НIЧОГА ВАЖНЕЙШАГА ЗА СВАБОДУ


 

Калi ў пачатку 80-х Рональд Рэйган сказаў сваю знакамiтую фразу пра тое, што ёсьць рэчы, больш важныя за атамную вайну, у нас яго не зразумелi. Краiна — ад высокiх кабiнэтаў да самага простага застольля, жыла пад лёзунгам: галоўнае, каб не было вайны. Адзiн аднаму жадалi сiняга неба над галавою, над заводамi вывешвалi лёзунгi «Мiру — мiр», малявалi галубкоў. Мiж тым, Рэйган пад больш важнымi рэчамi меў на ўвазе свабоду.

Пры ўсёй зашмальцаванасьцi гэтага слова, у нас яе — свабоды — нiколi толкам i ня ведалi. Заходняя цывiлiзацыя зрабiла яе канкрэтным базавым прынцыпам усяго свайго iснаваньня. У нас жа яна была й застаецца фантомам, накшталт Новага году —любiмага сьвята савецкае публiкi. Што такое свабода? Гэта калi не няволя? Просты адказ сьведчыць пра вытворнасьць, другаснасьць паняцьця. У нашай сытуацыi яно так i было i, бадай, ёсьць. У адказ на Рэйганаву фразу савецкiя прапагандысты з поўным правам маглi сказаць: ёсьць рэчы, больш важныя за свабоду.

Калi думаеш пра сымболiку Свабоды, першая асацыяцыя —знакамiтая статуя ў Нью-Ёрку, якая, дарэчы, была падораная амэрыканцам французамi. Калi ж разьвiваць пошук, дык мы непазьбежна прыйдзем менавiта да францускiх каранёў тае свабоды, якую асацыятыўна згадваюць па ўсiм сьвеце. Урэшце, позiрк спыняецца на знакамiтай «Свабодзе на барыкадах» Дэлякруа. I тут раптам пачынаеш разумець, што беларуская сымболiка свабоды — гэта менавiта наша нацыянальная сымболiка. «Сьцяг мой вольны, сьцяг мой сьмелы, сьцяг мой бел-чырвона-белы». Нiякае iншае алегорыi свабоды ў нас няма i, напэўна, ня можа быць.

Свабода — тэма сёньняшняга нумару «НН».


 

СВАБОДА — ГЭТА...

Севярын Квяткоўскi

 

Наколькi свабодныя людзi атачаюць нас у штодзённым жыцьцi? Цi патрэбная iм свабода i цi iснуе яна ўвогуле? Свабода —гэта... Працягнуць фразу я прапанаваў мiнакам на менскiх вулiцах.

 

— Свабода, гэта калi я магу iсьцi па вулiцы, i каб да мяне нiхто не прыставаў, — кажа чатырнацца-цiгадовы школьнiк.

А вось спадар сталага веку лiчыць, што панятак свабоды —увогуле фiкцыя.

 

— Чалавек ня можа быць свабодным, ён неяк прывязаны да дзяцей, да сям’i, гэта ўжо несвабода. Ён павiнен iх утрымлiваць, працаваць, у нечым сябе абмяжоўваць.

Я запытаўся ў студэнта, якi пiў пiва, седзячы на лаўцы, цi пачуваецца ён свабодным чалавекам?

 

— Не, не зусiм, — быў адказ. — Паняцьце свабоды — шырокае. Каб у нашай краiне быць вольным, трэба мець або шмат грошай, альбо ўлады якой-небудзь.

Праз колькi крокаў я спаткаў аднаго вядомага менскага мастака. Ён прызнаўся, што ня можа пачувацца свабодным чалавекам, бо мае праблемы зь фiнансамi. Колькi грошай патрэбна менскаму мастаку, каб адчуваць сябе свабодным? Роўна столькi, каб рэалiзоўваць творчыя праекты, — адказаў ён.

Спадар, якi ўпэўнена шпацыраваў з жонкай праз сквэрык, назваў сябе свабодным чалавекам.

