Грамадскасць Гродна пачала сістэматычнае пазменнае дзяжурства каля прызначанага да зносу будынка канца XIX стагоддзя на вуліцы Урыцкага, 5. Пра гэта паведаміў БелаПАН адзін з актывістаў кампаніі ў абарону гістарычнага цэнтра Гродна Алесь Залеўскі.

Паводле яго слоў, з двухпавярховага цаглянага жылога будынка, што знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, ужо выселілі людзей, адключылі газ і электрычнасць, пачалі разбіраць дах. "Адзінае, што стрымлівае ўлады ад неадкладнага зносу будынка - гэта дзеянні моладзі і адсутнасць інвестара, які б пажадаў укладваць капітал у будаўніцтва на месцы жылога дома. Каардынацыйны камітэт кампаніі "Выратуем Гродна" сканцэнтраваў сваю ўвагу на абароне гэтага будынка, архірэйскай стайні канца XVIII - пачатку XIX стагоддзя, на месцы якой прадугледжваецца ўзвядзенне праваслаўнай царквы, а таксама старога моста цераз Нёман. На днях яго збіраюцца закрыць на рэканструкцыю і пашырэнне, у выніку чаго рэзка павялічыцца паток машын і нагрузка на гістарычны цэнтр Гродна", - сказаў А.Залеўскі.

Апрача таго, паводле яго слоў, актывісты кампаніі распаўсюджваюць па горадзе інфармацыйныя матэрыялы, што распавядаюць аб планах уладаў па зносе гістарычных будынкаў у цэнтры горада і дзеяннях грамадскасці.

Нагадаем, што да 10 чэрвеня грамадскасць Гродна плануе зацвердзіць спіс членаў ініцыятыўнай групы для правядзення мясцовага рэферэндуму па праблемах горадабудаўніцтва і аховы гістарычнага цэнтра горада. Для гэтага неабходна сабраць подпісы 10% выбаршчыкаў Гродна (каля 20 тысяч чалавек). Падрыхтоўчую працу плануецца завяршыць да 10 чэрвеня, пасля чаго ў Гродзенскі гарвыканкам будзе перададзены спіс членаў ініцыятыўнай групы і пытанні, што выносяцца на мясцовы рэферэндум.

Марат Гаравы, БелаПАН


Каля гэтага будынка вядзецца вахта

Здымак Юліі Дарашкевіч

Што яшчэ зьнясуць у Горадні

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0