Сьвятло, зашыфраванае ў смузе

Сяргей Паўлоўскi

 

У цэнтральнай частцы Вашынгтона на скрыжаваньнi P-street i 22-й вулiцы стаiць помнiк Тарасу Шаўчэнку, на якiм я прачытаў словы ўкраiнскага песьняра:

... коли

ми дiждемося Вашингтона

з новим i праведним законом?

А дiждемось таки колись!

 

У сквэрыку на лаўцы дзень i ноч ляжыць бяздомны чорны чалавек. Ён не чакае Вашынгтона са справядлiвым законам. Яму, мабыць, i так добра. Бяздомнасьць — ягонае крэда, яна ня кара, а выбар. А вось Украiна, якая клiкала амэрыканца вуснамi свайго кабзара ажно ў 1857 годзе, усё яшчэ чакае. I перад новымi прэзыдэнцкiмi выбарамi, якiя адбудуцца праз год, тусуе ўсё тую ж зацёртую калоду яшчэ савецкай намэнклятуры, у якой Вашынгтона — няма. Але што да мяне, то прачытваю я ў словах Тараса Шаўчэнкi пра сваё, пра Беларусь. «Калi мы дажджэмася Вашынгтона»?

***

Вашынгтон надзвычай, без усялякай меры зялёны горад, дзе паўсюль шум аўто мяшаецца з птушынымi галасамi. Вулiцы тут нагадваюць пра Лёндан, а дзiкiя паркi, лагчыны й яры прымушаюць ня верыць, што ты — на зваротным баку Зямлi, а ня дзе-небудзь у Вiленскiм нагорным парку цi ў ваколiцах Мазыра. Асаблiва калi сярод гэтай зелянiны цябе засьпее навальнiца зь перунамi i зусiм лiпеньская, як па-нашаму, зьлiва.

Якраз пад такой навальнiцай мы з калегамi выйшлi з лагчыны да праваслаўнай царквы. Вашынгтонская руская царква — ляпiдарнае збудаваньне, у якiм вiсяць ляпiдарныя абразы, няма анi калiва пазалоты або звыклых у нас карункаў, i служба вядзецца па-ангельску, дакладней, па-амэрыканску, бо ўсе сьпяваюць, ледзьве не прытанцоўваючы, як у большасьцi пратэстанцкiх сьвятыняў ЗША. Калега-журналiстка, расейка з Джамбула, якi цяпер называецца Тараз, нават паставiла сьвечку, чым выклiкала ў астатнiх лёгкую пашану. Увечары за агульным сталом яна прызналася, што паставiла сьвечку за Лукашэнку, якога вельмi любiць. Я стаў драматычна распавядаць пра тое, што ў нас стагнацыя, ёсьць палiтычныя вязьнi, i вельмi цяжка выжываць незалежным газэтам. А Лукашэнка — гэта такi дракон, якому, як у вядомым фiльме, рана цi позна зьнясуць галаву. На гэта расейка, не зьмiргнуўшы вокам, сказала: падарыце мне здымак вашага дракончыка!.. Напэўна, гэта сапраўды была любоў. Але я ня стаў ёй патакаць i заўважыў: толькi наўзамен на здымак вашага Назарбаева. Журналiстка скрывiлася.

Гэтак мiжволi ў Вашынгтоне мне давялося патрапiць у эпiцэнтар страсьцей i парадоксаў так званай СНГ. Казахi распавядалi пра валюнтарыста Назарбаева, малдаваны — пра тыраспальскага стагнатара Сьмiрнова. Сытуацыя з Прыднястроўем замарожаная гэтаксама, як i з далучэньнем да Румынii. На прыднястроўскiм купоне ў 500 рублёў — палкаводзец Сувораў. Малдаўскую мову ў Тыраспалi на лацiнку не перавялi. У астатняй Малдове ўжо 10 гадоў, як перавялi, i называюць румынскай.

