Сяргей Пульша

«Двойка» па Славамiру Глёбусу


Мне не падабаецца стаўленьне да жанчын тых, хто робiць сучасную беларускую лiтаратуру. Я лiчу, што жанчына таксама чалавек.

* * *

Не бывае ўвогуле нялюбых жанчын. Некаханыя — ёсьць, нялюбых — няма.

* * *

Слова «Каханьне» адэкватна не перакладаецца нi на адну з моваў сьвету. Гэта толькi нашае. Каханьне — гэта не любоў, любоў — гэта ня сэкс, сэкс — гэта не каханьне. Дзiўна, але гэта i пачуццё, i працэс, i шмат чаго iншага ў адным слове.

Хто хоча ў гэтым пераканацца, хай паспрабуе сходу перакласьцi на беларускую мову расейскае словазлучэньне «безответная любовь». Што, пахабшчына атрымалася? У лiтаратуры, як i ў каханьнi, ня варта нiчога рабiць сходу.

* * *

Сходу й раптоўна робiцца гвалт. Я згодны ня з Глёбусам, а з Дранько-Майсюком: гвалт робiцца ад нястачы цярплiвасьцi мужчыны. Нястача цярплiвасьцi — гэта недахоп, ад якога дрэнна абодвум: i жанчыне, i мужчыну.

* * *

За прыклад стаўленьня да жанчыны можна ўзяць урывак з «Зорных рэйнджэраў» Хайнлайна: «Дзяўчынкi цудоўныя самi па сабе. Надзiва прыемна проста стаяць на рагу i глядзець, як яны праходзяць побач. Але не, нельга казаць, што яны ходзяць, як усе. Я ня ведаю, як гэта растлумачыць, але iх рухi — нешта больш складанае i хвалюючае. Яны ня проста адштурхоўваюцца ад зямлi нагамi — кожная частка цела рухаецца нiбыта ў розных напрамках... але так зладжана i грацыёзна». Пункт погляду звычайнага баевiка, якi любiць жыццё ва ўсiх яго праявах. Ва ўмовах нашае вайны гэтае разуменьне жанчыны ўласьцiва любому экстрэмiсту i баевiку. I ўвогуле, перакладаць пераклад — суцэльная лухта.

* * *

Але я разумею, чаму на старонках беларускай прэсы, ды й на старонках амаль усей сучаснай «лiтаратуры» ўвогуле жанчына паўстае выключна як сродак задавальненьня мужчыны i сябе. Той жа Хайнлайн пiсаў, што «Нiшто так не падштурхоўвае нашыя старадаўнiя бiялагiчныя патрэбы, як перастрэлка, у якой пашчасьцiла выжыць». Але калi ж мы скончым ваяваць, каб паглядзець каханай жанчыне ў вочы, а не ў ...?

* * *

Адзiн шчыры каталiк тлумачыў мне, што мужчыну ня сорамна стаць на калена ў двух выпадках: перад Богам у касьцёле i перад жанчынай.

* * *

Найбольш iнтымнае, што жанчыны бачаць у мужчыну вельмi рэдка (а некаторыя ня бачаць за ўсё жыцьцё) — гэта ягоныя сьлёзы. Калi ён плача i як ён плача. I я ня бачыў яшчэ мужчыну, якi б дараваў жанчыне здраду сваiх сьлёз.

* * *

Мужчына нiколi ня плача толькi з таго, што яму проста дрэнна. Яму павiнна быць дрэнна да згубы жыцьця й любовi. Па-другое... Аднойчы мне неяк сказалi: «Сяргей, ты не чалавек, ты мужчына». Гэтым можна было б ганарыцца. Але вечна жыць як бясконца надзейная i неабмежавана выносьлiвая рэанiмацыйная машына, тэрмiнатар цi сьцяна з каменю й цэглы — каму патрэбна такое жыццё?

* * *

Большасьць подзьвiгаў i глупстваў мужчына робiць дзеля жанчыны. Большасьць кнiг сусьвету напiсана пра жанчыну i для жанчыны. Мужчыны даўно аддалi жанчынам усе былыя свае прывiлеi — проста за прыгажосьць, за выключнасьць... I ў гэткiх умовах пачынаць фемiнiсцкi рух? Цiкава, чаго яшчэ вы жадаеце гэтым дабiцца? Можа, вам патрэбная роўнасьць у праве на цяжарнасьць? Тады гэта ўжо не да мяне — гэта да спадара Бога. Ён таксама мужчына.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0