Ален Баске  
 
  ПАЖАДЛIВЫ ВЕРШ

Я ня ў стане прымусiць свой верш
заставацца разважным.
Пасьля гэтых спатканьняў з блакiтам,
камэтаю, роўнiкам
i разумовым паняткам
яму неабходная сьвежая плоць:
калi ласка, аддай яму
дрогкiя вусны,
лагчынкi ключыцаў,
духмяныя, нiбы папяровыя яблыкi,
грудзi,
i крывавую пляму, якая
павялiчваецца мiж кален.
Ён зусiм не юрлiвы
i робiць нядрэнную справу:
празь цябе гэты верш,
набываючы рысы мастацкага твора,
набывае знаёмае цела, знаёмую скуру.

ПРЫСУТНАСЬЦЬ БЯЗЬДЗЕЙНАЙ АСОБЫ

Хiба ж я ня байка нябыту?
Знудзiўшыся пэўнага дня,
ён пачаў сябе показкай цешыць:
прыдумаў мяне, нiбы прыхамаць,
вымудраваны й зусiм непажыткавы складнiк
шалёнага сьвету.
Ды жарты жывуць
не даўжэй за гайданьне арэляў
альбо красаваньне шыпшыны ў абладзе вятрыска.
Нябыт сёньня зноў стаўся вельмi сур’ёзным.
Руплiвец, хiба ж ён стрывае
прысутнасьць
бязьдзейнай асобы, мяне?
Хiба ж я ня хiба нябыту?
ШЭРАЕ АЛЬБО ЧОРНАЕ

Ён разьвязвае свой гальштук:
 трохi зашэры, крыху зачорны.
Ён вандруе: чатыры мэтры
ад сябе да сябе i назад.
Ён стамiўся глядзець на дахi
й лiчыць аблокi.
Высiлкi, час, пачуцьцi —
усё запасочана.
Цi напiша ён да сяброў,
якiх не жадае бачыць?
Ён свой дзень канчае да сьнеданьня,
а папоўднi будуць арэлi
памiж сьмерцю, якой ён лякаецца,
i сьмерцю, якой ён прагне.
Перад сном, адклаўшы газэту,
ён скажа жонцы:
«На вайне мы былi б, прынамсi,
пазбаўленыя сябе».

ВЫРАЧЭНЬНЕ

Пакiдаю свой дом,
якi стаўся вязьнiцай блакiту. 
Пакiдаю сваю сужанiцу:
яна вартая лепшага мужа.
Выракаюся ўсiх сваiх кнiгаў:
чытайце менш кплiвыя творы.
На траве засталiся
мая правая нага,
мая левая нага:
каму яны будуць служыць?
Ручаю ахвярую свой чэрап:
мне ён без патрэбы.
Мяне ўжо няма.
Засталася адно мая памяць,
што рыпiць, нiбы дзьверы,
якiя забылi замкнуць.

БАГЕМIЯ

У местах Багемii паляндраваў паморак.
Нiводнага лiшняга рота: дзяцей — на вiсельнi,
старыя бадзёра сiгалi
да брацкiх магiлаў.
У Празе
сьвятар далучаў мяне да чарнабожжа.
Трыццацiгадовай вайне не было канца.
Iз сокалам на плячы —
конь з распоратым чэравам — я вандраваў
па вёсках, дзе ведалi пра ўкрыжаваньне другога Хрыста.
Я рушыў, гарлаючы вершы
на мове, ад зычных якой
iрвалiся перапонкi.
Укленчвалi валасьцяне
й маё ерэтычнае слова
загойвала раны жудою.
Я iм прадракаў цараваньне
Патройнага Сонца,
Квадратнага Месяца,
лютых, але найясьнейшых манархаў.
Я быў пасланцом урадлiвай маны,
i кожнае ранiцы тысячы трупаў
спынялi Дунай. 

АСЬВЕЧАНЫ ДЭСПАТЫЗМ

Плылi найпякнейшыя днi абсалютнае ўлады.
Людовiк ХV кiнуў: «Каб разьвесялiць каралеву,
нам варта было б нацягнуць на шымпанзу парык».
Спадарыня дэ Пампадур не чытала паэзii
зь яе тэатральнымi й трохi нязграбнымi жэстамi.
Я доўгiя днi пераймаўся, зьнячэўку пачуўшы
ад герцага дэ Шуазэля: «Мы страцiм Амэрыку».
Калi па дарозе ў Маскву я заехаў у Вену,
Язэп II скардзiўся: «Моцарт — зусiм селянiн!
Цi ж можна любiць мужыка без шляхетных манераў?»
Пасьля Кацярына II мне штось на францускай
казала з казацкай вымовай i ў вочы глядзела,
нiбыта свайго каня ляскаючы па баках.
Наведнiк чужых гаспадарстваў, прыняты пры розных дварах,
я быў дзiкуном, што паўсюдна шукаў сваю iсту:
разважлiвасьцi й прынцыповасьцi ў бачаньнi сьвету
вучылiся гэтай пары не ў Вэнэцыi.
 

Пераклаў з францускай Андрэй Хадановiч


Ален Баске — сучасны францускi паэт, раманiст i крытык. Аўтар шматлiкiх кнiг вершаў: «Жыцьцё праходзiць у падмосьцi» (1945),«Мёртвая мова» (1951), «Якое царства забытае?» (1955), «Першы тастамэнт» (1957), «Другi тастамэнт» (1959), «Трэцi тастамэнт» (1964), «Чацьверты тастамэнт» (1965), «Прыйдзi прыйдзi нясьцерпнае расстаньне» (1966), «Сто нататак для адной самоты» (1970), «Нататкi для аднаго каханьня» (1972), «Слова народ» (1974), «Нататкi для адзiнага мноства» (1974), «Кнiга сумневаў i раскошы» (1977), «Конь пляскае ў далонi» (1977), «Санэты для канца веку» (1980) i iнш. Ня менш вядомы i шэрагам сваiх сацыяльна-псыхалягiчных раманаў: «Суцэльная зацьма», «Блюзьнер», «Патрэба быць няшчасным», «Малыя вечнасьцi», «Буржуазнае каханьне», «Добрыя намеры» i iнш. Цягам гадоў плённа займаўся паэтычным перакладам. Склаў некалькi анталёгiяў францускае, амэрыканскае, румынскае паэзii. Творчая дзейнасьць Баске раз-пораз адзначаецца буйнымi лiтаратурнымi ўзнагародамi Францыi, сярод якiх Вялiкая прэмiя паэзii i Вялiкая прэмiя раману Францускае акадэмii, прэмii Гiёма Апалiнэра i Сэнт-Бёва.