Славамiр Адамовiч

Лiсты ў правiнцыю

 

м. Бобр, Пушкiну

Менск, 17 лiпеня 1998 г.

[...] Быт, быт не дае расслабiцца. Сумна было б, каб ня наш быт. У чацьвер адключылi ў маiм стаяку ваду — i гарачую, i халодную. Стаяк, гэта, братка мой, iзаляваная ад iншых жылых блёкаў сыстэма водазабесьпячэньня зь першага паверха да апошняга (у маiм iнтэрнаце 13 паверхаў). Хiтры мужычок Пузырэўскi, дырэктар вучылiшча №24, якому належыць iнтэрнат, з гаспадаркай не спраўляецца. Сантэхнiкi — спрэс алькаголiкi, прачышчаць трубы няма каму. Вось i цякуць яны, як тыя жанчыны, круглы год. Ды некалi ж павiнен надысьцi клiмакс. Што ж да майго цярпеньня, дык яно скончылася ў панядзелак. Злы, з параненай рукой i орхаэпiдыдэмiтам у целе, зайшоў я да камэнданткi й кажу: так i так, паважаная, калi зараз жа ня ўключыце ваду, я вас з дырэктарам у сваёй прыбiральнi зачыню, а сам па патрэбе на калiдор хадзiць буду. Я, кажу, навучу вас радзiму любiць i яе грамадзянаў паважаць. I што ты думаеш, ужо ў абед пастукаў да мяне ў блёк нейкi мужычок, назваўся сантэхнiкам i паведамiў, што вадзiца па стаяку пайшла. Але празь некалькi дзён гарадзкiя цепласеткi адключылi гарачую ваду да 23 жнiўня. Так што творчы ўздым мне забясьпечаны. Буду нямыты, але натхнёны.

