Ці задумваліся вы над тым, колькі людзей ў Менску езьдзяць «зайцам»? А ў Гомелі, Магілеве ці Бярэсьці? Афіцыйнай статыстыкі на гэты конт няма, але відавочна, што пасьля скасаваньня палёгкаў на праезд, людзей «з вушамі» стане больш!

З 12 красавіка сэрца беларускага студэнта непакоіцца: прэзыдэнт краіны абвясьціў, што «Пришла пора пересмотреть систему льгот, которая отдельной категории погоды не делает, а только распыляет средства….Если людям правильно объяснить, они поймут...». Нам, праўда, так і не растлумачылі, чаму менавіта за кошт студэнтаў будуць падымаць узровень эканомікі. Хіба толькі абвінавачваньне ў тым, што кожны студэнт мае мабільнік і ходзіць у кавярні (асабіста я за паўгады так і не выберуся куды‑небудзь), лічыць за тлумачэньне?

Так ці інакш, 23 траўня Палата прадстаўнікоў падтрымала прапанову прэзыдэнта. Рашэньне было прынята за... 4 хвіліны і амаль аднагалосна (супраць выказаўся толькі 1 дэпутат!).

Няўжо ўсё насамрэч так проста, зразумела і «ружова» ? Мы паспрабавалі высьветліць, якія меркаваньні і настороі ў грамадзтва, і якія дзеяньні будуць прымацца ў абарону правоў студэнтаў.

Хто студэнтам дапаможа?

«Рэспубліка Беларусь—унітарная дэмакратычная САЦЫЯЛЬНАЯ прававая дзяржава»(Арт.1, Канстытуцыя РБ).

Сёньня студэнты хочуць зьвярнуць увагу грамадзтва на праблему па скасаваньні палёгкаў. З гэтай мэтай пяць моладзевых згуртаваньняў («Вольная моладзь», «Моладзь БНФ», «Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў», «Малады фронт» і «Грамадзянскі форум») стварылі Аргкамітэт, які займаецца распрацоўкай дзеяньняў па інфармаваньні і аб’яднаньні студэнтаў.

«Акцыі, якія мы робім, ня носяць палітычнага характару. Мы проста хочам паказаць, што мы супраць скасаваньня палёгкаў студэнтам. Мы —грамадзяне сваёй краіны, і маем права выказваць сваё меркаваньне,» — гаворыць Алесь Архіпенка, каардынатар незарэгістраванай «Вольнай моладзі».

«Наша мэта—інфармаваць і мабілізаваць моладзь, ствараць салідарнасьць. Сёньня зьневажаюцца нашыя правы, практычна ліквідавана студэнцкае самакіраваньне. І нас гэта, безумоўна, абурае,» — распавядае Алесь Каліта, старшыня незарэгістраванай «Моладзі БНФ».

Так, у Менску стартавала кампанія «Перадай талёнчык»: студэнт, які выходзіць з аўтобуса не выкідае прабіты квіток, а перадае яго іншаму студэнту, які ўваходзіць ў аўтобус. Плянуецца шырокая каляровая акцыя. Ужо сёньня можна ўбачыць маладых людзей з салатавымі стужкамі, што сымбалізуюць «зайцаў». Наперадзе шматлікія флэш-мобы (масавае спажываньне капусты і морквы ў цэнтры гораду, катаньне на роварах з салатавымі стужкамі, выраб маек «Без квітка, бо льготаў няма» і інш.), стварэньне сайту, дзе можна будзе атрымаць навіны і любую інфармацыю пра свае правы і акцыі салідарнасьці.

«Мы разумеем, што закон, хутчэй за ўсё, уступіць у сілу. Але гэта не падстава маўчаць. Гэта падстава падумаць над даверам дэпутатам, якія, нягледзячы на студэнцкія звароты, не адстойваюць нашыя інтарэсы. Асабліва актуальна гэта напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2008 году,»‑ гаворыць Алесь Каліта.

