Засьценак Флекке
Лiсты з Нарвэгii
Цiмох Мароз
19.06.1996. Мама, тата, Марына i Данiла! Прывiтаньне вам з Нарвэгii! Даехаў я добра. Пагуляў у Капенгагенскiм аэрапорце, а ў Фарнебу, у Осла, сустрэўся яшчэ з гуртам студэнтаў. Гутарка ў мяне зь iмi асаблiва не пайшла. Другагодкi, праўда, сустракалi адзiн аднога як родныя, размаўлялi безупынна. Усе былi ў крыху ўзбуджаным стане. У коледж мы паехалi на аўтобусе. Укатаны ноччу й дарогаю, я задрамаў. А з самага часу, як пасьвятлела — ужо сузiраў прабягаючыя цудоўныя горныя краявiды шляху на поўнач.
«А гэта — Мiжнародны Паўночны коледж Чырвонага Крыжа» —абвясьцiлi другагодкi. Мы выйшлi з аўтобуса, суцiшаныя чаканьнем новага. Усё было незвычайным, нязвычным: пакой, сталовая, горныя пiкi па той бок фiёрда, ясныя выспачкi, абкружаныя салёнай вадой з марскiмi зорачкамi й вожыкамi. Коледж знаходзiцца каля вёсачкi Флекке, а назва ўсёй гэтай мясцовасьцi — Ф’ялер.
Нас ўсяго ў пакоi чацьвёра. Давiдэ з Iталii i я — першагодкi, а Арман з Казахстану (ён па-расейску размаўляе) i Пасi з Фiнляндыi — вучацца тут ўжо другi год.
(...) Пазаўчора я са сваёй групай езьдзiў у банк, дзе адчынiў уласны рахунак, на якi паклаў усе грошы, што ў мяне былi. У банку я атрымаў плястыкавую картку. Ёй я магу плацiць ва ўсiх крамах Нарвэгii й магу забiраць зь яе гатоўку ў спэцыяльных аўтаматах, якiя ёсьць па ўсёй краiне. Зараз у мяне на картцы 400 кронаў. Да зiмовых вакацыяў я атрымаю 1500 кронаў стыпэндыi, а на самыя вакацыi я магу атрымаць да 2000 кронаў. Гэтага мала, каб зьезьдзiць у Беларусь.
(...) Кормяць тут нядрэнна, хоць i няма асаблiвай разнастайнасьцi ў стравах. Надвор’е пакуль цудоўнае. Усе ў мяне добра. У пятнiцу купiў сабе фен, а то з мокрымi валасамi ў такой халоднай краiне дрэнна засынаецца.
04.10.96. Iзноў прывiтаньне вам з далёкай Нарвэгii! Пакрысе набiрае абароты вучоба. Наогул, тут падыход да навучаньня крыху iншы. Ты з настаўнiкам сябра, зь iм заўсёды можна паразумецца. Ня трэба прасiць дазволу, каб выйсьцi з клясы, ня трэба падымацца, калi настаўнiк заходзiць. Тонi (наш рэктар) разважае правiльна. Ён не чытае нам лекцыяў i мараляў, а хоча, каб людзi сьвядома кiравалiся правiламi самi, а не рабiлi гэта пад страхам пакараньня...
(...) Цiкава, што ў матэматыцы лепш за ўсiх студэнты з Усходняй Эўропы, Японii й Ганконгу.
(...) Празь месяц, з 25 кастрычнiка па 3 лiстапада ў нас будзе тыдзень праектаў. Падчас тыдня праеэктаў ты павiнен зрабiць нешта такое, што для цябе немагчыма зрабiць у будзённым жыцьцi, альбо ў час вакацыяў. Адзiн гурт паедзе працаваць у шпiталi Чырвонага Крыжа ў Польшчу, некалькi чалавек паедуць у будыскi кляштар у Ангельшчыне. Я ў гэты тыдзень зьбiраюся паехаць у вёску, дзе знаходзяцца сховiшчы кнiгаў. Днём мы будзем працаваць у гэтай, так бы мовiць, бiблiятэцы, а ў астатнi час мяркуецца хадзiць у горы, зьезьдзiць у блiжэйшы гарадок... Словам, будзем адпачываць.
(...) Падабаецца тут тое, што на ноч нiчога не зачыняецца: нi кампутарная кляса, нi музыкальная. Магу ўстаць у тры гадзiны ночы i пайсьцi ў бiблiятэку чытаць «Геральд Трыб’юн».
(...) З кожным днём робiцца ўсё больш халодна i вiльготна. Гадзiну таму былi на возеры, дзе займалiся экалягiчным праектам. Трэба ачысьцiць возера ад рыбы, i мы на лодцы падплылi да ўстаноўленай сеткi ды зьбiралi рыбу, якая туды трапiлася. Усё гэта адбывалася пад дзiкiм ветрам i шалёным дажджом. Затое якое задавальненьне вярнуцца пасьля гэтага ў цёплы пакой! Сумую па вас, асаблiва па Данiлу (...)
