Можа, тэлепраект АНТ «Дзве зоркi» ўсiм i надакучыў, як заяўлялi многiя гледачы, але па гала‑канцэрту, якi прайшоў у Палацы Рэспублiкi, гэтага не скажаш. Народу ў зале было дастаткова — ва ўсякiм разе, не менш, чым на звычайных «зборных» праграмах. Прычым калi частка людзей прыйшла па запрашальнiках i рэагавала на падзеi не вельмi жвава, то тыя, хто набыў бiлеты, з’явiлiся з кветкамi i фотаапаратамi, а на выступленнi ўпадабаных дуэтаў не шкадавалi далоняў.

Зрэшты, як усё адбывалася на сцэне, будзе бачна ў тэлеверсii — як запэўнiў Ягор Хрусталёў, яе АНТ пакажа праз два тыднi. А самае цiкавае, як звычайна, праходзiла за кулiсамi, дзе артысты нервова чакалi свайго выхаду i горача перажывалi за iншых — цяпер ужо не канкурэнтаў, а «саўдзельнiкаў».

У праграме мы са здзiўленнем заўважылi дуэт Дзмiтрыя Качароўскага i Наталлi Наважылавай, якiя, паводле папярэдняй iнфармацыi, у спiсах не значылiся. Аказваецца, тэлевiзiйнiкi абмянялiся афiцыйнымi пiсьмамi з Фiнбергам (Дзiма Качароўскi — якраз салiст Нацыянальнага дзяржаўнага канцэртнага аркестра), i той усё ж даў згоду на ўдзел свайго артыста ў канцэрце. I гэта пры тым, што гала‑канцэрт суправаджаў Прэзiдэнцкi аркестр, якi з аркестрам Фiнберга, мякка кажучы, не сябруе...

А вось народны артыст Беларусі Мiкалай Скорыкаў застаўся верным свайму абяцанню i на сцэну не выйшаў. Ён, кажуць, дагэтуль крыўдуе на тэлеканал — не верыць, што за iхнi дуэт з дырэктарам Белдзяржцырка прагаласавалi толькi 2 тысячы чалавек. Яго партнёрша, Таццяна Бандарчук, дэмарш падтрымала, хоць ёй i прапаноўвалi выступiць з кiмсьцi iншым.

Для Вiкторыi Алешкi (на фота), наадварот, адсутнасць у Мiнску партнёра па тэлепраекту Алеся Мухiна праблемай не стала. Лiтаральна за дзень яна адрэпецiравала дуэт з вядучым АНТ Яўгенам Лашкоўскiм. Таму давялося праявiць цуды спрыту i лоўкасцi, каб паспець пераапрануцца, выступiць, зноў змянiць за сцэнай касцюм i як нi ў чым не бывала заняць месца вядучага гала‑канцэрта «Дзвюх зорак».

Дарэчы, Алешка была адной з нямногiх выступоўцаў, хто, здаецца, зусiм не нерваваўся — блукала за кулiсамi з анёльскай усмешкай. Для гэтага ёсць усе падставы: тыдзень таму Вiка выйшла замуж за калегу па сцэне, салiста Маладзёжнага тэатра эстрады Дзмiтрыя Сяргеева.

— Мы свае адносiны не хавалi, але i не афiшавалi, — расказала Вiкторыя Алешка. — У тэатры, дзе мы абодва працуем, усе ўсё даўно ведалi — мы ўжо тры гады разам, ды i на гастролях даўно жылi ў адным нумары. Так што i вяселле было сцiплае такое. У вясельнае падарожжа, натуральна, хацелася б з’ездзiць, тым больш зараз такое цудоўнае надвор’е... Але ў нас будзе вялiкi гастрольны тур «За Беларусь», ён працягнецца да 3 лiпеня, там адразу пачнецца «Славянскi базар». У прынцыпе, мы вельмi спадзяёмся на жнiвень, марым паехаць у круiз на лайнеры.

Спявачка сцвярджае, што яны з мужам адно аднаго цудоўна разумеюць, дапамагаюць i нават робяць тое‑сёе разам: у iх ёсць тры дуэты. «Але наўрад цi мы станем такiм дуэтам i на сцэне i ў жыццi, як Аляксандр Цiхановiч i Ядзвiга Паплаўская, кожны працягне сваю сольную кар’еру», — мяркуе Вiка.

Пакуль Алешка дзялiлася радасцямi сямейнага жыцця, у калiдорчыку разносiўся прыемны барытон. Гэта распяваўся Жэня Булка, рэпецiруючы сваю партыю Разанава з рок‑оперы «Юнона» i «Авось». Увогуле, спяваючы рэзiдэнт «Камедзi Клаб» дзiўным чынам паспяваў усё — i ўдакладнiць чаргу свайго выхаду на сцэну, i паспяваць, i пажартаваць, i паспрабаваць сесцi на шпагат, i сфатаграфавацца з прыхiльнiкамi, якiя невядомымi шляхамi прасачылiся за кулiсы. I яшчэ пакрычаць грамавым голасам з аднаго канца калiдора ў другi: «Я спако‑ойны!».