Бяда, як вядома, ня ходзiць адна: грошай няма, вады няма, а тут i здароўе падупала. Пайшоў у 34-ю палiклiнiку —патрэбнага доктара няма (на бюлетэнi). Тады пайшоў я да галоўнага лекара Тацяны Аляксееўны Фiлiпавай, i задаю ёй сваё набалелае пытаньне: хто, маўляў, будзе мой хворы пэнiс лячыць? А сам лiчу, колькi ж гэта ў яе ў кабiнэце сымболяў рэжыму. Атрымалася пяць: адзiн чырвона-зялёны сьцяжок настольны, адзiн вялiкi ў чырвоным куце, гiпсавы герб-»капуста» на сьцяне, расейскi герб-двухгаловiк у выглядзе вымпэла — таксама на сьцяне, i настольная каляровая паштоўка з выявай iхнага «важдзя». Пяць сымбаляў у Аляксееўны ў кабiнэце — i нiводнага ўроляга на ўсю палiклiнiку Савецкага, дарэчы, раёну сталiцы! Дзеля справядлiвасьцi адзначу, што спадарыня Фiлiпава не пакiнула мяне без дапамогi — дала-ткi каманду сваёй падначаленай разабрацца з праблемай журналiста. Падначаленая адправiла мяне да хiрурга-траўматоляга, якi агледзеў мой уздуты ад халасьцяцкага рацыёну жывот i выправiў за дзьверы. Пасьля траўматоляга я трапiў да ўчастковага доктара. Мiлая жанчына сярэдняга веку запатрабавала гаварыць па-расейску, чым парушыла яшчэ й маё маральнае здароўе. Пашукаўшы нешта ў маiм роце i зьмераўшы цiск, яна выпiсала мне накiраваньне ў 4-ю клiнiчную бальнiцу, адкуль мяне вельмi хутка адфутболiлi назад у палiклiнiку. I паехаў я тады да сваiх старых знаёмых на Прылуцкую. О, у калiдорах знакамiтага вэнскурдыспансэра асаблiвая атмасфэра. Тут пацыенты адчуваюць сябе крэўнiкамi, якiя зьвязаныя адною сямейна-родавай таямнiцай. Тут носяць свае хваробы памiж ног, памiж пальцаў i на пузе. А як асаблiва прыхiльна i сарамлiва ўсьмiхаюцца тут жанчыны! А гэты сiвы мужчына, рэдактар пэдагагiчнага часопiса — якi ён мiлы ў чарзе на мазок. Толькi тут, на другiм паверсе знакамiтай установы, трапiўшы на прыём да доктара жаночага полу, ты раптам бачыш i адчуваеш, як ЯНА, загадаўшы «адкрыць галоўку», уваходзiць у цябе тонкай мэталiчнай штангай з малюпасенькiм язычком на канцы. I табе ня сорамна. Ня сорамна, бо ты мужчына i бачыш перад сабою не жанчыну-доктара, а Сымпатычную Жанчыну Да Сарака Пяцi, зь якой ты мог бы i дзiця зрабiць, ня тое што. Нават цяпер, каля ЯНА насаджвае цябе на сталёвы мэдыцынскi прэнт, ты ХОЧАШ. Ты заўсёды будзеш хацець. Ты будзеш хацець нават тады, калi ад францускай прастуды ў цябе правалiцца нос. Доктар ужо завяршыла працэдуру i дазваляе табе схаваць сваё дарагое начыньне ў майткi, а ты, ты, неверагодна разбэшчаны тып, стаiш са спушчанымi штанамi, купленымi некалi за дзьве тысячы бел. рублёў у сталiчнай краме «Несьцерка», i маракуеш, замужам яна цi не, i колькi гадоў ейнаму старэйшаму сыну (чамусьцi табе здаецца, што ў ЯЕ павiнен быць сын альбо два). За некалькi хвiлiнаў перад жанчынай-вэнэролягам ты адчуў сябе мазахiстам i эксгiбiцыянiстам, успомнiў выбраныя месцы з Фройда, Крафт-Эбiнга i Вiльгельма Райха, а потым стаў двухгадовым Слаўкам i папрасiў у мамы сiсi. «Сын, ты ўжо вялiкi», — сказала мама i намазала смочкi гарчыцай. Сын выплюнуў гаркое, малочнымi зубкамi балюча ўкусiў матчыны грудзi i моўчкi пайшоў хавацца ў бабулiным прыполе. [...]

 

в. Жойдзiшкi, Алегу Мiзулу

Менск, 20.07.98 г.

16-га сацыял-дэмакраты атрымалi дазвол на правядзеньне паэтычных чытаньняў. Быў там i я. I быў знак: дзяўчына ў мяне за сьпiнаю ўпала вiском аб асфальт. Дрэнны знак. Крычаць пра дыктатуру i да гэтай жа дыктатуры ходзяць па дазволы. У дыктатуры ня просяць — ёй ставяць клiзмы! I толькi так ! [...]

Днямi прынёс мне адзiн таварыш кнiгу ўспамiнаў савецкага дывэрсанта Лiнькова, чыя група бандзюгавала ў гады Другой сусьветнай на тэрыторыi нашай Беларусi. Успамiны цiкавыя тым, што напiсаныя па гарачых сьлядох i ўтрымлiваюць рэальную фактуру. Бадай, гэта першая кнiга, якая пазнаёмiла мяне з тым, як успрымаў «маскоўскi брат» нас, беларусаў, у гады нямецкай акупацыi. Дывэрсанты Лiнькова (мянушка — «Баця») дзейнiчалi спачатку на лiнii Вялейка — Полацак, потым — на Пiншчыне. Не магу не прывесьцi тут некалькi асаблiва пiкантных пасажаў на мове арыгiналу.

