Распад грамадзтва

На мiнулым тыднi адзiн з кiраўнiкоў РБ адкрыта заявiў пра апатыю народа. Аднак словы гэтыя ўжо ня страшаць, бо ўспрымаюцца як прызнаньне апатыi самога кiраўнiчага рэжыму. Пяць гадоў яны памыкалiся адрадзiць савецкую Беларусь, аўтарытарную i камандавую, але ўсё бракавала iдэалёгii. Анi славянскiм адзiнствам, анi iншымi дамарослымi прыдумкамi народ не прасякнуўся. А без iдэалёгii кiраваць у савецкiм стылi немагчыма. Бо на якiх тады падставах, напрыклад, учыняць масавыя рэпрэсii непазьбежных ворагаў народа i перасьлед дысыдэнтаў? Аднак iдэалёгii не знайшлося. Вось яны й разгубiлiся, прычым, як выглядае, не на жарт. Словы пра апатыю ў працоўных калектывах належаць не каму-небудзь, а шэфу бясьпекi Вiктару Шэйману.

Праўда, паўтаруся, словы ягоныя ня страшаць. Гэта таму, што на нашых вачах у Беларусi адбываецца распад грамадзкага жыцьця. Ужо ўсё жывое ў краiне не жыве адзiным апазыцыйным парываньнем, ужо зьяўляюцца новыя iмёны ў замарожанай было i, як выглядае, моцна памаладзелай культуры, ужо вечнае зноў выглядае больш прывабна, чым палiтычная будзёншчына.

Гаворка ідзе пра распад грамадзтва савецкага, без чаго немагчымае нараджэньне грамадзтва беларускага.
Прыемна назiраць маўклiвую незварушнасьць такiх iсьцiнаў, як свая зямля, свая мова, свая культура. I побач — зусiм асобнае i ўжо недатычнае разлажэньне савецкага ладу, якое нагадвае палёт бамбавiка ў глыбокiм пiке.
Такiм чынам, апатыя рэжыму, вечнасьць культуры i самапачуваньне народа распалiся зь яшчэ ўчора адзiнага цэлага на розныя неперасякальныя плоскасьцi. Што думаюць беларускiя культурнiкi, аналiтыкi i журналiсты пра сёньняшняе народнае самапачуваньне i апатыю?


Адам Глёбус, лiтаратар

Ня хочацца быць прарокам. Асаблiва ня хочацца нiкога палохаць i маляваць апакалiпсiс. Але напружаньне ў грамадзтве iснуе. Чалавек, якi ня можа набыць цукру — гэта чалавек небясьпечны. Ён шукае вiнаватага. I вiнаваты, вядома, начальнiк. А ў Менску няма ня толькi цукру, няма масла. Затое ёсьць чэргi па прадукты. Чэргi незадаволеных людзей. Менавiта ў гэтых чэргах нараджаецца бунт. Цi змогуць улады пазьбегнуць бунту i пазбавiцца гэтых чэргаў? Я мяркую, што не. Чэргi будуць. А калi будуць чэргi, будзе й бунт. Мао Цзэдун сказаў: вiнтоўка нараджае ўладу. А я кажу, што голад народзiць бунт.


Алесь Лiпай (БелаПАН)

Абыякавасьць i апатыя iснуе не ў самiм грамадзтве, а ў дзяржаўных iнстытуцыях i ў апазыцыi — ад стомленасьцi i марнасьцi таго, што яны рабiлi. Адныя ня могуць падвысiць узровень жыцьця людзей, а другiя — узровень iхнай сьвядомасьцi. А дзеля тлумачэньня сёньняшняга стану грамадзтва ёсьць больш трапнае беларускае слова —нiякаватасьць. Апатыя надыходзiць пасьля пэўнага пэрыяду актыўнасьцi, як наступства расчараваньня ў спадзевах на лепшае. Беларускае ж грамадзтва ў сваёй масе не актыўнае. Беларускую гiсторыю апошнiя 200 гадоў твораць адзiнкi. А грамадзтва прымае любыя зьмены — рэвалюцыйныя, рэфармацыйныя цi рэтраградзкiя — як непазьбежнае, накiроўваючы сваю энэргiю на прыстасоўваньне да гэтых новых умоваў. Вярнулiся часы дэфiцыту i татальнага ашчаджаньня грошай, каб хаця хапiла да чарговага заробку. Дзяржава не забясьпечвае людзей неабходным мiнiмумам i ў той жа час усяляк звужае iхныя магчымасьцi зарабляць самiм. Таму iнтарэсы дзяржавы для большасьцi нашых суайчыньнiкаў традыцыйна на апошнiм месцы. Прыватныя iнтарэсы, iнтарэсы сям’i — важныя, але людзi ня ведаюць, як iх можна насамрэч абаранiць. Вось i закупляюць мяхамi цукар ды крупы, за ўчарашнi дзень разьмялi гарэлку з крамаў. Гэта самая простая рэакцыя на пагрозу прыватным iнтарэсам. А большага ад iх чакаць нельга. Трэба быць рэалiстамi, i тады ня будзе расчараваньня ў сваiм народзе, ня будзе апатыi й стомленасьцi ў палiтыкаў.


