Легендарны атаман

 

Беларускi вызвольны рух у XX стагодзьдзi вылучыў з сваiх шэрагаў шмат выдатных палiтычных дзеячоў, вайскоўцаў i партызанаў. Атаман Якуб Харэўскi — адна зь легендарных постацяў беларускага Рэзыстансу.

 

Якуб Харэўскi (сапраўднае прозьвiшча — Новiк) нарадзiўся ў 1900 годзе ў вёсцы Харэва на Пружаншчыне. Маладым хлопцам на пачатку 20-х ён далучаецца да беларускае антыпольскае партызанкi, становiцца камандзiрам партызанскага атрада ў Ружанскай пушчы. Вiдаць, тады ён i прымае псэўдонiм: Харэўскi. Атрад ягоны ўваходзiў у 5-ю групу партызанскiх войскаў Беларускае Народнае Рэспублiкi, а з 1923 г., калi згубiлася сувязь, дзеяў самастойна. У той час, калi нацыянальная партызанка ў Белавескай пушчы была зьнiшчаная палякамi, атаман Харэўскi пасьпяхова дзейнiчае на Ружаншчыне. Побач, у Лiпiчанскай пушчы i на Слонiмшчыне, змагалiся атрады атаманаў Шаршня, Рудога i Iскры.

Атрад атамана Мухi (былога польскага вайскоўца Мухi-Мiхальскага), найбольш вядомы сярод насельнiцтва, быў захоплены чэкiстамi Кiрылы Арлоўскага, i ягонай дзейнасьцю пачало кiраваць ГПУ. Мухаўцы рабiлi напады на палякаў у тых месцах, дзе знаходзiлiся атрады Харэўскага i Рудога. Былi выпадкi, калi палiцыя, якая iшла па сьледу правёўшых акцыю людзей Арлоўскага-Мухi, ледзь не натыкалася на беларускiя атрады, што выпраўлялiся на апэрацыю.

Сяргей Хмара (атаман Iскра) ўспамiнаў, што было «пастаноўлена навязаць сувязь i запрапанаваць (чэкiстам — С.Ё.), каб iхны атрад ня соваў носу на абшары нашае дзейнасьцi, або будзем змушаныя папрасiць iх гэтага зброяй. Спатканьне адбылося ў Сталавiчах. Але атаман Муха не зьявiўся. Прыбыў ягоны «начальнiк штабу» «Максiм», як потым даведалiся, фактычны камандзiр атрада чакiст Арлоўскi, i яшчэ адзiн партызан. Ад нас быў атаман Харэўскi, Руды i я. Паясьнiўшы сытуацыю, Харэўскi зажадаў, каб атрад Мухi ў сваёй дзейнасьцi ня сьмеў пераходзiць на нашыя абшары, бо гэта пагражае небясьпекай для нашых атрадаў трапiць неспадзявана ў палiцыйныя аблавы. «Максiм» было запрапанаваў «каардынацыю» дзейнасьцi, бо ў iх ёсьць «штаб», якi распрацоўвае апэрацыi i ўдоваль зброi. Ведаючы, што гэта за «штаб», мы ад такой каардынацыi адмовiлiся i запрапанавалi прыняць падзел тэрыторыi дзейнасьцi, або iм прыдзецца сустрэцца зь iншым спосабам нашага ўзьдзеяньня. Умова была зробленай. Атрад Мухi забавязаўся ў сваёй дзейнасьцi не пераходзiць далей Вiленска-Берасьцейскай чыгункавай лiнii, з тым, што на Паўночна-Захад ад яе мае дзеяць нашая партызанка, а на Паўднёвы Ўсход iхная. Больш яны на нашых абшарах не зьяўлялiся».

У 1925 годзе палякi здолелi зьнiшчыць партызанскую групу атамана Шаршня, арыштаваць атамана Рудога зь ягонымi партызанамi. На Наваградчыне й Пiншчыне спынiлi сваю партызанку камунiсты й чэкiсты. Вакол атрада Якуба Харэўскага звужалася кола. Давялося атаману распусьцiць атрад. Партызаны пачалi легалiзавацца пад чужымi прозьвiшчамi. Харэўскаму не пашанцавала — на ягоны сьлед выйшла польская палiцыя. Атаман вымушаны быў пад фальшывымi дакумэнтамi ўцякаць у БССР. Пакуль невядома, дзе ён там жыў i чым займаўся. Толькi ў 1937 г., ратуючыся ад масавых арыштаў НКВД, Харэўскi нелегальна вяртаецца ў Заходнюю Беларусь, хаваецца на Валынi.

