Носьбiты мовы супраць квазiбуржуазii

 

Мову не абараняюць, на ёй гавораць; культуру не абараняюць, а спажываюць яе прадукцыю. Гэтыя простыя праўды згадваюцца кожны раз, як чуеш на мiтынгах заклiк прафэсара Карпенкi «забаронiм нашу Беларусь ад плянаў дыктатара», або верш прафэсара Шарэцкага пра «няшчасны народ працалюбiвы». Мову, культуру носяць: каля сябе, за сабой, у сабе, на сваiм гарбе.

 

ЗАРАЗIЦЬ АБО ПАМЕРЦI

Носьбiт мовы, культуры — вырак i выйсьце — жорстка i трапна. Носьбiт зараду, iнфармацыi, вiруса i — мовы, культуры. Паспрабуйце перакласьцi гэты выраз на iншыя мовы — цяжка.

Калi яе носьбiтаў застаецца мала, быццам запалак у пушцы турыстаў, што заблукалi ў лябiрынтах (пячоры цi катакомбаў — хто яго знае), мова робiцца сымбалем, знакам богаабранасьцi, цi багаборства, цi бажавольства. Носьбiт: можа заразiць, а можа выклiкаць жаль, або нянавiсьць, пагарду, можа напалохаць, можа загiнуць — як пракажоны, як шызафрэнiк, як генiй.

У вялiкiх гарадах Беларусi беларускамоўных цяпер прыкладна столькi сама, як заражаных СНIДам. Кожны прыналежны да моўнай меншасьцi носiць у сабе часьцiнку гета, расьцярушанага па урбанiстычнай прасторы. Гета — гэта я i ты.

Цяжка пазбыцца адчуваньня жывога экспанату ў заапарку «Беларусь», экзатычнага калекцыйнага жука на шпiльцы («папаўся, жучку, у панскую ручку!»). «Вы так красiва размаўляеце! Па рабоце iлi как?» — вось адна з рэплiк, якую носьбiтам мовы часта даводзiцца чуць. Як чалавек, на якога ўвесь час паказваюць пальцам, гарадзкi белмоўны хутка пачынае цанiць маўчаньне i разумець абмежаванасьць рэакцыяў, якiя выклiкае ў буржуа (о, слодыч i паскудзтва iх сытага жыцьця). Часам нянавiсьць: «Мёртвые языки, ну-ну, достоянiе человечества...» Fuck off, вы здохнеце хутчэй, чым «мёртвая» мова. Часам парнаграфiя: «Как рецензент могу сказать, что работа очень интересная. Правда, белорусским языком я не владею, поэтому не могу полностью оценить...» Кiтайскай мовай не валодаю, але магу адзначыць вельмi харошы героглiф у кутку на пятай старонцы.

Бязь яснага ўсьведамленьня таго, што беларускамоўныя жывуць у культурным гета, а iх мастацтва i лiтаратура ёсьць, папраўдзе кажучы, дыяспарнымi ў сябе на бацькаўшчыне, мы будзем i далей грузнуць у манiлаўскiх пражэктах i дурнаёпстве. Сёньняшнi стан рэальны, а, дык жа, нармальны. Гэта драматычны, але не трагiчны i не камiчны стан, як тое спрабуе прадставiць нашая расейскамоўная iнтэлiгенцыя, гаворачы то пра «звычайнага прэзыдэнта», то пра «калхоз «Беларусь». Гэта ня новы для Беларусi стан (ён паўтараецца ў пасьлясярэднявечнай гiсторыi краiны). Гэта не ўнiкальны для сьвету стан. Дакладней, ён унiкальны толькi тым, што ён стварыўся ва ўмовах iснаваньня амальдзяржавы «рэспублiкi Беларусь», фармальна ўтворанай вакол тытульнай групы, ядро якой складаюць якраз белмоўныя. Сёньняшняя фiктыўна-беларуская дзяржаўнасьць моцна ўводзiць у зман, але яна стане — у свой час, празь пяць цi сто пяць гадоў, калi ўзьнiкнуць мiнiмальныя эканамiчныя перадумовы цi трансфармуецца будова эўрапейскай эканомiкi — неацэненай падставай для дасягненьня рэальнай незалежнасьцi i яе замацаваньня далучэньнем да палiтычнага i ваеннага блёку эўрапейскiх дзяржаваў. I тых, хто мае моцнае пачуцьце грамадзянскага нацыяналiзму, гэтае «пяць цi сто пяць» не найбольш турбуе. Проста кожная эпоха мае сваё прызначэньне. Зразумець — вось задача.

