Зваротны адлiк

Вiталь Тарас

 

 

У гэтым сэзоне на кiнаэкраны адзiн за адным выходзяць фiльмы-хiты ў жанры «катастрофы»: «Судны дзень», «Армагедон», «Гадзiла». У першых двух эксплюатуецца бiблейская iдэя скону сьвету, падмацаваная, нiбыта, ведамi сучаснае астраномii ды астрафiзыкi. Камэта Хэйла-Бопа, прыгожы хвост якой можна было назiраць летась няўзброеным вокам на начным небасхiле, падштурхнула фантазiю аўтараў «Суднага дня», паводле якой маленькi кавалак падобнай камэты ўразаецца ў нашую плянэту, i агромнiстая акiянская хваля зьлiзвае з твару Зямлi ўсходняе ўзьбярэжжа Злучаных Штатаў разам з Капiталiйскiм пагоркам i статуяй Свабоды. У «Армагедоне» зямляне (у тым лiку — найперш — Брус Уiлiс) спрабуюць уратавацца ад астэроiду велiчынёй са штат Тэхас.

Зразумела, што з заканчэньнем другога тысячагодзьдзя ад нараджэньня Хрыста падобных фiльмаў i кнiг на тэму канца сьвету будзе ўсё больш. I справа тут ня толькi ў звычайнай кан’юнктуры — з гiсторыi вядома, што напрыканцы стагодзьдзяў у краiнах эўрапейскае цывiлiзацыi звычайна ўзмацняюцца апакалiптычныя настроi. Пярэдадзень ХХ ст., праўда, выглядае нейкiм выключэньнем. Многiм тагачасным фiлёзафам, навукоўцам i лiтаратарам (i ня толькi Жуль Вэрну, альбо Чэхаву)  мроiўся «век залаты». Фiзычная карцiна сусьвету здавалася амаль цалкам збудаванай i зразумелай, а навукова-тэхнiчны прагрэс уяўляўся панацэяй ад усiх бедаў чалавецтва.

Ладная мэханiстычная карцiна хутка развалiлася, дзякуючы тэорыi адноснасьцi Эйнштэйна. Цiкава, што яе зьяўленьне супала зь першай расейскай рэвалюцыяй. А другая, у 1917-м, паклала сапраўдны пачатак дваццатаму стагодзьдзю— стагодзьдзю самай змрочнай рэакцыi, самых антылюдзкiх тэорыяў, самых крывавых войнаў i рэжымаў у сучаснай гiсторыi чалавецтва. Тэхнiчны прагрэс пры гэтым нiколькi не перашкаджаў, а толькi спрыяў зьяўленьню ўсё больш вытанчаных спосабаў забойства людзей (уключна да лiквiдацыi цэлых нацыяў) i зьдзекаў над чалавекам, — як фiзычных, так i маральных. Дваццатае стагодзьдзе вучоныя лiчаць, так бы мовiць, адным з самых кароткiх у гiсторыi. Як фэномэн, яно пачалося ў кастрычнiку 1917-га i скончылася ў кастрычнiку 1989-га, калi, паводле выразу Фукуямы, «гiсторыя скончылася». Прынамсi, скончылася гiсторыя камунiзму.

За адносна кароткi тэрмiн iснаваньня савецкай iмпэрыi i «сусьветнай камунiстычнай сыстэмы» ў розных краiнах — ад Кубы да Кампучыi — было зьнiшчана, паводле самых прыблiзных падлiкаў, звыш 200 мiльёнаў чалавек. На гэтым фоне фашызм з усiмi ягонымi жахамi выглядае хоць i надзвычай крывавым, але ж эпiзодам грандыёзнага экспэрымэнту па пераўтварэньнi сьвету. (Розьнiца памiж камунiзмам i фашызмам палягае, сярод iншага, на тым, што гiтлераўскi фашызм вылiўся ў агрэсiю супраць неарыйскiх нацыяў i татальнае зьнiшчэньне габрэяў. Для камунiзму ж не было справы нi да элiна, нi да юдэя, ягонай мэтай было стварэньне новай гiстарычнай супольнасцi ў сусьветным маштабе i чалавека новай фармацыi ў прыватнасьцi. I дзеля гэтай мэты, адпаведна генэральнай лiнii партыi, можна й трэба было зьнiшчаць каго заўгодна i ў любой колькасьцi.) Але чым менш часу застаецца да новага тысячагодзьдзя (сучасныя СМI з паранаiдальнай стараннасьцю падлiчваюць, колькi дзён засталося да пачатку 2000-тысячнага году — апошняга ў цяперашнiм стагодзьдзi), тым больш ясным робiцца, што ўсе тыя жахi ХХ ст. ня счэзнуць, як сон на ранiцы. Праўда, для большасьцi жыхароў Захаду самым вялiкiм кашмарам уяўляецца збой кампутараў у 2000-м годзе. Лiчыцца, што, як толькi кампутарныя гадзiньнiкi пакажуць два нулi на канцы, усе кампутары нiбы звар’яцеюць i пачнуць адлiчваць 1900-ы (!) год. Насамрэч, праграмiсты, вядома, знойдуць выйсьце — зрэшты, сур’ёзныя фiрмы ўжо вядуць перапраграмаваньне. Але ж якое сымбалiчнае супадзеньне! Чалавецтву з ласкi кампутараў (Станiслаў Лем назваў iх «мылiцамi мозгу») нiбы наканавана вярнуцца на пачатак...