«Было совсем светло, когда я вышел из леса. Впереди виднелись строения какой-то деревни, НЕПОДАЛЕКУ МОЛОДОЙ БЕЛОРУС КОСИЛ ТРАВУ. Я МАХНУЛ ЕМУ ШАПКОЙ, ОН МОЛЧА ПОСМОТРЕЛ НА МЕНЯ И НАЧАЛ ТОЧИТЬ КОСУ». I далей: «У околицы показался человек на хорошей лошади и поехал к лесу». На працягу ўсй кнiгi ў засланага маскоўскага «казачка» выклiкаюць зьдзiўленьне «хорошие лошади» беларусаў. Цi то ў Расеi ў мужыкоў конi былi толькi дрэнныя, цi тут бальшавiцкая зайздрасьць прымушала аўтара зважаць на такую звычайную для беларуса акалiчнасць, як добры конь? Вiдаць, i тое, i другое, i трэцяе: паводле лёгiкi чырвоных камiсараў не павiнен быў беларускi мужык езьдзiць на дагледжанай скацiнцы, калi немцы стаялi пад сьценамi Масквы. Насьцярожвае палкоўнiка Лiнькова й тое, што нават пад акупацыяй беларускi старшыня калгасу, «мужик лет сорока пяти, гладкий, с аккуратно подстриженной бородкой», пiльнуецца гiгiены i не заводзiць на галаве каўтун.

Зьдзiвiў савецкага чалавека «председатель в Ковалевичах, со странной фамилией Муха...». Прозьвiшча для расейца сапраўды дзiўнае, бо яно БЕЛАРУСКАЕ. Потым, праўда, палкоўнiк Лiнькоў усьцешыўся, згадаўшы, што «были такие молодцы, как Добрынин, Говорков, Федор Волков — настоящие русские богатыри» (таксама дывэсанты, падзельнiкi «Бацi»).

«Имея при себе пятерку отличных бойцов, капитан старался меньше появляться в деревнях и не торопился завязывать связи с местным населением». I правiльна рабiў капiтан, ох правiльна.

«Где-то на другом конце деревни ныла гармошка, и пьяные голоса нестройно тянули «Пирапёлку» .[...] Мне стало грустно до слез». А я ўспомнiў у гэтым месцы , як гадоў пяць таму дыктар расейскага радыёканалу часопiс «Полымя» назвала «палымем». I на хвiлiну мне таксама стала сумна.

У сваiх успамiнах палкоўнiк Лiнькоў сьведчыць, чаго каштавала нам дзейнасьць маскоўскiх дывэрсантаў: «Мы тогда узнали, что за организованный нами взрыв на шоссе немцы произвели расправу с местным населением. В двух ближайших деревнях они расстреляли семь человек и около тридцати увезли с собой».

Памятаю, бабуля распавядала, што i ў нашай Альхоўцы быў падобны выпадак. Нехта падарваў рэйку на чыгуначным перагоне Крывiчы — Будслаў. Немцам стала вядома, што ў гэтым замяшаныя альхоўцы. Пахапалi, каго засьпелi ў хатах i на гародах, сагналi на ўзьлесак i выставiлi пад кулямёт. Бабуля, мой бацька вярхом на казе i ягоны меншы брат, мой дзядзька Казiк, засталiся жыць толькi дзякуючы пунктуальнасьцi нямецкага афiцэра, якi ў апошнюю хвiлiну адмянiў загад на расстрэл. Аказалася, што падрыўнiкi прыйшлi зь iншай Альхоўкi.

Слова «гума» запазычана ў нашу мову хутчэй за ўсё зь нямецкай, дзе яно гучыць як «Gummi». «Даць гумы» — цалкам беларуская фраза i азначае «адлупцаваць чым-небудзь», напрыклад гумовай палкай цi шлянгам ад пральнай машыны. У вынiку складанага перакладу беларуска-нямецкiх дыялёгаў атрымалася такая вось маскоўска-палкоўнiцкая «пэрлiна»: «Наиболее рьяным «агитаторам» гестаповцы ОТСЫПАЛИ ГУММОВ [...]».