Аляксей Хлястоў апошнiм часам ходзiць у Палац Рэспублiкi, як на працу — лiтаральна днямi тут адбыўся трэцi сольны канцэрт артыста, на арганiзацыю якога спатрэбiлася надта многа сiл i людзей. Пры ўсiх праблемах здаралiся i забаўныя сiтуацыi: незадоўга да пачатку праграмы ледзьве не згубiлiся штаны ад канцэртнага касцюма спевака. «Давялося б выйсцi ў пiнжаку i трусах», — сумна жартуе Аляксей. Дарэчы, на «сольнiку» ўпершыню прагучала новая песня Хлястова «Дзве зоркi», але да аднайменнага тэлепраекта яна нiякага дачынення не мае — проста прыгожы дуэт.

Жанэт i Генадзь Давыдзька пакiнулi свае грымёркi толькi дзеля выхаду на сцэну i агульнай фiнальнай песнi, а потым зноў схавалiся за дзвярыма. Спявачка была чымсьцi вiдавочна расстроеная, практычна нi з кiм не размаўляла. Калi Папялушка, збягаючы з балю, пакiнула на лесвiцы туфлiк, то ў дадзеным выпадку праз нейкi час за кулiсамi мы ўбачылi бела‑блакiтны валёнак, вельмi падобны па стылю да «Снягуркiнага» канцэртнага ўбору Жанэт.

Прадзюсар АНТ Ягор Хрусталёў, як хлопчык, стаяў за бакавымi парцьерамi i ўсхвалявана адсочваў кожны дуэт, ад Iльi Мiцько i Элеаноры Язерскай да Таццяны Рудакоўскай i Яўгена Лашкоўскага. Толькi потым, пераканаўшыся, што ўсё прайшло як след, даў некалькi каментарыяў.

— Ягор Вячаслававiч, працяг шоў «Дзве зоркi», кажуць, ужо рыхтуецца?

— Так, ён пачнецца ў новым вяшчальным сезоне, хутчэй за ўсё, з тым разлiкам, каб завяршыць блiжэй да Новага года i зрабiць вiдовiшчнае фiнальнае шоў. Некалькi пар мы ўжо прыдумалi. Але свабодных «вакансiй» таксама хапае. Прынцып падбору дуэтаў будзе той жа самы: адзiн прафесiйны выканаўца i адзiн непрафесiянал, папулярны чалавек, якi дасягнуў поспехаў у сваёй сферы. (Гэта Хрусталёў тлумачыць ужо не толькi журналiстам, але i нейкаму актыўнаму гледачу, якi выказаў жаданне запiсацца на наступнае шоў. — Аўт.). Што датычыцца вядучага, журы — пакуль не ведаю. Анатоль Iванавiч Ярмоленка, напрыклад, прапаноўваў свае паслугi — папрацаваць разам з Вольгай Сярожнiкавай у артыстычным бары.

— У Расii пары складалiся не толькi па прынцыпу «мужчына—жанчына», быў, напрыклад, яркi дуэт Сярогi i Жырыноўскага. У нас аднаполых дуэтаў не прадбачыцца?

— Чаму ж, у нас ёсць такая прапанова, але гэта будзе вельмi вялiкi скандал, таму падрабязнасцяў я пакуль не раскрыю.

— Хутка у АНТ дзень нараджэння. Што ў сувязi з гэтым плануецца?

— Будзе шэсць вялiкiх канцэртаў, у тым лiку традыцыйная «Ноч агню» ў Мiрскiм замку i «Купалле Iрыны Дарафеевай». Таксама падрыхтавана некалькi вiдовiшчных i яркiх тэлепраектаў — вось гэты гала‑канцэрт, вялiкi фестываль «Камедзi Клаб», выступленне каманды КВЗ «ЧП»... Словам, у нас увесь чэрвень будзе вельмi насычаны.

— Ходзяць упартыя чуткi, што акрамя «Дзвюх зорак‑2», АНТ раздумвае над закупкай фармату тэлешоў «Кароль рынгу»...

— Мы абмяркоўвалi гэта пытанне, i пакуль вырашылi адмовiцца ад гэтай iдэi. Па‑першае, у нас сегмент людзей, якiя захапляюцца менавiта боксам, вельмi невялiкi — значыць, глядацкая аўдыторыя праекта будзе недастатковай. Дый вопыт нашых калег з «ЛАДу», якiя рабiлi ў Сiлiчах «Цудоўную сямёрку», паказаў, што спартыўныя праекты трэба рабiць альбо вельмi маштабнымi i яскравымi, альбо не рабiць увогуле. Па‑другое, на наступны сезон мы падрыхтавалi два iншыя праекты, абсалютна новыя, якiя не iшлi на расiйскiх каналах... Але ўсяму свой час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?