Колькасьць людзей на зямной кулi павялiчылася за апошнiя сто гадоў у некалькi разоў. I большасьць з гэтых мiльярдаў ня зьведалi яшчэ, дзякуй Богу, нi калектывiзацыi, нi Асьвенцiму, нi Хiрасiмы, нi Чарнобыля. А калi нават у нейкага народа i быў падобны гiстарычны вопыт у мiнулым — гэта, аказваецца, нiчога яшчэ не азначае. Беларусь за досыць кароткi адрэзак часу стала ахвярай дзьвюх сусьветных войнаў, камунiзацыi, калектывiзацыi, мэлiярацыi i радыяцыi. I нiчога — беларусы жывуць у забруджаных раёнах, працуюць у калгасах, карыстаюцца дакумэнтамi з бальшавiцкай сымболiкай, а камплiмэнты начальства наконт палiтыкi Гiтлера ўспрымаюць абсалютна спакойна. Сапраўды — якая розьнiца, хто падабаецца начальнiку: Сталiн, Гiтлер, Дэ Голь, або Кадафi? Кiруе ж народам ня хтосьцi там з памянёных асобаў, а свой, народны кiраўнiк.

Аднак, калi гаварыць сур’ёзна, справа не ў кiраўнiках i правадырах. Калi яны прыходзяць — значыць, гэта некаму патрэбна? Лягчэй за ўсё бачыць за iхным зьяўленьнем «руку Масквы». За савецкiм часам Масква сапраўды прыклала руку да многiх злачынстваў у многiх краiнах сьвету. Назваць расейскiя спэцслужбы дружалюбнымi ў адносiнах да дзяржаваў, што ўвайшлi ў новы саюз пасьля развалу СССР, таксама нiхто не рызыкне. Нiкуды не падзелiся iмпэрскiя амбiцыi Крамля. Iншая справа, што сiлы ў яго ўжо ня тыя. Але ж тэорыя зьнешняга ворага, якi ня спiць у шапку, i пакуль просты народ, пераадольваючы цяжкасьцi, працуе дзеля... ну, хоць дзеля чаго-небудзь, пляце супраць яго сусьветную змову — гэтая тэорыя аказалася вельмi жывучай i папулярнай менавiта ў ХХ ст.

Дарэчы, «змова паслоў» у Драздах i iхны ад’езд — чарговы доказ сусьветнае змовы для адэптаў падобных тэорыяў.

Iдэя сусьветнай камунiстычнай змовы была нiчым ня лепшай за iдэю змовы жыдамасонскай (альбо сiянiсцкай, альбо iмпэрыялiстычнай, што ў прынцыпе адно й тое ж). «Пратаколы сiёнскiх мудрацоў» апошнiм часам зноў усплылi на паверхню не таму, што гiтлераўская прапаганда была такой моцнай, што сучаснае пакаленьне беларусаў усё яшчэ, нiбыта, адчувае яе ўзьдзеяньне. I не таму, што сярод начальства, якое ўсё, як ёсьць, выйшла з народу, распаўсюджаны бытавы антысэмiтызм, а таму, што ў масы людзей ёсьць патрэба ў апраўданьнi самiх сябе i свайго гаротнага iснаваньня. Нехта ж павiнен быць вiнаватым у тым, што жывецца з кожным днём ня лепш, як абяцае начальства, а горш, што ў краму зноў цукру не завезьлi, што пiва цёплае, як мача, што сусед новую машыну купiў, што боўдзiласын на тры лiтары паслаў, што жонка пагражае пайсьцi з дому з палюбоўнiкам... Вiнавацiць начальнiка неяк няёмка, бо сам жа за яго галасаваў. Апазыцыя, бэнээфы там розныя? Гэтыя, натуральна, ворагi. Але нейкiя дробныя — усе знаёмыя ў твар, з некаторымi нават у футбол у двары некалi ганяў. Несур’ёзныя людзi, адным словам.

А вось ЦРУ, Масад, Iнтэлiджэнт сэрвiс — гэтыя словы гучаць, як асалода для слыху. Гэтыя словы ўсё тлумачаць. I Кока-колу тлумачаць, i Майкрасофт, i ўсю гэтую ненавiсную рэкляму, якая з ранку да вечара на экранах тэлевiзара, i чаму нашы ў Нагана японцам прайгралi, i чаму даляр расьце, а рубель падае.