Пра аналёгii. Мы знаходзiм iх на Пуэрта-Рыка, у Iрляндыi, Паўночнай Iрляндыi, Нарвэгii, Чувашыi, Прыднястроўi, Македонii, Славаччыне, на каморскiм востраве Анжуан, жыхары якога патрабуюць, каб iх прынялi назад пад францускую ўладу, ва Ўкраiне, нарэшце (пра «прыклад Украiны» можна пiсаць і пiсаць, бо ён ужо згуляў i яшчэ згуляе неабыякую ролю). Аналёгiяў сьвет, як i варыянтаў разьвiцьця, i жыцьцё можа павярнуцца любым бокам.

Каб зразумець, трэба дэмiталягiзаваць сытуацыю.

Маецца фiктыўна-беларуская квазiдзяржава, якая што ёсьць моцы выконвае заданьне: не дапусьцiць утварэньня ў Беларусi моцнай грамадзянскай супольнасьцi. Маецца пануючая сацыяльная група, якая зьяўляецца падмуркам гэтай квазiдзяржавы i стаўляе ёй заданьнi. Гэтую групу нельга назваць «буржуазiяй», бо яе члены — ня ўласьнiкi, а самi найманыя кадры, рабы ананiмнай структуры, што хаваецца пад псэўдонiмам «дзяржава». Трэба акрэсьлiць, з каго складаецца гэтая квазiбуржуазiя.

Маецца нешматлiкая шпрэхтрэгерская беларуская iнтэлiгенцыя —нацыяналiстычная, але кепска адукаваная, неспадчынная i аморфная, а таму схiльная да рэзыгнацыi. Маюцца пачаткi грамадзянскай супольнасьцi з зародкамi партыяў, рэлiгiйных грамадаў i ўсяго iншага. Маюцца дзьве культуры i... неакрэсьленая колькасьць моваў i iдэалёгiяў.

У беларускiм грамадзтве суiснуюць дзьве культуры, беларуская i расейская, але яно не двухполюснае. Старыя падзелы (камунiсты/антыкамунiсты) сунялiся; новыя або нетрывалыя й нясутнасныя (лукашысты/антылукашысты, багатыя/бедныя), або неўсьвядомленыя (панская група/прыгонная большасьць). Традыцыйныя статыстычныя зьвесткi таксама кажуць няшмат.

Рэальна сёньня маюцца беларускамоўныя (прыкладна 8-11% насельнiцтва), расейскамоўныя (прыкладна 45-50% насельнiцтва) i тыя, хто выкарыстоўвае «трасянку» (35-40%). Але i гэты падзел не канчатковы.

Расейскамоўныя (iх колькасьць няспынна расьце, пачынаючы ад Другой сусьветнай вайны ды нават ад даўней, за кошт дзьвюх iншых групаў) распадаюцца на два iдэалягiчна-культурныя лягеры. Першы складаецца з расейскамоўных расейцаў i татальна дэнацыяналiзаваных абарыгенаў (яны акрэсьлiвалi расейскую мову як родную нават на перапiсе) (усяго 20-25% ад насельнiцтва Беларусi). Гэтая група карыстаецца выключна расейскай культурай, заснаванай на iдэалёгii расейскага (iмпэрскага) нацыяналiзму або ў ягонай адкрытай этнiчнай, або ў прыхаванай нiгiлiстычна-касмапалiтычнай форме, i складае ядро панскай вярхушкi. У яе складзе таксама сьвет усялякiх маргiналаў, падобных да старажытнарымскай чыстакроўнай галоты. Усе падзеi 80-90-х гадоў вельмi мала паўплывалi на сьветагляд гэтых людзей: яны працягваюць iгнараваць iснаваньне беларускай нацыi i культуры, уважаючы iх калi не за «прыдумку палякаў i пiсьменьнiкаў», дык, прынамсi, за «сапсаваны», часовы, штучны i нiчога ня варты варыянт расейскага («усе мы славяне — адзiн народ»).

Да другога адносяцца расейскамоўныя беларусы. Гэтыя, дасканала валодаючы расейскай мовай i карыстаючыся толькi ёю, захоўваюць сувязь зь беларускай культурай (сьвяты, пабытовыя звычкi, вартасьцi, пасіўнае валоданьне мовай, эпiзадычнае сымбалiчнае або настальгiчнае спажываньне культурнай прадукцыi, грамадзянска-палiтычны нацыяналiзм).