 

— Свабода — гэта калi можаш жыць як хочаш. Я магу рабiць тое, што мне хочацца рабiць. Не абсалютна ўсё, бо жыву ў соцыюме, i мушу выконваць умоўнасьцi, але гэта ня значыць, што я не магу рабiць тое, што хачу. Калi чалавек сам сябе адчувае свабодным — ён свабодны.

Наступны суразмоўца — дзяўчына-гiсторык, якая вучыцца ў асьпiрантуры:

 

— Свабода — каляровы рай, але ня ў нашай краiне. Гэта штосьцi вялiкае памiж сэрцам i розумам. Гэта — незалежнасьць, незалежнасьць ад усяго.

Вайсковец-капiтан патрапiў на службу з цывiльнага жыцьця адносна нядаўна:

 

— Гэта магчымасьць рабiць тое, што табе падабаецца ў межах, якiя ўсталяваныя нормай, спалучаць прыемнае з карысным.

А вось словы маладога бiзнэсмэна, якi заўважыў, што нiколi не працаваў на дзяржаву:

 

— Адно пытаньне — на якi ланцуг нас адпусьцiць дзяржава, другая праблема — на якi ланцуг ты сябе адпусьцiш сам. Вось i ўсё. Я цалкам вольны — ланцуг перасечаны. Жыву для сябе, думаю, як хачу. Нi ад каго не залежу, нават ад вашага iнтэрвiю.

Найчасьцей у часе апытаньня мне прыходзiла ў галаву думка пра тое, што людзi на менскiх вулiцах не атаясамлiваюць сваю асобу зь дзяржавай. Магчыма, таму пераважна свабодныя iндывiдуумы складаюць сёньняшняе паўдыктатарскае грамадзтва.


 

... ГЭТА РАДЫЯСТАНЦЫЯ

Сяржук Сокалаў-Воюш

 

Свабода — гэта радыястанцыя, i зусiм не iстотна, як яна называецца: «Беларуская Маладзёжная» цi «Голас Амэрыкi», «Радыё 101,2» цi «Нямецкая хваля», «Эхо Москвы» цi «Бi-Бi-Сi»... Свабода — гэта радыястанцыя, на хвалях якой я знаходжу тое, што хачу знайсьцi i тое, што мне зусiм не падабаецца.

«Я супраць таго, каб у знак пратэсту нехта палiў сьцяг Злучаных Штатаў, — казаў у часе аднаго з сваiх першых канцэртаў у Беларусi Данчык, — але я за тое, каб той, хто хоча яго спалiць, меў законную магчымасьць гэта зрабiць». Да гэтага цяжка нешта дадаць. I ўсё ж. Свабода — гэта магчымасьць выбару цi ня выбару памiж вiцебскiм «Выбарам», суполкай БНФ, групай Мiрона цi якiм-небудзь БПСМ. Несвабода ўзьнiкае тады, калi твая ўнутраная свабода ня можа зь незалежных ад цябе прычынаў рэалiзавацца ў зьнешняй свабодзе.

На пачатку 80-х мы рэалiзоўвалi сваю ўнутраную свабоду праз падпольны друк, нелегальныя сходкi i г.д. Гэта значыць, што мы былi свабоднымi. Але ня кожны ўнутрана свабодны знаходзiў тады гэткае выйсьце. Вось яна й была, агульная несвабода.

Калi ў эпоху адноснай свабоды я распавёў сваёй знаёмай, як мы перадавалi на Захад мапу, дзе былi пазначаныя месцы дысьлякацыi савецкiх ракетных комплексаў, яна незадаволена сказала: ты перадаваў карту, дзе былi ракетныя комплексы тваёй радзiмы? Не. Я не перадаваў такой мапы. Бо нiколi ня меў за радзiму (а толькi за месца нараджэньня) Савецкую Беларусь. Радзiмай была краiна без акупантаў тады, i без акупантаў ды iхных памагатых цяпер. Гэта яшчэ адна праява майго разуменьня свабоды.

