Пасьляслоўе да новае кнiгi Адама Глёбуса «Дамaвiкамэрон»

Валянцiн Акудовiч

 

Самая вялiкая каштоўнасьць, якая ёсьць у чалавеку, гэта тая жывёлiна, што жыве ў iм... Раней гэтая жывёлiна мясьцiлася наўсьцяж усяго чалавека, але тысячагодзьдзi цывiлiзацыi неўпрыкмет адсунулi яе ў самы ягоны под, загналi ў сутарэньнi чэрава i скрайнюю плоць. Яшчэ трохi — i ёй не застанецца месца й там, у рэзэрвацыi.

Калiсьцi гэтай жывёлiны ў чалавеку было шмат, а чалавека зусiм мала. Маленькаму чалавеку было няўтульна ў вялiкiм целе жывёлы, і яму тады вельмi хацелася чалавечага, як мага болей чалавечага...

Спакваля чалавек атрымаў тое, чаго яму так моцна жадалася, але за жаданым не заўважыў, што разам з тым ён страцiў. А страцiў ён тую магутную жывёлiну, якая несла яго скрозь тысячагодзьдзi небыцьця ва ўсё новае быцьцё.

Хто панясе чалавека далей ужо скрозь iншыя тысячагодзьдзi? Тое расьпешчанае выгодамi цывiлiзацыi зьверанятка, што яшчэ неяк знаходзiць сабе месца ў чалавеку? Але калi не яно, то й нiшто iншае. Вось чаму нават гэтае анэмiчнае зьвераня цяпер пачынае выяўляцца для чалавека большай каштоўнасьцю, чым усё ўласна чалавечае, усё створанае гэтымi гамэрамi, рэмбрантамi, бэтховэнамi, эдысонамi, эйнштэйнамi...

Я ня ведаю, чаму нi пра што яшчэ, а менавiта пра жывёльнасьць чалавека, як пра абсалютную для яго каштоўнасьць падумалася мне, калi я перагарнуў апошнюю старонку «Дамавiкамэрону» й выйшаў на гаўбец, каб пацешыцца зь вялiзнай калматай хмары, якую Пярун гнаў у бок майго жытла.

Пэўна, Адам Глёбус, складаючы свае брутальныя навэлкi, меў на мэце што заўгодна, толькi не апалягетыку «скацiны», i тым ня менш я, трохi адхiснiўшыся ад тэкстаў, думаў не пра тое «нiзкае», што татальна апанавала прастору цяпер ужо двух «Дамавiкамэронаў», а, наадварот, пра нешта «высокае», пра нешта значна вышэйшае i за Плятонаў верхнi эйдас эйдасаў — Дабро, i за Плоцiнава ўсюдыiснае адзiнае, i за Хрыстовую неабсяжную Любоў, — i гэтае нешта, больш высокае за ўсё вышыннае, месьцiлася ня дзесьцi наверсе ўсяго iснага, ня ў нейкай абсалютнай чысьцiнi i цноце iдэальнага, а ў самым нiзе, хавалася за брудам, гноем, смуродам, як бы a priori правакуючы для сябе сытуацыю табу, як самую надзейную хованку для таго, што змушана заўсёды быць навiдавоку...

Гэтае «нешта больш высокае за ўсё вышыннае» розныя людзi называлi па рознаму: Шапэнгаўэр — воляй да жыцьця, Нiцшэ — воляй да панаваньня, Фройд — лiбiда, Гайдэгер — воляй да волi, Дэлёз i Гватары — машынай жаданьняў... Але як бы хто нi называў тое, што ляжыць у аснове жывога жыцьця i ўвесь час рухае яго адбывацца ў безьлiчы праяваў, найлепей выяўляе сутнасьць гэтага руху мужчына, якi гвалцiць жанчыну. Менавiта гвалцiць — ня просiць, ня ўлашчвае, а бярэ сам; бярэ жорстка, бязьлiтасна i, магчыма, нават без асаблiвай асалоды, а толькi таму, што так трэба.

