АДАМ ГЛЁБУС

ЧЫТАЮЧЫ ЛЁТРЭАМОНА*

 

***

Сутыкнуўшыся з тэкстамi Лётрэамона, можна падумаць: чалавек спазнаў усемагутнасьць Усявышняга дзеля таго, каб абвiнавацiць Бога ў насланьнi бядотаў, катастрофаў, стыхiяў i павальных мораў.

 

***

«Раман — жанр iлжывы, калi ён апiсвае страсьцi дзеля iх самiх, не адшукваючы пры гэтым нiякiх карысных, з пункту гледжаньня маралi, высноваў. Няма нiчога больш простага, чым апiсваць страсьцi. Для гэтага дастаткова нарадзiцца крышку шакалам, крышку грыфонам i крышку пантэраю». Так пiсаў у сваiм «Вершы I» Лётрэамон. Ня ведаю, як калегам, а мне развага даспадобы. Бульварнае чытво пiшацца людзьмi драпежнымi, хцiвымi, тымi, хто мае сэрца шакала. Я гэта ведаю.

 

***

«Паэзiя, якая абмяркоўвае неабходныя iсьцiны, не такая чароўная, як паэзiя, што iх не абмяркоўвае». Заўважыў Лётрэамон. Бясспрэчна, лiрыка складае сутнасьць паэзii. Верш пра зьменлiвую прыроду, пра жабку, што скочыла ў стары стаў, спалохаўшыся крокаў паэта, мне блiжэй, чым пошчак рэвалюцыйна-барабанных радкоў. Паэзiя, як жывапiс i музыка, ня ведае, што такое ДОБРА i КЕПСКА, яна знаходзiцца ў той частцы сьвядомасьцi, дзе яшчэ не iснуе падзелу на дабро i зло. Найлепшыя мастакi, паэты, музыкi — дзецi. Магу паўтарыць гэтую сэнтэнцыю тройчы, ведаючы яе двухсэнсоўнасьць.

 

***

«Мы ня маем права задаваць Стваральнiку нiякiх пытаньняў». Сьцiпла сьцьвярджае Лётрэамон, нiбыта нiколi й не паўставаў супраць Усявышняга. I ўсё ж у гэтым сказе тоiцца ненатольная прага задаць пытаньне Богу. Хоць бы адно. Да прыкладу, я б спытаў у Стваральнiка: «Нашто?»

 

***

«Кнiжныя прылаўкi асьляпляюць чароўнасьцю гнюсных раманаў, так багата прадстаўленых на iх. Бачыць Бог, здаецца часам, што лепей забiць кнiгу i ўратаваць чалавека, якi губiць сябе за 100 су». Больш за стагодзьдзе мiнула ад назiраньня, зробленага Лётрэамонам, а кнiгарнi дагэтуль асьляпляюць пакупнiкоў блiскучымi вокладкамi гнюсных раманаў. Так i не знайшлося ў сьвеце Давiда, якi здатны забiць кнiжнага Галiяфа. Гнюсны чытач мусiць мець свой гнюсны раман, накрапаны гнюсным бэлетрыстам. Нашто так перажываць. Калi я думаю пра кнiгу, дык не пра раман, а пра тоненькi просты дадатак да тоўстага дзяржаўнага падручнiка, якi можа дапамагчы звычайнаму вучню ў двубоi з настаўнiкам.

 

***

«Змагацца супраць зла — значыць аказваць яму занадта шмат гонару». Чытаю ў Лётрэамона. Зразумела, шанаваць зло ня варта, змагацца зь iм цяжка. Але яго нельга праiгнараваць. Зло актыўнае, дынамiчнае, агрэсыўнае. I найлепшы стан, у якiм можа быць зло — гэта сон. Пакуль зло сьпiць, можна пасьпець заняць пазыцыю недасяжнасьцi для пэўнага зла. Хай пачвара прачнецца й пабачыць насупраць сябе такую ж злую галодную пачвару. Хай счэпяцца ў двубоi два кракадзiлы. Будзе на што глядзець, пры ўмове, што сам ты не кракадзiл.

