У МУЗЭI РУIНАЎ

 

«Руiны — нябачная сьцежка да Гаспадынi Прыроды, — напiсаў на пачатку 90-х беларускi фiлёзаф пасьля шпацыраў празь Верхнi Горад у Траецкае i назад. — Руiны, заняпад, бяздомнасьць — непрамоўленая сутнасьць усякае спадчыны, ейны грунт i апiрышча». Працяг гэтай думкi фiлёзафа я прыгадаў нядаўна, калi шыбаваў з прыяцелем празь Верхнi Горад у музэй Максiма Багдановiча: «гэтую спадчыну» мы можам «толькi вытлумачыць».

Мы сьпяшалiся ў Траецкае, бо паспрачалiся наконт былога месца знаходжаньня Дамiнiканскага кляштару. Хацелi спраўдзiць на пано з старым Менскам, якое распачынае экспазыцыю музэю. Але тады быў панядзелак — выходны для ўсiх музэяў i рынкаў дзень...

***

Размовы аб тым, дзе стаяў i як выглядаў той цi iншы менскi будынак — тыповыя для сталiцы. Бадай, толькi цалкам зьнiшчанае яшчэ на пачатку XIX стагодзьдзя Берасьце можа паспрачацца зь Менскам як з горадам-фантомам. Зладзiць высокага кшталту экскурсiю па Менску магчыма толькi для людзей з моцным i тонкiм уяўленьнем. «Плянэта Менск» назвала свой нарыс польская журналiстка пасьля адной з такiх экскурсiяў. Апрача спрычыненьня да нябачных вiдавокi праяваў грамадзкага жыцьця, яна мела магчымасьць убачыць вiртуальны Менск: «тут стаяў кляштар, там царква, за ёй палац, а замест вулiцы цякла рака з старымi кварталамi па берагох»...

Iснуе такi вобраз — пустынная плянэта, па якой адно пясок перасоўваецца па засохлай глiне. З гэтага пяску лепяцца разнастайныя лiтары-назвы. Самыя розныя. Зь бегам часу плянэта скрозь пакрываецца такога кшталту манумэнтамi — цяпер можна праводзiць экскурсii. Гэтак большая частка менскае прасторы iдэнтыфiкуецца толькi дзякуючы надпiсам на шыльдах гарадзкога транспарту. Сьцяры iх — i кварталы, i мiкрараёны зьнiкнуць з прасторы. Адзiнае, што трывала мацуе Менск у прасторы й часе — Галоўны Праспэкт, якi расьсякае карункi нашых ледзь прыкметных «сьцяжынак да спадчыны».

Мы марылi й марым аб НОВЫМ Менску, аб САПРАЎДНАЙ сталiцы. Аб утульным Старым Горадзе, аколеным мадэрновымi кшталтамi арыгiнальнае вытворчасьцi. Але наколькi рэальна мянчук можа ўявiць сваё жыцьцё ў РОДНЫМ горадзе без Галоўнага Праспэкту?

Гадоў дзесяць таму я ўяўляў, як Праспэкт ляжа абломкамi — пасьля пераможных баёў «нашых» з «саветамi», i, абапiраючыся на нешматлiкiя старажытныя камянiцы, якiя засталiся ў спадчыну, мы адбудуем НАШ горад. Руiны — сутнасьць усякае спадчыны: прыкмета сапраўднасьцi. Усьцешна, што Галоўны Праспэкт можа ператварыцца ў НАШУ спадчыну толькi ў выглядзе занядбаных, паточаных шматлiкiмi стагодзьдзямi руiнаў...

***

... У панядзелак 21 траўня мы з прыяцелем апынулiся першымi наведнiкамi музэю Максiма Багдановiча. Высьветлiлася, што наша цiкавасьць да старога Менску актывiзавалася ў сусьветны Дзень музэяў. Цi варта казаць, што гэтая iнфармацыя паўплывала на наш далейшы маршрут па горадзе.

На Камунiстычнай, падчас агляду падарункаў «таварышу Сталiну ад беларускага народу» у дамку РСДРП, я раскрыў кнiгу «ганаровых гасьцей». Даглядчыца пачала сарамлiва тлумачыць, што пiшуць у кнiгу «розныя людзi». Я зразумеў, што мы абралi правiльны накiрунак для экскурсii. Мне падалося, што ў апошнiя часы дамок наведвалi людзi, якiя перад тым пабывалi ў Музэi Багдановiча. Кнiга стракацела ад эмацыйных надпiсаў зь «ь» i «ў» у словах, аздобленых тлустымi клiчнiкамi.

Плянэта Менск... Даведаўшыся, што адзiн з нас не мянчук, даглядчыца патлумачыла, што дамок стаiць не на сваiм месцы, бо у свой час замiнаў будоўлi Праспэкту. Мы выйшлi з дамка, крыху пакрыўдзiўшы супрацоўнiцу, бо не пакiнулi аўтографаў, хай сабе зь «ь» i «ў», i крочылi да канцавога пункту накрэсьленага маршруту.

Менск — горад... чаго? Прынамсi, не музэяў. Але, ня гледзячы на больш-менш шырокi выбар, мы скiравалiся да былога Дому лiтаратараў...