З рэклямай, насамрэч, ня ўсё так проста. Тое, што яна навязвае пэўныя (менавiта заходнiя!) стандарты жыцьця, стэрэатыпы — гэта так. Рэкляма рэклямуе ня столькi тавары, колькi пэўны лад жыцьця — гэтаксама, як «мыльныя опэры» i амэрыканскiя фiльмы. (Заўважу, мiж iншым, што ў фiльме «Судны дзень» аскабалак камэты падае менавiта на ЗША, а прэзыдэнт Штатаў, як мудры палiтык, на ўсялякi выпадак перасяляе трацiну насельнiцтва ў загадзя падрыхтаныя падземныя пячоры, дзе павiнна цалкам захавацца мадэль амэрыканскага грамадзтва, уключна з дыктарамi ТВ). Амэрыканскую рэкляму аднолькава ненавiдзяць у Францыi i ў Нямеччыне i ў Саўдыйскай Арабii. Але i ў Эўропе, i ў Азii, i ў Афрыцы п’юць Кока-колу i пiва ў бляшанках. I не таму, што яны такiя смачныя (пiва ў бляшанках — найгоршае вынаходнiцтва амэрыканскае цывiлiзацыi, калi не лiчыць пiва безалькагольнага), а таму, што зручна купляць тавар у такой расфасоўцы, таму, што якасьць у яго стандартная i зьнешнi выгляд бляшанкi прывабны. Пры гэтым японец, якi п’е колу або карыстаецца праграмай Уiндаўз, ня робiцца ад гэтага амэрыканцам, гэтаксама, як амэрыканец, што ездiць на Таёце, ня робiцца ад гэтага японцам.

Аднак жа, колькi разоў спрабавалi процiпаставiць «наш» квас «iхнай» коле. Нiчога не атрымлiваецца, бо не ўдаецца вытрымлiваць стандарт. Спрабавалi процiпаставiць МакДоналдсу сваё «хуткае харчаваньне». I што? Аказалася, што самую звычайную нацынальную страву — дранiкi — вельмi лёгка можна ператварыць у горкi неядомы прадукт, калi смажыць iх на адным i тым алеi некалькi дзён запар. Падобныя «праколы» выклiкаюць розныя комплексы i няўсьвядомленыя рэакцыi. Яны праяўляюцца, напрыклад, у заклiках да славянскае еднасьцi, альбо —наадварот — у джыхадзе супраць няверных.

Вайна ў Афганiстане была прайграная ня толькi Савецкiм Саюзам. Яе прайграў, як гэта нi парадаксальна, i Захад. Лепшае сьведчаньне гэтаму — прыход талiбаў да ўлады. Перад гэтым быў Iран. Ня гледзячы на большую «сьвецкасьць» сучаснага рэжыму, сьмяротны прысуд Сальману Рушдзi нiхто не адмяняў. (Праўда, ролю сваесаблiвага «маста» памiж ХХ ст. i дваццаць першым можа выканаць... футбол. Перамога Iрана над ЗША ў чэмпiянаце сьвету парадаксальным чынам дапамагла прыхiльнiкам лiбэральных рэформаў прэзыдэнта Хатамi (рэакцыйныя мулы лiчаць футбол шатанскай забавай, занесенай з Захаду) i ўсталяваньню больш нармальных дачыненьняў з амэрыканцамi.)

Ганебная вайна ў Iчкерыi таксама абярнулася ня толькi паразай карумпаванай Расеi, але ўзмацненьнем iсламскага фундамэнталiзму на тэрыторыi блiзу Эўропы, дзе яго амаль не было, цi ўплыў ягоны быў зусiм нязначны. Расейскiя мусульмане патрабуюць забаранiць публiкацыю «Шатанскiх вершаў» Рушдзi. Аднак яны не самотныя ў сваiм рэлiгiйным шчыраваньнi: раней расейская праваслаўная царква патрабавала забаранiць «Апошняе спакушэньне Хрыста» Марцiна Скарцэзе. Тое, што не ўдалося зрабiць РПЦ у Расеi, удалося ў Беларусi. «Iдучы насустрач жаданьням» праваслаўных вернiкаў, у момант трансьляцыi фiльма на НТВ зламалася рэтрансьляцыйная антэна ў Калодзiшчах... Некалi Савецкi Саюз пагражаў зьбiваць амэрыканскiя спадарожнiкi, калi яны будуць вяшчаць на тэрыторыю СССР. Цяпер уладам застаецца толькi здымаць хатнiя спадарожнiкавыя талеркi альбо прыводзiць у дзеяньне замарожаныя з заканчэньнем халоднае вайны «глушылкi» ... Сьвяшчэнная вайна Ўсходу (прынамсi, Вiзантыйскае цывiлiзацыi) супраць шатанскага Захаду працягваецца. Захад саманадзейна лiчыць, што вайну гэтую ён выйграў. Аднак, шэсьць мiльярдаў паўгалодных людзей трэцяга сьвету, калi яны будуць ахопленыя нейкай базавай iдэяй, здольныя ўчынiць сапраўдны Армагедон за мiльярд гадоў да сапраўднага скону сьвету — ядравая, альбо хiмiчная, альбо бактэрыялягiчная зброя для гэтага знойдзецца. Больш за тое — сёньня ўжо фактычна нельга казаць пра нейкi трэцi сьвет. Краiны Ўсходняй i Цэнтральнай Эўропы, а таксама Балтыi iмклiва (паводле гiстарычнага часу) iнтэгруюцца ў Эўрасаюз. Усьлед за паўднёва-азiяцкiмi тыграмi да высокаразьвiтых краiнаў iмкнецца наблiзiцца Кiтай. Тое самае адчайна i беспасьпяхова спрабуе зрабiць i Расея. Такiм чынам, сутыкненьне двух сьветаў перамясьцiлася зараз у Эўропу.