Адкат у савецкiя часы з рознай хуткасьцю адбываецца ва ўсiх краiнах СНГ. Толькi нiдзе, акрамя нас, ён ня стаў афiцыйным курсам кiраўнiцтва краiны. Скончылiся фэерыi ўсталяваньня сувэрэнiтэтаў, i для нацыяў, што выбралiся ў сьвет, настаў час ставiць наступную мэту. Лiтоўцы сказалi — у NATO, мы — назад у СССР, iншыя топчуцца на месцы. Краiны нiбы апусьцiлi ветразi i дрэйфуюць у чаканьнi наступнага парыву — або ўнутранага, або вонкавага. Зьдзiўляе, наколькi пабляклi паўсюль шыхты палiтычных фаварытаў. Гэта ўжо ня 91 год. Вашынгтон з новым i праведным законам не прыйшоў i на гэты раз.

***

Мядзяны Вашынгтон, зялёны ад часу, скача па горадзе свайго iмя на канi ў натуральную велiчыню. Сталiца ЗША лiтаральна заселеная помнiкамi. Постаць нашага земляка Касьцюшкi ўзьведзеная ад iмя польскага народа на плошчы перад Белым домам. А ў мэмарыяле Касьцюшкавага сябра Джэфэрсона, якi, няслушна прачытаўшы слова «Lithuania», называў Беларусь Вялiкiм Княствам Сiлiцыянiяй, мне хочацца думаць, што ягоная трохмэтровая постаць увасабляе i нашую гiсторыю. Магчыма, гэта тое знаёмае пачуцьцё прыжывалы, калi даведзенае да ладу чужое вельмi хутка становiцца сваiм, блiзкiм, бо сапраўднае сваё —занядбанае. Зь iншага боку, хiба амэрыканцы на этапах гiсторыi ўяўлялi свой шлях так ясна, як гэта бачыцца здалечынi сёньня? Дык можа i ў нашай смузе зашыфраванае нейкае будучае прасьвятленьне?

На жаль, гэта толькi допуск. Розьнiца памiж намi сёньня i iмi 200 гадоў назад большая, чым падабенства. У Амэрыцы тады сабралiся мужныя й валявыя людзi, бо iншымi й не маглi быць першыя эмiгранты. Яны сабралiся i сталi вырашаць, якую iм збудаваць краiну. 200 гадоў таму на iх ня цiснуў цяжар застарэлых праблем. I адно, чаго яны iмкнулiся пазьбегнуць з эўрапейскiх стандартаў — гэта тыранii. Вось чаму Вашынгтон ня стаў каралём, а стаў першым прэзыдэнтам. Валявыя людзi прыдумалi такую сыстэму, якая дазволiла iхнай канстытуцыi празь 200 гадоў стаць самай старой у сьвеце.

***

Цыкляпiчныя помнiкi Джэфэрсону i Лiнкольну — гэта выключэньне. Амэрыканцы звычайна ставяць сваiх бронзавых герояў у натуральны чалавечы памер. Духу iмпэрскасьцi я ў Вашынгтоне не адчуў нiдзе, хоць i гатовы згадзiцца з выказваньнем, што гэты горад валадарыць у сьвеце. Праўда, на кожнае сьцьверджаньне тут iснуе мноства контраргумэнтаў, а побач з сусьветным панаваньнем стала прысутнiчае i комплекс вiны.