Андрэй Дынько (часопiс «Arche»)

Што датычыць грамадзкай апатыi, я думаю, што тут iдзецца не пра апатыю ва ўсiм грамадзтве, а пра апатыю, расчараваньне той часткi грамадзтва, якая, жывучы ў 98-м годзе, насамрэч дагэтуль заставалася ў 80-х або нават 70-х гадах, якая адмаўлялася бачыць тую рэчаiснасьць, якая ўтварылася вакол Беларусi за гэтае дзесяцiгодзьдзе. Гэтыя людзi хацелi, каб усё было, як раней, толькi лепш. Цяпер жа яны патроху пераконваюцца ў немагчымасьцi вяртаньня назад, на маскоўскi час. I я думаю, што ўлада будзе мець з гэтым праблемы, бо такое расчараваньне заўсёды мае адваротнай стараной iмкненьне ўсё большай часткi людзей знайсьцi сабе iншыя iдэалы, iншага кумiра нават, iншых правадыроў. Такое расчараваньне можа ў любы момант абярнуцца нават бунтам. Гэты бунт, здаецца мне, сьпее ў людзях, i гора таму, хто паўстане ў яго на дарозе. Неяк нечакана, падысподна мы падыйшлi да сытуацыi, калi сапраўды ўлада ня можа больш правiць па старому, на стары лад, а ўсё больш людзей ня хочуць жыць па старому.


Сяргей Астраўцоў, журналiст i празаiк

Нельга сказаць, што настрой у людзей раптам палепшыўся, стаў аптымiстычным. Таму калi Шэйман цi ягоныя паплечнiкi гэта нарэшце заўважылi, можна толькi папляскаць у ладкi й пажадаць, каб яны зрабiлi наступны крок i зразумелi, што прычынай зьяўляюцца яны самi, каманда Лукашэнкi. I яны гэты момант напэўна ўсьведамляць пачалi. Уключыш тэлевiзар i паглядзiш на пасяджэньнi iхных штабоў... Адразу ўражваюць твары. Ня проста змрочныя, а нейкiя стомленыя, цьмяныя, твары людзей, якiя чакаюць... гiльятыны. Прычым вiдно, што баяцца яны не абурэньня народнага, а гневу гаспадара. Наш Дубко ўсё рапартуе: Гарадзенская вобласьць па ўраджаях i надоях вось-вось вернецца да дзевяностага году, калi мы мелi эўрапейскiя паказчыкi. Але нi ў Дубко, нi пагатоў у тых калгасьнiкаў ня ўзьнiкне пры гэтым думка пра тое, чаму ж мы тады не жывем таксама па-эўрапейску. Людзi нашыя няздатныя рабiць высновы. Нядаўна адна мая каляжанка, якая доўга не была ў Беларусi, вярнулася ў Горадню. I вось яе асноўнае ўражаньне: людзi як бы прыгаломшаныя, паглыбленыя ў адну тэму — цэны, сёньня адно стала даражэй, заўтра — другое, прычым адразу ў некалькi разоў. Гэта для большасьцi шок. Я ўжо не кажу пра гэтае апошняе падвышэньне. Пражыць на зарплаты, якiя дзяржава плоцiць, робiцца зусiм немагчыма. Асаблiва яны нiзкiя ў iнтэлiгенцыi. Як, скажам, настаўнiцы або доктару купiць у краме пачак кавы, калi заробак 2,5 або 3,5 млн., а кава гэтая 1,2 або 1,4 млн.? Потым гэтыя чэргi, што апошнiм часам былi па цукар, масла, танную каўбасу. Вялiкая колькасьць людзей з гатовасьцю стала ў гэтыя чэргi, яны там, як рыба ў вадзе. У канцы СССР гадамi стаялi i зноў на тым самым месцы апынулiся. Нiчога не зьмянiлася, нiякага рэальнага поступу, паляпшэньня жыцьця. Канечне, яны адчуваюць стомленасьць, расчараваньне, нейкае, мабыць, атупеньне. Але iхная незадаволенасьць не вынiкае ў пачуцьцё пратэсту, пагатоў — жаданьне змагацца.