Студэнты ня сьпяць у шапку. Па прыватнай ініцыятыве Валерыі Саўчанкавай, студэнткі БДУ, былі сабраныя подпісы дэпутатам:

«Спачатку мы зьвярнуліся ў Беларускі Хельсынскі камітэт, які нам вельмі дапамог. У асноўным, у юрыдычным пляне: парадамі, як правільна праводзіць збор подпісаў, да каго трэба зьвярнуцца і г.д. А таксама ў матэрыяльным пляне, бо раздрукаваць столькі блянкаў, насамрэч, вельмі складана. Таксама зьбіралі подпісы да дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў, непасрэднымі абавязкамі якіх зьяўляецца абарона правоў выбаршчыкаў. У прыватнасьці, пісалі звароты да С.Гайдукевіча, У.Шокава, Г.Палянскай, Р.Кропа і А.Красуцкага.

Зьвярталіся мы і да старшыні Палаты прадстаўнікоў В.Канаплёва (каля 4800 подпісаў), старшыні Камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў В.Здановіча (перададзена 133 асабістых лісты). Нехта прымаў нас асабіста, некаторыя адпраўлялі да сваіх намесьнікаў, але амаль усе казалі, што ад іх нічога не залежыць.

Мы запісваліся на прыём да рэктара БДУ В.Стражава. Некалькі разоў сустрэча адкладалася. Урэшце мы сустрэліся з намесьнікам прарэктара і сакратаром ГА «БРСМ» нашага ўнівэрсытэту. Яны падтрымалі нашу ініцыятыву, але аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам адмовіліся.

Былі ў нас некаторыя праблемы. Напрыклад, у дворыку БДУ збор подпісаў катэгарычна забаранілі. Каля галоўнага ўваходу папрасілі зьняць плякат. У цэлым, усё праходзіла нармальна. Студэнты ахвотна падпісваліся, бралі блянкі з сабой і агітавалі сваіх аднакурсьнікаў.

Што будзем рабіць зараз? Хутчэй за ўсё, пісаць лісты да гэтых дэпутатаў з просьбай зрабіць справаздачу за праведзеную працу».

Актыўна дапамагала ініцыятыўным групам камісія па правах навучэнцаў Беларускага Хельсынскага камітэту (БХК). Тацяна Гацура, сябра БХК, сачыла за зборам подпісаў:

«Непасрэднага ўдзелу ў зьбіраньні подпісаў мы не прымалі, проста дапамагалі з прававога боку. І калі былі канфлікты з адміністрацыяй ВНУ, мы хадзілі на сустрэчы, размаўлялі. Спачатку, вядома ж, раілі студэнтам пайсьці ў прафсаюз, камітэт БРСМ, а ўжо потым зьвяртацца да нас. У некаторых ВНУ, напрыклад, у экалягічным унівэрсытэце ім.Сахарава, прафсаюзы падтрымалі студэнцкія ініцыятывы і накіравалі ліст у Палату прадстаўнікоў.

Была ў нас сытуацыя, калі я сама аднесла лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта на яго імя, і яны пасьля проста некуды зьніклі. Мы накіравалі скаргу ад сваёй арганізацыі ў Савет бясьпекі і КДБ.

Што рабіць цяпер? Пачнем з гарантаванага Канстытуцыяй права на належны ўзровень жыцьця. Так што тым студэнтам, якія захочуць працягваць адстойваць гэтае сваё права, мы прапануем пісаць лісты ў Савет міністраў да сп. Сідорскага з пэўнымі прапановамі сумы, на якую трэба павялічыць стыпэндыю, таму што на 100 тысяч немагчыма пражыць студэнту, і калі ў нас ганарацца тым, што мы маем бясплатную адукацыю, то няхай і стыпэндыя будзе належнай.

Што рабіць са студэнтамі‑платнікамі? Тут увогуле невядома. Калі павялічыць стыпэндыю бюджэтнікам, то атрымаецца сацыяльная няроўнасць...»

Зацягнем тужэй паясы?