Калi на пачатку 1939 году ў Баранавiчах сабралася нелегальная канфэрэнцыя былых сяброў Беларускай сялянска-работнiцкай Грамады, на яе быў запрошаны i атаман Харэўскi, бо зноў спатрэбiўся ягоны партызанскi досьвед. Грамадоўцы разам з былымi сябрамi КПЗБ рыхтавалi на выпадак нямецка-польскай вайны антыпольскае паўстаньне на Палесьсi. Мэтай было абвяшчэньне незалежнае Заходне-Беларускае Рэспублiкi, на сталiцу якой спачатку плянавалiся Баранавiчы, а пасьля —Пiнск. Ужо 1 верасьня атаман Я.Харэўскi быў у лесе, дзе зьбiраў сваiх былых партызанскiх сяброў, вэрбаваў добраахвотнiкаў. Пасьля аб’яднаньня паўстанцкiх сiлаў, Якуб Харэўскi становiцца намесьнiкам Галоўнага камэнданта Iвана Тарасюка, а пасьля ягонай гiбелi 16 верасьня пераняў камандаваньне паўстанцкiмi сiламi (да 5000 чалавек). Менавiта атаман Харэўскi адмянiў штурм Пiнска, якi быў заплянаваны на 18 верасьня, i адвёў частку сваiх аддзелаў у лясы, бо ў Заходнюю Беларусь уварвалiся бальшавiкi...

Да пачатку нямецка-савецкай вайны Якуб Харэўскi знаходзiўся на нелегальным становiшчы, хаваючыся ад НКВД, а пасьля прыйшлося хавацца ўжо ад нямецкiх акупантаў. Зноў палескiя лясы i балаты далi надзейны прытулак сабранаму атаманам партызанскаму атраду. З часам аддзел Харэўскага стаў насiць iмя казацкага атамана Нябабы. Дзейнiчаў ён каля Пiнска, Любяшова i Камень-Кашырска.

У лiпенi-жнiўнi 1941 году атрад Я.Харэўскага, у складзе стыхiйна паўсталае Беларускае самаабароны, удзельнiчаў у сумеснай з Палескай Сечай УПА беларуска-украiнскай антыбальшавiцкай вайсковай апэрацыi на Палесьсi. Пасьля таго, як нямецкiя акупацыйныя ўлады паспрабавалi ўзяць беларускiя аддзелы пад свой кантроль, многiя атаманы iх або распусьцiлi, або адвялi ў лясы. Iм было з каго браць прыклад, бо перад гэтым такi ж крок зрабiў Галоўны камандзiр Палескай Сечы Украiнскай Паўстанчай Армii атаман Бульба-Баравец.

Тым часам патрыятычныя беларускiя партызанскiя аддзелы паўсталi ня толькi на Палесьсi, але й на Гарадзеншчыне. Паступова памiж iмi наладжвалася сувязь, у гэтым шмат дапамагала падпольная арганiзацыя «Беларуская Народная Грамада», якая паўстала ўвосень 1941-га й iмкнулася ўзяць пад свой кантроль нацыянальны партызанскi рух. У чэрвенi 1942 году на хутары пад Iвацэвiчамi адбылася 1-я канфэрэнцыя беларускiх партызанскiх атаманаў i дэлегатаў нелегальнай Грамады, на якой была ўтворана Лава атаманаў. Атаман Харэўскi быў абраны старшынёй гэтага каардыныцыйнага органу i ўвайшоў у выканаўчую «пятку» Грамады.