Сёньня Беларусь стаiць за паўкроку не ад, а да свабоды. Каб зрабiць гэтыя паўкроку, трэба даць магчымасьць кожнаму, стоячы пад бел-чырвона-белым, спалiць цi ўзьняць той сьцяг, якi ён хоча. Чаму пад бел-чырвона-белым? Таму што ён, як i сусьвет, не пытаньне выбару, а значыць, не пытаньне свабоды.


 

НА ВЁСКУ!

Сяргей Харэўскi

 

Калi я сыходзiў зь цягнiка на станцыi Мiханавiчы, прыяжджаючы да сваiх вясковых бабуляў, дык кожнага разу адчуваў, што перакрочваю нейкую мяжу. У позьнi савецкi пэрыяд у вёсцы чамусьцi дыхалася вальней. Можа ад таго, што ўсё тут было цэльным — мова, лад жыцьця, людзкiя тыпажы. Можа ад таго, што вясковы люд ужо не было чым пужаць. Таму размовы тут вялiся праўдзiвыя, без аглядак, вочы ў вочы. Дзiцячая памяць хвацка хапала ўрыўкi дарослых гутарак, зь якiх вынiкала нешта зусiм супрацьлеглае школьнаму выхаваньню: бальшавiкi — вандалы, бо зьнiшчалi цэрквы й палiлi абразы, калгаснае бязладзьдзе —гэта тупiк, бо зямля родзiць усё горш, а людзi бэсьцяцца й сьпiваюцца, маскоўскае кiраўнiцтва наогул нiчога ня цямiць у нашых праблемах. Паспрабаваў бы я працытаваць у школе што-небудзь з пачутага...

Гэтак стрэмкаю засядала жаданьне гаварыць свабодна. Быць хоць у словах свабодным, як былi свабоднымi ў словах мае закарэлыя, пакручаныя калгасным прыгонам сваякi. Свабода — гэта жаданьне чуць праўду. Вяртацца зь вёскi не хацелася...

Пазьней, праўда, высьветлiлася, што тое самае чулi ў вёсках i мае аднакашнiкi. I большасьцi зь iх таксама карцела падзялiцца сваiмi адкрыцьцямi. Што мяне дзiвiла пазьней, дык гэта дальнабачнасьць i ўваротлiвасьць дзяцей-беларусаў, маiх аднагодкаў, якiя пiсалi штампаваныя сачыненьнi на тэму «Як правёў канiкулы». Кожны пiсаў пра грыбы, сады, камбайны i нiводнага разу нiводзiн не абмовiўся пра тое, што яны чулi ад крэўных-вяскоўцаў. Як назваць iнстынктыўную абачлiвасьць малых гарадзкiх беларусаў? Канфармiзмам у крывi, нават на ўзроўнi падсьвядомасьцi? Цi гэта была ўжо сьведамая адказнасьць за родных, якiя iм нешта даверылi?

Памятаю, малым, мяне шакавалi расповеды родных пра татальныя рэпрэсii перад вайною, пра нейкага юнака-аднавяскоўца, якога саслалi толькi за iмя — Адольф. Мацi казала, што немцы кармiлi дзяцей з паходнай кухнi. Асаблiва запомнiлася ёй гарохавая каша напалам зь мясам, маўляў, больш такога нiколi ў жыцьцi не паспытала. Па вайне прыйшоў голад. Высьветлiлася, што мая бабця нелегальна хадзiла з-пад Менску да Мiра, каб выменяць нейкiя рэчы на харчы. Колькi гадоў па вайне ўсходнiх беларусаў не пушчалi да заходнiх. Гэтак у маёй сьведамасьцi вызваленьне Заходняе Беларусi бальшавiкамi ста-навiлася паняцьцем адносным. Прынамсi, нiяк не зьвязаным са свабодаю.