Але гэтыя другiя таксама не аднародныя. Частка, адукаваная, актыўна выступае за рынкавыя рэформы, незалежнасьць, супраць Лукашэнкi, за дэмакратычныя вартасьцi i нават за экспансiю беларускай мовы i культуры i «пазытыўную дыскрымiнацыю» сваёй (так-так!) расейскай. Такiх нямала, але ўсё ж меншасьць. Iншай частцы расейскамоўных беларусаў усьведамленьня нацыянальнай iдэнтычнасьцi бракуе. Iх «бело-(западно)-русскость» больш падобная на тэрытарыяльны патрыятызм, чым на акрэсьленае этнiчнае пачуцьцё.

Тым ня менш, абедзьве гэтыя падгрупы займаюць сваё месца ў прэстыжным расейскамоўным сьвеце, «першым сьвеце» савецкай эпохi — сьвеце гарадзкiм, адукаваным, адным словам, панскiм.

 

ТРАСЯНКА ЯК КАМПРАМIС

Узьлёт Лукашэнкi стаў проста адной з праяваў фэнамэнальнага выйсьця на грамадзкую авансцэну трасянкамоўных. Трасянкаю традыцыйна дазвалялася карыстацца «мясцовым кадрам» вышынёю аж да Дземянцея. Трасянка была дапушчальным, бясьпечным для калянiзатараў этапам па шляху дэнацыяналiзацыi. Што такое трасянка?

Лiнгвiстычна група, што ўжывае яе, распадаецца на дзьве падгрупы. Першыя гавораць сапраўды на мяшанцы беларускiх i расейскiх словаў з захаваньнем пераважна беларускага сынтаксысу (жыхары ўсходнебеларускiх вёсак, хутчэй слабей мадэрнiзаваных; панямонскiх i паазерскiх мястэчкаў; нiзкаквалiфiкаваныя работнiкi ў гарадах; хутчэй жанчыны, чым мужчыны, што служылi ў войску; хутчэй людзi старэйшага ўзросту). Гэтая мяшанка — вельмi ўнутраны дыялект i мае ўжытак толькi ўнутры сям’i, унутры вёскi. У iншых камунiкатыўных сытуацыях яго носьбiты хутчэй-хутчэй пераходзяць на расейскую.

Пераход на расейскую мову — пропуск у «лепшы» сьвет. Ад савецкiх часоў замацаваўся стэрэатып, што такi пераход —умова ўваходу ў панскую клясу. Тыя, хто ўжо амаль скончыў гэты пераход, карыстаюцца другiм варыянтам трасянкi: расейскай мовай з пэўнай колькасьцю беларускiх i проста гутарковых лексычных, граматычных i, вядома, фанэтычных элемэнтаў.

Культурна-iдэалягiчна тыя, хто гаворыць на трасянцы, адрозьнiваюцца большай схiльнасьцю да iдэяў этнiчнага, а не грамадзянскага нацыяналiзму i iншымi рысамi, характэрнымi для людзей зь нiзкiм узроўнем адукацыi.

Колькасна гэтая група будзе ўвесь час зьмяншацца, бо прырастала за кошт беларускамоўных, а крынiца вычарпалася, i бо дзецi трасянкамоўных, пачынаючы з пачатку 90-х, вучацца мове не ад бацькоў, а ад тэлебачаньня. Калярытная гаворка-трасянка мае незаслужаную, але непапраўную адмоўную рэпутацыю, лiчыцца прыкметай «бескультурнасьцi» i «неадукаванасьцi» так, як яшчэ ўчора хамскай лiчылася белмова. Трасянкi, як i дыялектаў, не ўратуе нiхто. Аднак жа ў 90-х з трасянкай прымiрылiся як з своеасаблiвым кампрамiсам, a lean compromise, узгадваючы тую ангельскую мудрасьць (ужо ня кажучы пра тое, што соцыяiдэялягiчная група носьбiтаў трасянкi была самай шматлiкай).

Беларусафоны. Тут можна адзначыць, з аднога боку, сельскiх жыхароў старога веку, з другога, сiх-тых жыхароў Панямоньня i Паазер’я, а з трэцяга, вельмi малалiкую групу iнтэлiгенцыi i нацыяналiстаў (якiх 0,1% ад насельнiцтва Беларусi). Першыя неўзабаве адыйдуць, а другiя i трэцiя застануцца носьбiтамi таго, што аднойчы стане гэтак запатрабавана. Носьбiтамi чаго?