 

***

«Дзеля таго, каб вывучаць парадак, ня трэба вывучаць беспарадак». Упэўнены Лётрэамон. Досыць пераканаўчы пастулят. Толькi вялiкi прыхiльнiк парадку — Леанарда да Вiнчы — пераконваў у адваротным. На ягоную думку, спасьцiжэньне й стварэньне прыгожага i ўпарадкаванага непасрэдным чынам зьнiтаванае з дасьледаваньнем пачварнага, бруднага й хаатычнага. Мне блiжэй пазыцыя Леанарда. I ў якасьцi доказу прывяду прыклад зь юнацтва майго бацькi. Ён вырашыў паплаваць у рэчцы пасьля навальнiцы. Вада была высокая, плынь моцая. Вiр пацягнуў яго на дно. Бацька што было сiлы супрацiўляўся, але моцы, каб усплыць на паверхню, не ставала. Ён быў блiзкi да страты прытомнасьцi й гiбелi ў цёмнай вадзе. Толькi ў апошнi момант узьнiкла здагадка — не супрацiўляцца моцнаму вiру, пайсьцi на дно, а там адштурхнуцца ад цьвёрдага пяску й выплысьцi да паветра. Так было зроблена. Бацькава перамога над хаосам бруднай пасьлянавальнiчнай вады пераконвае мяне ў неабходнасьцi вывучэньня беспарадку дзеля стварэньня парадку.

 

***

«Сiла розуму, вiдавочна, большая ў тых, хто яе ўсьведамляе, чым у тых, хто пра яе ня ведае», — так напiсаў Лётрэамон. Пагадзiцца з такой тэзаю лёгка. Паводле маiх перакананьняў, чалавек таму й жыве на сьвеце даўжэй за астатнiх, бо разумнейшы. I вынаходнiцтва Бога, i трактоўка Бога як разумнай субстанцыi, i бесьсьмяротнасьць душы паводле Плятона — усё гэта досыць роўна кладзецца ў пераканаўчы рад папярэдняй тэзы. Але мне хацелася намаляваць адзiн эпiзод з уласнага жыцьця, каб яшчэ раз засьведчыць дакладнасьць думкi Лётрэамона.

Ранiцай, з стрыечным братам Анатолем, мы йшлi на заняткi, я — у вучэльню, а ён — у iнстытут. Замест прабежак мы рабiлi праходкi. Хуткiмi крокамi праходзiлi восем тралейбусных прыпынкаў. I вось за адну ранiцу мы пабачылi дзесяць раздушаных на дарозе катоў. Тыдзень не было апэтыту. I ўсё жыцьцё мяне перасьледуе думка пра неразумнасьць i жорсткасьць прыроды, пра яе сьляпую самаахвярнасьць. Таму ўсе ваенныя канфлiкты я адношу да стыхiйных бедзтваў i ненавiджу выраз «ваеннае мастацтва». Уласна розум ня можа быць скiраваны на вайну, розум скiроўваецца ў супрацьлеглы бок, на пазьбяганьне вайны. Кiравацца ў ваеннае пекла можа толькi псыхiчна хворы, маньяк, цалкам неразумны чалавек. I таму ў сыстэме агульнай адукацыi неабходна аддаваць перавагу ў вывучэньнi спадчыны людзей разумных, якiя ўсьведамлялi й ведалi сiлу свайго таленту й розуму, а гiсторыю пра дзеяньнi маньякаў, гвалтаўнiкоў, тыранаў неабходна калi ня цалкам скасаваць, дык значна падкарацiць i перанесьцi ў лекарскiя падручнiкi пра псыхiчныя расстройствы й адхiленьнi.

 

***

«Лепшы спосаб перакананьня — не пераконваць зусiм». Як пасьля гэтых словаў не пацiснуць руку празарлiўцу Лётрэамону. У дасканаласьцi ягонае думкi давялося пераконвацца неаднаразова — i ў размовах з палiтыкамi, якiя ў большасьцi ня маюць устойлiвых перакананьняў, i ў размовах з прадстаўнiкамi праваахоўных органаў, у чыiх зрэнках утойваецца прага забойства.

* Лётрэамон — (Lautreamont) — францускi паэт i фiлёзаф (1846-1870).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0