САМАЯ ТАННАЯ Ў СЬВЕЦЕ ГАРЭЛКА

Беларускi антырэкорд

 

У кнiзе рэкордаў Гiнэса Беларусь прадстаўленая трыма сваiмi ня тое каб дасягненьнямi цi набыткамi, а, скажам так, парамэтрамi. У нас самае буйное ў сьвеце балота — Вялiкi Мох на Вiцебшчыне, самае вялiкае пахаваньне людзей — Курапаты i самая маштабная экалягiчная катастрофа — Чарнобыль. Адзiн парамэтар прыродны, а два другiя — рукатворныя.

Апошнiм часам у нас пастаўлены яшчэ адзiн сусьветны рэкорд, але ўжо не ў найвялiкшым, а ў найменшым вымярэньнi. У нас самыя нiзкiя ў сьвеце кошты на гарэлку. Нiдзе ў iншай краiне паўлiтра гарэлкi не каштуе менш за даляр. Магчыма, гэты рэкорд, на першы погляд, носiць эканамiчны або сацыяльны характар. Тым ня менш, у iм, як у фокусе, адлюстроўваецца ўсё наша цяперашняе жыцьцё разам зь ягоным культурным кантэкстам.

Самая танная... Што б гэта значыла? Простая лёгiка кажа так: улады самым адкрытым чынам спайваюць народ. Альбо такое тлумачэньне: гэта значыць, што ў Беларусi самыя нiзкiя ў сьвеце даходы насельнiцтва.

Духоўнасьць або роля алькаголю ў здаровым ладзе жыцьця, або ў мастацкай творчасьцi — няхай гэтыя тэмы застануцца за рамкамi сёньняшнiх развагаў. На маю думку, яны тут i нi пры чым. Тым больш, што ў мяне асабiста не складаецца ўражаньня, што ў Беларусi паболела п’янiц.

Пiць сталi болей i ўсе — гэта вiдавочна, але каб у тым назiралася нейкая паталёгiя — ня бачна. Пiць сталi, бадай, столькi, колькi п’юць ва ўсiм цывiлiзаваным сьвеце. У гэтым сэнсе ўладам наўрад цi ўдасца спаiць беларускi народ. Iншая рэч, што такое з боку дзяржавы iмкненьне акрэсьлiваецца ўсё болей. Варта згадаць i нядаўнюю легалiзацыю самагонаварэньня i тое, што са збожжа сёлетняга жнiва найперш быў сфармафаны менавiта гарэлачны фонд.

Аднак, што з гэтага можа вынiкнуць? Тое, што аўтарытарны рэжым трымаецца выключна на гарэлцы? Ёсьць яшчэ, вядома, рэгулярныя мiзэрныя зарплаты, захаваныя працоўныя калектывы i мноства карных органаў. Ёсьць таксама i поўнае неразуменьне сэнсу гэткай палiтыкi з боку электарату. Дай нам танную гарэлку — i гэтага дастаткова, каб мы не займалiся аналiзам дзейнасьцi прэзыдэнта. Ёсьць, нарэшце, i сапраўды рэальны падрыў эканомiкi праз занiжаны кошт «стратэгiчнага прадукту».

Яшчэ ў беларускiм гарэлачным рэкордзе, як у люстэрку, мне ўбачыўся галоўны прынцып нармальнага сацыяльна-эканамiчнага парадку — цалкам адваротны таму, якi пануе сёньня ў Беларусi. Гэта збалянсаванасьць коштаў i даходаў. Я маю на ўвазе нават псыхалягiчную збалянсаванасьць. У сёньняшняй Лiтве, напрыклад, пляшку гарэлкi менш за 5 даляраў не набудзеш. Затое даходаў звычайнага чалавека дастаткова, каб нiякi кошт не падаўся ўрэшце зусiм фантастычным. Гэтаксама i паўсюль на Захадзе. Вы можаце за некалькi заробкаў набыць машыну i за некалькi гадоў сабраць на кватэру. Пры гэтым набыцьцё гарэлкi выглядае для вас рэальнай растратай. У Менску ж я ведаю людзей, якiя, зарабляючы 30 даляраў у месяц, жывуць у кватэрах, кошт якiх перавышае 30 тысяч i п’юць гарэлку — не з ахвоты, а таму што яна i ў iхным разуменьнi не каштуе нiчога.

Яшчэ адна фатальная шкода гэтага перакосу адбiваецца на культуры. Я зноў жа ня маю на ўвазе духоўнасьць. Паколькi гарэлка ў нас традыцыйны цэнаўтваральны арыентыр, а звычайная кнiга ва ўяўленьнi публiкi наўрад цi можа каштаваць больш за гарэлку, дык кошты на кнiгi найчасьцей занiжаюцца (абы прадавалiся) нiжэй за ўсялякiя шанцы выдаўца ня тое каб выплацiць ганарар аўтару, але й проста вярнуць укладзеныя грошы. Тое самае i з коштамi на тэатар ды iншую публiчную культуру.

Як нi круцi, а танная гарэлка нiякiм чынам i нi ў якой галiне не спрыяе, а толькi падрывае — што эканомiку, што культуру, што псыхалягiчны клiмат у грамадзтве. Беларускi гарэлачны рэкорд сьвету аказваецца першынством наадварот. Мы не чэмпiёны, а антычэмпiёны. Мы тыя, што бягуць апошнiмi. I наш антыпрыз яшчэ чакае нас у нашай будучынi.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0