Распавядаючы, як маскоўскiя дывэрсанты вучылi нашых мужыкоў дурыць немцаў, палкоўнiк Лiнькоў пiша: «У нас были прямо-таки артисты по части таких «заявов». У гэтым сказе мяне цiкавiць ня столькi зьмест тых заяваў, а тое, як маскаль «закавычивает» беларускае слова, ня могучы справiцца зь беларускiм «у» кароткiм. Тыя скабы абцiнаюць нашае слова й сёньня.

Далей цытую без асаблiвых камэнтароў.

«Мы провозглашали взволнованные тосты за здравие нашего дорогого вождя товарища Сталина, за нашу советскую Родину, за красавицу-столицу Москву».

«Перед нами открылись поля, а за ними большая деревня СО СТРАННЫМ НАЗВАНИЕМ БОЖИЙ ДАР».

«К тому же представлялось целесообразным израсходовать часть наших грузов на линии железной дороги Молодечно — Минск, которая проходила [...] у МЕСТЕЧКА РОДОШКЕВИЧИ, и на шоссе ПЛЕЩЕННИЦА — ЛАГОЙСК».

«Двое суток мы шли по лесам Налибокской пущи. Это была живописная дикая природа ТАЙГИ...»

У гэтых цытатах — увесь маскаль. Для яго Беларусь — тайга.

«Каб ты ў ёй галаву скруцiў!» — сказала б мая бабуля-нябожчыца.

Не паверыш, калi скажу зараз, што ў мяне пад бокам жыве натуральны таёжнiк. Летась я ледзь адбаярыўся ад мянта, якога хацеў дырэктар падсялiць у мой блёк. Ад беларускага мянта адбiўся — засялiлi расейца з Уралу. Жонка ў яго — беларуска з Гарадзеншчыны. Называе свайго мэханiка таксапарку Мiколкам i ледзь не штодня варыць яму пяльменi. Што ж, вiдаць пана па халявах.

 

Вiцебшчына, Мiрону

Менск, 27 лiпеня 1998 г.

[...] Цi вядома васпану, што дывэрсанты з групы палкоўнiка Лiнькова, якая ў 1941-42 гадах дзейнiчала на Лепельшчыне, таксама вывешвалi сьцягi, толькi чырвоныя, i мiнiравалi iх? Так што падумай. I будзь пiльны. Посьпехаў.

 

М. Бобр, Пушкiну

Менск, 28.07.98 г.

14 лiпеня правёў другiя паэтычныя чытаньнi. Прыйшлi ўдзячныя слухачы, дружна ўзьнялi парасоны, калi зацерусiў дождж, мужна выстаялi паўтары гадзiны. Не было нiякiх дазволаў на акцыю, не было i мянтоў. Думаю, варта замацаваць гэтую традыцыю правядзеньнем у канцы жнiўня альбо ў пачатку верасьня трэцiх чытаньняў. Дамо iм назву «Сьвята сэксуальнай большасьцi». ТОЛЬКI СЭКСУАЛЬНА ЗДАРОВЫ IНДЫВIД МОЖА БЫЦЬ ЭНЭРГАНОСЬБIТАМ СУПРАЦIЎЛЕНЬНЯ РЭЖЫМУ I РУХАВIКОМ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ РЭВАЛЮЦЫI. Хто адмаўляе Эрас — адмаўляе Нацыю.

 

м.Бобр, Пушкiну

Менск, 30.07.98 г.

[...] На Дзень Незалежнасьцi мая палюбоўнiца пагалiла ногi. Ды так старанна! Аж мне блага зрабiлася i пацягнула на ванiты. Ледзь-ледзь устрымаўся. Узгадалася дзяцiнства, лета i статак авечак. Узгадалiся першыя днi ў савецкiм войску i загад старшыны «убрать грязь» пад носам. Пасьля некалькiх месяцаў эксплюатацыi лёзаў «Нева» замест пуху на шчоках пачала адрастаць сапраўдная шчэць, выклiкаючы непрыемны сьверб.

