарону.

Не сьпяшаюцца пакуль падтрымоўваць Фонд i фiнансава: нi дзяржаўныя, нi прыватныя банкi. Затое каталiцкi фонд «Мацi Божая Фацiмская» выдзялiў сродкi на выпуск 50 вiдэакасэтаў з прапагандысцкiм матэрыялам. Асаблiвае ўражаньне робiць фiльм «Нямы крык» доктара Бэрнарда Натансона, якi зрабiў ультрагукавыя здымкi аборту 12-тыднёвага чалавечага эмбрыёну. Фiльм даказвае, што зародак прадчувае пагрозу сьмерцi. Ягонае сэрцабiцьцё пачашчаецца да 200 удараў за хвiлiну. Ён пачынае рабiць актыўныя панiчыня рухi, адсоўваецца на супроцьлеглы бок маткi, спрабуючы схавацца ад сталёвых iнструмэнтаў гiнэколяга, i шырока адкрывае роцiк у сваiм нямым крыку...

Дабрачынны фонд аховы жыцьця ля яго вытокаў i генэтычнага коду народа варты падтрыманьня як нiякi iншы. Адрас i разьлiковы рахунак Фонду наступныя:

 

220053, г.Менск, вул. Арлоўская, 66, корп.8.

Тэл.: (017) 237-29-71, 237-52-26.

Факс: (017) 234-98-84.

Р/Х 3015000007955 у фiлiяле № 510 ААБ «Беларусбанк», г.Менск, код 153001603.

 

ЭПIЛЁГ

... Генюсь вярнуўся да сваёй Юзi. Праз восем гадоў пасьля аборту Яна нарадзiла Яму хлопчыка, потым другога, потым дачушку. Маладыя гады свае яны пражылi складана, сыходзiлiся i разыходзiлся. У Яго былi iншыя жанчыны, у Яе — толькi Ён. малодшы сын падарыў iм унучку, дачка — унука. Днямi павiнен прыехаць зяць — дапамагчы пасадзiць бульбу.

Лёнечка памерла маладою — ад сухотаў.

***

... Таня нарадзiлася толькi таму, што настояла бабуля. I цяпер бабулечка — адзiны ў сьвеце родны чалавек, якога ўнучка сапраўды любiць i паважае. Дзесьцi побач сноўдаецца i родная мацi — як цень, як здань, нялюбая i халодная.

Таня ведае гiсторыю свайго нараджэньня: бацькi не хацелi яе. Цяпер яна ня хоча iх. I гэта справядлiва, бо дабро прымнажаецца дабром, а злое — злым.

Таня вучыцца на гуманiтарным факультэце, пiша беларускiя вершы, кахае. А чым яно завершыцца — пакажа час.

 

***

... Дзiмка пражыў ужо два гадкi з хвосьцiкам. Мара любога нармальнага мужыка: такi прыгожы, чыста херувiмчык, сынуля. Ён таксама нарадзiўся дзякуючы цьвёрдаму слову бабулi, бо мамка яго не хацела. Вось i сёлета на мiнулы Вялiкдзень яна прывезла сына ў дом сваiх родных, а сама зьбегла. Адзiнокiя бязмужнiцы плачуць, крыху п’юць за Велiкодным сталом, крыху паляць, а найбольш соўкаюць Дзiмку, перахоплiваючы адна ў адной з рук.

***

...I была ў тых гасьцях Iрына. Ужо «свабодная» ад плоду, бо па чацьвертым тыднi цяжарнасьцi яна зрабiла аборт, не папярэдзiўшы пра тое сваго мужчыну. Цяпер Iрыне 35. Ужо месяц як яна хварэе: не спадае тэмпэратура, не пакiдае суiцыдны настрой... Каб перамаглi пачуцьцi, а не саманадзейны чалавечы розум, пад каталiцкiя Каляды, у Пiлiпаўку, мог бы нарадзiцца яшчэ адзiн Беларусiк (цi Беларуска). I, як усе народжаныя людзi, Ён (альбо Яна) зьведаў бы (зьведала б) i радасьцi, i пакуты зямнога жыцьця. На жаль, жанчына вырашыла iначай. I ты зноў ня стаў бацькам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0