Сто твораў мастацтва XX стагодзьдзя

 

Вiталь Цьвiрка. Ганча — партызанская зямля

 

... Гомельшчына стала радзiмаю прынамсi трох клясыкаў савецкага жывапiсу: Нiскага, Майсеенкi й Цьвiркi. Апошнiя два нават паходзяць з адных мясьцiнаў, з Буда-Кашалёўшчыны. Цi то з наканаваньня, цi з гiронii, але менавiта на iх i скончыўся жанар рэалiстычнага пэйзажу ў мастацтве СССР. Дзякуючы iхнай жа творчасьцi. Лёгiка стылёвае эвалюцыi, якую яны прайшлi, прывяла да канстатацыi: сацрэалiзм вычарпаны да рэшты.

... Вiталь Цьвiрка нарадзiўся перад першай сусьветнай вайною, у далёкай палескай вёсцы, дзе ягоны бацька працаваў школьным настаўнiкам i быў да таго ж мастаком-аматарам. Бацька вучыў сына маляваць, капiяваць рэпрадукцыi клясычнага жывапiсу ды кнiжныя iлюстрацыi.

Напрыканцы двадццатых сям’я перабралася ў Менск. Тут, у дамку на вулiцы Слонiмскай, iх суседам быў Кандрат Крапiва, якi тады ня меў i трыццацi гадоў. Шторанiцы яны бачылiся за адным сталом. Увесь час вясёлы, рухавы Крапiва сыпаў жартамi, дэклямаваў свае вершы й байкi. Другiм настаўнiкам пасьля бацькi Цьвiрка лiчыў менавiта Крапiву, якi прышчапiў яму ня толькi беларушчыну й тыя, свае асабiстыя ўяўленьнi пра нацыянальную культуру, але й прагу самавыяўленьня праз малюнак. Малады Крапiва быў добрым малявальшчыкам i з захапленьнем iлюстраваў уласныя творы.

Трэцiм настаўнiкам для Вiталя Цьвiркi стаў Мiхал Станюта, якi ў сваёй невялiчкай кватэры наладзiў сапраўдны клюб менскае багемы. Сам Станюта напару з Фiлiповiчам вёў заняткi ў сваёй хатняй «студыi». Дзякуючы нястомнаму iмпэту гэтых настаўнiкаў-адраджэнцаў, Цьвiрка атрымаў дастатковую падрыхтоўку, каб працягнуць адукацыю...

... Вiцебск тым часам нарэшце быў вернуты Беларусi. Праўда, у iм ужо не было тых майстроў, што склалi гораду славу. Цьвiрка паступае ў пост-шагалаўскi, пост-малевiцкi Вiцебскi мастацкi тэхнiкум, у 1929 годзе, калi тут яшчэ не забылiся галасы славутых мэтраў...

... Бiяграфiя Вiталя Цьвiркi — нiбы мiнi-энцыкляпэдыя мастацкае адукацыi ў СССР. Як i большасьць маладых мастакоў камунiстычнае Беларусi, ён марыў пра вучобу ў Маскве. Мара зьдзейсьнiлася. У 1935-м ён паступiў у Маскоўскi мастацкi iнстытут. Ягонымi настаўнiкамi тут былi Герасiмаў, Ражскi, Грабар. Цi то мiзантроп Герасiмаў, цi то вялiкi эрудыт, рэстаўратар старажытнага жывапiсу Грабар, але прынамсi нехта з гэтых настаўнiкаў падраiў маладому беларусу ягонае крэда —пэйзаж. Па вайне Цьвiрка стаў першым савецкiм пэйзажыстам у Беларусi з цалкам савецкай адукацыяй...