I яшчэ, з успамiнаў пра турму. У камэры для малалетак, дзе я адбыў каля чатырох месяцаў, прыйшлося назiраць i такую форму зьдзеку над безабароннымi, як выбрываньне... броваў. Уявi сабе карцiну, сябра. Уявiў? Цяпер табе будзе лягчэй зразумець маё супрацiўленьне гвалту ня толькi чалавека над чалавекам, але й чалавека над прыродай. Там, дзе голяць ножкi, лёгка здымаць скальпы.

 

Лагойск, Дылевiчу

Менск, 5 жнiўня 1998 г.

[...] Пасьля адсiдкi бачыў цябе ўсяго два разы, але пагаварыць па-людзку мы так i не змаглi. Абодва разы ты быў п’яны. Якога д’ябла?! Ты ж некалi выглядаў салiдным мужчынам, заўсёды ў касьцюме й пад гальштукам. I што, «не стрывала душа паэта»? А хрэстаматыя беларускай лiтаратуры, якую ты ўкладаў? Як я разумею, яна так i не надрукаваная?

Зямляк! У нашай справе кожны чалавек на вагу золата, а ты... Прыцёгся на апошнiя чытаньнi ў замусоленай кашулi, гальштук дагары нагамi, у кiшэнi флякон якогась пойла... Ты што думаеш, ты арыгiнальны ў сваiм сьвiнстве? Ды такiх «гаротных» сярод нашай iнтэлiгенцыi сотнi й тысячы. I кожны зь iх носiцца са сваёй «дастаеўшчынай»...

Выбiрай, пакуль ня позна: барыкады альбо каналiзацыя?

 

в.Жойдзiшкi, А.Мiзулу, таварышу па адсiдцы

Менск, 7 жнiўня 1998 г.

[...] Будзе суд. Публiчны й хуткi. Як асбалiва небясьпечнага злачынцу, яго закуюць у кайданы. На сваiх руках i нагах ён адчуе сталёвы аргумэнт Нацыянальнай Рэвалюцыi. Выязное пасяджэньне Народнага Трыбуналу адбудзецца ў Палацы Рэспублiкi. Сьвежыя дошкi эшафоту выцiснуць кроплю сасновай смалы. [...]

Схадзiў учора на пiва ў забягалаўку, што каля ўнiвэрсаму «Рыга». I хоць прапiўся, але натхнiўся: з падслуханых дыялёгаў пачалi ў галаве маёй вязацца грубавата-павiльённыя радкi:

«Глянь, што гэта такое з валасатымi ручкамi,

зь вялiзнымi ручкамi,

з пляшывай галавой?

I што за яно вакол яго кучкамi,

кучкамi колеру, як пазалеташнi лой?

А што гэта гартаюць валасатыя ручкi,

а пальцы тоўстыя чаго дрыжаць?

I на каго так грозна вусоў калючкi

наставiла морда i спрабуе крычаць?

А чыя гэта, сябра мой, нахабная цэра

з экрану тэлевiзара лыпае бяльмом?

Шкада, што не сяджу я вось цяпер у бэтээры,

а то ох i заехаў бы ў iхны тэледом!

А во, глядзi, вусаты на нашым заводзе

начальнiку цэха паказвае фiгуры.

Ну, блiн, фiзiяномiя, што ў цешчы пры нагодзе,

аж плямы пайшлi па дагледжанай скуры.

Казалi мне жанчыны зь лiцейнага цэху,

што нейкi Хашчавацкi зрабiў кiно,

«Звычайны рэзыдэнт» называецца для сьмеху,

але пра тое потым. Разьлiвай вiно...»

Ну, жывы буду — напiшу працяг. Паведамляй, як рухаецца будоўля Дому. [...]

 

Санкт-Пецярбург, спадару А.К.

Менск, жнiвень 1998 г.