Дзьве заўвагi. Ёсьць яшчэ традыцыйна iгнараваная група (5-6% ад насельнiцтва) жыхароў Берасьцейшчыны i Пiншчыны, якiя карыстаюцца ўкраiнскай мовай або расейска-ўкраiнскiм суржыкам — патэнцыйныя клiенты расейскага нацыяналiзму i расейскай культуры. Некаторыя сацыёлягi пнуцца даказаць, што белмоўныя ў масе сваёй больш рэакцыйныя за расейскамоўных i ўхваляюць аўтарытарныя вартасьцi, Лукашэнку i iншае. Здаецца, аднак жа, гэтыя сацыёлягi проста ня ўмеюць вызначыць, каго лiчыць белмоўным i каго — сацыяльна значным. Зрэшты, гэта iх iдэйная аблуда.

Белмоўная меншасьць — усе яе групы — жыве па-ранейшаму ў сацыяльным i культурным прыгоне i, як напiсаў Мiкола Рабчук, «... незалежнасьць зьмянiла яе становiшча не нашмат больш, чым незалежнасьць ЗША — становiшча мясцовых нэграў цi iндзейцаў». Апошнiм часам яна сталася i зусiм безабароннай, часам нават д’ябалiзаванай.

Мiж тым белмоўныя ўсё яшчэ ўяўляюць сабой досыць вялiкую групу, каб прэтэндаваць на роўнасьць з расейскамоўнымi як у грамадзянскiх, так i ў культурных правах (ужо ня кажучы пра гiстарычныя i маральныя падставы для такой роўнасьцi, а таксама пра тое, што беларуская культура абслугоўвае значна шырэйшыя групы насельнiцтва, чым тыя 10% белмоўных цi нават пару дзясяткаў працэнтаў «дзекаючых» i «цекаючых», i таму дыскрымiнацыя белмоўных рыкашэтам б’е й па расейскамоўных беларусах, бо эвалюцыя белкультуры наўпрост залежыць ад лёсу белмовы).

Можна доўга пералiчаць, якiх магчымасьцяў беларусафоны пазбаўленыя: атрыманьня на сваёй мове вышэйшай а нават школьнай адукацыi, пазашкольных заняткаў для сваiх дзяцей, магчымасьцi карыстацца мовай на вайсковай i дзяржаўнай службе, атрымлiваць на ёй элемэнтарны набор iнфармацыi i культурнай прадукцыi (глядзець тыя самыя кiна- i тэлефiльмы), чуць яе ад расейскамоўных — ад выканкамаўскага чыноўнiка да бiблiятэкаркi... Гэта ня проста «паражэньне ў правах», гэта прынiжэньне. Усiх гэтых правоў, напрыклад, права на белмоўную вайсковую службу трэ’ было б дамагацца — i праз суд, i кулакамi — але ж апошнiя гады канчаткова паставiлi дыскрымiнаваную меншасьць у стан, калi дамагчыся нейкага толку можна адно тэрарызмам або ўхiленьнем (у нашым прыкладзе — пазьбягаючы службы ў войску).

Законна, што белмоўныя ў будучынi, дабiўшыся палiтычнай улады, зноў, як на пачатку 90-х, паспрабуюць увесьцi «дзяржаўную падтрымку» для белмовы i культуры (тое, што на Захадзе называецца пазытыўнай дыскрымiнацыяй цi affirmative actions). Такiя захады скiраваныя зусiм не на замацаваньне верхнасьцi настаўнiкаў беларускай мовы над настаўнiкамi расейскай (або, у ЗША, нэграў i iндзейцаў над белымi), а на аднаўленьне рэальнай роўнасьцi раней дыскрымiнаваных групаў. Дарэчы, на Захадзе такую «пазытыўную дыскрымiнацыю» прыдумалi зусiм не нацыяналiсты, а очань дажэ лiбэралы, i падтрымка такой палiтыкi з боку расейскамоўных ёсьць проста праверкай на гуманнасьць. Будзем спадзявацца, што нашы вельмi хiтрыя расейскамоўныя iнтэлiгенцыя i палiтыкi, навучаныя горкiм досьведам лукашысцкага тупiка, ня будуць тады ў чарговы раз узьнiмаць гвалт.

