Хто не капае бульбу ў Беларусi?

 

Калi ў верасьнi паглядзець на краiну з вышынi птушынага палёту, вiдаць: iмчацца на ўсе бакi старэнькiя аўдзi й мэрсэдэсы, бээмвэшкi i матацыклы, вольва i жыгулi. Беларусь едзе капаць бульбу. Жыгулi й матацыклы здольныя пад’ехаць да самага поля — рэшта цяглавай сiлы застаецца на ўскрайках дарог.

У вясковых хатах сьвятло запальваюць а трэцяй ночы — гатуецца палудзень для тых, хто прыедзе капаць бульбу. Мяхi ўжо падрыхтаваныя — падлiчаныя, зашытыя, забясьпечаныя завязкамi. Кошыкi ёсьць, вёдры ёсьць, i, завiхаючыся ноччу ля печы, вясковыя жанчыны засяроджваюцца, каб успомнiць, цi хопiць усiм капачам капачак. Гарадзкiя жанчыны (эканамiсты, тавараведы, сакратаркi) адрываюць дагледжаныя дупы ад наседжаных месцаў — узьнiмаюцца капаць бульбу.

На бульбу едуць усе — дыск-жакеi i сьцюардэсы, цiцянковы i iнцялягенты, маладафронтаўцы (хто не ў турме) i банкiры (хто, зноў жа, ня тамака). Мудры мiнiстар адукацыi ня сьпiць, варочаецца ў пасьцелi — дратуе думка, як жа зрабiць так, каб расьцягнуць канiкулы на два бакi, каб дзецi разам з бацькамi маглi садзiць, а потым капаць бульбу. Няхай думае. Хадзем далей.

Капаюць журналiсты. Лекары (акрамя хiрургаў). Зразумела, настаўнiкi. Палiтыкi. Зiмоўскi не капае — ходзiць з кута ў кут новай чатырохпакаёвай кватэры, нудзiць, слухае рэха крокаў. Халера зь iм. Яму наканавана вывозiць угнаеньнi.

На ўсходзе й на Мiншчыне капаюць рыдлёўкамi, на захадзе —адмысловымы дзюбатымi матычкамi. Старыя i там, i там працуюць шпарчэй за маладых.

Махае матычкай той, рыдлюе гэты. Шчасьлiўцы выгорваюць трактарцамi.

У старых марынарках з адарванымi гузiкамi, у гумавых ботах i залатаных штанах колеру марэнга Беларусь капае бульбу. Сьвiшча вецер. Дзецi грэюцца ля вогнiшчаў.

Дым ад гэтых ахвярных вогнiшчаў цягнецца на гару Маяк, дзе жывуць бесьсьмяротныя беларускiя багi. З вышынi пазiраюць яны на абшары, сочаць за адвечным парадкам. Але й яны ня ведаюць будучынi. Замяталiн думае, што ведае, а вось бульбы ён не капае. Ня ўмее й ня хоча.

Зянон жа Станiслававiч добра ўмее i, пэўна, хоча. Ды дзе ж...

На бульбянiках зароджваюцца новыя iдэi. Тут падводзяцца вынiкi за год i снуюцца пляны. Сардэчныя размовы мяжуюць тут ужо з душэўным стрыптызам. Тут сустракаюцца сваякi, якiя доўга ня бачылiся. Тут мацуюцца пачуцьцi, вiруе жыцьцё, а часам нагадвае аб сабе сьмерць.

Ну дык i любiце бульбянiкi, прыходзьце на бульбянiкi, i памрыце на бульбянiках, калi зможаце.

Н.Б.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0