Паважаная рэдакцыя!

У мяне ёсьць прапанова, як пашырыць прапаганду беларускай мовы. Усiм вядома, што на Беларусi вiдэарынак амаль на 100% расейскамоўны. Калi зьявiцца беларускамоўная вiдэапрадукцыя замежных фiльмаў: галiвудзкiх, эўрапейкiх, азiяцкiх. Хiба не цiкава дзецям глядзець «Тома i Джэры» цi «Караля Льва», а дарослым — «Харобрае сэрца» цi «Драпежнiк»? Дапамагчы могуць у набыцьцi лiцэнзii на пракат Рада БНР ў ЗША i Эўропе, замежная беларуская дыяспара. Праблем зь перакладам не павiнна быць. Вiдэакасэты ў добрай i прыгожай вокладцы можна набыць празь «Фiльмы — поштай» у вашай газэце цi ў шапiках. Эфэкт ад прапаганды беларускай мовы будзе вялiкiм: ледзь ня трэцяя сям’я ў Беларусi мае вiдэамагнiтафон. Бярыце прыклад з «Обыкновенного президента».

Бандарэнка Андрэй, Гомель


 

Нашы падручнікі

 

Хоць i вымусiлi нас заплацiць за карыстаньне падручнiкамi, асноўны iх парк склалi выданьнi, якiя прайшлi, бадай, не праз адныя рукi. Трэцюю частку кнiг, якiя павiнны былi стаць дапамогай вучню, можна акрэсьлiць як выкарыстаныя i даўно адпрацаваўшыя свой належны тэрмiн. Многiя падручнiкi страцiлi ня толькi свой зьнешнi выгляд, напрыклад, вокладку, але i часткi ўнутранага — не хапае старонак. Шмат якiя з падручнiкаў маюць мяккi пераплёт, але i гэта яшчэ паўбяды, галоўнае тое, што аркушы ў гэткiх кнiгах трымаюцца «на чэсным слове» — кнiга «Геамэтрыя. Клясы 5-11», якой мы карыстаемся амаль кожны дзень ужо сёмы год, нават пры самым ашчадным карыстаньнi не змагла захаваць усе бачыны. Не магу нiчога добрага сказаць пра «Фiзыку» — кнiга прыйшла ў нягоднасьць дзесьцi напрыканцы 80-х.

Больш прыстойныя тэксты мае падручнiк па «Чалавеку i грамадзтву», там нават падаюцца палажэньнi аўтарытарызму й таталiтарызму, але ж на тытуле падручнiка горды надпiс: «Рекомендовано Главным управлением содержания общего среднего образования Министерства образования Российской Федерации», надпiс падобнага зьместу ўтрымлiвае й «Астраномiя», i «Француская мова», некаторыя кнiгi таксама.

Ад рэформы падручнiкаў па «Роднай лiтаратуры» наш выпуск адстае заўсёды на адзiн год. Гэта значыць, што кожны новы год мы атрымлiваем старыя кнiгi, а нашыя наступнiкi ўжо новыя. Дарэчы, пра «Родную лiтаратуру» можна казаць як пра найбольш удалае выданьне (новы варыянт). Зразумець не магу аднаго: чаму «Тутэйшых» зьмясьцiлi ў падручнiку для сёмай клясы, тады як больш лёгкую для разуменьня «Пiнскую шляхту» адправiлi ў дзясятую.

Хачу ўсё ж спынiцца на тым падручнiку, уласна дзеля якога i пiсаўся гэты «артыкул», сама назва ў яго папахвае крамолаю, вы здагадалiся, канешне, гэта «Гiсторыя Беларусi». Пасьля чытаньня гэткага падручнiка толькi дзiвiцца можна, бо ў назву вынесеная цi ня самая слушная з думак, якiя тут ёсьць. Назва сьведчыць, што гiсторыя ў нашай Радзiмы ёсьць, хаця сам падручнiк зьяўляецца першай, на мой погляд, спробай гэта адмаўляць.