***

Сымбаль, якi iснуе асобна ад сваiх рэчаў. Iм можа быць бюст Ленiна на станцыi «Пляц Незалежнасьцi», можа быць Дом лiтаратараў безь лiтаратараў, можа быць надмагiльле без магiлы, альбо наадварот. Але ж «гiсторыя iснуе адно ў нашай сьвядомасьцi». Гэтак, калi сымбалi невядомыя, яны маўчаць, пакуль ты не захочаш адшукаць (цi прыдумаць) iхнае значэньне.

Аб чым у чужой краiне кажуць нам помнiкi невядомым людзям i падзеям? Экскурсавод можа распавядаць любую гiсторыю, нават, выдумляць штораз новую. Ён ня ў стане зьмянiць аднаго — карцiнку. Таму сапраўдны палёт творчасьцi экскурсавода магчымы, калi ён распавядае аб нябачных воку рэчах. Што да мяне, калi ў наступны раз мне давядзецца паказваць Менск iншаземцу, я правяду яго празь Верхнi Горад, Траецкае, дамок РСДРП, а скончу яе перад польскай амбасадай, стоячы тварам да «Лiтаратараў». Увесь час буду распавядаць яму толькi адну гiсторыю — пра... Янку Купалу.

***

... Наш далейшы шлях ад дому I-га зьезду РСДРП ляжаў у кiрунку былога будынку СП, дзе можна падзiвiцца на невялiкую экспазыцыю беспрытульных (пакуль?) бюстаў i помнiкаў вядомых дзячоў беларускае культуры. Перасекшы Праспэкт, мы ўвайшлi ў двары, i пайшлi невялiкай сьцежкай, якая зразае кут памiж Захарава i Румянцава, мiнае невялiкi закiнуты дом, што стаiць неўпрыкмет пасярод невялiкага садка, i выводзiць акурат да польскае амбасады. Вядома, гэтую сьцяжынку мы абралi не выпадкова ...

***

Прасторы, якiя мы адкрываем — гэта прасторы, якiя мы перш-наперш ствараем. Бо, пакуль яны не зафiксаваныя позiркам, для нас яны не iснуюць.

Пасьля свайго «Вытлумачэньня руiнаў» вядомы беларускi фiлёзаф зрабiў кароткае вытлумачэньне Менску, як прасторы, што складаецца зь безьлiчы пярэстых i недастасоўных адна да адной субпрастораў. Нiбы з гармiдару расцярушаных пчалiных аскепкаў-сотаў. Iдучы з прыяцелем у сусьветны Дзень музэяў непрыкметнай сьцежкай, мы ведалi ракурс, у якiм зьменiцца кавалак менскай прасторы ў адным з пунктаў нашага маршруту. Ля агароджы, акурат побач з выйсьцем з закiнутага садка на вулiцу, прыхаваны ценем куста i прысыпаны рознакалiбровым сьмецьцем, ляжаў гранiтны куб. На iм мы прачыталi прыцёртыя лiтары: «Янка Купала. 1882-1942. Народны паэт Беларусi»...

Перад тым, як патрапiць у засьмечаныя кусты на вулiцы Румянцава, камень стаяў на магiле Янкi Купалы з моманту перазахаваньня паэта i да 1971. Тады ён быў заменены бюстам працы скульптара Х.

Вось i ўся гiсторыя. Цi варта iсьцi далей — да Дому-помнiка Саюзу беларускiх пiсьменьнiкаў?

Гэтае пытаньне з разраду чыстае фiлязофii, кшталту канцэптуальнай спрэчкi аб тым, цi варта аднаўляць руiны. Выбiрайце любы — аднаўляць (псаваць натуральнасьць), кансэрваваць (праяўляць бязвольле, цi, шчэ горш, нэкрафiлiю), пакiдаць, як ёсьць (кшталтаваць натуральнасьць — «назад да будучынi!»).

***

... Руiны — непрамоўленая сутнасьць усякае спадчыны. Мы спрабуем вытлумачыць нашую спадчыну, ствараем ейныя вобразы, увасабляем у канкрэтныя формы. Мы ствараем музэi, узводзiм манумэнты i помнiкi. Нiбы спрабуем даць новае жыцьцё сутнасьцям, убачаным у руiнах.

Калi я гляджу на некаторыя выявы (помнiкi?) асобаў беларускае гiсторыi, мне падаецца, што матэрыял для iх выкалупваўся з адной зь сьценаў менскага Галоўнага Праспэкту. Што зь iмi рабiць? Дакладней, што рабiць з Праспэктам, якi ня кiнеш у кусты. Нават разбураны, ён застанецца жыць у выявах, створаных зь ягонае «плоцi».

Ня так даўна адзiн саматужны культуроляг прапанваў вырашыць «вiленскае пытаньне» — перайменаваць Менск у «Вiльню». Магчыма, праблему Менску зь ягоным «Праспэктам-бэлькай для ўсёй канструкцыi сталiцы» можна вырашыць больш плённа. Трэба па-просту адбудаваць Вiльню цалкам. А яшчэ лепей стварыць новую сталiцу, у якой сабраць адбудаваныя копii ўсiх зьнiклых архiтэктурных каштоўнасьцяў. I тады Менск ператворыцца ў Горад-помнiк.

Вырашыцца «менскае пытаньне», а разам зь iм праблема «канцавога пункту», безь якога любая экскурсiя па горадзе робiцца падобнай да шпацыру па глiнянай плянэце.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0