08.11.96. Сёньня ўпершыню пайшоў сьнег. Усё наўкола стала белым-белым. Сьнег у пачатку лiстапада зьдзiвiў усiх, асаблiва тых, хто гэты сьнег упершыню бачыць.
16.12.96. У мяне ўсё нармальна. Пасьля тыдня праектаў прыйшлося крыху папрацаваць на ўроках, але сёньня паўгодзьдзе скончана, i сёньня ж я атрымаю паперу з атэстацыяй майго прагрэсу. А пасьлязаўтра, калi ўсё будзе добра, я буду ўзыходзiць ужо на трап самалёта Осла-Брусэль. З Брусэля — у Вэнэцыю. Спадзяюся правесьцi цудоўныя вакацыi ў Iталii. Вiзу атрымаў, квiткi на руках — так што з гэтым праблемаў няма.
(...) У нядзелю адбылася калядная вечарына. У дэсэртах, якiя былi на вячэру, было схавана 10 арэшкаў. Я знайшоў адзiн зь iх i такiм чынам выйграў прыз — 3 шакалядныя Дзеды Марозы. Iх зьеў тым жа вечарам.
03.02.98. Ну, як там у вас жыцьцё? Халодна, напэўна. У нас тут ужо другi раз такая штука: цяплее, iдзе дождж, плынi вады, сьнег зьнiкае. Маленькая вясна пасярод зiмы. Але хутка зноў зьяўляецца сьнег.
(...) У Iталii я адпачыў добра. I няблага пад’еў. Усё было нармальна: шмат езьдзiлi па гасцях да розных родзiчаў майго сябрука Давiдэ, былi ў Рыме i ў Вэнэцыi. Новы год сустракалi на вечарынцы зь сябрамi Давiдэ ў доме, якi знаходзiцца ў гарах. Слухалi музыку, глядзелi вiдэа — карацей, нiчога асаблiвага не рабiлi.
21.02.97. Прывiтаньне вам iзноў з майго далёкага дажджлiвага коледжу! Якi ў прынцыпе не такi ўжо й калгас, хутчэй засьценак. Хаця, насамрэч, цяжкавата бывае знайсьцi для сябе час. Фотаздымкаў прыслаць асаблiва не магу, нятанна гэта каштуе. А з грашыма цяпер невялiкiя праблемы. Трэба заплацiць за «тэст ангельскай мовы як замежнай» i за «тэст школьных дасягненьняў» (па матэматыцы ды ангельскай мове). Рэч у тым, што гэтыя тэсты патрабуюць шмат якiя амерыканскiя ды канадзкiя ўнiвэрсытэты.
... Учора пасьпяхова здаў iспыт па каяках. Да гэтага часу мы мелi трэнiроўкi ў басэйне, але з добрым надвор’ем паедзем катацца па блiжэйшых рэчках ды фiёрдах.
14.04.97. Мiнулыя выхадныя прайшлi цiкава. У пятнiцу быў нямецкi вечар. Елi лёды, гулялi ў нямецкiя гульнi ды размаўлялi толькi па-нямецку. А з дванаццатай гадзiны суботы па дванаццатую гадзiну нядзелi быў 24-гадзiнавы бег. Гэта такая дабрачынная акцыя з мэтаю збору грошай на гуманiтарныя мэты. Мы дзялiлiся на каманды, шукалi фундатараў i белi, беглi, беглi... Карацей, паспаць ня выйшла.
(...) А зараз за вакном дождж, як заўсёды. Сапраўдная вясна ўсё не прыходзiць. На пачатку восенi нашмат лепш было: тады сонейка ледзь ня кожны дзень сьвяцiла. Цяпер мне застаецца толькi чакаць свайго вяртаньня ў вясновалетнi Менск.
(...) Цiкавы персанаж — наш настаўнiк матэматыкi Кiн. Чалавеку гадоў сорак пяць — пяцьдзясят, а ён ходзiць на заняткi ў джынсах, да таго ж дзiравых. Падчас уроку заўсёды iмкнецца як-небудзь пакпiць з вучняў. Калi хто задае пытаньне, паварочваецца да яго з такiм тварам, нiбыта ён жахлiва стомлены ад усiх гэтых пытаньняў. Выраз яго твару, нiбы кажа: «Ну, чаго табе яшчэ?» Робiць так, зразумела, дзеля жарту. Смалiць пастаянна ў клясе. Калi кавалак крэйды адвалiўся й на падлогу ўпаў, яму ўсё роўна — няхай валяецца. Заўсёды якiя-небудзь прыколы адкалвае. Аднойчы пасьля таго, як нехта бязглудзьдзiцу сказаў, ён аж рот раскрыў i выпусьцiў кубак з каваю, што трымаў у руцэ. Кава, натуральна, разьлiлася...
