Застольная песьня граната

 

Само сабою, дастаткова трох зернетак

граната, каб нагадаць пра Празэрпiну.

 

 

Колькi б нi шукалi вы душэўнага

Шчасьця — немагчымае яно.

Хай да плоцевых, да пачуцьцёвых радасьцяў

Iншы вас, як ёсьць ахвота, прыракае,

Горкiх плоцевых i пачуцьцёвых радасьцяў

Зычыць вам — як ён — я не наважуся.

 

 

— Дзiдзье*, мысьляру палкi, я насамрэч табою захапляюся,

Што твая вера ў думку спраўляе розуму твайму такую радасьць,

Якой нiводная iнакшая не пераважыць.

Але ня ўсiм тут умагчымваецца мець аж столькi жарсьцi гэткай.

 

 

О, я таксама, насамрэч, люблю вас,

Уздрыгi згубныя душы маёй,

Уцехi сэрца, iнтэлекту радасьцi, —

Ды песьня мая ўсё-ткi вам, вам, асалоды.

 

 

Вам, плоцевыя ўцехi, пяшчотныя, як мурава,

Цудоўныя, як квецiва паркану.

Так хутка вянучыя, або скошаныя, як лугавая дзятлiнка,

Як той смутлiвы спырнiк, што асыпаецца, ледзь толькi дакранесься.

 

 

Наш позiрк — вось ад’яда пачуцьцяў нашых...

Усё, чаго ня можам мы памацаць, нам вярэдзiць;

Розум ухоплiвае думку нашмат спрытней,

Як рука наша тое, чаго карцiць нашаму воку.

О! хай жаданым будзе ўсё, што можаш ты пакратаць,

Натанаэль, i не iмкнiся да паўнейшай авалоды.

Найсаладзейшай радасьцю маiх пачуцьцяў

Была спатоля смагi.

 

 

О так, дзiвосны ён, туман на ўсходзе сонца над далiнай,

I сонца — цуд дзiвосны,

Дзiвосны пад нагамi босымi дол ураселы

I вогкi ад марской вады пясок;

Дзiвосна акунуцца ў плынь крынiчную;

Пацалаваць цалункам лёгкiм чыесьцi вусны ў змроку...

 

 

Але плады — тыя плады — Натанаэль, ну што скажу я?

Ах, ты не скаштаваў iх,

Натанаэль, i гэта мяне скрушыць.

Iх мякаць, далiкатная i сакаўная,

Смакотная, была як плоць крывавая,

Пунцовая, як кроў са сьвежай раны.

Яны ня рупiлi, Натанаэль, нiякай асаблiвай смагi,

А падавалi iх у залатых кашах;

Iх смак спачатку знуджваў сваёю незраўнанай прэснасьцю;

Ён непадобны быў на смак нiводнага з пладоў нашых мясьцiнаў;

Смак перасьпелых гуава нагадваў ён

I, падавалася, праймаў усё нутро;

А ў роце потым заставалася гаркота;

Мы гоiлi яе, зьядаючы чарговы плод;

Зьнiкала ўмiг, як толькi наставала,

Насаладзь сокам;

I насалодны мiг той вабiў тым мацней,

Чым болей млiла затым несмач.

Кош хутка спаражнеў.

Апошнi плод, што мы былi пакiнулi,

I той разьдзелены быў неўзабаве.

Ах! а пасьля, Натанаэль, хто выкажа, як горка

Гарэлi нашы вусны?

Нiякая вада змыць не змагла таго апёку.

Прага пладоў гэтых нас змучыла да глыбiнi душы.

Тры днi шукалi iх мы скрозь па рынках,

Але сэзон на iх мiнуў.

Дзе, на якiх, Натанаэль, дарогах нашых чакаюць

Нас новыя плады, каб падарыць нам новыя жаданьнi?

 

 

*

 

 

Мы будзем смакаваць iх на тэрасах.

Дзе-небудзь каля мора, надвячоркам.

Мо згатуем у цукровай палiве

Зь невялiчкiм дадаткам лiквору.

Мо натрусiм iх з дрэваў

Запаведных, за абводам каменным, садоў

I частавацьмемся ў засенi лета.

 

 

Мы сядзецьмем за столiкамi;

Плады так i сыпнуцца наўкола нас,

Варта будзе адно страсянуць гальлё,

Дзе прачнуцца здранцьвелыя мухi.

Пазьбiраем мы паданцы тыя,

I адзiн ужо водар iх нас зачаруе.

 

 

Ёсьць такiя, скажурка якiх плямiць вусны

i якiх не ўжываюць, хiба толькi тады, калi надта даймае ўжо смага.

Мы iх выявiлi пры пяшчаных дарогах;

Яны сьвяцiлiся мiж калюкастага лiсьця,

Якое зранiла нашыя рукi, калi мы памкнулiся былi дастаць iх;

Мы так i ня здолелi наталiць нашай смагi.

 

 

Ёсьць такiя, зь якiх згатавалася б сочыва,

Толькi даўшы iм смажыцца на санцапёку.

 

 

Ёсьць такiя, скажурка якiх не псуецца i ўзiмку;

Кусьнеш — i на зубах адразу аскома.

 

 

Ёсьць такiя, скажурка якiх прахалоднай здаецца нават летам гарачым.

Мы iх елi, прысеўшы на матах,

У невялiчанькiм кабарэ.

 

 

Ёсьць такiя, адзiн успамiн пра якiя зноў сьмяжыць,

Ад таго, што знайсьцi iх ужо немажлiва.

 

 

*

 

 

Натанаэль, а хочаш, я пра гранаты раскажу табе?

Iх прадавалi ўсяго за пару су на ўсходнiм тым базары.

Цэлымi рэшатамi камышовымi, унасып.

 

 

Мы бачылi, як яны ў пыле валялiся

I як iх падбiрала голая дзятва.

Сок iхны кiславаты, бы сок малiны недасьпелай.

Квет iхны нiбы з воску вылiты;

Ён таго ж колеру, што й плод.

 

 

Скарб прыхаваны, разгародкi вузаватыя,

Аквiтасьць сакаўнасьцi,

Лад пяцiкутны.

Скажурынка зьдзiраецца; зярняты падаюць.

Крывавыя зярняты ў лазуркавыя чары;

А рэшта, залатыя капкi, на бронзавыя сподкi.

 

 

З фрацускай пераклала Нiна Мацяш

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0