ЗЬ ВЕРАЮ Ў РОДНУЮ ПРЫРОДУ

 

С.Харэўскi. Зьвяры-суайчыньнiкi. — Менск, 1998.

Найкаштоўнейшым камэнтаром да творчасьцi заўсёды ёсьць жыцьцяпiс творцы. Усьведамленьне гэтае старое iсьцiны й змушае адразу папярэдзiць чытача, што апошнiя энцыкляпэдычныя даведнiкi памылкова сьцвярджаюць, нiбыта беларускi мастак, лiтаратар, мастацтвазнаўца й бiёляг Сяргей Харэўскi нарадзiўся ў Менску (Мiнску). Перад намi або вынiк дрымучае недасьведчанасьцi айчынных «энцыкляпэдыстаў», альбо iхны рэвэранс iдэалягiчным устаноўкам i прыхамацям улады.

Насамрэч зямны шлях аўтара кнiгi, якую вы трымаеце ў руках, пачаўся водблiз гарадка Кiнгстан у паўднёвых адгор’ях навазэляндзкiх Альпаў. Цiхiя завадзi возера Тэ-Анаў, падобнага абрысамi да разьятранага аўстралiйскага апосума, яшчэ не забылi маўклiвага летуценнага хлапчука, чый продак —беларускi паўстанец 1863 году — ступiў на бераг экзатычнае краiны роўна за сто гадоў да нараджэньня праўнука Сержа.

Выключную ролю ў лёсе С.Харэўскага адыграў той факт, што на пачатку XX cтагодзьдзя ягоны дзед быў адным зь сямi новазэляндзкiх падпiшчыкаў газэты «Наша Нiва», падшыўку якой амаль празь семдзесят гадоў наш юны суайчыньнiк знайшоў у фамiльным архiве.

Самастойнае вывучэньне мовы далёкае шматпакутнае Бацькаўшчыны, сьвет вобразаў i iдэалаў песьняроў Маладой Беларусi, а таксама прапагандысцкiя акцыi, ладжаныя ў Кiнгстане мясцовым аддзяленьнем таварыства «СССР — Новая Зэляндыя» найiстотнейшым чынам паўплывалi на сьветапогляд юнака, абумовiўшы цьвёрды намер вярнуцца на зямлю продкаў.

Будзе недаравальнай памылкаю лiчыць, што разьвiтаньне з краiнаю маленства прайшло лёгка й бясхмарна. На 45-м градусе паўднёвае шыраты заставалiся ня толькi дзiцячыя крозы, але й першае каханьне — дзяўчынка-маоры, што надзiва рана адкрыла Сержу таямнiцы космасу, што завецца жаночым целам, i шматлiкiя загадкi навазэляндзкае прыроды, на чыiм улоньнi расьцьвiло пачуцьцё каханкаў-малалетак. Фаўна выспаў зь ейнай безьлiччу рэлiктавых вiдаў назаўсёды станецца вялiкай любоўю С.Харэўскага, аб чым красамоўна сьведчыць i яго новая кнiга, дзе лiтаральна на кожнай балонцы гучыць водгульле незабыўных навазэляндзкiх уражаньняў i адкрыцьцяў.

Жыцьцё на берагох Сьвiслачы хутка сутыкнула мройлiвага рэпатрыянта з рэальнасьцю разьвiтага сацыялiзму. Выключэньне зь пiянэрскай арганiзацыi за сувязь з важатай, i пагроза высылкi з Савецкага Саюзу, ад чаго ўратавала адно сьмерць Ю.Андропава. Здрада аднакурсьнiкаў зь Менскай мастацкай вучэльнi, над будынкам якое ў 1986 годзе былi вывешаныя два нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягi, што памяталi цеплыню рук навучэнца С.Харэўскага. Вымушанае паступленьне ў Расейскую Акадэмiю мастацтваў, бо радзiма-мачаха выпiсала свайму сыну «воўчы бiлет». Гэта вельмi пункцiрная лiнiя тых драматычных для С.Харэўскага гадоў, калi яго ўсё часьцей наведвалi думкi пра рээмiграцыю.

Але ў днi чорнай скрухi i паняверкi на дапамогу прыходзiла мастацтва. У творчай майстэрнi маладога мастака доўга ня гасьлi вокны. За iмi нараджалiся партрэты волатаў беларускае мiнуўшчыны, аднак на зьмену мужнаму аблiччу гетмана К.Астрожскага на белай нерушы паперы зьнячэўку ўзьнiкалi выявы iнсэктаў, зьвяроў i птушак беларускiх лясоў, палёў i нябёсаў. Гэта пачынала ўладна прамаўляць бязьмежнае захапленьне роднай прыродаю. Адно яно разам з магутным i неўтаймоўным iнстынктам дасьледчыка i магло адарваць таленавiтага маладзёна ад алоўка й пэндзля. Зазначым, што яшчэ ў пiянэрскiм узросьце ў часе асочваньня беларускага яшчара — каркадрыла (Lacerta apythana), якога, паводле пастаўленых цяпер пад сумнеў афiцыйных зьвестак, апошнi раз бачылi ў Сьвiслачы ў год правядзеньня ў Менску I-га зьезду РСДРП, Харэўскага тройчы затрымлiвала мiлiцыя, але юнага натуралiста нязьменна выручала бездакорная ангельская мова.