Зьдзiўляла пазьней, у старэйшых клясах, таксама й тое, што розьнiца памiж Заходняй i Ўсходняй Беларусяй у вясковых аповедах аднаклясьнiкаў сьцiралася хутчэй, чым у пабытовай рэчаiснасьцi. I там i там нiшчылася прырода, было пахабнае начальства, расквiтаў алкагалiзм. Праўда, заставалася адна рэч, па якой мералi большую ступень свабоды ў заходнiх раёнах, — вера. Як нi намагалiся камунiсты, рэлiгiя па-ранейшаму заставалася там апошняй дзялкаю свабоды сумленьня. I гэта было адхланьнем.

Свабода нараджаецца з усьвядомленага жаданьня. Напрыклад, з жаданьня ня быць залежным. Не залежаць ад будзённага парадку рэчаў. Ехаць, ехаць чым далей, толькi з мэтаю не стаяць, дзеля самога працэсу руху. Спачатку ў вёску, пасьля ў белы сьвет...


 

Чорны пісталет

Зьмiцер Бартосiк

 

Спытайся ў мяне колькi гадоў таму, што ёсьць антыподам свабоды, я б, не задумваючыся, адказаў — турма. Прычым наколькi цьмяна я ўяўляў сабе турму, нагэтулькi ж расплывiста адчуваў i зону ўласнае свабоды. Гэткае неўразуменьне магло каштаваць мне значна даражэй, чым я за яго заплацiў...

Ну, хто з хлапцоў у дзяцiнстве не хацеў мець пiсталета, каб «пастраляць у фашыстаў»? Маё дзяцiнства разьвiталася са мною не без вастрынi. Даўшы мне ў рукi нямецкi «газавiк», а на ролю «фашыстаў» прызначыўшы нарад патрульнай службы мунiцыпальнай мiлiцыi горада Волагды. Я нават не заўважыў, як хутка маё дзiцячае разуменьне свабоды скончылася цалкам рэальнымi наручнiкамi на запясьцях.

«Я, Бартосик Дмитрий Валерьевич, гражданин Республики Беларусь, возвращался в районе двух часов ночи с театрального фестиваля «Голоса истории». На улице Зосимовской дорогу мне перебежала кошка. Из чистого любопытства я произвел по животному выстрел из газового пистолета, который приобрел в Литовской республике месяц назад. До этого мне стрелять не приходилось, поэтому сила звука мне известна не была. После выстрела я услышал окрики за спиной и увидел бегущих в мою сторону людей в форме. Которых я принял в темноте за солдат срочной службы. Испугавшись хулиганских действий в отношении меня с их стороны, я подпустил их ближе и произвел еще четыре выстрела по ним. После чего обнаружил на нападавших милицейскую форму. В совершении содеянного искренне раскаиваюсь»

— Что, герой, написал? Ну, иди расслабляйся.

Зь вясёлага тону сьледчага я зразумеў, што гэтая справа яму да лямпачкi, а значыць у мяне ёсьць надзея на хуткi канец гэтага тэатральнага падарожжа ў Волагду, смутныя абрыўкi якога з болем усплывалi ў адфутболенай учора галаве. Помнiцца, адзiн схапiўся за твар. Значыцца, на жаль, я ўсё ж патрапiў яму ў вочы. I калi мяне запiхвалi ў варанок, у некаторых вокнах начной вулiцы запалiлася сьвятло. Сонныя валагжане, дзякуючы мне, яшчэ раз праклялi рэалii новай Расеi. Расслабiцца, праўда, ня надта ўдавалася. Не дапамагалi нават жарты сукамэрнiкаў.

— Молодец, белорус. Давненько наших козлов никто так не гонял.

— Белорусы — ребята не промах. Вспомни армию, белорусы, кабардины — один хер.

Лепш бы яны памаўчалi. Ад iхных падбадзёрваньняў Беларусь яшчэ больш здавалася неверагоднаю ды мiстычнаю. Шмат бы я аддаў тады, каб раптам апынуцца ў самым гiблым беларускiм калгасе на любы тэрмiн палявых работ.

