Апавяданьнi з «Дамавiкамэрону»

Адам Глёбус

 

ХIТРУН

Хiтрун выклiкаў прастытутак. Мажнейшая падставiла адтулiны адзiн раз. А стрункая два разы зьведала мужчынскую напорыстасьць. Спатолiўшы прыапаву прагу, распусьнiк разьлiчыўся зь дзявулямi адной банкнотаю й не сказаў як падзялiць заробак.

Атрымаўшы ўзнагароду, выязныя прасталыткi ўсчалi спрэчку. Пышная настойвала на роўным падзеле. Худзенькая патрабавала дзьве трэцi.

— Мы рабiлi адну работу! — Вiшчала пышнагрудая.

— Ты зрабiла адну работу, а я тое самае рабiла двойчы! — Басавiта гула струнканогая.

Пярэчаньнi й гыркатаньнi перарасьлi ў бойку.

Задаволены правакатар з асалодаю назiраў, як разьюшаныя самкi кусаюцца, хрыпяць i дзяруць пазногцямi скуру. Жаночы двубой напаляў юрлiвае нутро Хiтруна.

Калi змораныя байчыхi спынiлiся, бо нiводная не змагла дайсьцi да перамогi, Хiтрун лёгка дамовiўся на адно заглыбленьне у стрункую й на два заходы ў мажную, што й зрабiў неадкладна.

Прастытуткi сыходзiлi задаволеныя з аднолькавымi паперкамi ў станiках. А вось двубой, якiм цешыўся Хiтрун, так i застаўся неаплочаны.

 

 

СТАРЫ МАСТАК

Калекцыянэрка прыехала ў госьцi да дысыдэнта. Да паўночы яны пiлi гарбату ў маленькай, як шпакоўня, варэльнi. Разважалi пра надзеi й безвыходнасьць. Дысыдэнт верыў у духоўнае адраджэньне. Калекцыянэрка спадзявалася на грошы й густ. Абое цытавалi Эклiзiяста й не сумнявалiся ў марнасьцi чалавечых высiлкаў.

— Цi ёсьць у вашай краiне мастакi? — Пад ранiцу калекцыянэрка вярнулася да сваiх непасрэдных абавязкаў.

— Безьлiч. Iх у нас столькi, колькi мiлiцыянтаў, а можа й больш! — Бязь ценю сумневу канстатаваў ператомлены бяссоньнем дысыдэнт.

— Не пра тых гаворка. Цi ведаешь ты непрызнаных, але таленавiтых мастакоў? — Калекцыянэрка, вiдавочна, не зьбiралася адпачываць.

— Усе мастакi лiчаць сябе таленавiтымi й недастаткова прызнанымi, — гаспадар гасьцiннай варэльнi салодка, як дзiця, пазяхнуў.

— Не разуме-е-еш, — калекцыянэрка гэтаксама не ўтрымалася ад пазяханьня.

— Разумею. Не iдыёт. Ты б спыталася пра самотнага генiя, i я б сказаў: ёсць цiхi стары вар’ят, якi днюе й начуе ў майстэрнi, i пра якога кажуць, што ён — ге-е-енiяльны жывапiсец.

— Жыд?

— Не, але ў нашай краiне найгоршае й найлепшае зьнiтоўваюць зь яўрэямi.

— А што ён малюе? Ты бачыў?

Дысыдэнт засяродзiўся. Ён спрабаваў згадаць хоць бы одно палатно, напiсанае майстрам i ня мог. Выратаваньне знайшлося ў будзённым заваконным краявiдзе з дрэвамi, небам i будынкамi.

— Ён малюе тое, што ўсе знакамiтыя мастакi: аголеных жанчын, дрэвы й дамы...

— Пазнаём нас зараз жа!

— А сёмай ранiцы? — Дысыдэнт шырока пазяхнуў i не зрабiў нават спробы прыкрыць даланёю пашчу, так ранiцаю пазяхае рысь у заапарку.

— Я прыехала за тысячу кiлямэтраў, я раблю яму палiтычную кар’еру, друкую па ўсiм сьвеце ягоныя пасквiлi... А ён? —Калекцыянэрка ажно папярхнулася ўласным абурэньнем. — А ты пазяхаеш, як сыты кот, што абжэрся рыбаю.

Прыстыдоблены мужчына ўзяў слухаўку й разгарнуў нататнiк.

