Славамiр Адамовiч

 

З ЦЫКЛЮ «СЬВЯТА СЭКСУАЛЬНАЙ БОЛЬШАСЬЦI»

 

 

AVE, HOMO!

 

Радуйся, муж, целу!

Вось яно, загарэлае,

перамяшчаецца важна

памiж асфальтам i небам,

дожджык яго палiвае,

сонейка сушыць i вецер,

рукi ўскiдвае цела,

паказваючы падпашкi,

ножкамi кратае цела,

а ў целе, як вiнчык у пляшцы,

булькае кроў i лiмфа,

i ёкае селязёнка,

цела робiцца пiфiяй,

цела сьмяецца звонка,

ляўрамi пахне цела,

кавуном i сьпелым сланечнiкам:

падыдзi да цела з далёкiм прыцэлам,

скiнь зь цела жаданьняў заплечнiкi...

Радуйся целу беламу!

Радуйся загарэламу!

радуйся целу наструненаму!

Расслабленаму!

Нясьмеламу!

Радуйся целу здароваму:

не прымушай худзець яго,

галiць на ножках валосiкi,

а вусны псаваць памадай.

Радуйся целу чыстаму:

цела — як белая глiна,

як шаты дуба вячыстага,

як лiпеньская малiна.

Побач зь целам прыгожым

спакойна i цiха робiцца,

ня будзь жа да цела варожы,

не заклiкай горбiцца.

У целе жывуць прагнасьцi,

дух i жаданьне свабоды.

Цела — крынiца радасьцi

i жыцьцядайных водаў.

Слаўлю я цела: вось яно

перамяшчаецца з гонарам,

рук пара i пара ног,

галава i тулава з органамi.

На целе станiк i майтачкi,

дзьве складачкi вэртыкальна,

згуляем зь целам у мячык мы,

а потым пойдзем у спальню.

У спальнi салiднай, як цешча,

на ложку салiдным, як цесьць,

буду целу чытаць вершы

сама меней разоў шэсьць.

 

 

ЦЕЛА МАЯКОЎСКАГА

 

Марыя, дай, цела Ўладзiмера

ня можа цярпець бясконца.

Расея пад Ленiнам прыцiхла, як вымерла,

асьлепшы ад бальшавiцкага сонца.

У грамадзянаў у штанах аблокi,

у кiшэнях тырчаць чырвоныя кнiжачкi,

расстралялi Мiколку-цара i лёкаяў,

а страх яшчэ больш смокча пад лыжачкай.

Параплавы Саветаў заходзяць у гаванi

краiн Антанты зь вiзытам ветлiвым,

у фаворы НЭП, як чаромха ў травенi,

але цела сумуе ў касьцюме вэльвэтавым.

Беларус Аляхновiч па памяцi крэмзае,

як жыў ён у кiпцюрох ГПУ,

iрванымi ранамi i парэзамi

цела расьпiсана, як гросбух.

Цела Ўладзiмера ад Каўказу да Мурмана

выпрасталася над трупамi галодных Паволжжа.

У Менску чэкiсты чысьцяць i ў Мураме,

каб забясьпечыць Маскву збожжам.

Вось цела Маякоўскага, паэта партыi,

i целы беспартыйныя на лягерных нарах.

Радкi лесьвiцай чаго вартыя,

калi прыступкi вядуць у бэстыярый?

Цела хоча пяшчоты, Марыя,

вялiкае цела хоча асаблiва,

пасьля зьнiшчаць беларуса Мрыя,

мiльёны пройдуць праз чырвонае млiва.

Ясенiну пiсаў я, што памерцi проста,

а жыць застацца з кляпам у зубах

паэту немагчыма, i таму так востра

карцiць адправiцца ў невядомы шлях.

“Прыйду”, — сказала ты, i я паверыў.

Чакаў гадзiну, i дзьве, i тры,

я нават расчынiў камунальныя дзьверы,

як дантыст пацыентам расчыняе iрты.

У газьнiцы згарэлi i кнот, i вадкасьць,

у лямпе Ўльянава расплавiўся вальфрам.

Суседка за сьцяною пляскала ў ладкi

i доўга рагатаў дворнiк Варлам.

Што ж ты, Марыя, цела змаглося,

цела больш ня можа цярпець зьдзек.

У гэтым балючым людзкiм шматгалосьсi

выпала ЯМУ напароцца на стэк.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0