 

IЗНОЎ, ПРАБАЧЦЕ, ПРА ЛУКАШЭНКУ

Найвялiкшая памылка лiчыць, што Лукашэнку прывялi да ўлады маргiналы, або сяляне, або нiзкаадукаваны электарат, або што ён сам такi — самародак i самадзержац. Усё так, але, галоўнае, старая панская вярхушка савецкага грамадзтва, якая трохi не папусьцiла ўладу з рук на пачатку 90-х, зноў блiскуча i цьвёрда авалодала сытуацыяй, знайшоўшы масам улюбёнага, харызматычнага правадыра. Лукашэнка — гэта як Напалеон III пасьля рэвалюцыi 1848 году ў Францыi. Панская група, якая навязвае рэшце грамадзтва свае правiлы гульнi, вартасьцi i прынцыпы — гэта сёньня досыць шырокi слой дробнай i сярэдняй квазiбуржуазii: ад завуча школы Зоi Iванаўны да кагэбiста Сяргея Сяргеевiча, ад Станiслава Дамiнiкавiча, старшынi калгаса, да Рымы Iосiфаўны, загадчыцы крамы, i Ўрала Рамдраковiча, начальнiка службы кантролю, — вайсковай i чыноўнiцкай, гандлёвай i службiсцкай. Гэта клясычная для мадэрнай эпохi пануючая група з размытымi межамi: яна неаднародная i нязамкнутая, адны пакiдаюць яе, другiя трапляюць. Пра яе можна сказаць, што «яе няма», што гэта сымулякр, што яна нябачная: яна iснуе ў форме сыстэмы вартасьцяў i культурных кодаў, тканкi стасункаў. Унутры панскай групы ёсьць i супярэчнасьцi, i апазыцыя. Толькi нават калi гэтая апазыцыя зьменiць калгаснага банапарта, як Т’ер зьмянiў Напалеона Малога, гэта нiчога ня зьменiць. Белмоўным ня стане лягчэй. Галоўнае ж, у краiне ня будзе ажыцьцёўлена тых неабходных рэформаў, у вынiку якiх у будучынi маглi б стварыцца эканамiчныя i сацыяльныя перадумовы для скiданьня расейскага калянiяльнага ярма, дасягненьня рэальнай незалежнасьцi i жорсткай, глыбокай эўрапеiзацыi.

Сёньняшнi апазыцыянэр-дэмакрат Б. гэтак жа пасядзе на расейскай нафтавай, газавай i транзытнай трубе, як сядзеў учорашнi дыктатар А. Сёньняшняя панская група сталася галоўным тормазам разьвiцьця краiны. Квазiбуржуазiя — самы антыбеларускi слой, пранiкненьне ў якi заўжды абумоўлiвалася дасканалым валоданьнем расейскай мовай i веданьнем апарату расейскае культуры. Гэтая кляса, якая раней верай i праўдай служыла калянiяльным уладам, а цяпер забясьпечвае функцыянаваньне квазiдзяржавы, аджыла свой час i мусiць сысьцi.

Пытаньне пра мову — гэта пытаньне пра ўладу. Сьцьвердзiўшы сваё права ўсюды ўжываць беларускую мову, белмоўныя сьцьвердзяць права на сваю долю ва ўсiм, а калi спатрэбiцца краiне — дык i на панаваньне.

Квазiбуржуазiя ёсьць натуральным ворагам белмоўных, а яе ворагi — саюзьнiкамi. Змаганьне зь ёй — гэта падрыў i зьнiшчэньне яе мяшчанскай сыстэмы вартасьцяў i дэмiстыфiкацыя культурных кодаў.

Гiсторыя паўтараецца: як на пачатку стагодзьдзя сьвядомыя беларусы складалiся зь сялянаў, iнтэлiгенцыi i нешматлiкiх пралетарыяў, так i белмоўныя цяпер. Цяжка паверыць, што квазiбуржуазiя, якая падхапiла традыцыi зрасейшчанай буржуазii пачатку стагодзьдзя, раптам «беларусiзуецца», i нiчога страшнага, што яна не беларусiзуецца. Яна так i так ужо аджывае: у любым разе яна, якая ўмее толькi слухацца загадаў праз калянiяльную цi якую iншую «вэртыкалі», няздольная весьцi рэй у постiндустрыяльным, супэрiнфармацыйным грамадзтве.