— Добрай ранiцы! Вы пазналi?.. Прабачце, што зарана патурбаваў, але справа неадкладная... У мяне ў гасьцях выдатная калекцыянэрка сучаснага жывапiсу, яна шмат чула пра вашыя творы й вельмi хоча пабачыць карцiны. Пагадзiцеся, чуць пра жывапiс гэта — замала... Мы разумеем, Вы вельмi заняты чалавек. Але яна толькi паўдня прабудзе ў Менску... Мы ненадоўга... Дзякуй за запрашэньне... Праз паўгадзiны будзем! Дачакайцеся нас, калi ласка.

Слухаўка злосна бразнулася на апарат.

— Стары вяпрук! У яго справы а восьмай ранiцы! Ты чула такое? Добра, што не хаваўся за спатканьне з жанчынаю ў свае сто гадоў. Паехалi.

Калекцыянэрка з дысыдэнтам праз хвiлiнаў дваццаць ужо стаялi перад масыўнымi абабiтымi бляхаю дзьвярыма майстэрнi.

— Брама ў сьвет чароўнага мастацтва. — Мужчына сагнуў указальны палец i фiгаю пастукаў у жалеза.

Нiхто не азваўся. Пагрукалiся мацней. Вынiк атрымаўся той самы. Дысыдэнт абурыўся й забарабанiў кулаком. Калi рэха ўдараў ацiхла, наведнiкi пачулi асьцярожныя крокi, што з боку майстэрнi наблiзiлiся да дзьвярэй.

— Ён там, — узбуджана зашаптаў мужчына ў блiзкi жаночы твар.

— Падыйшоў да дзьвярэй i стаiць, — жанчына шаптала так, што вусны пяшчотна краналi мужчынскае вуха.

Дысыдэнт пашкрэб пазногцямi дзьверы й завуркатаў аксамiтным голасам:

— Гэта мы. Як i дамаўлялiся. Адчыняйце. Тут толькi свае.

Калекцыянэрка ўкленчыла каля дзьвярэй. Яна намервалася зазiрнуць у замочную шчылiну. Там тырчэў ключ. Калекцыянэрка прыклала вуха да замка й пачула цяжкое дыханьне старой iстоты.

Дысыдэнт дастаў чэлес i ўклаў калекцыянэрцы ў рот.

Мастак за дзьвярыма маўчаў. Ён выдатна чуў жаночыя пераплеценыя з мужчынскiмi стогны за дзьвярыма сваёй майстэрнi, якую ён безнадзейна спазьнiўся адчынiць. Старэчая сьпiна торгалася ад стрыманага плачу.

Калi дысыдэнт з калекцыянэркаю выйшлi ў зялёны поўны птушыных галасоў двор, жанчына спытала:

— Ты думаеш, Мастак там быў?

— Ты ж чула, як Стары плакаў па той бок дзьвярэй.

— Нармальныя людзi так ня робяць.

— А хто казаў, што ён нармальны? Ён — генiй!

Стары Мастак з-за фiранкi назiраў, як сонца ўстае над горадам.

 

 

ШКIЛЕТ

Шкiлет сядзеў на пяску й забаўляуся з ракаўкаю.

У чорным небе зьзяў зялёны цыфэрблят поўнi. Пад ёю зiхцела на воднай паверхнi палоса адлюстраваньня. Мора ня дыхала.

Шкiлет чэрпаў ракаўкаю пясок, сыпаў на далонь, а з далонi праз пальцы на дол. Шкiлет слухаў шэпты пяшчынак. Ён сумаваў. Яго агортвала мэлянхолiя. Гульня зь пяском i ракаўкаю ня цешылi шкiлетаву душу.

Ад новых суседзяў па могiлках ён дазнаўся: неўзабаве раскiдаюць ягонае гняздо, косткi з чэрапам складуць у шкляную труну й перавязуць у iншую краiну, дзе ў музэi замест гардэробу зрабiлi ў сутарэньнях маленькую маўзалейную залю.

Некалi даўно, у чалавечым аблiччы Шкiлет прыходзiў да начнога мара й пiсаў пад поўняю вершы. Шкiлет зваўся паэтам. Ён не пасьпеў напiсаць кепскiх вершаў i пакiнуў чалавечы сьвет у маладыя гады. Ягоная сьцiплая спадчына займела прыхiльнiкаў i набыла папулярнасьць. У горадзе маленства збудаваўся музэй з жалобным пакоем для мошчаў.

У кожнай iстоты свае ракаўкi для забаваў. Адныя гуляюць з рапанамi, другiя — з чалавечымi чарапамi.

Шкiлет не жадаў ехаць у празрыстым куфэрку ў горад, дзе нарадзiўся. Ён любiў соннае мора, цыфэрблят месяца, пясок i ракаўку, але супрацьстаяць пераношчыкам праху ня мог.

Кожны мае права выбiраць ракаўку й быць абранай ракаўкай для гульнi ў пясок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0