... Вядома, былi спакусы выявiць нешта «сур’ёзнае». У той час нават тонкi эзатэрык Грабар, якi не пiсаў нiчога жанравага, з уласнай волi палiчыў патрэбным адгукнуцца на падзеi вайны. Патрыятызм. У 1944-1945 г. Цьвiрка езьдзiць па Беларусi й стварае шэраг невялiкiх пэйзажных палотнаў, эцюдаў у мясьцiнах, зьвязаных з падзеямi вайны. Гэтак нарадзiлася нiзка, цяпер малавядомая, ва ўнiкальным жанры. Гэта й «Руiны Менска», i «Камэра нямецкага СД», i «Двор лягера Масюкоўшчына» ды яшчэ некалькi рэчаў...

Сама кан’юнктура тады падказвала, што й адной працай, прысьвечанай ваенным падзеям, можна «прарвацца» у клясыкi. Пэйзаж для гэтага надаваўся мала. Патрабавалася плякатнасьць. I Цьвiрка стварае такiя хрэстаматыйныя творы, як «Палонных вядуць», «Няскораныя», «Жыцьцё нараджаецца» ды iншыя, напiсаныя ў духу настаўнiка Ражскага. «Няскораныя» (1947) — палатно, на якiм выяўлена страта партызанаў нямецкiмi вайскоўцамi, — наогул лiчылiся доўгi час цi не наймацнейшым абагульненьнем чалавечае трагедыi... Не прамiнуў Цьвiрка й сталiнiяны, склаўшы сваю данiну бальшавiцкаму правадыру. Значна пазьней, у адным з iнтэрвiю пачатку 80-х мастак сказаў: «У той час у паваенным жывапiсе йснаваў гэтак званы парадна-лякiроўны стыль. Тэорыя бесканфлiктнасьцi штурхала мастакоў да штучнай пабудовы кампазыцыяў, аднастайных усьмешак на тварах герояў карцiн. Пэйзажу ўсё гэта супрацьпаказана. Пэйзаж — сумленны жанар, а праўдзiвасьць, шчырасьць пачуцьця я цаню ў мастацтве вышэй за ўсё». Цьвiрка закiнуў жанравы жывапiс i засяродзiўся на пэйзажы.

У 1954-м ён пiша адзiн з найлепшых сваiх твораў — «Ля млына» — у клясычных традыцыях расейскага перасоўнiцтва XIX ст. Нават, дакладней, у духу маскоўскае школы, у духу Паленава. Атрымаўся своеасаблiвы рэлiкт. Сам Цьвiрка казаў, што пiсаў гэтае палатно доўга, за некалькi дзясяткаў сэансаў. Гэты твор стаў шэдэўрам усяго савецкага жывапiсу, адзначыў пералом мастацкiх эпохаў, адыход ад паўсюднае лiпучае iдэалёгii. Мажорнае вяртаньне да нармальнага людзкага бачаньня сьвету. Для беларускага мастацтва гэты твор пазначыў зварот, цi вяртаньне, да праблемаў прасторы, прыроды сьвятла.

Тым часам мастак яшчэ не пакiдае сваiх амбiцыяў жанрыста. У 1957 годзе ён раптам зьвяртаецца да гiсторыi Заходняе Беларусi й пiша палатно «Паўстаньне рыбакоў на возеры Нарач». Шматфiгурная кампазыцыя нiбыта павiнна была перадаць драматызм вызвольнае барацьбы беларусаў супраць польскае акупацыi. Аднак выйшла нешта не зусiм адпаведнае задуме... Сакавiты каляровы лад, глыбокая паветраная пэрспэктыва, карагод адкрытых каляровых плямаў... Як слушна (мiжволi) пазьней пiсалi савецкiя мастацтвазнаўцы, гэтае палатно нарадзiлася пад уплывам маляўнiчых краявiдаў «беларускага мора» — Нарачы, куды мастак езьдзiў адпачываць.