Але пра ўсё па чарзе. Абмалюю спачатку зьнешнi выгляд, зь якога што-нiшто ўжо пачынае вынiкаць. Калi вы бачылi падручнiкi 1992-94 гадоў выданьня, то добра ўяўляеце iх — вокладка белая, пасярэдзiне чырвоная стужка. Гэта неяк можна суаднесьцi з нацыянальным сьцягам. Разгляданы зараз падручнiк складаецца зь дзьвюх частак. Першая выйшла ў сьвет у 96-м годзе, наступная — на год пазьней, яе мы атрымалi ў якасьцi «сьвяточнага падарунка» пад Новы год. Першая частка кнiгi «Гiсторыя Беларусi для 11 клясы» мае недарэчны зялёны колер i валодае ўсiмi вышэйпазначанымi тэхнiчнымi хiбамi — пачала «распаўзацца» на вачах пасьля першых тыдняў карыстаньня. Гэта ня самае дрэннае, зьвернем увагу на зьмест. Пакiдаючы без увагi розныя дробязi, памылкi, абразы на адрас нацыянальнага руху, зьвернемся да старонкi 82, дзе гаворка iдзе пра нацыянальнае паўстаньне 1863-64 гг. на Беларусi пад кiраўнiцтвам Кастуся Калiноўскага. Спачатку дасьведчаныя аўтары пачынаюць сьцьвярджаць, што «Мужыцкая праўда» ня мела амаль нiякага ўплыву на грамадзтва, пасьля тое, што ўсе (цытую) «паўстанцкiя атрады на Лiтве i Беларусi складалiся поўнасьцю з асобаў каталiцкага i ўнiяцкага веравызнаньня». Колькi абзацаў мiнаю — гаворка ў iх iдзе збольшага аб прымяншэньнi вынiкаў барацьбы. Далей iдзе самае цiкавае. Вось што кажуць у гэтым падручнiку аб вiленскiм генэрал-губэрнатары М.М.Мураўёве-вешальнiку. Яго не ўхваляла савецкая гiстарыяграфiя, а тут сказана пра яго на старонцы 83 наступнае: «Гэта (Мураўёў) быў энэргiчны дзяржаўны дзеяч, якi зь веданьнем справы рабiў тое, да чаго быў заклiканы. Значную ўвагу ён зьвярнуў на цывiльнае кiраваньне, маючы на мэце знайсьцi ў краi тыя элемэнты, на якiя царскiя ўлады маглi б абаперцiся. Перш за ўсё гэта было беларускае сялянства (?!)... М.М.Мураўёў быў першым зь дзяржаўных дзеячоў Расеi, хто ўзьняў пытаньне аб пастаноўцы шырокай народнай адукацыi ў краi, прычым на «местном наречии», пад якiм ён, безумоўна, разумеў беларускую мову».

Такiм чынам, можна пабачыць, як пра ката ствараецца яшчэ адзiн мiт, як пра яшчэ аднаго добрага дзядульку.

У абвяржэньне мiту дам некалькi вытрымак з дакладных запiсак М.М.Мураўёва цару: «Пацьвердзiць (трэба) канчаткова паўсюднае ўвядзеньне расейскай мовы... ва ўсiх афiцыйных i службовых зносiнах, а таксама i ў знадворных апiсаньнях ўсялякага роду, асаблiва ў месцах, што наведваюцца народам...

Неадкладна ўсе вышэйшыя службовыя пасады па ўсiх ведамствах, а таксама ўсе месцы, якiя маюць дачыненьне да народу, замясьцiць расейскiмi чыноўнiкамi, iншыя ж пасады замяшчаць расейскiмi паступова...

Засяляць край расейцамi, наколькi магчыма сканцэнтравана...

Садзейнiчаць распаўсюджваньню праваслаўна-хрысьцiянскага вучэньня i ўзбуджэньню ў народзе ўсьведамленьня, што ён — расейскi...

Патрэбна ўсiм растлумачыць, што край Паўночна-Заходнi заўсёды быў i ёсьць расейскi...»