У гэтым сэнсе цiкава было разглядаць мэмарыял салдатам вiетнамскай вайны. Вайну, якую тут называюць непатрэбнай, Амэрыка вяла з 1959 да 1975 году. Нехта за гэты час пасьпеў нарадзiцца i скончыць школу. ЗША страцiлi ў Вiетнаме 158 тысяч салдат. Iх iмёны выбiтыя на чорнай мармуровай сьцяне. Побач — тры бронзавыя ваякi пасьля цяжкога бою. Скульптурная група — у чалавечы рост. На тварах — разгубленасьць, страх, ярасьць. Геройства няма. Я праходжу сярод тысяч людзей, якiя аглядаюць мэмарыял, i думаю пра афганскую вайну. Iдэолягi ў Беларусi сутыкнулiся зь няпростай праблемай: што мусяць увасабляць помнiкi палеглым салдатам-афганцам. Так цi iнакш, яны шукалi, iмкнулiся выснаваць сэнс той вайны, у якой нiякага сэнсу не было. Урэшце ў цэнтры Менску паставiлi праваслаўную каплiцу i анёла. Вельмi спрэчнае рашэньне, як, зрэшты, i любое iншае ў гэтай справе. Амэрыканцы, перад якiмi стаяла падобная задача, пазьбеглi прывязкi да рэлiгii, хоць мелi на тое болей паставаў. У iх усё ж гiнулi вернiкi, а не камсамольцы. Але галоўнае, чаго пазьбеглi амэрыканцы — гэта гераiзацыi сваiх салдатаў. Сваякi i сябры прыходзяць сюды ўшаноўваць памяць блiзкiх, якiх урад выкарыстаў у якасьцi гарматнага мяса. Для iх гэта помнiк вялiкай несправядлiвасьцi, якая часам запаноўвае ў сьвеце. Таму тут проста ня могуць правiць службу сьвятары, сюды ня могуць прыяжджаць перад загсам маладыя, як гэта адбываецца на аналягiчным мэмарыяле ў Менску.

***

У чым адмысловая жывучасьць амэрыканскае мадэлi? Найперш, у адносiнах да права. Закон тут не рэгулюе жыцьцё, а забясьпечвае свабоду людзей. Дзеля параўнаньня дастаткова зiрнуць на правы прэзыдэнта i прэсы.

У адрозьненьне ад Лукашэнкi, Клiнтан мае фактычна толькi адну магчымасьць рэальна ўмешвацца ў палiтыку — гэта накласьцi вэта на рашэньне Кангрэса. Вось i ўсё. Усё астатняе робiць Кангрэс. А што ж прэзыдэнт? Ён цэлымi днямi сядзiць на тэлефоне i ўгаворвае кангрэсмэнаў галасаваць за патрэбны яму законапраект. Патрэбны, але не ягоны, бо сам ён права заканадаўчай iнiцыятывы ня мае.

Наогул усё жыцьцё ў ЗША точыцца шляхам дамоўленасьцяў i зьдзелак. Менавiта зьдзелкi, а не закон, рэгулююць жыцьцё. Закон iснуе для забесьпячэньня зьдзелак — раўнапраўных i свабодных. Амэрыканская сыстэма нагадвае мне джазавую кампазыцыю, у якой фрагмэнты яснай мэлёдыi зараз жа вар’ююцца i разьвiваюцца ў розныя бакi, нiбы iмкнуцца адлюстраваць усю заблытанасьць жыцьця. На канцэрце пiянiста Дзiка Хаймэна ў цэнтры iмя Кенэдзi мне падумалася, што джаз — гэта ўцёкi ад банальных рашэньняў.

Што да прэсы, то ў Амэрыцы няма нiводнага дзяржаўнага выданьня, радыё або тэлеканала. Голас Амэрыкi i Радыё Свабода — дзяржаўныя, але iх забаронена трансьляваць на тэрыторыю ЗША. Адзiны нарматыўны акт аб прэсе — гэта прыняты ў 34-м годзе закон, якi забараняе цэнзуру з боку ўладаў. I гэта таксама своеасаблiвае, не такое, як у нас, разуменьне законаў. Законы абараняюць ня друк, а народ — ад умяшальнiцтва ўладаў у сродкi масавай iнфармацыi. Дарэчы, у ЗША нiколi й не было дзяржаўных выданьняў. I прэзыдэнт краiны, каб выступiць у тэлевiзii, мусiць дамовiцца з тэлекампанiямi. А яны пры гэтым будуць яшчэ й круцiць носам — цi скажа ён чаго цiкавага i цi спадабаецца гэта iхным гледачам.

