Errare humanum est

 

Марыян Пецюкевiч. У пошуках зачараваных скарбаў. — Вiльня: Выдавецтва Таварыства Беларускай Культуры «Рунь», 1998. 182 с.

 

Успамiны — жанр складаны. Апроч праблемы «ўнутранага рэдактара», якi кiруе мэмуарыстам (пра што пiсаць, а пра што прапускаць), iснуе праблема стылю. Нават самым лепшым апавядальнiкам, калi яны сядаюць за стол з чыстым аркушам паперы, рэдка ўдаецца адолець спакусу пераладзiць свой непаўторны чалавечы голас пад «высокi штыль», за бразготкамi якога наступнае пакаленьне чытачоў так i ня здолее разгледзець анi асобу, анi эпоху. Беларускi этнограф, грамадзкi й культурны дзяяч Заходняй Беларусi Марыян Пецюкевiч у сваiх успамiнах абыйшоў гэты падводны камень. Бо ён не прэтэндаваў на непахiснасьць i манумэнтальнасьць: «Я зусiм сьвядома ўсю гэтую пiсанiну (...) называю «шматкамi» даўна перажытага, бачанага, чутага й аналiзаванага. Гэтыя «шматкi» маюць вельмi суб’ектыўны характар». I тэмбр ягонага голасу непаўторна гучыць са старонак кнiгi.

Мэмуары абдымаюць пэрыяд ад 1915 да 1957 году i прысьвечаныя жыцьцю Заходняй Беларусi й беларускаму жыцьцю ейнай некаранаванай сталiцы Вiльнi. Асаблiвая каштоўнасьць гэтай кнiгi ў тым, што грунтоўных успамiнаў пра беларускае жыцьцё мiжваеннай Вiльнi дайшло да нас мала, апрача кнiгi Янкi Багдановiча ды «Лiсткоў календара» Максiма Танка, нiчога ў кнiжным аб’ёме прыгадаць не магу.

Аўтару ўспамiнаў пашанцавала з аднаклясьнiкамi ў Вiленскай беларускай гiмазii. Ён вучыўся разам з паэтам Хведарам Iльляшэвiчам, лiтаратурназнаўцам Станiславам Станкевiчам, з беларускiм тэрарыстам Барысам Кавэрдам. На старонках сваiх успамiнаў М.Пецюкевiч распавядае, якiя прычыны штурхалi вучняў гiмназii ў абдымкi Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi й як палiтыка санацыйнай Польшчы спрыяла таму, каб выпускнiкi «кузьнi беларускага духу» пераходзiлi польска-савецкую мяжу, каб назаўсёды зьнiкнуць з далягляду жыцьця. Асаблiвую ўвагу аўтар надае асобе лiдэра беларускiх хрысьцiянскiх дэмакратаў — Адаму Станкевiчу i ягонаму палiтычнаму антыподу Антону Луцкевiчу. На старонках кнiгi можна знайсьцi цi не адзiны ў беларускай мэмуарыстыцы грунтоўны партрэт найчарнейшага пэрсанажа ў культурна-асьветным жыцьцi беларускай Вiльнi 1939 году — камiсара Клiмава.

Пры невялiкiм накладзе ў 1000 асобнiкаў кнiга М.Пецюкевiча, безумоўна, вартая большага, бо напiсаная жыва, дасьцiпна, з густам — для шырокага чытача. Для дасьледчыка працу з кнiгай ускладняе адсутнасьць паказальнiкаў i памылкi ў польскамоўных i лiтоўскамоўных тэкстах. Думаючы пра наступныя кнiгi вiленскай беларускай мэмуарыстыкi, заўважу, што прозьвiшча бацькi беларускай i лiтоўскай бiблiяграфii, беларускага паэта А.Ружанцова слушна вымаўляецца з нацiскам на апошнiм складзе.

Дарэчы, ужо ў кнiзе М.Пецюкевiча анатуюцца наступныя кнiгi выдавецтва «Рунь». У прыватнасьцi, падрыхтаваная да друку кнiга Лявона Луцкевiча «Вандроўкi па Вiльнi». «У кнiзе, — паведамляе анатацыя, — зьмешчана больш за сто фатаздымкаў як вядомых архiтэктурных помнiкаў, гэтак i непрыкметных старых дамкоў, так цi iнакш зьвязаных з бурлiвым беларускiм жыцьцём у Вiльнi... Надрукаваная падрабязная мапа зь месцазнаходжаньнем гэтых вiленскiх аб’ектаў».

Андранiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0