За сябе сам адказаў М.М.Мураўёў. Пра тое, што ён яшчэ i вешальнiк, у кнiзе сказаць забылiся, а мо i не захацелi. Ды яшчэ на старонцы 85, у лiку адмоўных вынiкаў паўстаньня (былi, вiдаць, i гэткiя) уключаецца, цi, лепей — ставiцца змагарам за свабоду ў вiну тое, што «да канца 60-х гадоў у краi захоўвалася ваеннае становiшча».

Цяпер, каб ня трацiць часу, зьвернемся да другой часткi падручнiка гiсторыi.

Яго вокладка выглядае яшчэ больш дзiўна — белага колеру, а пасярэдзiне стужка... не магу нават вызначыць, якога колеру, нешта, мабыць, падобнае да паносна-зялёнага.

Гэты лiст я меў намер напiсаць яшчэ даўно, але не хапала часу. Iдэалягiчныя недарэчнасьцi я спрабаваў пакiнуць на сумленьне аўтараў. Калi ж мне трапiлася ў рукi другая частка, я канчаткова вырашыў, што напiшу. Калi ў папярэдняй частцы былi памылкi з чыста палiтычных нагодаў, то ў другой кнiжцы мною былi заўважаныя недарэчнасьцi, якiя было немагчыма зрабiць, кiруючыся толькi гэтымi прычынамi.

Зноў пачну спачатку. На тытуле заўважаю надпiс: «Пад рэдакцыяй прафэсара М.С.Сташкевiча». Ня ведаю, цi яго прысутнасьць папсавала першапачатковы зьмест кнiжкi, зь яе добрай традыцыяй зьмяшчаць дакумэнтальныя матэрыялы па пройдзеным параграфе, але як пачалi выглядаць самi параграфы! Адразу абгаваруся — мною прагледжаная ня ўся кнiга i заўважаныя далёка ня ўсе памылкi. Пачынаю з уступу, на старонцы 4 робiцца абгаворка, што «сярод некаторых зь iх (вучоных) iснуе думка, што з 25 сакавiка 1918 году — дня абвяшчэньня ў Трэцяй Устаўной грамаце незалежнасьцi БНР — трэба адлiчваць самастойнасьць Беларусi, але гэта толькi адзiн з нацыянальна-радыкальных поглядаў. Гiстарычны сюжэт з разгонам Усебеларускага зьезду... можна разглядаць як памылковы». Я ня ведаю, як гэта можна разглядаць гiстарычны сюжэт як памылковы. Бракуе сэнсу. Далей iдзе спроба характарыстыкi Слуцкага збройнага чыну як «узброенага мяцежу, якi набыў характар палiтычнага бандытызму». Дыскрэдытуецца ўвесь нацыянальна-вызваленчы рух 20-х.

Ёсьць i спрэчнае меркаваньне наконт таго, што Слуцкае паўстаньне падтрымаў сваiмi ўзброенымi сiламi С.Булак-Балаховiч, тут гэтая думка падаецца хутчэй як аксыёма, чым як меркаваньне. Ды наогул, гэтыя выразы акрэсьлiваюць усё, чым была барацьба на Беларусi за тагачасную ўладу. Больш нiчога няма. Нарэшце мы падыходзiм да параграфа 2.