Беларусь, Сэрбiя й Славаччына (менавiта ў такой пасьлядоўнасьцi) намаганьнямi iхных кiраўнiкоў сапраўды ператварылiся ў фарпосты процiстаньня цывiлiзацыi Захаду, а ня толькi ваеннай арганiзацыi NAТО. Зноў Беларусь аказваецца ў эпiцэнтры галоўных падзеяў апошнiх стагодзьдзяў у Эўропе. Ва ўсiх гэтых падзеях зь Беларусяй i беларускiм народам нiхто не лiчыўся. (Палякi дагэтуль не забылiся на здраду саюзьнiкаў у пачатку другой сусьветнай вайны. Пра тое, што перад гэтым палякi на чале зь Пiлсудзкiм палец аб палец ня ўдарылi, каб дапамагчы ўтварэнью БНР i тым самым пакiнулi палову Беларусi на водкуп Саветам, лiчаць за лепшае ня згадваць.) Тым больш цяпер ня сьлед спадзявацца на зьяўленьне ў Менску дэсантнiкаў як з Захаду, так i з Усходу, якiя б пачалi (крый Божа!) наводзiць тут свой парадак. Усё, як гэта нi банальна, залежыць толькi ад грамадзянаў Беларусi. Праз трыццаць гадоў пасьля Праскай вясны варта нагадаць, што грамадзяне Чэхаславаччыны змаглi пачаць рэфармаваньне грамадзтва ў нашмат больш цяжкiх умовах таталiтарызму, пад пагрозай уварваньня войскаў Варшаўскае дамовы (што ўрэшце й здарылася). Зараз кажуць, што «сацыялiзму з чалавечым тварам не бывае» i што рэформы ў Чэхii аўтаматычна былi наканаваныя на правал. Але каб не было вугорскай рэвалюцыi 1956 году, рэформаў Дубчэка (дарэчы, славака) у ЧССР, «Салiдарнасьцi» у Польшчы, «Саюдзiса» ў Лiтве — хто ведае, дзе, на якiм маргiнэсе гiсторыi былi б зараз гэтыя краiны?

Станiслаў Лем у сваёй новай кнiзе нагадвае, што яшчэ дваццаць гадоў таму, ва ўмовах бiпалярнага сьвету, нiхто ня мог прадказаць хуткага распаду сацыялiстычнага лягеру i бясслаўнага крушэньня камунiзму. Цяпер, калi сьвет стаў шматпалярным, на думку пiсьменнiка й вучонага, варыянтаў далейшага развiцьця чалавецтва iснуе безьлiч. Прадказаць гiсторыю немагчыма, яе можна зрабiць сваiмi рукамi, зыходзячы з выбару ўласнага народа. На рубяжы тысячагодзьдзяў самы час гэты выбар зрабiць.

З усiх навукова пралiчаных варыянтаў канца сьвету найбольш верагодным зьяўляецца такi: праз сто пяцьдзясят мiльярдаў гадоў Сонца паступова ператворыцца ў «чырвонага карлiка», якi паглыне амаль усе плянэты сонечнае сыстэмы, у тым лiку Зямлю. Яшчэ да гэтага ўсе акiяны на зямлi выкiпяць. Цi будзе на той час iснаваць чалавецтва i наогул што-небудзь жывое —невядома. У кожным выпадку, нiхто з нас альбо нашых прапраўнукаў гэтую велiчную карцiну ня ўбачыць. А фiльмы пра Армагедон найбольш любяць глядзець у тых краiнах, якiя дынамiчна разьвiваюцца i зьнiкаць з твару зямлi не плянуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0