АПОШНI ПРАЗАIК ЭЎРОПЫ

Артыкул з швэдзкага часопiса «Expressen»

 

Пасьля сьмерцi Генрыха Бёля адзiным i, магчыма, апошнiм прадстаўнiком клясычнае прозы ў Эўропе застаўся Васiль Быкаў. Тая лiтаратура, якую мы асацыюем з iмёнамi Дастаеўскага, Сартра альбо Лягерлёф, сканчае сваё iснаваньне. Наўзамен ёй запанаваў постмадэрнiзм, якi склаўся пасьля другой сусьветнай вайны з розных неклясычных лiтаратурных плыняў, якi ня мае патрэбы ў гiерархii i будуе свае гармонii не паводле законаў эпiкi або псыхалягiзму ранейшае школы, а адно з сымбiёзу выпадковасьцяў, з наўмыснае эклектыкi жанраў i вiдаў мастацтва, з public relations, нарэшце. Уласна проза болей ня пiшацца, а тое, што пiшацца, можна назваць рэфлексiяй або каляжам, кiнасцэнаром або, найчасьцей, эсэ.

На гэтым тле Васiль Быкаў застаецца ў Эўропе самым надзейным i прадукцыйным «лiтаратурным цэхам», — як можна было б акрэсьлiць кожнага клясыка. Маючы паважны ўзрост, Быкаў нiколi не спыняецца, а ўвесь час разьвiвае ўласную фiлязофiю i мастацкую канцэпцыю. У гэтым сэнсе яго можна было б назваць апошнiм клясыкам эўрапейскага экзыстэнцыялiзму.

На пачатку 80-х у Беларусi шырока загаварылi пра магчымае вылучэньне Быкава на Нобэлеўскую прэмiю ў галiне лiтаратуры. Аднак тады замест гэтага пiсьменьнiк атрымаў зорку Героя сацыялiстычнай працы ў 1984 i Ленiнскую прэмiю ў 1986, што было ўспрынята як спроба савецкага кiраўнiцтва запабегчы станоўчаму рашэньню Швэдзкае акадэмii, бо набэлiсты лiчылiся ў СССР дысыдэнтамi.

У тыя часы магло падацца, што Быкаў ужо ўсё напiсаў i цалкам адбыўся, як творца i як чалавек. У савецкай лiтаратурнай гіерархii ён дасягнуў найвышэйшае вяршынi.

Народжаны 19 чэрвеня 1924 у вёсцы на Вiцебшчыне, ён зь дзяцiнства зьведаў сялянскi побыт i памкненьне да мастацтва. У Вiцебскiм мастацкiм тэхнiкуме ён, зразумела, не засьпеў ужо анi Малевiча, анi Шагала, анi Пэна, аднак жывую прысутнасьць iхных талентаў у атмасфэры вучэльнi Быкаў, паводле ягонага прызнаньня, адчуў. Далей за плячыма былi акопы другой сусьветнай вайны, дэбют у «Новом мире» А.Твардоўскага з аповесьцю «Мёртвым не балiць» (1965), якая стала для ўсёй савецкай лiтаратуры сымбалем «акопнае праўды», «шасьцiдзясятнiцтва», неiдэалягiзаванага мастацтва. Усё, што нi пiсаў Быкаў, нiяк не ўкладалася ў каноны афiцыйнага ў СССР «сацыялiстычнага рэалiзму». Тым ня менш, яго друкавалi i ганаравалi, мабыць, разумеючы маштаб ягонага таленту. Пасьля дзясятка «акопных» аповесьцяў Быкаў пiша «Знак бяды» — твор пра беларускiх вяскоўцаў на акупаванай нямецкiмi фашыстамi тэрыторыi, дзе паказвае, што з рэек крытыкаванага тады ў СССР «абстрактнага гуманiзму» ён скiроўвае сваё разьвiцьцё ў бок трагiчнага нацыянальнага эпасу. Менавiта ў сярэдзiне 1980-х Быкаў засьведчыў, што ён гатовы зьмяняцца i зьдзiўляць чытача, што ў яго яшчэ шмат няпройдзеных шляхоў. Наступныя творы пацьвердзiлi гэта. «Аблава» (1989), у якой порсткi сталiнiст-камсамолец разам з цэлай зграяй сабе падобных заганяе бацьку-селянiна ў багну, сталася пэўнай вяршыняй фiлязофii Быкава. Але й цяпер Быкаў не спынiўся.