Нялёгка было арганiзавацца, калi не хапала зброi, мэдыкамэнтаў i дасьведчаных камандзiраў. Калi па лясах хадзiлi савецкiя партызанскiя атрады, чэкiсцкiя дывэрсiйныя групы, польскiя акоўцы. Нярэдка яны рабiлi напады на беларускiх партызанаў. А адзiныя саюзьнiкi — бульбаўцы ваявалi з бандэраўскай УПА й iм было не да «беларускiх братоў»... Увосенi 1942-га на Палесьсi была скiнутая дывэрсiйная група капiтана Топкiна з заданьнем падначалiць сабе беларускiя атрады. Умацоўвалiся мясцовыя савецкiя партызаны, якiя атрымоўвалi дапамогу з-за лiнii фронту. Таму ў лiстападзе 1942 году пад Целяханамi адбылася 2-я канфэрэнцыя беларускiх партызанскiх атаманаў, на якой была ўтворана «Беларуская Народная Партызанка». Начальнiкам штаба аб’яднаных партызанскiх аддзелаў быў абраны былы савецкi афiцэр Iван Шанько, якому Лава атаманаў падвысiла рангу да палкоўнiка.

Улетку 1943 году атрад Харэўскага знаходзiўся ў рэйдзе на Валынi (там нябабаўцы неаднаразова праводзiлi сумесныя з бульбаўцамi акцыi супраць савецкiх i польскiх партызанаў), калi прыйшла вестка пра гiбель палкоўнiка Шанько, а таксама шэрагу iншых беларускiх камандзiраў. Яны былi па-зладзейску забiтыя чэкiстамi палкоўнiка-дывэрсанта Лiнькова. Каб захаваць свой атрад, Харэўскi вырашыў не вяртацца на апанаваную савецкiмi партызанамi Пiншчыну, а дысьлякуецца каля Ратна, Любяшова i Марочна.

Падчас адыходу немцаў атрад Харэўскага захоплiвае ў Любяшове вялiкiя запасы зброi (нават мiнамёты), адыходзiць на Берасьцейшчыну. На Бацькаўшчыну прыйшоў новы акупант —бальшавiкi, таму нябабаўцы, папоўнiўшы свае шэрагi, зноў актывiзуюць свае баёвыя акцыi. Атрад iмя Нябабы становiцца легендаю Палесься, як некалi было з атрадам атамана Мухi. Партызаны Харэўскага дзейнiчаюць ня толькi на Берасьцейшчыне й Пiншчыне, але й каля Косава, Столiна, Лахвы, Камень-Кашырска, наводзячы жах на акупантаў i iх памагатых.

Дакладна невядома, калi атрад атамана Якуба Харэўскага самараспусьцiўся. У адных крынiцах згадваецца 1945 г., у iншых — 1948 год, а сам атаман сьцьвярджаў, што гэта адбылося нiбыта на пачатку 50-х. Найбольш праўдападобным выглядае 1948 год, бо, паводле некаторых зьвестак, ужо ў 1949-м партызаны Харэўскага выехалi з Заходняй Нямеччыны ў Паўднёвую Амэрыку. Шлях жа iх праз «жалезную заслону» быў нялёгкiм. Пасьля таго, як саветы пачалi чарговую карную акцыю супраць атрада iмя Нябабы, пасьля цяжкiх баёў, атаман Харэўскi часткова сваiх людзей распусьцiў, а часткова перакiнуў у Польшчу каля Тэрэспаля. Адтуль нябабаўцы групамi перайшлi ў Нямеччыну, куды разам з атаманам дабралася 18 чалавек.

У той час, калi на працягу 1947-48 гадоў кiраўнiцтва Ўкраiнскай Паўстанчай Армii перакiнула тысячы сваiх партызанаў з Украiны ў Заходнюю Нямеччыну, беларускiх «лясных братоў» на Захад трапiла, мабыць, ня больш за сотню... Чаму так здарылася? Канчаткова на гэтае пытаньне пакуль нельга адказаць. Вiдаць, кiраўнiцтва Беларускага Рэзыстансу ў той час не хацела праводзiць падобных прапагандысцкiх акцыяў (а рэйд аддзелаў УПА на Захад якраз i быў прапагандысцкай акцыяй, каб даказаць Вольнаму Сьвету, што за «жалезнай заслонай» iснуе моцны ўкраiнскi паўстанцкi рух. Сваёй мэты кiраўнiцтва УПА дасягнула), а пасьля ўжо не было магчымасьцi перакiнуць празь межы такую масу людзей. Нездарма адзiн зь беларускiх партызанаў, якiя трапiлi на Захад, пiсаў: «многiя хочуць iсьцi сюды, але раней гэтага не зрабiлi, а цяпер лягчэй на месцы прыхавацца, чымсьцi перабрацца на Захад».

