7 чэрвеня парлямэнт вырашыць далейшы лёс прыватызацыйных чэкаў. Урад настойвае на ануляваньні нявыкарыстанных цягам трох год сэртыфікатаў бяз выплаты кампэнсацыі

Чэкавая прыватызацыя распачалася ў 1994 годзе. З таго часу тэрмін дзеяньня чэкаў працягваўся пяць разоў, нагадвае газэта «Белорусы и рынок». Гэтым разам чэкі «Маёмасьць» можна будзе абмяняць на акцыі айчынных прадпрыемстваў да 31 сьнежня 2009 г.

Па інфармацыі выданьня, ва ўрадзе не хаваюць таго, што зацягнутая чэкавая прыватызацыя зьяўляецца галаўным болем для ўлады, а на канчатковую грашовую кампэнсацыю ўласьнікам нявыкарыстаных сэртыфікатаў па‑просту няма сродкаў у бюджэце. Выкуп такіх чэкаў патрабуе 821 млрд. рублёў. І гэта без уліку індэксацыі паводле штогадовай пераацэнкі дзяржмаёмасьці. Для параўнаньня, сёлетнія выдаткі на адукацыю складаюць 1 трлн. рублёў.

Каб заахвоціць уладальнікаў нявыкарыстаных чэкаў урад зьбіраецца пашырыць сьпіс акцянэрных таварытваў, на чые акцыі можна памяняць прыватызацыйныя чэкі. У гэты пералік патрапяць каля 30 прадпрыемстваў, што плянуюць прыватызаваць ужо сёлета.

Варта нагадаць, што ў красавіку парлямэнцкая камісія вярнула на дапрацоўку ва ўрад законапраект, прапанаваны Міністэрствам эканомікі, які прадугледжваў ануляванеьне нявыкарыстаных чэкаў без кампэнсацыі. Шэраг парлямэнтароў зьвярнулі ўвагу на парушэньне канстытуцыйных правоў уласьнікаў нявыкарыстаных чэкаў. Не зважаючы на гэта, урад усё ж настаяў на сваім, каб паставіць на разгляд парлямэнту пытаньне чэкавай прыватызацыі. На думку «БР», дэпутаты, якія амаль адзінадушна прагаласавалі за скасаваньне большасьці льготаў для некаторых катэгорыяў грамадзянаў, могуць праявіць ляяльнасьць і ў гэтым непапулярным пытаньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?