Сто твораў мастацтва XX стагодзьдзя

Леанiд Шчамялёў. Нацюрморт

 

Вялiкi Бэнвэнута Чэлiнi ўсё жыцьцё ствараў калясальныя статуi, i менавiта ў гэткай ролi запрашалi яго да каралеўскiх двароў. Мiж тым, ягоная слава як манумэнталiста з хадою стагодзьдзяў паблякла, а вось слава Чэлiнi як непераўзыйдзенага ювэлiра засталася ў вякох, што пацьвердзiў вершам i Максiм Багдановiч.

Часам здараецца гэтак, што мастак на ўсю моц раскрывае свае мэтады й сьветапогляд, у рэчах, здавалася б, нязначных, невялiкiх, непрэтэнцыйных. Напрыклад, у камэрным нацюрморце. Сурбаран, якi напiсаў дзясяткi палотнаў на рэлiгiйныя сюжэты, увайшоў у гiсторыю мастацтва найперш сваiмi выкшталцонымi, някiдкiмi нацюрмортамi, разгледзець праўдзiвыя якасьцi якiх здолелi людзi пазьнейшых эпохаў, далёка за рысаю барока. Калi я прыгадваю жывапiс Канчалоўскага, дык перад усiмi ягонымi кампазыцыямi, партрэтамi, пэйзажамi, перад мною паўстае ягоны «Бэз»...

На пачатку 80-х , калi на выставах (пэрсанальная ў лiстападзе 1982) пачалi зьяўляцца камэрныя палотны Шчамялёва, ягоныя эцюды, дык адразу ўвага публiкi й калегаў пераключылася на iх. Крытыкi, у прыватнасьцi, адзначалi са шкадаваньнем, што раней гэтыя творы не выстаўлялiся. Найперш цiкавасьць выклiкалi ягоныя невялiкiя пэйзажы i нацюрморты, у якiх адлюстравалася квiнтэсэнцыя мастакоўскiх канцэпцыяў жывапiсца...

Па сканчэньнi iнстытуту Леанiд Шчамялёў зьехаў у расейскае Прыпаляр’е. Цi то ягоную душу разьвярэдзiла творчасць Рокуэла Кента, цi то папросту хацелася больш прасторы, шчымлiвай бясконцасьцi. Так цi iнакш, але менавiта з Поўначы ён прывез тыя самыя сумёты, гурбы й завеi, якiя пiсаў болей, чым хто з мастакоў. Шчамялёў — мастак Зiмы. Менавiта гэткая асацыяцыя ўзьнiкае кожнага разу, калi згадваецца ягонае iмя... Ягоныя палотны сьцюдзёныя, як шклянка ранiшняга малака. Нават цёплыя, адкрытыя фарбы пякуць як мароз.

Адна зь першых карцiнаў Шчамялёва — «Маё нараджэньне», таксама напiсаная ў сьнежным калярыце. Яна была створаная ў 1967 годзе, i ня мае дачыненьня да асабiстай бiяграфii мастака. Ён нарадзiўся значна пазьней за першую вайну i значна раней за апошнюю, не ў засьцюджаным лесе, а ў вялiкiм горадзе Вiцебску. Ягонымi дзiцячымi ўражаньнямi былi не партызанскiя буднi, а Полацкi рынак, дзе прадавалiся маляваныя дываны, карцiны й карцiнкi. Рэвалюцыйны рамантызм постхрушчоўскага часу —сваеасаблiвая ахоўная рэакцыя арганiзму культуры на праявы камунiстычнага маразму. Ва ўжо далёкай (паўстагодзьдзя) мiнуўшчыне мастакi чэрпалi, дакладней, спрабавалi чэрпаць хоць нейкiя iдэалы. Нежаданьне мiрыцца з брутальнасьцю ладу штурхала iх у далёкi прасьвет рытуальных рэвалюцыйных вогнiшчаў, якiя мелiся ачышчаць душы.

... Шчырасьць некаторых мастакоў заходзiла надта далёка. Прафэсар жывапiсу Майсеенка, родам з Буда-Кашалёўскага раёну, усур’ёз распавядаў, што натхняўся дзiцячымi ўспамiнамi, «прыгадваючы», як паўзь ягоную родную вёску Ўваравiчы праходзiла Чырвоная коньнiца. У гады грамадзянскай вайны яму было два-тры гады i коньнiца ў балотах Гомельшчыны не хадзiла наогул, за выключэньнем паходу легiёнаў Булак-Балаховiча. Зрэшты стары мастак меў на ўвазе iншае: зь дзяцiнства яму падабалiся конi...