У Заходняй Нямеччыне партызаны Харэўскага не затрымалiся, бо й там i ўжо ў Паўднёвай Амэрыцы за iмi палявалi чэкiсты. Усе яны разам з атаманам i з партызанамi атамана Перагуда (яны таксама перабралiся на Захад, але трохi раней) выехалi ў Бразылiю. Iмкнулiся як найдалей уцячы ад «доўгай рукi Крамля».

Частка ўдзельнiкаў Беларускай Народнай Партызанкi i Беларускай Народнай Грамады трапiла ў ЗША i Канаду. Сяргей Хмара ў Таронта пачынае выдаваць газэту «Беларускi Голас», зь якой супрацоўнiчалi атаман Язэп Таўпека, паранены ў партызанцы чэкiстамi Юрка Стасевiч ды iншыя. Многiя зь iх лiчылi, што атаман Харэўскi загiнуў на Бацькаўшчыне. У лiстападзе 1967 году Таўпека пiша ў «БГ» цi ня першы артыкул пра народную партызанку, згадваючы Харэўскага-Новiка, як палеглага героя. Дайшла газэта да Бразылii, ня вытрымаў атаман Харэўскi, напiсаў у Канаду лiст. I вось у студзенi 1968-га ў «Беларускiм Голасе» зьявiлася першая i апошняя публiкацыя славутага партызанскага атамана — «Аб беларускай партызанцы ў апошнюю вайну». 2 красавiка 1968 году атаман Якуб Харэўскi гiне разам з сваiм ад’ютантам Кастунам Гукам у аўтамабiльнай катастрофе ў Рыо-Грандэ Порт Алекра. Ёсьць падставы лiчыць, што да ягонай сьмерцi маюць дачыненьне савецкiя спэцслужбы, якiя шырака выкарыстоўвалi для зьнiшчэньня палiтычных працiўнiкаў «аўтамабiльныя катастрофы».

Ягоныя сябры пiсалi ў нэкралёгу: «Хай-жа будзе лёгкай яму чужая зямелька, ды хай сьнiцца яму любая Бацькаўшчына, за вызваленьне якой ён змагаўся цэлае сваё жыцьцё»...

Сяргей ЁРШ


 

АБ БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫЗАНЦЫ Ў АПОШНЮЮ ВАЙНУ

 

Вiтаючы зьмяшчэньне «Беларускiм Голасам» на 25-я ўгодкi артыкула аб Беларускiм збройным антыгiтляроўскiм рэзыстансе, хацелася б дадаць некаторыя падрабязнасьцi, ды насьвятлiць некаторыя няяснасьцi (мо дзеля яго кароткасьцi) ўспомненага артыкула.

Выратавалiся за мяжу па вайне з праведзенай асобнымi дывэрсiйнымi групамi НКВД «асобага назначэньня» масакры толькi лiчаныя адзiнкi з нашага збройнага партызанскага руху. Астатнiя, калi не грызуць зямлi, пагiбшыя ад здрадзецкай кулi агентаў Панамарэнкi, дык, знаходзячыся на тэрыторыi СССР, ня могуць падаць сваiх успамiнаў да абнародаваньня i таму гэты абавязак ляжыць на нас, якiя знайшлiся ў вольным сьвеце, перадусiм у Бразылii i Аргентыне. Гэта важна для гiсторыi i для разаблачэньня маны савецкiх гiсторыкаў, якiя спрабуюць удаць перад сьветам, што Беларуская партызанка — гэта камунiстычная партызанка. Тады, як напраўдзi, толькi па крывавай i падступнай барацьбе, савецкiя дывэрсанты патрапiлi зьнiшчыць Беларускае нацыянальнае кiраўнiцтва Беларускай партызанкi i паволi падпарадкаваць подступам i тэрорам беларускiя партызанскiя масы пад свой провад, абезгаловiўшы спачатку атрады зь iх камандзераў i дзейнейшых сяброў.