Уладзiмер Арлоў, пiсьменьнiк

Сёньняшняе грамадзкае самапачуваньне ў Беларусi я вызначыў бы як чаканьне. Для адных гэта чаканьне ў чарзе па дзясятак яек цi кiляграм цукру, якiх у беларускiх крамах, як вядома, няма. Для кагосьцi гэта чаканьне выхаду забароненых уладамi кнiгаў. Для кагосьцi — паразуменьня памiж партыямi i рухамi. Для некага чаканьне з турмы палiтвязьняў. Для некага —будучых прэзыдэнцкiх выбараў. А для кагосьцi — чаканьне канца. Такiм чынам, усе чакаюць зьменаў, бо наперадзе тупiк. Беларусаў пераконвалi, што сьвятло ў канцы тунэлю зьявiцца, калi павярнуць назад. Павярнулi. Вярнулi герб i сьцяг былых часоў, пад якiмi пасьпяхова пабудавалi рынкавы сацыялiзм, у вынiку чаго кожны дзень растуць кошты i зьнiкаюць прадукты, якiя нават у слабаразьвiтых афрыканскiх краiнах не зьяўляюцца дэфiцытнымi. Цяпер зноў трэба досыць рэзка паварочваць, iначай можа быць позна. У Беларусi надышла зiма. Але, у адрозьненьне ад мiнулай зiмы, сёлета беларускае балота падмерзла толькi зьлёгку. Балота — адзiн з вызначальных архетыпаў Беларусi. Памятаеце, у Алеся Разанава: «Напачатку было балота»? Дык вось, у нашым балоце пад тонкiм лiстападаўскiм лёдам iдзе складанае патаемнае жыцьцё, якое тоiць у сабе небясьпеку.


Аляксандар Лукашук, журналiст

Я ня ведаю адказу на гэтае пытаньне. Тое, што мы бачым апошнiя 10 гадоў — канвульсii, сутаргi — гэта можа быць i нараджэньне, i сьмерць. Яны падобныя. Народ, канечне, стыхiя, але стыхiя жывая. Значыць, можа быць i мёртвая. I ня толькi паводле Гегеля, але й паводле гiстарычных фактаў. Геты, яцьвягi цi кельты, сарматы цi скiфы... Праблема Беларусi — не народ, якi ёсьць целам нацыi, а мазгi i душа. Пасьля фiзычнага вынiшчэньня ў 16-м стагодзьдзi Беларусь акрыяла толькi на пачатку 20-га. А пасьля мы ня мелi той перадышкi памiж войнамi, якая адыграла выключную ролю ў лёсах прыбалтаў, чэхаў i палякаў. Калi ў чалавека выдалiць лобныя долi галаўнога мозгу, мы атрымаем, як кажуць на мэдычным слэнгу, расьлiну. Фiзычнае зьнiшчэньне ў 20-30-я гады мозгу нацыi i прывяло да такога прыкладна эфэкту. Беларускае грамадзтва не рэагуе анi на Чарнобыль, анi на зьдзек зь сябе, з сваёй мовы, сваёй гiсторыi. Яно патрабуе кiлбасы ды цукру, радуецца двумстам кiляграмам бульбы, якую прэзыдэнт загадаў выдаць сёлета, i ня будзе моцна пярэчыць, калi забяруць краiну. Гэта паводзiны неразумнага дзiцяцi цi наiўнага абарыгена, якi за блiскучыя пацеркi аддае востраў Манхэтэн. Людзi ня думаюць пра будучыню, пра сваiх дзяцей. У грамадзтве не стае крытычнае масы мазгоў. У беларускага грамадзтва не апатыя i не анабiёз, а алiгафрэнiя. Трагедыя ў тым, што гэта дыягназ члена ўласнай сям’i.


