У ЧАКАНЬНI ДЗЯВЯТАГА ВАЛУ

Чытачоўскiя занатоўкi

 

Хто гэта прыдумаў, што сапраўдная лiтаратура ствараецца менавiта ў часы рэакцыi? Маўляў, чым большае беспрасьвецьце ў жыцьцi, тым глыбейшыя лiтаратура й мастацтва. Калi ўзяць гэтую выснову за аксiёму, то сёньняшняя Беларусь павiнна проста захлынацца ад новых лiтаратурных iмёнаў i зьяваў кнiжнага рынку. Але ж не захлынаецца.

Тое, што трапiла за апошнi год у поле зроку, можна назваць падзеямi, але ня плыньню. «Сьцяна» Васiля Быкава, «Койданава» Адама Глёбуса, «Божая кароўка зь Пятай авэню» Уладзiмера Арлова. Акрамя таго, што гэтыя кнiгi выдадзеныя без удзелу дзяржавы, аб’ядноўвае iх яшчэ адна акалiчнасьць. Iх немагчыма ўбачыць на палiцах менскiх кнiгарняў, куды я звычайна заходжу ў пошуках новае кнiжкi i дзе прагортваю пару-тройку сучасных выданьняў. А там...

Жывыя савецкiя клясыкi ўсё нiяк не забудуцца на сваё партызанскае юнацтва. Саракагадовыя гарадзкiя iнтэлiгенты працягваюць сумаваць па вёсцы. Праўда, цяпер часьцей сумуюць па хатцы за чарнобыльскiм дротам. I, як заўжды, беларускамоўныя маёры мiлiцыi ловяць ня менш адукаваных блатароў. Як вам напрыклад такая цытата:

«— Ты, фраер, са мною не жартуй. Бронежылет не спасе.

— А ты сам-та хто?

— Беларускi фiлiял фiрмы «Жыццё i смерць».

Хоць ты бяры любую такую кнiжку й рабi чарговы спэктакаль для першай праграмы беларускага радыё. Мова не пацерпiць.

Дарэчы, дзiўны факт, але нават кнiгi, выдадзеныя вольнымi ў выбары правапiсу выдавецтвамi, не вылучаюцца сярод сваiх дзяржаўных сясьцёр «нехорошим» мяккiм знакам. А я б за цаною не пастаяў. I, падазраю, не адзiн я. А прыходзiцца зноў пакiдаць кнiгарню нi з чым.

I пачуцьцё няёмкасьцi за, у чарговы раз, не аплочаныя беларускiя словы не адпускае пры выхадзе з крамы. Пры гэтым мяне мала хвалюе факт, што мне нiколi ня прыйдзецца прачытаць што-небудзь з таго, чым стракацяць палiцы нашае сучаснае лiтаратуры. Але ж павiнен быць Нехта, дзеля каго працуе гэтая машына.

Я нават паспрабаваў прыдумаць сабе гэтага дзiвака. Мне ўявiўся сумны пяцiдзесяцiгадовы чытач у старым шэрым палiто, стаптаных чаравiках i заношаным барэце. Чытыч «па наканаваньню», якi ўсе свае пяцьдзясят гадоў прысьвяцiў чытаньню толькi беларускай i толькi савецкай лiтаратуры. Праўда, навошта ён гэта рабiў, мне не ўявiлася. I я стаў высьвятляць факт ягонага iснаваньня ў прадаўшчыцы Люды. Але Люда мяне расчаравала (цi, наадварот, супакоiла?). Загадкавага чытача не iснуе. Як i пяць гадоў таму, школьнiкi раскупляюць выданьнi клясычных аўтараў i — на гiстарычную тэматыку. Чытычы-нацыяналiсты разьбiраюць рэдкiя кнiжкi нацыяналiстаў-пiсьменьнiкаў. А тыя, хто элемэнтарна яшчэ не забыўся на беларускую абэцэду, ахвотна бяруць сэрыйныя выданьнi перакладной заходняй лiтаратуры, якая зьяўляецца на палiцах усё радзей i радзей.

Апошнiм разам я не пакiнуў кнiгарню з пустымi рукамi. Я набыў даволi мiлы зборнiк санэтаў Адама Мiцкевiча, выпушчаны выдавецтвам «Полымя» ў кiшэнным фармаце, на крэйдавай паперы й густоўна праiлюстраваны. Факт, што ў нас яшчэ не развучылiся выдаваць прыгожыя кнiгi, вядома, ня можа ня радаваць. Як i папулярнасьць клясыкаў у нашую пераходную эпоху. Але й зьнявервацца ў зьяўленьнi сьвежай лiтаратуры ў часы рэакцыi, пра што я сказаў напачатку, таксама ня хочацца. Таму што новы чытач, якому ня ўсё роўна, што чытаць, як i ня ўсё роўна, на якой мове, ужо прыйшоў.