Вось пра гэтае «так трэба» я й думаў, углядаючыся ў расьцярэбленую сечкамi блiскавiцаў хмару й разважаючы, што хаця кожная са ста дваццацi двух навэлаў падвоенага «Дамавiкамэрону» мае свайго «пэрсанальнага» героя, але, па сутнасьцi, герой тут адзiн, i гэта — выпэцканая ў спэрме i экскрымэнтах магутная жывёлiна зь цяглiцаў ды хэнцi, якая бязьлiтасна, жорстка i, калi заўгодна, абыякава сто дваццаць два разы гвалцiць адну i тую самую жанчыну (нават калi паводле сюжэту й ня гвалцiць i не жанчыну...) толькi таму, што так трэба, што гэтага пэрманэнтнага гвалту патрабуе нешта больш значнае й магутнае i за Дабро Плятона, i за Любоў Хрыста...

***

Чалавек — гэта толькi дадатак да свайго чэлеса. Чэлес (у стане эрэкцыi) — тая дамiнанта, якая вызначае каардынаты ўласна чалавека й арганiзуе яго ў пэўную сытуацыю, у пэўную падзею быцьця.

Пра сваю ролю як дадатка да чэлеса чалавек даведаўся даўно, аднак гэтае веданьне яму настолькi было недаспадобы, што ён яго ня толькi затабуяваў, але на гэтае табу яшчэ панаскiдаў безьлiч адмысловых мiтаў i самых розных прыгожых словаў (кшталту «эрас», «любоў», «каханьне» i да т.п.) ды iншых вытанчаных прыдумак, каб толькi нiхто й нiколi не даведаўся праўды. А калi ў гэтым цьвiлым рызьзi й спарахнелым ламаччы нехта наважваўся поркацца, каб пацiкавiцца, што там спадысподу, то адразу ўсчыняўся несусьветны гвалт: ня руш сьвятынi! I так было да таго часу, пакуль не знайшоўся чалавек, абыякавы да ляманту. Звалi таго чалавека Зыгмунд Фройд. «Гэтыя любоўныя iнстынкты называюцца ў псыхааналiзе a potiori й па сутнасьцi зьяўляюцца сэксуальнымi памкненьнямi. Большая частка iнтэлiгенцыi ўспрыняла гэтае найменьне як абразу й адплацiла за гэта тым, што папракнула псыхааналiз у пансэксуалiзьме. Хто лiчыць, што сэксуальнасьць утрымлiвае ў сабе нешта абразьлiвае i прынiжальнае для чалавечай прыроды, хай ужывае больш шляхетныя назовы: эрас i эротыка. Я мог бы сам гэта зрабiць ад самага пачатку й тады пазьбег бы шматлiкiх абвiнавачаньняў. Аднак я не хацеў гэтага, бо па магчымасьцi ўнiкаў патураньня ўласнай слабасьцi. Нельга наперад ведаць, куды завядзе гэты шлях: сьпярша саступаюць у дачыненнi да словаў, а затым паступова i ў дачыненнi да сутнасьцi. Я ня бачу якой-небудзь заслугi ў тым, каб саромецца сэксуальнасьцi: грэцкае слова «эрас», якое павiнна зьмякчаць сорам, урэшце, ня што iншае, як пераклад слова «каханьне»; i напрыканцы, «хто мае цярпеньне чакаць, таму няма патрэбы ўлагоджваць».

Магчыма, некаму падасца, што гэтая вялiкая цытата тут не зуciм да месца, але мне яна вельмi патрэбная й пэўна я нават ня здолею скарыстацца ўсiм яе патэнцыялам, каб больш выразна выказаць нешта для мяне iстотнае ў гаворцы з нагоды «Дамавiкамэронаў» Адама Глёбуса.