[...] Выбачайце, але жаданьне маё ўскараскацца на парапэты Нявы неяк хутка апала. Менск, стары добры Менск трымае, бо ён ня нейкая там фрамуга ў Эўропу, ён i ёсьць сама новая Эўропа. А вось кабетка мая ў Пiцер паехала. Некалi яшчэ пры Саветах у гэтым горадзе яе сярод белага дня скралi, ды ёй удалося ўцячы. Потым сустрэла яна мастака, ужо ў гадох мужчыну, якi два месяцы заваблiваў яе на сваю кватэру. Апошнi дзень рамантычных спатканьняў скончыўся згвалтаваньнем. Але маладая жанчына не пайшла тапiцца ў чорных водах Нявы, ня стала пiць атруту, ня стала вешацца на шаўковым касьнiчку. Яна здабыла напалмавы «кактэйль», падпалiла кватэру гвалтаўнiка, а потым вярнулася ў Менск, выйшла замуж за беларуса i нарадзiла ад яго прыгожага сына. Беларус, праўда, не стрываў нармальнага сямейнага жыцьця i сьпiўся.

... Эх i запалiм мы некалi нашага суседа з чатырох вуглоў! А фортку адчынiм, каб кiсларод паступаў! [...]

 

Масква, Зубаўскi бульвар, 5 Таварышу N

Менск, 10 жнiўня 1998 г.

[...] З iнiцыятывы Ельцына МЗС РБ у 1997 годзе выправiла дзесяць выпускнiкоў менскiх сярэднiх школ i школ-гiмназiяў на вучобу ў маскоўскi дзяржаўны iнстытут мiжнародных адносiнаў. Большая палова гэтых юнакоў паводле нацыянальнасьцi зьяўляюцца расейцамi, зь сем’яў вайскоўцаў альбо чыноўнiцтва. Беларускi бок сплачвае стыпэндыю, а таксама — за пражываньне. I вучыць маскоўскi выкладчык гiсторыi дзяржавы i права, што ВКЛ — гэта «извращенное проявление западно-русского сепаратизма». Ты, нашчадак старога беларускага роду, змог бы цярпець такiя экзэрсiсы? Не, ты ня змог бы. Таму цябе й не накiравалi.

[...] Нацыянальная Рэвалюцыя ня можа ўратавацца мiнулым. Рэвалюцыя павiнна шукаць новыя iдэi, новыя формы, новы стыль i новую мову. Пэрыяд мiжкантынэнтальнай стабiльнасьцi завяршаецца. Гарантыяў няма як на Ўсходзе, так i на Захадзе. Ёсьць наш вэстыбулярны апарат, якi можа ўтрымлiваць нас у вэртыкальным становiшчы толькi на сваёй беларускай глебе. [...] Кiдай правiнцыю ды хутчэй вяртайся ў Эўропу! Прыйшоў час узяць сяго-таго за шлункi. [...]

 

м.Бобр, Пушкiну

Менск, 11.08.98 г.

[...] Бытам пачаў, iм i завяршаю.

Уздумаў я пасьля хваробаў у лазьню схадзiць ды цела сваё дарагое прапарыць. Доўга, грунтоўна вымываўся ў лазьнi №7, што на Маскоўскай на вулiцы. Ды так i не дамыўся — халодную ваду адключылi. Выскачыў я, як той Пiлiп з канапель, i да загадчыцы памывачнай канторы: так, маўляў i так, прашу вярнуць мне 12 тысяч 900 рублёў, што я аддаў за бiлет, паколькi, кажу, я атрымаў не задавальненьне, а форменную пэртурбацыю з прычыны адсутнасьцi халоднай вады! А загадчыца гэтая, жанчына тых самых формаў, на якiя ў мяне язык выпадае, як у вiсельнiка, i кажа: «У вас галава мокрая? Мокрая! Значыць, вы памылiся? Памылiся! Пiсаць будзеце? Пiшыце! У нас народу мала ходзiць, дык вы нам рэкляму зробiце».

[...] Дарагi ты мой таварыш, прыяжджай на трэцiя паэтычныя чытаньнi. Запрашаю. Будзеш маляваць маiх чытачоў, а я прачытаю iм вершы пра вялiкую любоў да Беларускага Цела...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0