I мне ня трэба напружваць фантазiю, каб яго ўявiць. За апошнi год я меў аж некалькi нагодаў зь iм пазнаёмiцца. Гэта й той чалавек штангiсцкага целаскладу ў банальнай скуранцы, што аднойчы перахапiў у мяне ў шапiку апошнi нумар часопiса «Крынiца». I сярэдняга веку iнтэлiгент, хутчэй за ўсё тэхнар, якi неяк у мэтро па-расейску, ветлiва папрасiў у мяне зiрнуць сьвежую газэту. «Што у нас новенького в «Нашай Нiве?» I студэнты, зь якiмi мяне час ад часу зводзiць маё валоданьне некалькiмi гiтарнымi акордамi. (Дарэчы, што цiкава, у «фiзыкаў» лiрыка па-беларуску выклiкае парою большы iнтарэс, чым на факультэтах, так бы мовiць, нашага кантэксту.) Ёсьць адна рыса, якая аб’ядноўвае гэтых людзей — зацiкаўлены погляд. Погляд чалавека, якому хочацца распавесьцi што-небудзь такое, чаго ён яшчэ нiколi ў жыцьцi ня чуў. Iнакш кажучы, падарыць яму Новую лiтаратуру.

Адкуль яна возьмецца ў нашым спыненым на месцы жыцьцi? Я думаю, з уменьня бачыць, разгледжваць у гэтым жыцьцi падзеi й знаходзiць сюжэты — сутнасныя, а ня тыя, што ўсiм намулялi вока. Ужо чым-чым, а сюжэтамi нашае жыцьцё багацее штодня.

Вось, напрыклад, здарылася гiсторыя з адценьнем палiтычнага дэтэктыву, на якую прагна накiнулiся, напэўна, усе салiдныя газэты краiны.

У самым цэнтры сталiцы, на пляцы памiж, як кажуць у народзе, «домам калхозьнiка» й будучым ягоным «маўзалеем» 3 лiпеня адкрыўся новы помнiк. Нулявы кiлямэтар. Пачатак адлiку да ўсiх нашых райцэнтраў i нянашых сталiц. Невысокая гранiтная пiрамiда з бронзавымi картушамi па бакох. На адной з граняў —выява беларускае мапы з адыходзячымi ад яе стрэлкамi. Што цiкава, стрэлкi паказваюць выключна на Ўсход. Каб, напэўна, было зразумела, у якi Рым павiнны весьцi беларускiя шляхi. Ля падножжа пiрамiдкi можна прачытаць, колькi там да Вiльнюса, цi да Мiёраў. Адным словам, рэч у гаспадарцы карысная. I стаяць бы ёй некранутай гадамi.

Але прастаяў Нулявы кiлямэтар трохi болей за месяц. Пакуль аб яго не зачапiлiся герастраты. «Група падагрэтай алькаголем моладзi», — як напiсалi газэты. Ставячы сябе на iх месца, я зразумеў, што без iмправiзацыi тут не абышлося. Ну, а як яшчэ можна раскурочыць па частках гэтую канструкцыю амаль насупраць прэзыдэнцкiх вокнаў, пасьля загрузiць бронзу ў злоўленую таксоўку на вулiцы, дзе мiлiцыянтаў больш, чым электраслупоў, каб пасьля везьцi багатую здабычу дахаты. А галоўнае —навошта? Ну не дзеля вандроўкi ж у Пiшчалаўскi замак.

Якiя там былi сапраўдныя матывы ды прычыны вандалiзму — ад чэсных газэт не даб’есься. А з напалову праўды лiтаратурнага сюжэту ня зробiш. Таму дэтэктыўная гiсторыя застаецца сюжэтам газэтным.

Але што цiкава. Разам з гэтым у нашым жыцьцi адбываюцца, на першы погляд, нашмат менш заўважныя й годныя ўвагi падзеi, пра якiя салiдныя газэты ня пiшуць. У менскую электрычку сеў звычайны з выгляду дачнiк, з тым толькi адрозьненьнем ад астатнiх, што пачытаць у дарогу ён узяў нашанiўскую кнiжку «Гарт». А ў Баранавiчах, дзе нядаўна выйшаў культурнiцкi альманах з назваю «Рыцар Свабоды», маладыя аматары роднага слова набiлi морду мясцовым баркашоўцам. А ў Рэчыцкiм коледжы апошнi збор БПСМ быў прысьвечаны бiчаваньню аднаго з вучняў, якi амаль год мужна мыў падлогу роднае аўдыторыi сёньняшнiм дзяржаўным сьцягам. I такiх негазэтных фактаў па ўсёй краiне штодня набiраецца ўсё больш i больш. За iмi пры жаданьнi ўжо можна разгледзець лiтаратурныя сюжэты новых кнiг.

... З Нулявым кiлямэтрам сёньня ўсё ў парадку. Яго зноў апранулi ў бронзу. Вось толькi адна дэталь так i не вярнулася. Герб «Капуста».

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0