З 60-х гадоў пачынаецца радыкальна iншы этап творчасьцi Цьвiркi. «Палiроўка» маскоўскае адукацыi ўсё больш адыходзiць у нябыт, у бiяграфiчныя згадкi. Захоплены краявiдам Беларусi, якую ён аб’ездзiў ды абыйшоў, мастак раскрывае для сябе ўсё больш адпаведныя жывапiсныя прыёмы. Радасьць ад бясконцасьцi зразумелых разлогаў роднай краiны дыктавала новы, лёгкi, iмпэтны жывапiсны кшталт. У тыя часы ён стварае сёньня ўжо добра вядомыя карцiны: «Родныя далягляды», «Сьвiр», «Сказ пра Палесьсе» ды дзясяткi iншых палотнаў, што вызначылi ягоны адметны, лёгка пазнавальны стыль. Сацыяльны статус (рэктар Iнстытуту) i максымальнае дыстанцыянаваньне ад сталiчнага «сьвету», давалi свабоду. «Мастацкi твор, а менавiта пэйзаж нельга «высмактаць з пальца». Дакладней, можна, але гэта заўсёды будзе бачна», — сьцьвярджаў мастак. Ён выбраў сабе ў пэўным сэнсе наiўную задачу, больш уласьцiвую папярэднiм эпохам — паказаць усю сваю радзiму, усе яе куткi, яе адметнасьцi.

Напрыканцы 60-х гэты натуралiстычны, цi, дакладней, геаграфiчны запал саступае месца спробам абагулiць, падсумаваць досьвед. Палотны становяцца гiмнамi. Эпiчны размах абумоўлiваецца высiлкамi стварыць адназначны, ясны вобраз сваёй краiны. Гэтак у 1969 годзе ён пiша «Ганчу — партызанскую зямлю».

Як мастакi называюць палотны? Часам нiяк, каб не замiнаць чыстаму ўспрыманьню пэўнага вобразу. Часам наадварот, называюць з мэтаю напоўнiць работу нейкiм дадатковым, часам парадаксальным зьместам. Парадаксальны, у сваю эпоху, Цьвiрка даў парадаксальную назву свайму твору на ўсе эпохi. Калi папярэдне ня бачыць гэтае карцiны, а толькi пачуць яе назву, то, будучы хоць у нейкай ступенi знаёмым з савецкiм мастацтвам, няцяжка сабе ўявiць людзей са зброяй, цi пiянэраў, што схiлiлi галаву, цi яшчэ што-небудзь з гэтага роду... Немагчыма толькi прадбачыць, што гэтак можна было назваць... абраз. Менавiта абраз, на якiм барвовы сонечны нiмб прытуляе зямлю, аддадзеную на пакуты. Гэткую годную й прыгожую зямлю, якая прагне любовi. Зямлю, над якою шэра-зялёнае неба i залатыя воды.

Сяргей Харэўскi


 

Вiталь Цьвiрка (1913, в. Радзеева, Буда-Кашалёўскi раён — 1993, Менск) жывапiсец, выкладчык. У 1932 скончыў Вiцебскi мастацкi тэхнiкум. У часе вайны, у 1942 закончыў Маскоўскi iнстытут iмя Сурыкава. Выкладаў у Менскай мастацкай вучэльнi. З 1958 па 1960 — рэктар Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытуту. Ачольваў праўленьне Саюзу мастакоў БССР з 1962 па 1963. У 1967 атрымаў Дзяржаўную прэмiю БССР. Народны мастак БССР.


 

Творы, прадстаўленыя ў папярэднiх нумарах «НН»:

 

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля.

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск. Лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск,  2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi.
Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская опэра

20. Аркадзь Астаповiч. Дворык

21. Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сьцяг

22. Прывакзальная плошча ў Менску

23. Станiслаў Жукоўскi. Iнтэр’ер

24. Пакроўскi сабор у Баранавiчах

25. Мiхал Станюта. Партрэт дачкi

26. Яўхiм Мiнiн. Усьпенскi сабор у Вiцебску

26. Iзраiль Басаў. Успамiн

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0