ДЗЕНЬ БЯЗ МОВЫ

 

Часам здараецца ў жыцьцi, што пра нешта вельмi йстотнае забываесься. Наагул, гэткая зьява, як забываньне, мае месца досыць часта. Але звычайна забываньне ня тычыцца нi пiльных справаў, анi нейкiх важных сустрэчаў. Калi ж i здараюцца гэткага кшталту непрыемнасьцi, дык успрымаеш iх як наканаваньне, ня ўсё ж у гэтым сьвеце роўна: паласа белая, паласа чорная. Я б нiколi не здагадаўся, якую пастку мне падкладзе лёс у другi дзень зiмы. Прачнуўся, як зазвычай — уставаць не хацелася, ды мусiў. Потым пайшоў на сэмiнар у IREX, думаю: «Мо што цiкавае й пачую». Перш-наперш, я даведаўся, што вучыць жыцьцю нас будзе амэрыканец па-расейску. Ну, добра, хай сабе. Але ж i я мусiў зь iм размаўляць па-расейску, бо дзядзька iншае мовы, акрамя хiба яшчэ свае ангельскае, не разумеў. У гэтым годзе я меў «шанец» двойчы размаўляць па-расейску, дый тое, зь немцам ды шатляндцам. Што было яшчэ рабiць зь iмi — ня зьдзекавацца ж ды прымушаць бегчы ў букiнiст па «Граматыку» Бранiслава Адамавiча Тарашкевiча? Затое як прыемна было глядзець на аблiчча крамнiцы ўва «Ўзвышшы», што насупраць КГБ, якая гэтак i ня здолела зразумець без дапамогi нейкага добразычлiвага перакладчыка майго запытаньня: «Цi не маглi б мне пакiнуць гэты квiточак?» Няма мазгоў — лiчы калека. А сёньня, як вада зь вядра, на галаву абвалiлася расейшчына, якое лiтаральна ў роце не трымаў зь незапомных часоў. Ды йшчэ так нечакана, што мусiў не абазнанаму ў беларускай мове амэрыканцу ператлумачваць зь неверагоднымi патугамi тое, што ўжо даўно прадумаў ды прагаварыў у галаве па-наску. I ня я адзiн, вiдовiшча было фантастычнае: сядзяць беларусы ды спрабуюць амэрыканцу «изъясниться по-русски», густа пераплятаючы расейшчыну беларускiмi словамi ды непаўторным сакавiтым акцэнтам. А пасьля яшчэ ўсчалася дыскусiя на тэму «Цi лёгка думаць па-беларуску й перакладаць сынхронна на расейскую?»

Калi надыйшоў перапынак на каву, нехта прыгадаў: «Сёньня ж Дзень мовы!» Хто мог здагадвацца пра гэта? Мароз на вулiцы не дае спакою сваiмi нечаканымi выбрыкамi, нават «чэлавечаскiх яiц» у крамах няма — а ў гэты час надыходзiць чарговы Дзень мовы. У мяне атрымалася ўсё наадварот таму, што плянавалася. Штодзень у мяне Дзень мовы, ды цягнецца ён здаўна, а скончыцца хiба толькi ў дзень сьмерцi. А тут праз увесь дзень змушаны быў «чикать» ды «рикать». Атрымалася, што калi ў мяне Дзень мовы трыста з гакам содняў на год, дык у астатнiх у галаве й на языках «русский порядок», калi ж у iх Дзень мовы, у мяне... Я ўсё ж пашкадаваў, што не скарыстаў добрае магчымасьцi праiнфармаваць амэрыканца пра табу, накладзенае на расейшчыну ў штодругi дзень месяца, ён нават не запярэчыў бы, каб даведаўся пра незвычайнае нацыянальнае сьвята.

На IREXаўскiм сэмiнары назiралася яшчэ адна цiкавая карцiна. Расейская мова ўпершыню на маёй памяцi споўнiла сваю непасрэдную мiсiю «мовы мiжнацыянальных стасункаў», калi жыць паводле Канстытуцыi’94. Амэрыканец i беларусы, карыстаючыся няроднаю для ўсiх расейскаю, надзiва дакладна ўвасаблялi iдэальнае моўнае аблiчча Краiны. Узровень абазнанасьцi ў гаворцы ўсходняга суседа быў аднолькавым ува ўсiх — як з аднога, гэтак i з другога боку. Праўда, нiхто не сумняецца, што грамадзяне сяброўскiх нам заходнiх дзяржаваў у будучынi не забудуцца перад набыцьцём квiтка на самалёт кампанii «Белавiя» ў бок Менску, прачытаць у iнтэрнэце «Граматыку» Тарашкевiча, а гэтаксама ўсе тэрмiналягiчныя слоўнiкi, выдадзеныя «нацдэмамi» зь Iнбелкульту ў дваццатыя гады.

Вiктар Мухiн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0