ТАМ, ДЗЕ ЦЁМНА Й ХАЛОДНА

 

У днi, калi сьвет рыхтаваўся адзначыць 50-я ўгодкi Ўсеагульнай Дэклярацыi правоў чалавека, у Менску адбыўся першы Мiжнародны фэстываль праваабарончага кiно, арганiзаваны беларускай кiнавiдэастудыяй «Тацяна» супольна з прадстаўнiцтвам ААН у Беларусi, Культурным iнстытутам Каралеўства Швэцыя й маскоўскiм кiнафэстывалем «Сталкер». Нягледзячы на тое, што ў апошнi момант дырэкцыя кiнатэатраў «Пионер» i «Победа», даведаўшыся пра заяву намесьнiка галавы адмiнiстрацыi прэзыдэнта — фэстываль, маўляў, ня плянавае мерапрыемства Мiнкультуры, — адмовiла арганiзатарам у залях, месцаў у Палацы прафсаюзаў хапiла ўсiм ахвотным.

Сапраўды, што нi робiцца — усё да лепшага: прынамсi, ня трэба было бегаць па горадзе, каб паглядзець усю праграму. Праўда, студыi «Тацяна» было няпроста, але, да гонару арганiзатараў, яны знайшлi выйсьце, працягнуўшы паказ на два днi. Дзьве кiнастужкi, насуперак чаканьням, ня трапiлi ў праграму фэстывалю. Гэта фiльм Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт», уганараваны прэмiяй Мiру прэстыжнага Бэрлiнскага кiнафэстывалю, i фiльм Вiктара Дашука «Час доўгiх нажоў». Кампрамiс з боку арганiзатараў дапамог iм без правесьцi фэстываль, хоць у ахвяру й былi прынесеныя iнтарэсы сваiх жа калегаў-кiнематаграфiстаў. Нiякiх дывiдэндаў не дало фэстывалю i ўключэньне ў праграму фiльмаў дырэктра кiнастудыi «Беларусьфiльм» Лук’янчыкава. Верагодна, з апасеньньняў трапiць у апалу з-за тэматыкi фэстывалю, якая не задаволiла адмiнiстрацыю прэзыдэнта, малады чыноўнiк у апошнi момант запатрабаваў зьняць свае фiльмы з праграмы.

Што праўда, адсутнасьцi менавiта гэтых фiльмаў гледачы й не заўважылi. Iх больш зьдзiвiла адсутнасьць «Звычайнага прэзыдэнта», якога ягоны стваральнiк прадстаўляў незадоўга перад тым публiцы далёкага Бостану.

Дарэчы будзе сказаць пра жанры. На гэтым фэстывалi, у адрозьненьне ад «Лiстапада», усё адпавядала «жанру». Фэстываль атрымаўся такi, якiм мусiў быць у гэты час у гэтай краiне. Заля Палаца прафсаюзаў не ацяплялася. Госьцi на сцэне, сярод якiх былi «зоркi» расейскага кiно, вядомыя пiсьменьнiкi й кiнематаграфiсты, выступалi ў сьцiплых строях, ды й тое —толькi на адкрыцьцi, астанiя хуталiся ў палiто й шалiкi, сядзелi ў шапках, укрыўшы каленi пуховымi хусткамi, без чаго немагчыма было вытрываць тры с паловай гадзiны у час прагляду апошняга фiльма Марлена Хуцiева «Бясконцасць», у якiм расейскi рэжысэр, як i ягоны калега з Польшчы Кшыштаф Занусi ў фiльме «Галоп», разьвiтваўся зь першым стагодзьдзем кiно. У часе кароткiх перапынкаў кiнааматары дзялiлiся ўражаньнямi, а некаторыя бавiлiся гарбатай альбо кавай з тэрмасаў. Менскiя бамжы, якiя даведалiся пра бясплатныя кiнасэансы, з асалодай грэлiся: усё-ткi ў зале плюс дзесяць, а на вулiцы — мiнус дваццаць. Але ж i яны гаварылi больш не пра маразы, што сталi рэдкасьцю ў нашых шыротах, але пра кiно. Заўсёднiкi — людзi салiднага ўзросту са знаёмымi, здаецца, зь дзяцiнства, менскiмi таварамi.

На iмгненьне твары гледачоў у залi, твары ў фiльме «Сустрэчны зыск» Аркадзя Рудэрмана i Юрыя Хашчавацкага, твары з кронiкi, выкарыстанай беларускiм кiнадакумэнталiстам Мiхаiлам Жданоўскiм у фiльме «Дарога на Курапаты», зьлiлiся ў адзiн сукупны вобраз. Гэта вобраз чалавека, якi ў 1988-м, у свае пяцьдзясят пачуў слова «вандэя», а празь дзесяць гадоў, седзячы ў халоднай залi ў цэнтры Менску, з жахам усьвядомiў, наколькi меў рацыю Алесь Адамовiч. Вандэя пачыналася адразу за сьценамi Палацу культуры, на Акцябрскай плошчы, пераможна залiтай радаснай iлюмiнацыяй.

Здаецца, арганiзатары фэстывалю з Масквы гэтага так i не ўсьвядомiлi. Яны былi заклапочаныя непрэстыжным узроўнем менскага фэстывалю i нават забылiся пацiкавiцца фiльмамi сваiх беларускiх калегаў — нiводзiн з гасьцей на праглядах гэтых фiльмаў заўважаны ня быў. Напэўна, гэтым можна патлумачыць той факт, што ў праграму кiнафэстывалю «Сталкер», якi нядаўна адбыўся ў Маскве, ня трапiлi новыя фiльмы беларускiх кiнематаграфiстаў Мiхаiла Жданоўскага «Дарога на Курапаты» i Ўладзiмера Коласа «Дамова з Гiтлерам».

Згадваецца ўлюбёнае пытаньне высокалобых расейскiх iнтэлектуалаў, якое яны звыклi задаваць яшчэ з савецкiх часоў, прыяжджаючы ў якую-небудзь «нацыянальную ўскраiну»: «Ну, за што вы нас так ня любiце?» Сапраўды — за што?

Алена Лукашэвiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0