Вiктар Шнiп
***
Я не прывыкну да дажджоў нiколi,
Як не прывыкнуць душам да турмы,
Якiя зьведалi грахоўнасьць волi
I помняць шлях ад дому да карчмы.
А дождж iдзе, як Божы суд, бясконцы,
I мёртвы бруд змываецца зь зямлi.
I лiсьце жоўтае, як рэшткi сонца,
На чорнай, нiбы нэкралёг, ральлi.
I я гляджу з вакна, як з дамавiны,
Якая цiха праз патоп плыве.
I я шапчу iмя сваёй жанчыны,
Якая невядома дзе жыве
I любiць дождж. За што? Сама ня знае
I знаць ня хоча, бо жыцьцё iдзе
I хвiлю кожную ў нябыт зьнiкае,
Як бруд, як лiсьце жоўтае ў вадзе.
***
Гэта ноч, нiбы воўк, за вакном,
Гэта вецер ганяе лiстоту...
Не кажы, што мы сумна жывём,
Не кажы, не люблю пра самоту.
Дзень прайшоў, быццам бы й не было,
I здаецца, нiколi ня будзе.
Дзень прайшоў, бы згарэла сьвятло,
На якое малiлiся людзi.
Як сьвiтаньне, пральецца вiно,
I паўторацца словы самоты...
Гэта ноч заглядала ў вакно,
Гэта Храм будаваўся зь лiстоты...
ЗАМКНУЦЦА...
Замкнуцца ў кватэры ад гэтага сьвету,
Дзе ўсё анiгэтак i ўсё анiтак, —
Нiбыта жывому патрапiць у Лету,
Нiбы па пустэльнi ўцякаць ад сабак.
Замкнуцца ў кватэры — патрэбна кватэра,
Дзе ты не залежыш ад тых, хто ў табе
Разбуджвае зьвера i, дражнячы зьвера,
Душу тваю топiць у чорнай журбе.
Замкнуся ў кватэры i вокны завешу,
Са сьвечак сьцячэ па кватэры сьвятло,
Нiбы па канаве... Душу не суцешу,
I век не вярнуся ў краiну Было.
***
Мне проста хочацца ў Амэрыку,
А не ўцякаць адсюль, бо не ўцячэш
Ад клёнаў, белых руж у сквэрыку,
Ад адзiноты, у якой жывеш,
Нiбыта ў бочцы Дыяген.
I мiж зямлёй i небам, як мiж сьцен,
Хаджу, няздольны перайначыць сьвет,
Дзе ўсё няпэўна, нiбы далягляд,
Дзе мы ад кавы i ад цыгарэт
Ня можам адрачыся, як ад сьвят,
Што Богам дадзены. Хаджу адзiн
Самотны, п’яны, нiбы сукiн сын,
Якому хочацца ў Амэрыку,
Дзе не чакае там яго нiхто...
Прайду, нiбы праз сон, па сквэрыку
I сяду я ў савецкае аўто,
Нiбыта ў бочку...
***
Мы — белая Азiя, цiхi пясок,
Што ветрам узносiцца аж да аблок
I сыплецца ўнiз i зьнiкае, як сон.
Мы — белая Азiя, ты — азiят,
Якi адно знае — дарогу да хат,
Дзе сала ядуць i дзе п’юць самагон.
Ты хочаш нямнога — ты хочаш пажыць,
Таму i ў душы тваёй мёртва ляжыць
Тутэйшай самоты i гжэчнасьцi лёд.
I ты азiят, ты ня любiш мяне,
Бо я не хачу жыць у цiхiм багне.
Я помню, што мы — эўрапейскi народ.