Ягоны ўдзел у дэмакратычных пераменах, у стварэньнi першых антыкамунiстычных арганiзацыяў — «Мартыралёгу Беларусi» i Беларускага Народнага Фронту — засьведчыў ягонае прызнаньне за найвялiкшага нацыянальнага аўтарытэта ў Беларусi, а таксама ягоны выбар на карысьць нацыянальнае iдэалёгii. Зь пераломам у 1994 на карысьць рэсаветызацыi Быкаў апынаецца ў поўнай апазыцыi да рэжыму першага прэзыдэнта краiны Аляксандра Лукашэнкi. У адказ на гэта ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» рассыпаюць набор новай кнiгi пiсьменьнiка «Сьцяна». Кнiга выходзiць у 1997 у незалежным выдавецтве «Наша Нiва» за сабраныя чытачамi грошы. У пачатку 1998 прэзыдэнт Беларускага пэн-цэнтру Быкаў едзе ў Фiнляндыю на запрашэньне тамтэйшага пэну. I ўжо праз тры месяцы зьяўляецца ягоная новая аповесьць — «Ваўчыная яма». Быкаў зноў зьмянiў тэму: гэтым разам ягоны герой — сучасны дэзэртыр, якi шукае схову ў Чарнобыльскай зоне. Нязьменным застаўся стыль i фiлязофскi пошук пiсьменьнiка.

Усё, што пiша Васiль Быкаў, — гэта розныя варыяцыi эвангельскага сюжэту, у цэнтры якога — праблема сьвядомае сьмерцi. Дыяпазон iнтэрпрэтацыяў пiсьменьнiка шырокi: Сотнiкаў з аднайменнай аповесьцi, якi так цi йнакш паўстае перад намi то Хрыстом, што прыняў пакутнiцкую сьмерць дзеля выкупленьня, то дыктатарам антырасейскага паўстаньня 1863 г. у Беларусi Калiноўскiм, падобным да безагляднага маладога талiба, якi адначасова i фанатык, i гулец са сьмерцю; Сьцепанiда са «Знаку бяды», якая прымае сьмерць амаль што «назло» акупантам i ўласнаму наканаваньню; селянiн Роўба з «Аблавы», для якога сьмерць становiцца адзiным выратавальным i маральным зыходам з сытуацыi.

Гэтаксама памiраюць i героi «Сьцяны». Беларускiя паўстанцы 1920 году з аповесьцi «На Чорных лядах» вырашаюць пакончыць з сабою, прадумаўшы нават тое, каб схаваць уласныя трупы, каб бальшавiкi не ўчынiлi апазнаньня й не рэпрэсавалi iхныя сем’i. Па-сартраўску памiраюць пэрсанажы «Жоўтага пясочку». У Сартравым «Муры» вымалёўваюцца паводзiны розных людзей у камэры сьмяротнiкаў перад расстрэлам. У аповесьцi Быкава чэкiсты вязуць групу сьмяротнiкаў у грузавiку — да Курапатаў, найбуйнейшага месца сталiнскiх расстрэлаў пад Менскам. Грузавiк засядае ў размытай дажджом каляiне, i асуджаныя штосiлы штурхаюць яго, наблiжаючы момант уласнае сьмерцi.

Сьвядомая сьмерць разглядаецца пiсьменьнiкам як паратунак дзеля маралi, а найчасьцей — як абложнае i безальтэрнатыўнае наканаваньне чалавека. Iншага выйсьця папросту не iснуе. Часам сьмерць замяняецца здрадай, як у выпадку з прафэсарам у аповесьцi «Бедныя людзi», якi знаходзiць адзiнае выйсьце —данесьцi ў КГБ на свайго маладога калегу, бо баiцца, што калега першы данясе на яго.

У пераказе гэта можа выглядаць як чорныя забаўкi радыкальнага пэсымiста, але талент празаiка пераконвае нас у тым, што ўсё гэта праўда. Згадваецца адказ Уiльяма Фолкнэра на пытаньне пра тое, як ён можа апiсваць амэрыканскую цывiльную вайну, калi сам яе ня бачыў. Фолкнэр кажа, што зь дзяцiнства рос у атмасфэры расповядаў пра тую вайну i «ўсё, што напiсаў, ён прыдумаў, але ўсё гэта праўда». Зрэшты, дакумэнтальная гiсторыя Беларусi спрэс пацьвярджае праўдзiвасьць калiзiяў у творах Васiля Быкава.

Быкава можна называць апошнiм экзыстэнцыялiстам або жорсткiм рэалiстам, апошнiм клясычным эўрапейскiм лiтаратарам... Ён насамрэч ТАКI застаўся ў Эўропе адзiн, таму можа прыцягваць да сябе ўсе азначэньнi жывое клясычнае лiтаратуры. Нездарма ў апошнiя гады зноў ажывiлiся размовы пра тое, што Васiль Быкаў мусiць атрымаць прэстыжную Нобэлеўскую прэмiю. Тымчасам, калi пiсьменьнiк стаў сымбалем дэмакратычнага супрацiву ў сваёй краiне, ён працягвае ствараць трагiчны нацыянальны эпас беларусаў ХХ стагодзьдзя.

 

Пэр Сандэнског

Пераклаў з швэдзкай П.Канавальчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0