Днямі румынскія СМІ паведамілі, што футбольная зборная Балгарыі, магчыма, здабыла ў Мінску перамогу неспартовымі метадамі. Гэта ўжо не першае абвінавачанне нашай каманды ў «продажы» матчаў. Нагадаем, дружына Юрыя Пунтуса ў суботнім матчы на мінскім стадыёне «Дынама» згуляла вельмі слаба і саступіла балгарам з лікам 0:2.

Публікацыя ў румынскай газеце «ProSport» мае назву «Поспех па блаце». Выданне адзначае незвычайна нізкія каэфіцыенты, якія прымалі балгарскія букмекеры на перамогу сваёй нацыянальнай каманды. У той час, калі ў іншых краінах яны былі большымі. Згадваецца і вядомы бізнэсовец Міхаіл Чарны, які, нібыта, паўплываў на вынік мінскага матча. Гэтую публікацыю перадрукавалі ўплывовыя балгарскія СМІ.

Каманды Румыніі і Балгарыі маюць прыблізна роўныя шанцы, каб патрапіць на чэмпіянат Еўропы. Яны змагаюцца за другое месца ў групе, бо першае «забраніравалі» галандцы. Таму румыны, безумоўна, зацікаўленыя ў поспеху беларусаў і няўдачы балгараў.

Галоўны рэдактар газеты «Прессбол» Уладзімір Беражкоў амаль упэўнены, што матч быў дамоўленым. Паводле яго словаў, за гэта гавораць і сітуацыя на полі, і тая лёгкасць, з якой балгары забілі галы:

«Гэта вельмі сур’ёзная інфармацыя. У гэта пачынаеш верыць, калі аналізуеш падзеі на полі. Як лёгка Бербатаў заставаўся адзін на адзін з галкіперам, нават калі той стаяў. Да таго ж, як лёгка перад ім раступаліся нашыя футбалісты, калі ён абыгрываў 4‑х!»

Па словах спадара Беражкова, нашая зборная не ўпершыню «злівае» матчы. Газета «Прессбол» нагадвае пра скандал з матчамі Беларусь—Чэхія і Малдова—Беларусь, якія адбыліся ў верасні 2003 года. Іх гэтае спартовае выданне назвала дамоўленымі. У абодвух наша каманда прайграла з «патрэбным» лікам. Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі праводзіла аператыўныя мерапрыемствы. Працягвае Уладзімір Беражкоў:

«Упершыню ў нашай краіне была распачатая крымінальная справа па артыкуле «Подкуп удзельнікаў і арганізатараў спартовага мерапрыемства». Справа расследуецца ўжо з 2004‑га году. вінаватыя ўжо даўно высветленыя, абвінавачанне можна выстаўляць. Чаму гэта не робіцца, я асабіста не ведаю.

На мінулым тыдні я патэлефанаваў следчаму па гэтай справе. Як ён сказаў: яго не толькі звольнілі на пенсію, але распусцілі сам аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй ГУУС Мінгарвыканкама».

Еўрарадыё датэлефанавалася да галоўнага трэнера зборнай Беларусі Юрыя Пунтуса. Ён яшчэ не ведаў пра з’яўленне публікацый у румынскіх і балгарскіх СМІ:

«Я гэта чую толькі ад вас. Колькі год я працаваў у клубным футболе, заўсёды быў упэўнены ў сваіх хлопцах. Такога проста не магло здарыцца, бо я сам гэтым ніколі не займаўся і займацца не буду! Я думаю, што таксама я выхаваў і маіх падначаленых.

На мой погляд, гэта проста псіхалагічны ход з боку румынаў на нашу каманду. Улічваючы, вядома, што ў нас яшчэ адзін матч у Балгарыі. Так, румыны проста спрабуюць такім чынам нас распаліць».

Але ўдзел галоўнага трэнера ў вырашэнні лёсу дамоўленай гульні неабавязковы. Справы могуць вырашацца і ў абыход трэнера. Такую магчымасць таксама дапускае Уладзімір Беражкоў:

«Калі гэта асноўныя гульцы: апорны паўабаронца і галкіпер ці два цэнтральныя абаронцы,‑‑ то гэта зрабіць вельмі лёгка. Да таго ж, пры наяўнасці такога форварда, як Бербатаў, — яму нават дапамагаць не трэба, яму проста трэба не перашкаджаць. А колькі момантаў Бербатаў меў у першым тайме — усе бачылі. Ён забіў адзін, а мог яшчэ чатыры…»

Зміцер Траўчук, http://www.belradio.fm/by/133/reports/4845/

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0