Адам Глёбус

Лiтаратура

нататкi з «Кiшэннай гiсторыi культуры»

* * *

У бездапаможных лiтаратараў, зазвычай, ёсьць адна яркая рыса, яны — таленавiтыя зайздросьнiкi.

* * *

Грэшнiкi, забойцы, тыраны знаходзяць месца ў памяцi чалавецтва значна лягчэй за паслухмяных, сьцiплых i сьвятых людзей, пачытай падручнiкi гiсторыi.

* * *

Найпершая задача камэрцыйнай лiтаратуры — растыражаваць каштоўнае й прадаць як мага таньней.

* * *

Эгаiстычны лiтаратар мусiць адмаўляцца ад рамяства, бо ягоная патрэба — падабацца сабе, а не суцяшаць i забаўляць iншых, чужых, натоўп, як гэта робяць прафэсiйныя бэлетрысты.

* * *

Пiсьменьнiк-лiсьлiвец-прафэсiянал выдатна ведае, што нiводзiн з тыранаў не адмовiўся ад сваiх лiтаратурных партрэтаў, аўтабiяграфiяў i хвалебных гiмнаў, з гэтага прафэсiянал i жыве.

* * *

Кожная кнiга, выпраўляючыся ў сьвет, рызыкуе сутыкнуцца з неразуменьнем i непрыманьнем. Яна, як карабель, плыве ў чужы сьвет, акрыленая спадзяваньнем на дабразычлiвую й сяброўскую сустрэчу, але, робячы кнiжкi, я ўзбройваю iх усiмi вядомымi мне сродкамi. Ворагаў заўсёды болей, чым сяброў.

* * *

Загнаная ў кут жывёла можа зрэагаваць рэфлексам падманнай сьмерцi. Падобнае адбываецца зь лiтаратарам у таталiтарнай краiне. Ён зьнiшчае сваё прозьвiшча, кнiгi выходзяць ананiмна. I як пад час падманнай сьмерцi жывёла знаходзiцца ў экстрэмальнай напружанасьцi, так i ананiмны твор канцэнтруе ў сабе максымум iнтэлектуальнага супрацiву.

* * *

Лiтаратура будуецца яшчэ й на страху, што незанатаваныя думкi зьнiкнуць.

* * *

Экстрэмальны лiтаратурны твор — кароткая, блытаная, перадсьмяротная запiска.

* * *

Наколькi штодзённая газэта дыялектычная, настолькi кнiга мэтафiзычная.

* * *

Для многiх лiтаратараў асноваю ацэнкi напiсанага служаць: па-першае, колькасьць выкладзеных на паперу знакаў, што прыроўнiваюцца да грашовых адзiнак; па-другое, колькасьць асобнiкаў аддрукаванай кнiгi, што iстотна ўплывае на заробак. Асуджаць i папракаць за такi падыход да лiтаратурнае працы нельга. Наадварот, такiя паводзiны лiтаратара трэба хвалiць на кожным скрыжаваньнi. Што я й рабiў.

Толькi мне да душы iншыя крытэрыi... Люблю наяўнасьць у тэксьце нечаканых i парадаксальных думак i разваг, шаную ляпiдарнасьць i нешматслоўнасьць, паважаю някiдкую прыхаваную сувязь з творамi вялiкiх папярэднiкаў i радуюся амаральнасьцi аўтара, амаральнасьцi з пункту гледжаньня масавай сьвядомасьцi.

* * *

У самага бяздарнага лiтаратара ёсьць хоць бы адзiн прыхiльнiк, звычайна на гэтую ролю пагаджаецца жонка.

* * *

Чытача можна падмануць толькi адзiн раз, а потым даводзiцца мяняць псэўданiм.

* * *

Нечаканая канцоўка навэлы заўсёды iлжывая.

* * *

Талент лiтаратара, як i любы iншы талент, табе дорыць прырода. Асноўная праблема таленавiтага чалавека ў тым, каб наяўнасьць таленту яму даравалi людзi.

* * *

Добрыя кнiгi робяцца з добрых кнiг, а кепскiя — з газэтаў, з часопiсаў, з тэлевiзii й iнтэрнэту.

* * *

Калi мне кажуць: «А я ведаю, пра што будзе тваё наступнае апавяданьне...», я абавязкова дапытваюся пра здагадкi й вэрсii, каб не напiсаць чужога.

18.11.1998
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0