Спачатку зьявiлася iдэя правесьцi 14 лiпеня чарговыя паэтычныя чытаньнi. Потым была сфармуляваная назва — «Паэзiя i Рэвалюцыя». Потым падумалася, што дзеля разьвiцьця iдэi на мерапрыемства варта запрасiць спадара Пасла Францыi ў Беларусi. Але тут мяне апярэдзiў аматар дэструктыўных акцыяў нехта L. i сваiмi паводзiнамi прымусiў спадара Пасла пакiнуць межы маёй Краiны. Тады ад маразму сталiцы я ўцёк пад дажджы правiнцыi.

... Моцны вецер хiстаў бухматыя лапы хвояў, кневала качаня ў траве, сарока дзяўбла недасьпелую трускаўку... I паўставала перад вачыма рэвалюцыйная Францыя: дзень 14 лiпеня, 1789 год, зваяваная Бастылiя, i пасьля — паход Iмпэратара празь беларускiя землi, спадзевы Лiтвы на вяртаньне прывiлеяў Вялiкага Княства...

Дзеля далейшага разьвiцьця iдэi я ўзяў некаторыя вершы францускiх паэтаў, каб перакласьцi iх думкi на мову Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Славамiр Адамовiч


 

Дамiнiк Гранмон

МАНIФЭСТАЦЫЯ

Першая кропля дажджу

на падбародзьдзi, побач з вуснамi —

нiбы кроў. Толькi вецер

можа падняць гэты сьвет,

гэтыя афiшы, апалыя лiсты,

песьню дзяўчат, шалiкi i натоўп —

можа падняць да ўзроўню дрэваў.

 

Гi Бельле

СЬПIНОЮ ДА КАЗАРМАЎ

Прыхiльны да казармаў,

асьлеплены, як рэч, якую толькi што распакавалi,

хiстаючыся ад пералiвiстай прасторы,

я ўбачыў свабоду — гарызантальная, круглая,

яна кружляла па калiдорах вядомых месцаў
на небе,

а потым — нiчога. Толькi па горла свабоды.

I ўпэўненасьць, што я ў ёй прамыю вочы

першы i, можа, апошнi раз.

Трапляючы з камэры ў камэру, уяўляў я

свае сьляды ў гэтай лопнутай будучынi,

дзе я спадзяваўся рассыпаць гульнёвыя косьцi

ўласнай няздатнасьцi.

Упiсаны ў пэрспэктыву прыроды,

валодаў я падарункам,

якi быў варты

трыюмфальнага вяртаньня выгнаньнiка.

Райскiм, дальбог, падарункам

за пякельнае панiжэньне.

***

Падрыхтуйся: табе будзе нялёгка.

Нягоднiкi заўсёды пазнаюць адзiн аднаго —

па адсутнасьцi ценю на цэрах.

Як можна ў гэта ня верыць?

Яны маюць перавагу ў росьце, жалезную лёгiку

маюць,

яны, як дубцы, якiя бесьперастанку, адзiн за адным,

вымаюць з вады.

Нягоднiкi — твая супрацьлегласьць. Яны пiшуць

свае законы на позвах

пра вопiс маёмасьцi.

Iх шмат, яны падтрымлiваюць адно аднаго.

Яны спрашчаюць жыцьцё.

 

Ален Ланс

НА НЯМЕЦКI ЛАД

Пры ўмове, што вулiчны рух

перацяты ня будзе,

пры ўмове, што шэсьце не апануе прастору

гандлёвых шляхоў,

пры ўмове, што дэманстранты ня ўзьдзенуць

нi масак, за якiмi мажлiва схавацца,

нi заплечнiкаў, у якiх закарцiць схаваць зброю,

пры ўмове, што надпiсы i транспаранты

ня будуць разыходзiцца з духам канстытуцыi—

дазваляецца праводзiць дэманстрацыi,

паколькi мы ў краiне свабоды й галоснасьцi,

аднак дзеля большай бясьпекi

некалькi бронемашынаў загадзя

будуць на кожным участку важным

сачыць за парадкам волевыяўленьня

нашых суграмадзянаў.

 

П’ер Тыльман

***

Я стамiўся жабраком уставаць шторанiцы

i цягнуцца па вулiцы хмарным днём,

я стамiўся змагацца зь нiкчэмным жыцьцём,

я стамiўся ў пустэльнi штоночы спаць,

я стамiўся стамляцца, як зьвер,

я злы на ўвесь сьвет цяпер,

я сыты па горла гэтым багном.

ПУСТАТА

Я голы й босы,

лiчу страты,

разуты й разьдзеты,

з пустымi рукамi,

з пустой галавой,

увесь у ранах i язвах,

цемра перад вачыма,

больш нiчога ня бачу,

людзей больш няма,

людзi пайшлi па хатах,

але зьнiклi будынкi;

лёгка крытыкаваць камфорт i шэрасьць жыцьця-быцьця,

пустое,

больш нiчога няма,

пясок, пыл i смог,

у горле пяршыць,

называйце гэта забруджваньнем асяродзьдзя,

тупасьцю й атлусьценьнем,

называйце гэта сьвiнствам

нашага бяздарнага жыцьця —

гэта ўжо ня мае значэньня.

Я зноў узяў у рукi пяро,

я зноў вычухаў свае скаргi,

я прадоўжыў стары раманс,

я быў паэтам, потым адклаў пяро

i ўжо паэтам ня быў,

я не ўваходжу цяпер нi ў якiя шэрагi;

калi б я мог зразумець, чаму

жанчына бярэ дзiця на рукi

i ўпускае яго на зямлю,

юнак выходзiць на сонца

й заходзiцца кашлем —

называйце гэта супадзеньнем,

называйце як хочаце,

ува мне адна пустата,

я бачу пустыя сны, жыву з пустымi вантробамi,

цалую з пустой душою,

але я ведаю ўсё, што трэба гаварыць,

каб здавацца жывым,

я ведаю цану любовi i iмгненьням шчасьця,

умею гуляць, як хлопчык;

я ведаю, што трэба гаварыць,

каб мець выгляд жывога,

але я ўздрыгваю кожны раз,

калi мiма праносiцца хлопец на матацыкле,

i не магу адвесьцi вачэй ад дзяўчынкi,

што скача праз матузок вераўчаны i залiваецца сьмехам,

я памятаю штохвiлiны

пра таго, хто кiнуты ў турму,

хто выправiўся ў шлях,

хто завяршае жыцьцё суiцыдам...

 

П’ер Дэлла Фай

УЖО

Прэч з падмосткаў! Я патрабую адмовы,

адрачэньня й адвагi.

Ужо ты ня ўбачыш нi багацьця, нi славы.

Барбары ў госьцi завiталi да нас.

Нiхто не заўважыў, што яны ўжо даўно — тут.

Пасьмяемся з прыдуркаў. Яны ўсё яшчэ

зь нецярпеньнем чакаюць, што вось-вось

прыземляцца робаты з Марсу!

Узрадуйся! Ужо закапалi Паэзiю, яе

надмагiльле — карыкатура.

Нават у чалавека ўжо правалiўся нос

ад смуроду вялiкiх сталiц.

Нашэсьце барбараў — гэта ня дзiкiя,

лютыя зграi.

Гэта з гнойнай клаакi высочваецца смурод.

Вось i неба ўжо ванiтуе.

Яно таксама. I ўжо.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0