Вострая Брама

беларускi культурны кантэкст ХХ ст.

супольны праект «Нашай Нiвы» i беларускай рэдакцыi Радыё Свабода: рэпартажы, рэфлексii, гутаркi — кожную нядзелю на зьмененых хвалях Свабоды. Кожную сераду — паўтор перадачы.


Новыя Хвалi, Пастаянны Час, Нязьменная Свабода

 

Час

K/Hz

Хвалi

18.00 - 19.30

6000, 6170

49

7155, 7295

41

3695

75

22.00 - 23.30

6010, 6025,

6095, 6170,

49

7155

41

9750

31

06.00 - 07.00

5995

49

7295, 7275

41

9750

31

3980

75

 

 Паштовы адрас: 220005, Менск-5, п/с 111

У 22.00 беларускую праграму можна слухаць у Iнтэрнэце: http:/www.rferl.org/bd/be/index.html

Заставайцеся са Свабодай!


 

Стаiм мы перад будучыняй нашай... — пiсаў Купала. А мы, атрымлiваецца, раз за разам у пошуках нашага культурнага кантэксту становiмся якраз перад мiнуўшчынай. Мы гаворым пра рэсаветызацыю, пра вяртаньне Беларусi на дзесяць-дваццаць гадоў назад. Пры гэтым маса народу заклапочаная выключна сёньняшнiмi сваiмi праблемамi, а якiя-кольвек футуралягiчныя развагi ня толькi не вiтаюцца, але й гучаць недарэчна. Наша будучыня паступова ператвараецца ў табу, бо ўсё грамадзтва нiбы паводле нейкай унутранай дамоўленасьцi вырашыла пра будучыню не казаць. Людзi сьведама выбралi ўладу, якая адкрыта паабяцала весьцi краiну назад i за ўсе гэтыя гады нiколi, нi разу не падзялiлася плянамi на будучыню.

Будучынi няма.

Прэзыдэнцкая ўлада выцягвае на сьвет божы ня толькi бээсэсэраўскую камандавую эканомiку i камунiстычную сумболiку, але й маштабныя пляны колiшнiх першых сакратараў. Напрыклад, iдэю пабудовы пад Менскам атамнае электрастанцыi, якую ўвесь сьвет спазнае пад назваю Рудзенскай. Яшчэ адзiн праект, якi быў пахаваны за саветамi i рэанiмаваны сёньня — гэта плян падубовы Менскае тэлевежы.

Ва ўсiх гэткiх плянах, хоць яны й абернутыя нiбыта ў заўтрашнi дзень, няма будучынi, бо няма сэнсу. Функцыянальна тэлевежа не патрэбная. Ну была б яна хоць бы самай высокай у сьвеце i праславiла Беларусь у кнiзе рэкордаў Гiнэса, але й гэтага няма. Нас у той кнiзе «праслаўляюць» iншыя рэкорды...


Непатрэбная вежа

 

Каранi жанру фантастыкi бяруць свой пачатак у палiтычнай публiцыстыцы. Гэрбэрт Уэлс, пiшучы сваю славутую «Машыну часу», задумляў яе як памфлет, крытыку сацыяльнае палiтыкi ангельскай дзяржавы. Калi памятаеце, то ў той далёкай будучынi, куды патрапiў падарожнiк у часе, дзьве расы людзей жылi сярод велiзарных спарудаў i камунiкацыяў, пра прызначэньне якiх яны ўжо не здагадвалiся. Чытачы наступных пакаленьняў успрынялi гэты твор толькi як добрую лiтаратуру... У Беларусi сёньня ўсё наадварот: фантастычныя ўтопii ператвараюцца ў дзяржаўную палiтыку.

Для падняцьця тонусу свайго электарату рэжым рапартуе, што ўжо пачалося цi то будаўнiцтва, цi то праектаваньне велiзарнай тэлевежы ў сталiцы, на праспэкце Машэрава. Як кажуць, яна будзе цi другой, цi чацьвертай па вышынi ў сьвеце. Аж дух захоплiвае...

У жнiўнi насамрэч адбылося паседжаньне ў Мiнiстэрстве сувязi, на якiм абмяркоўвалiся праекты тае самае тэлевежы, якiя былi раней ухваленыя. Спынiлiся на разглядзе трох: Усходнекiтайскага iнстытуту праектаваньня i дызайну, нямецкай фiрмы «Вайс унд Фрайтаг» i расейска-беларускага кансорцыюму.

