Глеб Якунiн:

«Была б Вера»

 

Вядомы расейскi «раскольнiк» адказвае на пытаньнi карэспандэнта «НН».

«НН»: Айцец Глеб, сёньня ў маёй краiне, у асяродзьдзi маладых людзей падае прэстыж праваслаўя, i адпаведна узрастае цяга да каталiцызму з-за непрыхаванай палiтычнай пазыцыi вышэйшага духавенства РПЦ...

Г.Я.: Вядома ж, мяне гэта закранае. Але мая барацьба за рэфармаваньне праваслаўнай царквы выклiканая ня толькi гэтым. Я бачу, як Маскоўская патрыярхiя, становячыся дзяржаўнай рэлiгiяй, няправеднымi мэтадамi змагаецца са сваiмi рэлiгiйнымi канкурэнтамi. А самае галоўнае, нацкоўвае дзяржаву на малыя рэлiгii, якiя называе «таталiтарнымi сэктамi». Штучна выклiкае варожасьць да iх сярод насельнiцтва. Хоць паводле канстытуцыi ў нас дзяржава сьвецкая i ўсе рэлiгiйныя арганiзацыi роўныя. Але ўлада, у надзеi на палiтычныя ачкi, лiчыць неабходным заiгрываць i задавальняць iнтарэсы маскоўскай патрыярхii.

Ужо сёньня можна казаць пра масавы адток людзей ад Расейскай праваслаўнай царквы, сувымерны з тым масавым ростам паствы, якi назiраўся напачатку 90-х гадоў. I прычыны таму вiдавочныя. Гэта й грубае парушэньне правоў iншых рэлiгiйных суполак, i нездаровыя адносiны памiж дзяржаваю й царквой. I тыя працэсы, што адбываюцца ўнутры самога праваслаўя. У вашым выпадку гэта лiзаблюдзкiя паводзiны мiтрапалiта Фiларэта. Ягонае запабяганьне перад вашым прэзыдэнтам кампрамэтуе царкву з палiтычнага гледзiшча.

У нас жа працэсы больш скандальныя. У нас асноўнае, што выклiкае няпрыязь i абурэньне шырокай грамадзкасьцi й сродкаў масавай iнфармацыi, гэта тое, што Маскоўская патрыярхiя атрымала з рук прэзыдэнта Ельцына магчымасьць хуткага ўзбагачэньня. Як за кошт гуманiтарнай дапамогi, якая зьнiкае невядома дзе, так i дзякуючы тым неверагодным магчымасьцям атрымлiваць прыбытак, падараваны ўладамi. Нафта, золата, дыямэнты, гарэлка, тытунь — няма межаў iхнаму гандлю й банкаўскай дзейнасьцi. А колькi яшчэ сфэраў засакрэчаных, куды цяжка пранiкнуць.

«НН»: Гарэлка з тытунём — традыцыйны асартымэнт i для Беларускага экзархату.

Г.Я.: А нядаўна ў Данiлаўскам манастыры прайшоў так званы «Сусьветны расейскi сабор», на якiм прысутнiчала ўся сёньняшняя камунiстычная вярхушка на чале зь Зюганавым i палiтычна ўсяедным Лужковым. Гэты збор — лепшае сьведчаньне таго, што гэта «чырвоная» царква, якая генэтычна ўзыходзiць да таварыша Сталiна й арганiчна зьвязаная зь дзяжбясьпекаю. Таму сумленныя сьвятары, скажам так, рэфарматарскага крыла, сустракаюць у сваёй працы неймаверны супрацiў вышэйшага духавенства. Але калi гэтая царква будзе й надалей заставацца кансэрватыўнаю, зь сярэднявечным сьветаўспрыманьнем i палiтычна ангажаванай на таталiтарную ўладу, дык, баюся, праваслаўе пацерпiць абсалютную паразу.

У нас, у адрозьненьне ад Беларусi, больш актыўныя не католiкi, а нэапратэстанты, асаблiва «пяцiдзясятнiкi». Па ўсёй краiне ствараюцца шматтысячныя суполкi, i калi такiя тэмпы захаваюцца, Расея папросту ня будзе праваслаўнай краiнай. Аб’ектыўна атрымлiваецца, што Маскоўская патыярхiя зьяўляецца скрытай антырэлiгiйнай арганiзацыяй, у зьмесьце якой нiчога хрысьцiянскага няма. Толькi нэапаганства й цемрашальства. Менавiта ў гэтым яе небясьпека, як сацыяльнага iнстытуту.

«НН»: А цi магчымае рэфармаваньне менавiта гэтай царквы?

Г.Я.: Яна абсалютна на гэта ня здольная як дзецiшча КПСС i КГБ. I ў нас у Расеi зараз самы спрыяльны час для закладаньня рэфарматарскай праваслаўнай царквы. На тых пастулятах, якiя прапаведваў нябожчык айцец Аляксандар Мень. Толькi правядзеньне рашучых рэформаў, сувымерных другому Ватыканскаму сабору (дзе былi зробленыя вялiкiя зьмены ў статуце, у богаслужэньнi, у прыватнасьцi, пасад павярнулi да народа) можа ўратаваць наша праваслаўе.

«НН»: Але што рабiць сумленнаму сьвятару ў Беларусi?

Г.Я.: Ну што рабiць? Галоўнае, каб сумленьне было чыстае. Калi ён лiчыць, што патрэбныя рэформы, хай праводзiць рэформы. Хай забараняюць, хай адлучаюць. Хай пераходзiць як я ва ўкраiнскую царкву, у польскую, у якую заўгодна. Нiкога не забаронiш. Можна дома служыць. Першыя хрысьцiяне пачыналi, калi не было анiводнага храма й перамаглi. Была б толькi вера. Нельга маўчаць, нельга паддавацца гэтаму рэлiгiйнаму монстру. А ў вас гэты фiлiял у Беларусi фактычна ператварыўся ў таталiтарна-дэструктыўную секту, якой развал наканаваны. Хай шараговы сьвятар робiць сваю сьвятую справу. Госпад дапаможа.

Размаўляў З.Б.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0