11.09.97. Мы, другакурсьнiкi, езьдзiлi ў экспэдыцыю на выспу Сваной, што на заходнiм узьбярэжжы. На гэтай высьпе практыкуецца аленегадоўля ды промысел рыбы. На Сваноi мы праводзiлi розныя бiялягiчныя й экалягiчныя дасьледаваньнi, знаёмiлiся з аленегадоўляй i, што зразумела, з аленямi. Выспа вельмi прыгожая, але адна рэч мяне ўразiла найболей. Гэта грыбы. Грыбоў у Сванойскiх лясох — процьма. Толькi зайдзi ў лес — i адразу можаш убачыць сям’ю з дваццацi баравiкоў, цi чырвонагаловiкаў штук трыццаць, раскiданых у чарнiчнiку. Карацей — мая душа грыбнiка тут трымцела.
24.11.97. Апошнi тыдзень кастрычнiка правёў у Амстэрдаме. Дакладней, я там быў усяго тры з паловаю днi. Дарога доўгая: двое сутак у адзiн бок.
(...) Сам Амстэрдам зьдзiвiў мяне нямала. Вельмi арыгiнальны горад. Тэмаю нашага праекту быў лiбэралiзм Амстэрдама. Наша група працавала ў фiрме, якая займаецца арганiзацыяй алiмпiйскiх гульняў для гомасэксуалiстаў. Амстэрдам i на самой справе горад вельмi лiбэральны. Да таго ж з’арыентаваны на турыстаў. Першая рэч, якая кiдаецца ў вочы — гэта сэкс. Сэкс-шопы, сэкс-кiнатэатры, эратычныя афiшы i фотаздымкi, дамы з чырвонымi лiхтарамi, i нават Музэй Сэксу, куды мы, дарэчы, не паленавалiся зазiрнуць. Лiбэральны Амстэрдам i ў дачыненьнi да сэксуальных меншасьцяў: звычайная карцiна — два мужчыны цалуюцца пасярод вулiцы. Другая асаблiвасьць — легальны продаж лёгкiх наркотыкаў. На кожным рагу ёсьць кавярнi, куды можна зазiрнуць i высмалiць цыгарэтку з марыхуанай. Апрача iншага, Амстэрдам вельмi прыгожы горад. Яго яшчэ называюць «Паўночнай Вэнэцыяй»: каналы з вытачанымi, невысокiмi дамочкамi паабапал iх, пераразаюць горад.
14.01.98. Колькi разоў выйшла схадзiць на вечарынкi: пазнаёмiцца з нарвэскай моладзьдзю, патанчыць у мясцовай бар-дыскатэцы. У нарвэжцаў, да слова, з алькаголем праблема. Зарабляюць яны шмат, але жыцьцё ў правiнцыi сумнае, таму й цягне iх да сьпiртнога. А праблема ўся ў тым, што гэта сьпiртное яшчэ й цяжка набыць. У мястэчку каля коледжа, дзе жыхароў пад тысячу, нават няма сваёй вiна-гарэлачнай крамы. За моцнымi напоямi трэ’ гадзiну ў пяцiтысячнае мястэчка ехаць, ды й там толькi адна крама такая. Сьмешна. А ў моладзi на вечарынах, увогуле, зусiм нязвыклая для мяне традыцыя: кожны прыходзiць са сваёй уласнай пляшкай i п’е ў асноўным толькi зь яе, таварышаў не частуе, як i яны яго.
(...) Калi-нiкалi гуляюся з iнтэрнэтам. Тут нядаўна знайшоў дзевяць беларускiх газэт, якiя магу чытаць па-расейску й беларуску. Знайшоў нават сьвежыя нумары «Свабоды», якая, нягледзячы на тое, што яе забаранiлi, усё яшчэ выходзiць на iнтэрнэце. Ёсьць там, напрыклад, таксама анталёгiя беларускай паэзii, але пакуль ў ёй толькi пара аўтараў. Яна яшчэ ў працэсе стварэньня.
23.02.98. Прыемна было пачуць па тэлефоне, што ў вас усё нармальна, i што вы памаленьку зьбiраеце грошы на адпачынак летам на моры. Мне таксама хочацца куды-небудзь вырвацца, адагрэцца ад нарвэскiх дажджоў. Але, хоць Балгарыя, Чорнае мора — гэта ўсё, безумоўна, добра, ды Мiкалаеўшчыны зь Нёманам, на мой погляд, нiшто не заменiць.