Iдэя завяршыць ансамбаль праспэкту Машэрава зусiм слушная i зусiм ня новая. Пра патрэбу тэлевежы ў Менску гаварылi яшчэ напрыканцы 70-х. Нават iснавалi эскiзныя красьлюнкi ды макеты. Але ў БССР гэткiх грошай не знайшлося, а зараз хапае й сёньняшняе тэлемачты. Што да ансамблю магiстралi iмя Машэрава, то ён сапраўды без належнае дамiнанты застаўся нiбы парэзаны напалам: да i пасьля вулiцы Заслаўскай. Не ўратавала сытуацыю нават цётка з трубамi пад бэтоннай стэлаю — помнiк аднае з гадавiнаў апошняе вайны. Наадварот, дальняя палова праспэкту стала яшчэ больш самастойнаю...

Мне з новых праектаў тэлевежы найбольш спадабаўся расейска-беларускi варыянт. Ён успрымаецца як алюзiя на спадчыну Татлiна i Лiсiцкага. Праект сярод астатнiх вылучаецца хоць нейкай увагаю да традыцыяў, а менавiта да вiцебскага авангарду мяжы 10-х i 20-х гадоў. Нiбыта вялiкая спружына, лопаючыся, iмклiва ўвiнчваецца ў неба. Гэтая канструкцыя i магла б упрыгожыць горад, асаблiва ўначы, далёка сыплючы промнямi па-над менскiмi разлогамi. Праўда, сьцьвярджаюць, што гэты праект больш падобны да гiганцкага штопару, а таму сымболiка можа атрымацца занадта канкрэтнаю...

Цi варта будаваць тэлевежу? Праектная вышыня яе вагаецца памiж 480 i 420 мэтрамi. Кошт аднаго мэтру, да прыкладу, вiленскай тэлевежы — каля 10 тысячаў даляраў. Ня цяжка падлiчыць, колькi будзе каштаваць вежа, запраектаваная ў Менску. Дадайце, што яе эксплуатацыя таксама запатрабуе бясконцага фiнансаваньня. Тым часам як у сьвеце порстка разьвiваецца спадарожнiкавае й кабэльнае тэлебачаньне, гэткiя растраты для Беларусi не апраўданыя. Тым больш, што радыюс дзеяньня трансьляцыi з гэткай вежы будзе толькi каля 80-цi кiлямэтраў. Таму рэальнай патрэбы ў ёй няма. Цi не прасьцей за нашмат меншую суму наторкаць рэтрансьлятараў, безь якiх усё адно не абысьцiся, альбо заняцца спадарожнiкавым тэлебачаньнем?

Дык вось не! Калi ўжо аднаўляць БССР — дык у поўным аб’ёме, разам з утопiямi! Хай там у Лiтве зачыняюць АЭС, а мы —пабудуем. Хай ствараюцца новыя тэлетэхналёгii — нам дарагiя ўсё ж нашыя мары 20-цiгадовае даўнiны. I вакзал найбуйнейшы ў СССР дабудуем! I сьвiнарнiкi ў восем паверхаў з кармапровадамi! Гэткiм чынам Беларусь, рыхтык паводле сюжэту фантаста Ўэлса адправiлася ў падарожжа па часе, праўда, не ў галавакружную будучыню, а на чвэрць стагодзьдзя назад. Ня толькi iдэйна, з чырвонымi зоркамi i кумачом, але й матэрыяльна, з архiтэктураю i з тэхналёгiямi.

Хутчэй за ўсё рэанiмацыя савецкiх утопiяў — гэта толькi блеф рэжыму, iмiтацыя бурапеннае будаўнiчае дзейнасьцi i мiжнародных сувязяў. Хай кiтайцы зь немцамi пазаймаюцца, падключацца... А калi ня блеф — дык нашыя дзецi будуць дзiвiцца на калясальную спаруду, другую цi чацьвертую ў сьвеце, i, як людзi будучынi з раману фантаста Ўэлса, ня здолеюць растлумачыць, навошта яна збудаваная.

Сяргей Харэўскi


Купiць Вiльню...