Па-першае: чаму Галоўны Камандзер Беларускага Партызанскага Руху палкоўнiк Шанько гэтак неасьцярожна паддаўся на правакацыю «перагавораў» з высланьнiкам Маскоўскага Ураду —палкоўнiкам Iльдовым? Ато-ж нам было ведама ад «бульбаўцаў», што гэтакiя самыя перагаворы ўжо вядзе з украiнскiмi партызанамi другi падобны высланьнiк савецкага ўраду, нейкi палкоўнiк Мядзьведзеў, i што яны там дамовiлiся да некаторай супрацы. Нашыя атрады спатыкалiся за Прыпяцяй каля Ратна i каля Камень-Кашырска i Любяшова з украiнскiмi партызанамi, якiя ад iмя свайго атамана называлiся «бульбаўцы». Таму палкоўнiк Шанько не лiчыў на здрадзецкi напад.

Паводле пазьнейшага разказу прадстаўнiка «Антыфашыстоўскага камiтэту» ў Берасьцi «Юзiка» (Язэпа Урбановiча — С.Ё.), як зьвяраўся пазьней iм Iльдоў, ён меў наказ ад Панамарэнкi, якi кiраваў савецкай дывэрсiйнай дзейнасьцю на Беларусi, зьнiшчыць любым спосабам Беларускую незалежную партызанку i падпарадкаваць абезгалоўленыя атрады сабе (у сваiх успамiнах «Война в тылу врага» Льдоў-Лiнькоў пiша пра вiзыт да Панамарэнкi перад вылетам на Беларусь i што ад яго ён атрымаў вельмi важнае заданьне, але не раскрывае, якога яно было характару — С.Ё.). Ён, выклiкаўшы Шанька на перамовы, безцырамонна зажадаў, каб ён падпарадкаваўся яму, як былы савецкi маёр i падпарадкаваў яму атрады. Затое прапанаваў яму мейсца свайго памоцнiка ў кiраўнiцтве партызанскiм рухам Палесься, вызначаючы сябе на кiраўнiка гэтага руху. Калi Шанько адказаў яму, што анi ён асабiста, анi Беларускi партызанскi рух яму, як высланьнiку СССР, не падпарадкуецца, Iльдоў выхапiў наган i стрэлiў у грудзi палкоўнiка Шанька...

Стэрарызаваўшы ягонага ад’ютанта, яны паслалi ў штаб Шанька вестку, быццам палкоўнiк Шанько вылецеў самалётам у Маскву на перагаворы, а часова перадае камандаваньне «Бацi», якiм i зьяўляўся той-жа забойца камандзера Беларускай партызанкi —палкоўнiк Iльдоў. Так пачалася правакацыя, а за ёй нiшчэньне ў атрадах нашых дзейных адзiнак, ачарняючы iх у «супрацы зь немцамi», забiваючы з-за вугла, падсылаючы нават даносы да немцаў, нiшчылi iх iхнымi рукамi i г.п.

У 1943 годзе нашая партызанка налiчвала на Палесьсi больш 5 тысяч. Яна не была поўнасьцю зьнiшчаная, як можна было б памылкова ўняскаваць з скарочанага сказу ў артыкуле «Беларускага Голасу». Адзiночныя нашы атрады праiснавалi ў глыбiнi Палесься (мiж Сьвятой Воляй, Ратнам i Любяшовам) ня толькi да канца панаваньня немцаў, але й па прыходзе савецкiх уладаў i па заканчэньнi вайны, папаўняныя новымi ўцякаючымi, ды дзеялi да 1950-х гадоў, калi адбылася астатняя ведамая нам збройная спатычка з савецкiмi карнiкамi. Гэтыя дробныя нашыя атрады наганялi страху на вясковых прыхвасьняў новых асвабадзiцеляў ад Косава да Берасьця, Камень-Кашырска, Давыд-Гарадка i Лахвы. Такiя атрады ўкраiнскiх «бульбаўцаў» дзеялi па той бок Прыпяцi i нашыя аддзелы ад пагонi звычайна хавалiся да «бульбаўцаў», а яны, калi там напiралi, уцякалi i перасiджвалi ў нашых стаянках.

Наш паднiшчаны атрад ў 50-ых гадох самазьлiквiдаваўся i сябры ў бальшынi перабралiся ў Польшчу, а адтуль пасьлей на Захад.

Харэўскi

«Беларускi Голас» (Таронта), №156, студзень 1968 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0