Каб напiсаць «Дамавiкамэрон», трэба не саромецца ляманту й быць абыякавым да гвалту абражаных. Гэта па-першае. Па-другое: у абсалютнай большасьцi навэлаў Глёбус, гэтаксама як i Фройд, мог бы «зьмякчыць» нейкiя словы, iншыя памяняць на больш «прыгожыя» цi абысьцiся эўфэмiзмамi, а лiшнюю брутальнасьць сытуацыяў загнаць у падтэкст, у сугестыю, укласьцi ў шматзначныя паўзы, урэшце, абмiнуць, як абмiнае «гэта» ўся беларуская лiтаратура спакон веку, i тады мы мелi б два зборнiкi «звычайных» навэлаў. Але Адам Глёбус не пайшоў гэтым шляхам, хаця пэўна ж зусiм не таму, што ён, як i Фройд, прагнуў нiчым не прыхарошанай iсьцiны (якая там «iсьцiна» ў лiтаратуры). Iнтэнцыi да гранiчнай сэксуалiзацыi «звычайных» навэлаў трэба шукаць у нечым iншым. У чым? Сам аўтар кажа, што яму хацелася, каб у беларускай лiтаратуры была хоць адна кнiга, якую трэба хаваць ад дзяцей. (Дарэчы, амаль усё, што пiша Адам Глёбус, яму ад некага даводзiцца хаваць: ад мамы —»Толькi не гавары маёй маме», ад суседзяў i сваякоў —»Койданава», ад дзяцей — «Дамавiкамэрон»; гэты пералiк я мог бы значна пашырыць, але тады ён вымагаў бы больш разгорнутых тлумачэньняў.)

Toe, што хаваюць — даўжэй захоўваецца. Толькi трэба мець цярпеньне чакаць (яшчэ раз нагадаем Фройда: «... хто мае цярпеньне чакаць, таму няма патрэбы ўлагоджваць». Дзецi вырастуць у дарослых, i iм абавязкова закарцiць паглядзець, што ад iх хавалi бацькi. Паглядзяць i схаваюць ад сваiх дзяцей, каб тыя ў сваю чаргу некалi зрабiлi тое самае... I так бясконца... Вось ён, лiтаратурны «пэрпэтуум мобiле».

Магчыма, эфэкт кнiгi на ўсе часы — гэта пабочны эфэкт, якi ад пачатку не прадугледжваўся аўтарам, прынамсi — сьвядома. Але атрымалася, што атрымалася. Цяпер нават каб Адам Глёбус сам захацеў схаваць «Дамавiкамэроны» назаўсёды й ад усiх, гэта ўжо будзе немагчыма. Мэханiзм «вечнага» рухавiка пачаў дзейнiчаць...

***

А яшчэ Адам Глёбус сьцьвярджае, што «Дамавiкамэроны» — гэта анталёгiя сучаснага гарадзкога фальклёру, дзе аўтар выступае адно ў ролi зьбiральнiка.

Адам Глёбус фальклярыст — гэта выглядае спаважна й шляхетна. Толькi я нiколi не даваў веры дэклярацыям лiтаратараў. Падобна, што i ў нашым выпадку Адам Глёбус альбо мiстыфiкуе нас, альбо проста падманвае, — магчыма, разам з намi й самога сябе. Я ўжо не кажу пра тое, што ладная частка тэкстаў — гэта «звычайныя» навэлы, якiя маглi быць уключаныя ў любы iншы зборнiк (i можа найменш прыдатнае iм месца ў «Дамавiкамэронах»). Але й фармальна як бы фальклёрныя паданьнi ў пераважнай сваёй большасьцi выдуманыя аўтарам. Адам Глёбус сам i праектнае бюро, i канвэер па вытворчасьцi брутальнага гарадзкога фальклёру. Некалькi лякальных сюжэтаў i герояў вуснапаэтычнай творчасьцi, якiя беларуская вёска прыхапiла з сабой, калi пераехала ў горад, Адам Глёбус разгарнуў у шырокую квазi-фальклёрную панараму, дзе месьцiцца мноства герояў, кожны зь якiх ёсьць альбо чарговы аўтарскi варыянт традыцыйнага вобразу, альбо ўвогуле «новатворам». Хаця зусiм верагодна, што некаторыя зь ягоных герояў спакваля пераселяцца са старонак «Дамавiкамэрону» ў гарадзкiя сутарэньнi й зажывуць там самастойным жыцьцём.