 

Пару месяцаў таму на Вiльню зноў пусьцiлi некалi адменены дызэльны цягнiк. Таму ў мяне не было праблемы з выбарам, чым ехаць. У торбу я паклаў толькi адну кнiжку: «Рунь» Максiма Гарэцкага. Рэпрынт таго, 14-га году выданьня, з друкарнi пана Марцiна Кухты, адкуль у той жа час выйшла яшчэ адна кнiжка, толькi паэтычная. Аднолькавыя фарматам, някiдкiя аздабленьнем, яшчэ «неўнармаваныя» паводле мовы, яны, як у час свайго зьяўленьня з-пад прэсу, так i сёньня застаюцца лепшымi дакумэнтамi даросласьцi нацыi.

За ўвесь шлях да мяжы я адолеў толькi адно невялiчкае апавяданьне, якое й дало назву ўсяму зборнiку. Герою апавяданьня «запала неяк у галаву, што, вось, прарокi слова у нас знаходзюцца, а прарокаў-эканамiстаў няма. Ён хацеў так. Сабраць у сьвецi ў адных сваiх руках столькi грошы, каб, напрыклад... купiць усю Вiльню, i потым з гэтымi грашамi рабiць эканамiцкае адраджэньне Беларусi. Гэта, у пасьледку была яго манiя, i некаторые лiчылi яго блiзка што ненармальным». Далiбог, можна забыцца, што гэта рэпрынтнае выданьне. I чым далей я знаёмiўся з героем апавяданьня, тым больш знаходзiў агульных рысаў памiж iм колiшнiм i намi сёньняшнiмi. Хто з нас не спрабаваў «словам адраджаць чалавека ў беларусе»? Цi не задумваўся ў роспачы аб самагубстве? Цi не плянаваў беззваротна ад’ехаць чым далей, тым лепей?

Але прачытаўшы наступны абзац, я шчыра парадваўся за сябе. Цытую: «Па праўдзi, ну чаго ж я буду жыць далей?.. каб толькi ведаў што будзiць цераз 50 гадоў з беларускай справай...» Канец цытаты. Лiчба «50» мне падаецца тут зусiм недарэмнаю. Гэта той далягляд, за якi меў рэальны шанец зазiрнуць, iнакш кажучы, дажыць, сам пiсьменьнiк. Напэўна з завiрухi чатырнаццатага году паўвекавая дыстанцыя яму ўяўлялася неверагодна вялiкаю для спраўджваньня самых фантастычных сцэнараў. I наўрад цi ён мог дапусьцiць той сюжэт, якi вядомы мне. Савецкая Беларусь 64-га году, дзе, здаецца, у беларускай справы шанцаў на жыцьцё амаль няма. I якою нязначнаю й шэраю здаецца лiчба «64», калi ў тваiм досьведзе ўжо ёсьць «98». I наступныя паўстагодзьдзi здаюцца нават завялiкiм авансам для адраджэньня, не, ужо не чалавека у беларусе, а беларуса ў чалавеку. I што цешыць, у чалавеку канкрэтным. Цi то ў суседцы па пляцоўцы, цi то ў неабцяжараным нацыяналiзмам прыяцелi.

Вось ён у Гарэцкага: «Я заступаюся за брата-мужыка, а ён жэ —не сымпатычны, ён жэ мяне крыўдзiў болей, чым хто». Але што дае сёньня сьмеласьцi спакойна глядзець ва ўласнае «заўтра», дык гэта тое, што беларус ёсьць. I хуткасьць ягонага адраджэньня цалкам адэкватная менавiта твайму ўменьню й жаданьню даказаць яму, што ён жа — сымпатычны. Таму мой далёкi 2048-мы год не выклiкае ў маёй душы страху, а тым больш думак аб цыянiстым калii. Вось толькi ня хоча нiкуды зьнiкаць туга па тым часе, калi мы ня марылi дзесяцiгодьдзямi. Можа, кепска мы чыталi нашых клясыкаў? «Самагубства ня выйшла. Ды й чаго памiраць, калi я жыў толькi у думках. I толькi у думках прыйшоў да самагубства!» Цi не пра нас гэта колiшнiх, якiя толькi ў думках прыходзiлi да Беларусi, i толькi зараз нарэшце прыходзiм да яе намацвальнай?

Як гэта нi банальна гучыць, а ўдача беларускае справы закладзеная ў нашым жаданьнi дажыць. Да чаго дажыць, гэта ўжо справа кожнага. Я вось дажыў да моманту, калi ў вокнах майго вагону паплыла Вiльня. Нязьменная як канстанта — што сто гадоў таму, што праз сто наперад. Цi ня тут знаходзiцца ключ да ўдачы. У тым iмкненьнi героя аповеду «купiць яе ўсю».

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0