Шчамялёў скарыстаў сюжэт хiба толькi для экспэрымэнту з формаю. З другога боку, ён першы пераўтварыў гiстарычную савецкую тэматыку ў мэтафару, прыпавесьць. У гэтым жа рэчышчы крыху раней былi створаныя й гэткiя палотны, як «Цяжкiя гады» i «Партызан», якiя шакавалi некаторых сучасьнiкаў цалкам адвольным абыходжаньнем з формаю й фарбаю «i iншымi адступленьнямi ад рэалiстычнай трактоўкi». Апагеем жывапiсных экспэрымэнтаў Шчамялёва напрыканцы 60-х стала ягоная карцiна «На беларускiм вясельлi», дзе моцна выцягнутыя постацi пэрсанажаў, нiбы ў адваротнай пэрспэктыве расейскiх абразоў, стваралi надзвычай урачыстае, амаль сакральнае ўражаньне. Хлеб з сольлю для маладых ставаў сьвятым прычасьцем, толькi не нябесным, а зямным.

Шчамялёў таксама коней маляваў. «Белыя конi ў восеньскiм лесе», «Iпадром», шэраг палотнаў, прысьвечаных коньнiцы апошняй вайны. Цi гэта генэрал Даватар, ухутаны ў бурку цi Гусоўскi на белым канi з разгорнутай кнiгаю ў руках — усё толькi падстава для ўвасабленьня дзiцячых летуценьняў пра коней i мастакоўскiх — пра чыстую бель.

Немалую частку творчае спадчыны Шчамялёва складаюць партрэты, у тым лiку й гiстарычныя. Жорсткi, як краi вiтражнага шкла, абрыс. Нетрывiяльная, часам да шоку, трактоўка вобразаў. Ягоны Калiноўскi, выстаўлены ў 1983 годзе, бадай, гэтак i застаўся непераўзыйдзеным. Не паводле псыхалягiчнай трактоўкi, а на ўзроўнi падсьведамасьцi. Мастак выявiў нашмат больш, чым тое, што нам ведама пра Калiноўскага са старонак кнiг.

... Дзеля таго, каб пераканацца, што ў шклянцы халоднае малако, дастаткова аднаго каўтка. Каб зразумець стыль, якi вынайшаў мастак, дастаткова глянуць хоць бы на адзiн твор i не абавязкова самы буйны. Калi мы памылiмся, гэта будзе азначаць толькi тое, што й стылю няма...

«Нацюрморт», напiсаны ў 1995 годзе — адзiн са шматлiкiх нацюрмортаў Шчамялёва. I кожны зь iх, нiбы напiсаны шклом па шкле, убiрае ў сябе ўсё тое, з чым зьвязана iмя жывапiсца. Аплiкатыўны, рэзкi, аскепак крышталю, стыль.

Ваза, талерка, яблык, пляшка i чарка. Простыя рэчы, рэчы, якiя пад пэндзлем Шчамялёва, здабываюцца з банальнасьцi й на вачах гледача пераўтвараюцца, нiбы наноў народжаныя, у геамэтрычны парадак формаў i сьвежых колераў. Рэчы, якiя жывапiсец ЗМУШАЕ быць прыгожымi, хвалююць, захапляюць нас? Цi гэта толькi лекцыя мастацкага мэтаду, якому мастак аддаў увесь свой талент i свой iнтэлект?

Усё ж гэта ня лекцыя. Гэта прыпавесьць пра мудрасьць i досьвед жывапiсца, пра раўнавагу памiж абстрактным мысьленьнем i адмыслова дакладным бачаньнем натуры. Гэта прыпавесьць пра ўратаваньне жывапiсу ад прымiтыўнага савецкага натуралiзму й лiтаратуршчыны дзякуючы звароту да элемэнтарных падставаў мастацкай мовы, пра пераўтварэньне жорсткае кампазыцыйнае схемы ў лёгкае каляровае летуценьне.

Сяргей Харэўскi


Леанiд Шчамялёў (1923, Вiцебск) жывапiсец, пэдагог. Пасьля сканчэньня школы ў Вiцебску, у 1959 годзе скончыў Беларускi тэатральна-мастацкi iнстытут. Народны мастак БССР. Ляўрэат Дзяржаўнае прэмii Беларусi. Ягоныя творы зьберагаюцца ў калекцыях Нямеччыны, Расеi, Францыi, Iталii, Фiнляндыi, Iзраiля.


 

Творы, прадстаўленыя
ў папярэднiх нумарах «НН»:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля.

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск. Лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi.
Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская опэра

20. Аркадзь Астаповiч. Дворык

21. Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сьцяг

22. Прывакзальная плошча ў Менску

23. Станiслаў Жукоўскi. Iнтэр’ер

24. Пакроўскi сабор у Баранавiчах

25. Мiхал Станюта. Партрэт дачкi

26. Яўхiм Мiнiн. Усьпенскi сабор у Вiцебску

27. Iзраiль Басаў. Успамiн

          28. Віталь Цьвірка. Ганча — партызанская зямля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0