Але не адно мадэрнiзацыяй пачварнага сьвету адметны праект Адама Глёбуса. Ад традыцыйных легендаў i паданьняў (мiж iншым, у аўтэнтыцы часам таксама дастаткова брутальных) i iх лiтаратурных вэрсiфiкацыяў (кшталту «Шляхцiца Завальнi») квазiфальклярыстыку Адама Глёбуса гранiчна адцяняе яе цялеснасьць. Традыцыйныя зданi й прывiды былi iстотамi пераважна бясплоцевымi й таму ў большай меры тоесьнiлiся з iмпатэнтна-iнфэрнальным, а не з сэксуальна-жыцьцядайным сьветам. Ня так у Адама Глёбуса, яго зданi й прывiды — гэта кавалкi магутнай плоцi сэксуальнай машыны, якая зьдзяйсьняе сэксуальную волю быцьця зь нейкай нават гiпэртрафаванай прагай, як быццам яны, гepoi iррэальнасьцi, спрабуюць кампэнсаваць тое, што татальна страчвае герой сучаснай рэальнасьцi — жывёльную прагу волi да панаваньня над жыцьцём.

***

Адам Глёбус увогуле па прыродзе свайго пiсьма не эратычны (жаночы, сьцiплы, акварэльны, дыялягiчны, пасiўны...), а сэксуальны (мужчынскi, халодны, графiчны, маналягiчны, агрэсiўны...) пiсьменьнiк. У «Дамавiкамэронах» гэта бачна найбольш выразна.

Мужчына эратычны настолькi, наколькi эротыка дапамагае яму зьдзейсьнiцца сэксуальна. Толькi герой Адама Глёбуса амаль ня мае патрэбы ў эратычным, паколькi ён мужчына ў абсалютным значэньнi (нават калi яго герой i не мужчына й сэксуальна не заангажаваны...). Эратычныя гульнi ён пакiдае сэксуальным недамеркам, а сам зьдзяйсьняе сваю хэнць адкрыта, адразу й напоўнiцу, бо воля да жыцьця й панаваньня ня мае патрэбы хавацца й ня можа чакаць. Як сьведчаньне гэтаму, варта прывесьцi той факт, што пераважная большасьць навэлаў «Дамавiкамэронаў» арганiзуецца голым сэксуальным актам, нахабна вызваленым з-пад эратычнага покрыва таямнiчасьцi (так вызваляецца з-пад кажуха рухавiк на дэманстратыўным стэндзе).

Вызначыўшы ў гepoi за сутнасьць яго агрэсiўную сэксуальнасьць, Адам Глёбус вярнуў у кантэкст беларускай лiтаратуры мужчыну (а можа дакладней было б сказаць, што ён стварыў прэцэдэнт мужчыны ў беларускай лiтаратуры, бо цi быў увогуле ў нашай вечна румзаючай паэзii й прозе мужчына?). I гэта неiстотна, у чым (кiм) ён пэрсаналiзуецца: у зданях, пачварах цi досыць прыстойных эстэтах ды iнтэлектуалах (мiж iншым, у Адама Глёбуса нават «сьмерць — мужчына»).

Падобна, што гэтая падзея нас ня надта ўсьцешыла. За апошнiя стагодзьдзi мы настолькi прызвычаiлiся абыходзiцца без мужчыны, так налаўчылiся замяняць ягоную адсутнасьць нейкiм рамантычным сымулякрам, што гэты эгаiстычна-жорсткi, прагматычна-бязьлiтасны, сэксуальна-нахабны тып нас добра-такi напалохаў, бо мы калi й чакалi прышэсьця ў Беларусь Мужчыны, то пэўна ж ён мроiўся нам зусiм iншым.

Беларускi мужчына мусiў быць большым прывiдам за сам прывiд, нечым накшталт ружовай аблачыны ў нагавiцах ад францускага куцюр’е, але зь беларускiм лэйблам на худым азадку...

***

А можа, мы «Дамавiкамэроны» не ад дзяцей хаваем, а ад самiх сябе, бо баiмся даведацца, што ня толькi сьмерць, а i жыцьцё — мужчына. I гэты мужчына-жыцьцё зусiм не падобны на тыя зданi й прывiды, сярод якiх нам так утульна было нэндзiцца жыцьцём i да якiх так соладка цяпер сыходзiць у невараць. Сыходзiць усiм разам, усёй Беларусяй...

Пярун нарэшце прыгнаў хмару да майго гаўбца, але й тут, ужо ля самай зямлi, ён не стамляючыся раз-пораз успорваў яе цела блiскавiцамi маланак... Пачынаўся дождж. Я зачынiў дзьверы на гаўбец i пайшоў пiсаць пасьляслоўе да «Дамавiкамэронаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0