«Усталяваньне беларускай савецкай дзяржаўнасьцi». Учытайцеся ў прапанаваныя радкi, i тады зразумееце ўсю iх бязглуздасьць: «Лiстападаўская рэвалюцыя 1918 году ў Нямеччыне прывяла да выхаду Нямеччыны з вайны... Выкарыстоўваючы становiшча, якое склалася ў вынiку посьпеху Лiстападаўскай рэвалюцыi ў Нямеччыне, i паражэньня аўстра-нямецкага блёку ў сусьветнай вайне, бальшавiкi анулявалi Берасьцейскi мiр. Чырвоная армiя рушыла на захад. У лютым 1918 г. амаль на ўсёй тэрыторыi Беларусi зноў усталявалася ўлада Саветаў (сказ надрукаваны курсівам).» Адчулi? Калi не, то я растлумачу. Берасьцейскi мiр быў заключаны 3 сакавiка 1918 г., а з тэксту падручнiка вынiкае, што ён быў ануляваны бальшавiкамi да таго, як ён быў заключаны, бо тут гаворыцца, што ў лютым 1918 г. бальшавiкi занялi Беларусь. Галоўнае, на дзiва, тое, што ў лютым бальшавiкi выкарысталi лiстападаўскае становiшча. З гэтага вынiкае цi тое, што аўтар некампэтэнтны, цi ён зьехаў з глузду, цi наогул, мае слабое ўяўленьне аб парадку месяцаў, цi нарэшце тое, што ён не сябруе зь беларускай мовай. Далей — болей: згодна з тэкстам падручнiка «ў лiпенi 1918 г. польскiя войскi распачалi шырокае наступленьне на Ўкраiну i Беларусь». Тым самым усе падзеi прыпадаюць на «няшчасны» 1918 г. Пасьля чытаньня складваецца наступная карцiна: «лютаўскiя» бальшавiкi, выкарыстоўваючы «лiстападаўскi» настрой немцаў, заатакоўваюць iх i разьбiваюць, ануляваўшы Берасьцейскi мiр, а пасьля выгнаньня ворагу заключыўшы яго. Тым часам ня дрэмлюць палякi i, не чакаючы нiякiх лiстападаўскiх рэвалюцыяў, робяць напад на Беларусь з захаду ўлетку. Немцы, вiдавочна, у гэты час чакаюць усё ж такi лiстапада, каб адысьцi, а да гэтага, мабыць, змагаюцца на два франты. У той жа час немцы аддаюць цывiльную ўладу ў Беларусi Радзе БНР. I калi ў лютым усталёўваецца ўлада бальшавiкоў на ЎСЁЙ тэрыторыi Беларусi, то ўжо ў чэрвенi 1918 г. «Народны сакратарыят БНР аб’явiў нядзейснымi ў рэспублiцы дэкрэты i пастановы ўраду РСФСР» ды «актыўна займаўся культурна-асьветнiцкай дзейнасьцю». Далей па тэксту наступленьне палякаў цягнулася мо з год ды пачалося «ў лiпенi 1918», а абарона Менску працягвалася да 8 жнiўня 1919 г. Пры гэтым Менск, вiдавочна, абаранялi немцы, бо палякi заатакавалi iх улетку 1918, калi рэвалюцыi ў iх яшчэ не было, а заняўшыя яшчэ раней «у лютым 1918» тэрыторыю рэспублiкi Саветы, невядома дзе падзелiся. Можна было б i надалей працягваць блытанiну, але хопiць, бо адчуваю, што i сам заблытваюся.

Далей вытрымкi, якiх можна было чакаць (ст.134-139): «Калi лiдэры БНФ перайшлi да адкрытай антыкамунiстычнай скiраванасьцi», то «сваёй дзейнасьцю i жорсткай канфрантацыяй з уладамi, асаблiва па праблеме нацыянальнага пытаньня, адштурхнулi ад удзелу ў руху шырокiя масы. БНФ ператварыўся ў нацыянальна-радыкальнае палiтычнае ўтварэньне» (добра, што пра палiтычны бандытызм не напiсалi). У дадатках партыi падзеленыя на тых, хто падтрымлiвае палiтыку ППРБ i тых, пра каго сказана ў мiнулым часе: карысталiся падтрымкай, мелi вагу, стваралi ўплыў.

Не мiнулi i БПСМ, зьяўленьне якога ацэньваецца як «значная падзея ў грамадзка-палiтычным жыцьцi краiны».

Яшчэ адна бязглузьдзiца: «Неабходна адзначыць, што зьмены гэтыя (рэфэрэндум) адбылiся па волi большасьцi народа, таму i павiнны (?) прывесьцi да паляпшэньня становiшча ў краiне». Я, напрыклад, ня ведаю, на чыiм прыкладзе аўтару дазваляецца рабiць гэткiя высновы. Штосьцi наконт папулiзму, казаў яшчэ i Леў Сапега.

Рэут Уладзiслаў, Салiгорск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0