Мяне пабудзiлi ўночы. У дзяжурцы чакаў бацька. Сонны сяржанцiк выпiсаў падпiску аб нявыезьдзе. Я баяўся бацькавага гневу. Але, на дзiва, ён паставiўся да ўсяго, што адбылося, бязь лiшнiх псiхаў i, як па нотах, разыграў маё вызваленьне. Па дарозе на вакзал ён кармiў мяне мною ж заваранай кашаю. Займацца гэтым анэкдотам тут жаданьня нi ў кога асаблiвага няма. Але, на няшчасьце, сяржант, якому я пусьцiў скупую мiлiцэйскую сьлязу, аказаўся занадта крыўдлiвым. I ў дадатак — родам з гарада Грознага. За сваю непадачу заявы ў пракуратуру наконт пашкоджаньняў здароўя пры выкананьнi службовага доўгу ён запрасiў круглую зялёную суму. Ня сам, вядома, а праз сваiх землякоў. Калi бацька прынес пакет, каўкаскiя землякi павялiчылi кошт маёй свабоды ўдвая, забыўшыся на мудрую расейскую прымаўку пра сквапнага фраера. Прызначыўшы iм спатканьне на наступны дзень, бацька прыхапiў з сабой сябрука i сярод ночы з наiграна радасным тварам завалiўся ў РАУС, дзе даверлiвы дзяжурны на слова паверыў, што «ўсё замята». Праз пару гадзiнаў я ўжо быў у цягнiку мiлага сэрцу заходняга накiрунку, нiбы калабок, пакiнуўшы валагодзкiх ваўкоў нi з чым. «Ну, давай, сынок, валi ў сваю Лiтву i носу адтуль не паказвай. Паводзь сябе добра i маму не турбуй», — разам з шчыраю поўхаю атрымаў я бацькоўскi наказ, якi праз паўгады бяздумна парушыў, паддаўшыся жаданьню адсьвяткаваць Новы год у Беларусi. Праз два днi пасьля майго прыезду лiтоўцы, нiбы шчоўкнуўшы пасткай, увялi вiзавы рэжым. I я набраў нумар Аддзела Вiзаў i Рэгiстрацыяў.

Усё, што адбывалася на тыя Каляды, я ўспрымаў надзiва спакойна. Двое ў цывiльным па баках, трэцi сьпераду. Пераапрананьне ў прасьцейшую адзёжку ды адрываньне фiльтраў ад цыгарэт. Цесны варанок i лянiвая размова канваiраў пра надыходзячы Новы год... Толькi рыданьнi мацi вярнулi мяне да рэальнасьцi. Да паступовага разуменьня таго, што iзноў усё вельмi ўсур’ёз.

У камэры нас было чацьвёра. Мiлы хлопчык-кампутаршчык, якi адмыслова пакiнуў фортку свайго офiсу адчыненай, пасьля чаго ў офiсе засталася толькi адкрытая фортка. Хлопчыка ўзялi ў момант, калi той у чаканьнi нявесты сэрвiраваў калядны стол. Другога, блатара-пачаткоўца i сына вайсковых расейцаў, выцягнулi з п’янай бойкi ля вiннай крамы, калi той яшчэ не пасьпеў нiкому страсянуць мазгоў. Трэцi быў саракагадовы, прыгожы чалавек з выцягнутым арыстакратычным тварам i вельмi разумным позiркам. Усё ў iм — пастава, тэмбар, манера гаварыць зь невялiкiмi паўзамi, — незвычайна супакойвала. Я хутчэй уявiў бы яго за пiсьмовым сталом, чым... у якасьцi рэцыдывiста зь пяцьцю тэрмiнамi за плячыма й адным загубленым жыцьцём на душы, якi лiтаральна некалькi дзён таму грабануў у горадзе Мазыры прыватную краму й нажом паранiў мiлiцыянта.

Як добра, што я нiкога зь iх ня ведаў па той бок турэмнага муру. I як файна, што менавiта яны сталi маiмi сукамэрнiкамi ў той сьвяточны пераднавагоднi тыдзень. Мiлыя людзi ў чатырох сьценах, iм не было чаго дзялiць, акрамя цыгарэтных зацяжак ды ўспамiнаў. Страчаная свабода была для ўсiх ня больш, чым нагодаю распавесьцi нешта цiкавае. А апавядальнiкамi яны былi выдатнымi.

