Яшчэ раз пра «Золотое кольцо»

 

Сьвятатацтва мусiць быць пакараным. Праўда, у жыцьцi гэты неабвержны прынцып спрацоўвае зусiм ня так адназначна, як у старых паданьнях. Тыя, хто зьнiшчаў нашыя сьвятынi, i сёньня вызначаюць лёс Беларусi. Без пакараньня не прыйшло пакаяньня й ня прыйдзе ачышчэньня.

Тыя рукi, што ўчынялi зло, ня створаць дабра. Таму мне дзiўна чуць, як з вуснаў Лукашэнкi й ягоных памагатых прынагодна сыплюцца словы пра неабходнасьць падтрымкi культуры, зьберажэньня спадчыны, беларускага пiсьменства...

Напрыканцы мiнулага году мы распавялi ў «Нашай Нiве» пра глябальны праект, якi вось ужо два гады рыхтуецца ў нетрах уладных структураў — «Залатое Кальцо Беларусi». Размова вялася пра тое, што ў выпадку рэалiзацыi гэтага праекту ўсе ахоўныя i запаведныя тэрыторыi, помнiкi архiтэктуры i гiсторыi будуць знаходзiцца ў распараджэньнi аднае Адмiнiстрацыi зоны «Залатое кальцо». Дадаткова да гэтай зоны мусяць быць аднесеныя шматлiкiя гаспадарчыя, транспартныя i энэргетычныя аб’екты. Гэткiм чынам у дадатак да розных зонаў у Беларусi будзе ўтвораная яшчэ адна, але нашмат большая памерамi i зь нiкому непадкантрольным кiраўнiцтвам.

Днямi мне ў рукi патрапiў допiс аўтара праекту «Золотого кольца» спадара Парфiяновiча пад назовам «Чтобы не страшно было рожать дочерей на белорусской земле». Парфiяновiч спрабуе яшчэ раз растлумачыць нам гуманiстычную сутнасьць свайго праекту i свайго сьветапогляду. Патасны i непiсьменны, прэтэнцыёзны i блытаны гэты тэкст вiдавочна адлюстроўвае погляды многiх сёньняшнiх архiтэктараў беларускае будучынi.

 

«Уважаемый читатель, — пачынае Парфiяновiч, — желая тебе полезного путешествия по страницам предлагаемого к реализации в Беларуси проекта по созданию экономических условий возрождения историко-культурного и природного наследия, позволь заметить, что желаю этого тебе я на двух родных мне языках — белорусском и русском, причем второй мне, сыну польки и белоруса, мужу русской кажется куда привычнее и роднее, чем первый. Уверен, что буду понят теми белоруссами, которые вместе со всем советским народом превращались в исключительно сплочённую группу людей консолидированную общей социальной победой 20-х, 30-х, 40-х, и 70-х, взрощенной, в известной мере на триумфе бездуховного мещанства, в виду объективных исторических событий, забыв на несколько поколений о ключевом продукте многовекового опыта человеческих взаимоотношений, фиксированного в языке».

Спадар Парфiяновiч упэўнены, што ў Беларусi iснуе сацыяльная гармонiя i створаная прававая база для гарманiчнага разьвiцьця нацыi. Праўда, ён тут жа пярэчыць сабе, прысьвяцiўшы дзьве старонкi пералiку праблемаў сёньняшняй Беларусi. Далей Парфiяновiч закранае тэму вяртаньня культурных каштоўнасьцяў у Беларусь, задаючы рытарычнае пытаньне: Цi ўсё магчымае мы робiм для iх вяртаньня? Па-першае, хто такiя МЫ? Калi МЫ гэта — дзяржава, то ГЭТАЯ дзяржава нiчога ня робiць i ня будзе рабiць. Бо гэта ня НАША дзяржава, а дзяржава iдэйных нашчадкаў менавiта тых вандалаў i блюзьнераў, якiя дапусьцiлi разрабаваньне Беларусi.

Па-другое, ЯК вяртаць? Напрыклад, адныя ўласным коштам выкупляюць кнiгi Скарыны ў Лёндане, другiя — крадуць старадрукi зь Вiльнi. Вось ужо i прафэсар Мальдзiс раiць Лукашэнку нарэшце шантажаваць Лiтву. Як кажуць «власть употребить». Хай, маўляў, аддаюць палову сэнсацыйнага скарбу, знойдзенага ў вiленскай катэдры.

А вось як выглядае выснова спадара Парфяновiча з усяго iм сказанага:

 

«Концепцией стратегии Беларуси по вхождению в демократическое правовое государство социально ориентированной экономики намечен план действий направленный на то, ЧТОБЫ НЕ СТРАШНО БЫЛО РОЖАТЬ ДОЧЕРЕЙ НА БЕЛОРУССКОЙ ЗЕМЛЕ.

Кто-то скажет, еще не время для таких проектов, для возрождения культуры, духовности, «мы это уже проходили», сперва надо наладить политику, экономику, вот дескать промышленность выпрямить, а это подождет. Нет, господа, не подождет!!!»

Мiж iншым, канцэпцыi эрзац-культуры, усялякiх зонаў i запаведнiкаў былi народжаныя яшчэ ў самым росквiце «застою». «Для турыстаў» рэстаўравалiся выбраныя помнiкi ў Менску, Гораднi, Полацку, а тым часам у сотнях iншых выпадкаў яны зьнiшчалiся па ўсёй краiне. Па-другое, «культура i духоўнасьць» зусiм не чакаюць, калi прыйдзе начальства i скажа iх «возрождать». У Беларусi самi людзi, пра «здоровые моральные ценности» якiх гэтак рупяцца аўтары «Залатога кальца», аднаўляюць шматлiкiя сьвятынi без усялякiх адмiнiстрацыяў, ствараюць сваю непадцэнзурную культуру i жадаюць толькi аднаго — каб iм не замiналi «арганiзатары». Ня беднасьць нашае дзяржавы прычына ўбогага стану нашае спадчыны, а iдэйныя прыярытэты сёньняшняга рэжыму: устаноўка помнiка Ленiну ў Навагарадку i ўпарадкаваньне сотняў яму падобных па краiне, сьвяткаваньне Чырвонага Кастрычнiка, славянскiя базары i гэтак далей. Калi да гэтага дамяшаць фальклёр, прыроду i Мiрскi замак, якi Парфiяновiч «паэтычна» абазваў «пятиглавым красавцем сынком», дык атрымаецца поўная эклектыка ўсяго i ўся. А з такiмi ўяўленьнямi пэўна нiчога не адродзiш, бо адраджаючы, будзеш толькi працягваць зьнiшчаць.

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0