Калi працягваць паралель з РБ, то тут усё роўна наадварот. У Амэрыцы ня толькi ня садзяць у турму журналiстаў, але ўрад у прынцыпе ня можа штосьцi прадпiсаць прэсе або закрыць выданьне. Хутчэй наадварот. Скандальная адстаўка Нiксана была ажыцьцёўленая фактычна двума журналiстамi Washington Post. Ды i пад сёньняшнiм прэзыдэнтам разгойдвае крэсла прэса. Менавiта амэрыканскiя рэалii нарадзiлi сьцьверджаньне, што прэса —чацьвертая ўлада, якое часам без усялякiх падставаў ужываюць беларускiя журналiсты.

***

Я ўвесь час думаю пра тое, чаму тут, у Амэрыцы, пазаставалiся многiя не апошнiя людзi Беларусi, сярод якiх нямала i маiх знаёмых? Адказ, вiдаць, ня можа быць адзiн.

Па-першае, тут амаль няма бытавое нянавiсьцi, адсутнасьць якой я заўважыў яшчэ ў Лёндане. Нiхто нiкога ня шчэмiць проста так, дзеля самазадавальненьня. I гэта галоўны плюс.

Па-другое, даходы тут на ўзроўнi чалавечых жаданьняў — кожны звычайны жыхар набывае дом, машыну i што там яшчэ трэба для таго, «каб дастойна сустрэць старасьць».

Па-трэцяе, тут давяраюць. У краме, у доме, паўсюль. Цана даверу нашмат большая, чым у нас. I калi ты скрадзеш, або падманеш, ганьба будзе неадэкватна (па-нашаму) вялiкая i на ўсё наступнае жыцьцё.

Трох гэтых пунктаў ужо дастаткова, каб наш зямляк пераканаўся, што нiчога такога ў Беларусi пры ягоным жыцьцi ня будзе i падаў заяву на эмiграцыю. Летась 750 нашых землякоў выйгралi грын-карту. Нельга нават уявiць, колькi iх прайграла — у сто разоў болей цi ў тысячу.

Фактар радзiмы пакрываецца словам «Чарнобыль».

На сустрэчы з рэдактарам мiжнародных навiнаў CNN я спытаўся, хто ў iх фармуе ўяўленьне пра Беларусь, i атрымаў адказ: маскоўскае бюро. Тое самае мне сказалi i ў мiжнародным аддзеле Washington Post. Цiкава, што падзеi ва Ўкраiне для гэтай газэты асьвятляе варшаўскае бюро.

У вашынгтонскiм Newseum — адзiным у сьвеце iнтэрактыўным музэi iнфармацыi ёсьць карта сьвету, на якой усе краiны расфарбаваныя ў тры колеры — у залежнасьцi ад становiшча прэсы — свабодная яна, не зусiм свабодная або зусiм несвабодная. Тут у коле сваiх суседзяў — вольных Польшчы, Лiтвы, Латвii, не зусiм вольных Украiны i Расеi Беларусь зафарбаваная самым нядобрым колерам. Музэй належыць арганiзацыi Freedom Forum, якая ўважлiва сочыць за становiшчам прэсы ў нашай краiне, ведае пра арышты журналiстаў, дзяржаўную манаполiю i барацьбу Лукашэнкi зь незалежнымi выданьнямi.

Так цi iнакш, у мяне склалася ўражаньне, што Амэрыка гатовая прыняць Беларусь у сваю iнфармацыйную прастору. Прынамсi БЫЛА гатовая пару гадоў таму. Але сёньня справа застопарылася. Пераходны пэрыяд. 2 сьцягi, iнфармацыя праз Маскву i немагчымасьць што-колечы растлумачыць. Я доўга расказваю перакладчыку Бiлу пра наш back in USSR i пра тое, як гэта б’е па свабодзе, па культуры i эканомiцы, а ён заўважае, што ў апошнiм нумары часопiса Economist для Беларусi прагназуецца эканамiчны рост. Дай Бог, — кажу я i адпраўляюся на скрыжаваньне P-street i 22-й вулiцы, каб дзеля падмацаваньня свайго нацыянальнага аптымiзму прачытаць на помнiку словы ўкраiнскага песьняра:

 

... коли

ми дiждемося Вашингтона

з новим i праведним законом?

А дiждемось таки колись!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0