ТЭМЫ НАШЫХ РАЗМОВАЎ

Зьмiцер Бартосiк

Неяк едучы зь Нiжняга Ноўгараду ў Гомель, я, як заўжды на гэтым шляху, быў вымушаны правесьцi дзень у Маскве. Выпадкова сустрэў на Новым Арбаце старога сябра з тэатральнай вучэльнi, i гадзiны панесьлiся хутчэй у вясёлых размовах пра мiнулыя гады. Але адна акалiчнасьць мяне тады ня тое, што насьцярожыла, але падалася дзiўнаю. З усiх размоваў iншых людзей — у мэтро, на вулiцы, у кавярнях — даносiлася адно прозьвiшча — Гарбачоў. Я ведаў, што Масква — горад лёгкiх вар’ятаў. Але каб на захадзе «перестройкi» ўсяму гораду не знайсьцi якую цiкавейшую тэму, гэта было занадта. Толькi ў адплываючым ад пэрона цягнiку я даведаўся, што адбывалася 19 жнiўня 1991 году ў той самы час, пакуль мы зь сябрам аддавалiся ўспамiнам. Сучаснасьць прамаўляла праз вагоннае радыё галасамi мяцежнiкаў. I маё знаходжаньне ў цягнiку, што набiраў хады ў бок Беларусi, чамусьцi падалося мне тады лепшым з магчымых варыянтаў.

З тае пары я мiжволi прыслухоўваюся да пабочных размоваў на вулiцы. Iншым часам здаецца, што час замёр, цi адкруцiўся на дзясятак гадоў назад. «— Я толькi што бачыла яйкi. — Дзе, дзе, пакажы? — Ды вунь на праспэкце. Ты што, ня чула, што ён нядаўна змарозiў. Сказаў, што мы ўсе хутка наямося «нармальнымi чалавечаскiмi яйцамi». «— Пайшоў учора ў «Цэнтральны» кавы папiць, а яна ўжо каштуе больш за бiлет да Бабруйску. — Гэта што! Мне ў ГУМе пашэнцiла на днях фотаапарат купiць «Вiлiя-аўта». I не паверыш, усяго за тры баксы. За тры баксы, i шчоўкае».

Яшчэ можна ў размовах пра кошты й курсы ўлавiць ноткi банальнай незадаволенасьцi. Але ўсё часьцей праяўляюцца афарбоўкi немагчымасьцi разумець, ШТО НАС ЧАКАЕ ЗАЎТРА? Пакуль гэта ня так заўважна. На палiцах яшчэ ёсьць што скупiць за драбязу й бяз дрыжыкаў. Яшчэ не апусьцеў збанкрутаваны «Макдональдс». Яшчэ не сыйшлi бесклапотныя ўсьмешкi з твараў нашага студэнцтва. Але ў нечакана рэзка пахаладнелым паветры зьяўляюцца першыя флюiды панiкi. Нiбы перад грандыёзнаю катастрофаю.

Едучы ў перапоўненым няўпэўненасьцю вагоне мэтро на прзэнтацыю нашумелага, не пасьпеў зьявiцца, лiтаратурнага часопiса, я амаль фiзычна адчуваю магiчную, абарончую сьцяну ад гэтых паралiтычных флюiдаў. Там, куды я еду, размовы вядуцца толькi пра дарагiя рэчы. Якiм не пагражае падзеньне курсу беларускага рубля.

Я паспрабаваў уявiць тэмы нашых размоваў, калi б не было нi сёньняшняга рэжыму, нi ягонага заўтрашняга разлажэньня. I ня здолеў пашырыць тэматыку цяперашнiх дзён. Дзе даўно ўжо згубiў, нiбы надакучлiвы гастралёр, усялякую цiкавасьць наш першы й непаўторны. Дзе даўно ўжо не чакаецца перамогаў на заўтра. Таму, што перамога творыцца сёньня. I творыцца не ў размовах.

Калi-небудзь маё вуха ўловiць у вулiчнай гамане незвычайную канцэнтрацыю аднаго й таго ж, ужо абрыдлага прозьвiшча. Але цi ўзьнiкне патрэба прыслухоўвацца мацней — што там адбылося з гэтым чалавекам, ня ўпэўнены. У Менску становiцца ўсё болей тэмаў значна цiкавейшых. Ды й сядаць на нейкi там цягнiк патрэбаў ужо няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0