Заўважце, аднак, як частка беларускай iнтэлiгенцыi сёньня загразае ў буржуазных густах: у апошнiя гады набралi сiлы нэамяшчанскiя плынi ў нашай культуры, нарцысiчныя, манерныя i сытыя — дастаткова схадзiць на пiнiгiнскi спэктакаль «Арт» або пачытаць, як Алесь Аркуш ходзiць «па Парыжу» цi Дранько-Майсюк Парыжам стамляецца. Заўважце таксама, што беларуская лiтаратура вельмi рэдка гаварыла ад iмя сапраўднага работнiка або жабрака, якi корпаецца ў сьметнiках палацаў на Плошчы Перамогi.

Сучасныя «элiтарныя» пiсьменьнiкi i музыкi, бомонд i бонтон новай беларускай культуры, у сублiмаванай форме паўтараюць шлях пакаленьняў беларусаў-беднякоў, зачараваных «сьцiплым шармам квазiбуржуазii». Яны лiжуць ганкi, якiя трэба трушчыць, i iмкнуцца спадабацца тым, каго трэба шакаваць.

 

РАСЕЙСКАЯ=МЯШЧАНСКАЯ

Сам выбар беларускай мовы i беларускай культуры — ужо бунт супраць пануючых мяшчанскiх вартасьцяў. Расейская мова сёньня — гэта мяшчанская мова. Першасны, фундамэнтальны бунт можа i мусiць мець лягiчны працяг. Картаген нашай мяшчанскай правiнцыйнасьцi павiнен быць разбураны.

«Незалежнiцкiя» i «дэмакратычныя» прыярытэты расейскамоўных, пра якiя трубяць сацыёлягi, часта ёсьць проста выбарам пратэсту i мрояй пра неакрэсьлены горад шчасьця (раней-раней ён называўся камунiзмам, цяпер — незалежнасьцю i дэмакратыяй). Здаецца, большасьць зь iх, як бы пачула, што незалежнасьць — гэта калi ня будзе нi ОРТ, нi НТВ, дык i разьвiталася з усiмi сваiмi прыярытэтамi.

Ня тое зь белмоўнымi.

Наўрад ужо сёньняшняе iх пакаленьне зьдзейсьнiць свае мары пра Аркадыю i сканструюе лепшую Беларусь. Гэта будзе пасьля. Наўрад цi так хутка «беларус» ператворыцца з паняцьця этнiчнага ў паняцьце этычнае — «працуе як беларус», «шчыры як беларус», «надзейны як беларус». Наўрад цi мы хутка ўзьнясем прынцыпы салiдарнасьцi белмоўных аж да вынiкненьня беларускай мафii (свой за свайго; каму падабаецца таямнiчасьць, няхай назаве яе масонствам). А што сёньняшняе?

Цi не заўважала публiка, што ў наш час рэдкi белмоўны гарадзкi жыхар абыходзiцца безь лiтаратурнага хобi. Культура, лiтаратура ў першую чаргу, зноў пачынае кампэнсаваць адсутнасьць дзяржавы, а Беларусь i беларускасьць у чарговы раз — ссыхацца да лiтаратуры. На жаль, зноў спраўджваецца стары i заганны народнiцкi прынцып: «творачы лiтаратуру, мы творым бацькаўшчыну». (Хоць, кажуць, добрыя творы цяпер могуць зьявiцца толькi на платах, комiнах i камэрных сьценах).

Захапленьне белмоўнай брацii лiтаратурай азначае, што ўсе мы падсьвядома зразумелi сваё прызначэньне — пранесьцi мову, захаваўшы i ўдасканалiўшы. Пачуцьце мовы сёньня — гэта пачуцьце Бога — пачуцьце сябе — пачуцьце сваёй мэты — пачуцьце сэнсу гэтага стагодзьдзя i тысячагодзьдзя.

Мы — носьбiты мовы, а ўсё астатняе — прыкладаецца, калi чалавек досыць разумны, каб стаць багатым. Клопат пра мову ня можа зводзiцца да лiттворчасьцi. Клопат пра мову — гэта клопат пра сябе. Каб удасканалiць мову, чалавек павiнен самаўдасканалiцца, каб узбагацiць — абагацiцца, прычым пажадана i ў прамым сэнсе таксама. Маршрут вядомы: трэба спачатку ў дасканаласьцi вывучыць мову, каб пасьля таксама вывучыць сябе, а пасьля — сьвет. Блiскуча авалодаць ёю, а пасьля сабою, каб кiраваць сьветам. Тады спраўдзiцца старая беларуская масонская казка пра Iвана, удовiнага сына.

Андрэй Каўчук

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0