Скасаваньне палёгкаў закране кожнага студэнта. І таго, які з далёкай вёскі Дубаўка дабіраецца да сталіцы, і таго, хто жыве ў Цэнтральным раёне Менску. Што сёньня думаюць людзі, якіх гэта закране? І што яны зьбіраюцца рабіць: зьмірыцца ці прасаваць прабітыя квіткі?

Тацьцяна Салдаценка — студэнтка журфаку БДУ. Жыве яна на свае сродкі: стыпэндыю і зарплату (нягледзячы на дзённае навучаньне, працуе ў дзьвюх месцах): « Дадому я ежджу даволі рэдка, хоць зараз і дзейнічаюць зьніжкі на праезд. Пасьля новага закону дарога ў роднае Краснапольле будзе каштаваць мне прыкладна 60 тысяч рублёў, яшчэ каля 30 тысяч у месяц я вымушана буду аддаваць на гарадзкі транспарт... Гэта зьдзек з майго бюджэту! Я проста вымушана буду рваць нэрвы і езьдзіць «зайцам». Краіне трэба эканоміць не на студэнтах, а на асьвятленьні Нацыянальнай бібіятэкі, да прыкладу. Грошы трэба траціць з розумам, а не на раскошу і патас!»

Надзея Якаўлеўна Барановіч, кандуктарка аўтобуса № 100 ужо «зубы зьела» па вызначэньні сярод пасажыраў «зайцоў»:

«Палёгкі адмяняць ня трэба. Таму што зараз «зайцоў» шмат, а пасьля яшчэ больш будзе. Я ведаю, што прыдумаюць студэнты, каб не плаціць. Яны проста будуць езьдзіць кампаніямі. Адзін будзе шукаць квіток 3 прыпынкі, а потым яны возьмуць усе разам і выйдуць. Не, не дапаможа гэта дакладна!»

А вось Андрэй, 5 курс фізічнага факультэту БДУ, гаворыць наступнае:

«Мне, па вялікім рахунку, усё роўна, бо я хутка скончу ўнівэрсытэт, але вось першакурсьнікам, асабліва іншагароднім, будзе вельмі складана».

Зусім іншае меркаваньне ў Аляксея, першакурсьніка юрыдычнага факультэту БДУ:

«Якая мне розьніца? Калі адмянілі, значыць так трэба!»

Аўтобус №47 ( «Філіял БДУ—вул.Кірава») лічыцца студэнцкім. Штораніцу каля 50 пар вачэй ўзіраюцца ў вокны, каб загадзя заўважыць «контру». Пра скасаваньне палёгкаў гаворыць кіроўца аўтобуса, Андрэй Ульянаў:

«У маладыя гады сам, было, езьдзіў «зайцам». Мяне нават аштрафавалі аднойчы! Сёньня я сам ільготнік. Ежджу бясплатна. Ільготнікаў у нас шмат. І натуральна, што не ва ўсіх ёсьць магчымасьць купіць квіток за 500 рублёў. Скасоўваць зьніжкі можна толькі пры нейкай матэрыяльнай кампэнсацыі».

У Палаты прадстаўнікоў ёсьць тры месяцы, каб вырашыць, у якім выглядзе закон уступіць у сілу. Тры месяцы ёсьць і ў тых, для каго студэнцкі білет — ня толькі пасьведчаньне асобы, але і права езьдзіць з 50%-й зьніжкай.

Статыстыка*

«Ці ведаеце Вы скасаваньне палёгкаў для студэнтаў і навучэнцаў?»

  • Ведаюць пра закон — 55 %
  • Не ведаюць і нічога не чулі— 39 %
  • Нешта такое чулі — 6 %

Якія Вашыя меркаваньні наконт гэтага?

  • Падтрымліваюць закон — 8 %
  • Ня згодны з законам — 60 %
  • Ня вызначыліся — 3 %

У сацыяльным апытаньні ўзялі ўдзел 100 чалавек ва ўзросьце ад 16 да 70 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?