Так за вясёлымi размовамi мы й сустрэлi сьвятло апошняга пераднавагодняга дня. Менавiта сьвятло, бо ўбачыць неба з таго вакна было немагчыма. Але я быў упэўнены, што там цудоўнае зiмовае надвор’е, як на калядных паштоўках. У той дзень я спалохаўся распаўсюджанай прыкметы — «як ты новы год сустрэнеш, так яго й правядзеш». Старэйшаму з нас пабачыць колер неба сьвяцiла, у лепшым выпадку, а першых гадах будучага тысячагодзьдзя. Што яго нiяк не засмучала. Ён ужо ведаў i зону, у якую яго накiруюць, i зь якой ён адлучыўся на нейкiя паўгады. Ён ужо думкамi быў там, прадчуваючы цёплую сустрэчу за чыфiрам са старымi сябрамi. Урэшце, на зоне засталася ягоная галубятня, якую трэба было б адрамантаваць. Высьветлiлася, што ён любiў птушак нашмат больш за людзей. Хлопчык-кампутаршчык небеспадстаўна спадзяваўся на ўмоўны тэрмiн. А жывапiсны «граза раёну» i так ведаў, што яго, хутчэй за ўсё, апраўдаюць. Самае сумнае становiшча было ў мяне. Мяне не чакалi нi тэрмiн, нi добры адвакат, нi сьледчы. Валагодзкi канвой — вось адзiнае, што я ведаў пра свой блiжэйшы навагоднi лёс. I суразмоўцы здавалiся мне абранцамi фартуны. Супакоiў мяне сiвы забойца. «Ты, пацан, не хвалюйся. Першая ходка будзе так сабе, а ўжо пасьля пойдзе, як па масьле».

Адмераўшы на вока апошнiя iмгненьнi адыходзячага году, мы зрабiлi з хлеба нешта, што нагадвала сьвяточныя фужэры, ды, пажадаўшы адзiн адному пераменаў да лепшага, распачалi сваю сьвяточную вячэру. Але не пасьпеў я дажаваць свой мякiш, як дзьверы камэры расчынiлiся й мяне паклiкалi «з рэчамi».

На гадзiньнiку ў дзяжурцы было бяз чвэрцi дванаццаць. Новы год я сустрэў у мiлiцэйскiм варанку, што вёз мяне з турэмнай ускраiны ў цэнтар гораду, дзе даўно ўжо iшло гульбiшча. Сьнегу не было, стаяла мярзотная адлiга. Але нават у такiм дажджлiвым пратэсьце прыроды я знаходзiў прыкмету свабоды.

Як высьветлiлася пазьней, беларуская пракуратура вырашыла не выдаваць расейскiм калегам свайго грамадзянiна. I праз суткi я стаяў у кабiнэце пракурора Гомельскай вобласьцi як шкадлiвы падшыванец. Пракурор падвёў мяне да мапы Рэспублiкi Беларусь, што вiсела пад гiпсавай «Пагоняю», i сказаў: «Вось, сынок, межы нашай рэспублiкi. Тут i гуляй сабе. Толькi страляць ня трэба. А вось тут, — ён паказаў на Расею, — табе лепш пакуль не паказвацца. Зразумеў?» Я зразумеў. Зона маёй свабоды пашырылася да межаў маёй краiны, i тая мяжа за сорак кiлямэтраў на ўсход перастала быць празрыстаю. Так я ўпершыню амаль фiзычна адчуў межы сваёй краiны, i свабода, абмежаваная такiм чынам, падалася мне прывабнаю для жыцьця.

Тэлеграму аб закрыцьцi маёй справы я атрымаў напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў. I ўпершыню за прамiнулы год расслабiўся як сьлед. Праз пару дзён пасьля гэтага я зразумеў, што ня варта загадваць жаданьні ў няволі. Яны могуць зьдзейсьніцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0