Аднак сапраўдным паратункам для С.Харэўскага сталася аднаўленьне выхаду «Нашае Нiвы», газэты, у якой навазэляндзкi хлопчык некалi, робячы сьмешныя памылкi, упершыню прачытаў па складох «Пагоню» М.Багдановiча.

Жыцьцёвае кола замкнулася.

Менавiта на балонках «Нашае Нiвы» сустрэлiся з чытачом ягоныя арыгiнальныя малюнкi й тэксты, амаль кожны зь якiх выклiкае шаленства iдэалягiчных цэнзараў ды фiлiстэраў ад мастацтвазнаўства й бiялёгii.

З «Нашай Нiвы» прыйшла да нас i гэтая кнiга, да краёў напоўненая таемнымi водарамi беларускiх пушчаў, паплавоў i сьпiжарняў, дзе малады вучоны падпiльноўвае сваiх улюбёных герояў-суайчыньнiкаў.

Убачыўшы, як С.Харэўскi, зьнерухомеўшы, утароплiваецца ў невiдочную кропку на сьцяне, супрацоўнiкi рэдакцыi ўжо даўно не палохаюцца. Яны ведаюць, што ў гэты момант вострае вока калегi выцiкоўвае непраўдзiвага кнiжнага скарпiёна (Сhelifer coneroides), таго самага, швэдзкая папуляцыя якога выратавала ад кнiжнае блыхi камплекты беларускiх газэтаў 1918-1920 гадоў ва ўнiвэрсытэцкай бiблiятэцы Упсалы.

Сотнi кiлямэтраў прайшоў па дарогах i праплыў па рэках роднага краю С.Харэўскi, каб зайсьцiся ад шчасьця, нарэшце пабачыўшы на пустэльным беразе ракi Асьцёр сьляды баляваньня хахуляў (Dosmana moschata) або зьмецiць маланкавы палёт вавёркi-палятухi, што, дзякуючы клопатам савецкае ўлады, выжыла ў Лёзьненскiм раёне. (Можа, у тое iмгненьне ён успомнiў смак печанага на вугольлi мяса новазэляндзкiх палятухаў ягонага дзяцiнства, якiм перад пешай ноччу ў адпаведнасьцi са старажытным звычаем маоры яго частвала юная каханка?)

Пра якую б родную нам iстоту нi апавядала таленавiтае пяро С.Харэўскага — пра празьмерна пашыранага на абшарах Рэспублiкi Беларусi рабога сусьлiка (Citellus suslicus) цi пра заўважанага ў навакольлi Мазыра рэдкага на гэтай паралелi нацыянальна сьведамага пэлiкана (Pelecaniformes), якi прылятае на танцпляцоўку паблiзу Прыпяцi, пагойдваецца ў тахт мэлёдыi i ўцякае ад непрыяцеляў з выразным крыкам «Жыве Беларусь!» — перад чытачом нязьменна паўстаюць жывакроўныя, псыхалягiчна дакладныя вобразы крылатых, хвастатых, альбо нават падводных суайчыньнiкаў, якiя, на вялiкi жаль, пакуль пазбаўленыя права голасу.

Аўтар спакваля вядзе нас да канцэптуальнай высновы пра тое, што пэўныя вiды прадстаўнiкоў нашае фаўны ў розныя пэрыяды гiсторыi выяўлялi ляяльнасьць i нават прыхiльнасьць да ўласнай нацыянальнай ўлады (напрыклад, прыязныя дачыненьнi расамахаў з кiраўнiцтвам Рады Случчыны) i пакiдалi абсягi Беларусi, не жадаючы мiрыцца з акупацыйнай адмiнiстрацыяй.

Варта дадаць, што ў навуцы апiсаныя выпадкi ня толькi пасыўнага, але й актыўнага супрацiву акупантам з боку айчынных зьвяроў i птушак. Гiстарыёграфы Слуцкага збройнага чыну ведаюць, да прыкладу, пра вельмi пасьпяховы напад аддзелу з 10-12 ужо згаданых вышэй расамахаў (Gulo gulo) на бальшавiцкага камiсара i двух ягоных ардынарцаў, зьдзейсьнены ў ваколiцах мястэчка Семежава, што ў цяперашнiм Капыльскiм раёне. (На месцы акцыi нядаўна ўсталяваная мэмарыяльная стэла.)

У гiстарычных крынiцах знойдзеныя й зьвесткi аб супрацоўнiцтве ўжо рэдкiх на той час дрохваў (Otis tarda) з фармаваньнямi генэрала Булак-Балаховiча ў справе дывэрсiяў на кантраляваных бальшавiкамi палескiх чыгунках. Акурат пасьля аднаго з удалых выхадаў на «жалезку», калi ў раёне Петрыкава быў зьнiшчаны вайсковы эшалён з тэхнiкай, ГПУ й наладзiла карную экспэдыцыю, у ходзе якой чэкiст, былы пiцерскi рабочы Бiндзюжнiкаў расстраляў апошнюю бачаную ў Беларусi драхву, вядомую балахоўцам пад любоўнай мянушкаю Маня.

Згаданыя факты лiшнi раз сьведчаць, што эўрапейская будучыня Бацькаўшчыны станецца магчымаю адно ў вынiку яднаньня ўсiх дэмакратычных плыняў нашага грамадзтва са здаровымi, нацыянальна арыентаванымi сiламi беларускае прыроды. Лепшыя старонкi кнiгi Сяргея Харэўскага прасякнутыя сьветлай вераю ў непазьбежнасьць гэтага пераможнага альянсу.

Уладзiмер Арлоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0