ПЯЧАТКА ШКОЛЬНАЯ

 

Кожная палiтычная сыстэма мае свае атрыбуты. Сыстэма памiрае — i атрыбуты альбо гiнуць зь ёю, альбо прыстасоўваюцца да новых умоваў. Аксiёма гэтая, на першы погляд, не выклiкае сумневаў. Аднак у мiтусьнi, што ўтварылася падчас развалу апошняе iмпэрыi, нiхто, здаецца, i не заўважыў, якая такая спадчына зрабiла ўпэўнены крок з гадзiнаў сталiнскае дыктатуры наўпрост у нашую сучаснасьць. А спадчына гэтая — нашая ШКОЛА.

Я цудоўна памятаю, як гучаў (параўнальна нядаўна) мой апошнi званок. На ўрачыстую «лiнейку» на асфальтавай пляцоўцы сабралiся: прымусам прыведзеныя першакляшкi, якiя шчэ не навучылiся думаць; прыведзеныя таксама прымусам, толькi ўжо «маральным», выпускнiкi, што ўжо пасьпяхова навучылiся ня думаць; гамуз настаўнiц, якiя прагнуць сантымэнтаў, прызнаньняў у любовi й кветак. Малодшыя паслухмяна пляскалi ў далонькi — дырэктару, што надрываўся ў зламаны мiкрафон... сваiм аднаклясьнiкам, што чыталi вершыкi-дрындушкi на матыў «Харэ Крышна»... выпуск-нiкам, што падыходзiлi для атрыманьня граматаў... Я атрымала блiскучую, чырвоную, «серпасто-молоткастую» «Пачотную грамату» — «за выдатныя веды па iсторыi».

У нашай кляснай кiраўнiцы й нават у некаторых дзяўчатак атрымалася выцiснуць зь сябе сьлёзы; усе былi ва ўрачыстым засмучэньнi.

А я глядзела на iх i думала: «Усё, усё! Гэта канец!» Яны садзяць нябожчыка за стол, а потым яшчэ дзiвяцца: «Чаму гэта вячэра пахне трупярняю?»

Зараз мы назiраем распад савецкае школы, гэтай мiнi-дзяржавы, дзе даўно адбыўся крах, нябожчыцы, што забылася памерцi. Гэта нават не апошняя стадыя хваробы, а цалкам заканамерная сьмерць, якую нiхто ня хоча заўважаць.

«Вучыцца, вучыцца й вучыцца!» — прамаўляў даволi слушна, як нi круцi, таварыш Ленiн. Але савецкая школа была пабудаваная насуперак гэтаму лёзунгу. Бо ў ёй ня вучацца. У ёй ВУЧАЦЬ.

Розьнiца памiж «мяне вучаць» i «я вучуся» канчаткова была мною ўсьвядомленая ў адзiнаццатай клясе. Менавiта тады я даведалася, колькi каштуе час. I мне было вельмi балюча забiваць штодзень па сем-восем гадзiнаў. А колькi часу было забiта за адзiнаццаць гадоў? Боязна падлiчваць.

У апошнi год маёй вучобы я перастала паважаць школу. Я перастала ўспрымаць любую iнфармацыю, якую спрабавалi ўпiхнуць у мяне на ўроках. Я не рыхтавала хатнiя заданьнi й нават не насiла на заняткi кнiгi. Я не хацела, каб мяне вучылi. Я вучылася сама, прычым даволi плённа.

Савецкiя вучнi робяць хатнiя заданьнi, каб не атрымаць двойкi. Савецкiя вучнi ходзяць на заняткi, каб iх не выклiкалi ў настаўнiцкую. Савецкiя вучнi вучацца, каб здаць школьныя iспыты. Савецкiя вучнi ня хочуць вучыцца. А калi хто й хоча, то ў школе рэалiзаваць гэтае права ня можа.

Бо ўся сыстэма школьнае адукацыi заснаваная ў нас на прымусе. Вучнi вучацца таму, што абавязаныя, а спытаць: «Дзеля чаго?» — i не адкажуць. Настаўнiкi вучаць, бо абавязаныя, а на пытаньне «Дзеля чаго?» — адказу няма. Бо камунiзм ужо нiхто не будуе, а за «вольную й незалежную Беларусь» можна толькi згубiць працу. Няма МЭТЫ — вось у чым праблема.

Дарэчы, у настаўнiкаў усё ж ёсьць адказ на пытаньне «Дзеля чаго?» «Мне за гэта грошы плоцяць», — кажа настаўнiк. Але адразу ж уздыхае: «Ды хiба гэта грошы?» Яшчэ адзiн нонсэнс: вучыцца ўжо перасталi, хутка й вучыць перастануць.

I мая анкета «Чаму я навучылася ў школе» выглядае прыблiзна так:

1) хлусiць i падманваць;

2) сьпiсваць i падказваць;

3) прынiжацца й сьпяваць дыфiрамбы;

4) разьбiраць швэйную машынку.

Да «зьбiраць» справа так i не дайшла.

Што нi кажы, але камунiстамi была пабудаваная iдэальная машына для выхаваньня рабоў. Усе мы прайшлi праз савецкую школу. Усе мы хлусiлi й падманвалi, больш цi менш пасьпяхова, на працягу адзiнаццацi гадоў. На кожным з нас ляжыць пячатка вялiкае школьнае няпраўды — пячатка школьная. I ўсе нашыя дасягненьнi — не дзякуючы, а насуперак.

I дзецi нашыя ходзяць у тую самую школу, у якую хадзiлi нашыя бацькi. Школу, дзе нiхто ня хоча вучыцца, нягледзячы на славуты лёзунг.

Таму, калi мы зьдзейсьнiм запаветнае «прыйсьцi да ўлады», пераўтварэньнi трэба будзе пачынаць менавiта з сыстэмы школьнае адукацыi. Каб не выхоўваць новых рабоў, якiя з маленства прывучаныя выконваць загады.

А тыя «рэфармiсцкiя памкненьнi», што сьвярбяць цяперашняй уладзе, — не рэанiмацыя, а ажыўленьне трупа. Адна з такiх шалёных iдэйкаў да болю нешта нагадвае: школьнае самакiраваньне, нават з выбарам прэзыдэнта...

А нашыя спробы пакуль што сама раз падобныя да выпадку, што адбыўся ў адной са школаў: проста з заняткаў хлопца на «хуткай» адвезьлi ў адмысловы шпiталь, дзе ён у адмысловай кашулi з доўгiмi рукавамi, завязанымi за сьпiнаю, распавядаў адмысловым лекарам свае праекты рэформы школьнае адукацыi...

Яўгiньня Каляда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0