КIТАЙСКI ЦМОК

 

Колькi разоў даваў сабе зарок не купляць нiчога кiтайскага. Купiў сыну гарнiтур у першую клясу — на другi дзень абнова распаўзлася па швох. Купiў чаравiкi — i тыдзень не пранасiў. Купiў тушонку — выкiнуў, есьцi немагчыма. Купiў цацку сыну — зламiлася па дарозе з крамы. I вось зараз гэтая кiтайская гарбата... А што зробiш, калi самае таннае, на даражэйшае бракуе грошай.

Неяк задумаўся, чаму робяць гэтак пагана, ды яшчэ экспартуюць у цэлы сьвет? Прадукт сацыялiстычнай, што значыць, прымусовай, неэфэктыўнай працы? Але скрозь кажуць пра кiтайскi эканамiчны прарыў, новую азiяцкую эканамiчную палiтыку, своеасаблiвы кiтайскi нэп. Можа, шараговыя кiтайцы звыклiся рабiць абы з рук? Але як тады зразумець кiтайскi парадак, кормчага Мао Цзэдуна i плошчу Цяньаньмэнь? Цi яны такiя хiтруны: усё лепшае сабе, а астатняму сьвету — розную фiгню? Цяжка паверыць. Цi такая ў iх культура — аднаразовая: апрануў — выкiнуў, апрануў — выкiнуў? Таксама ня дам рады, бо на процьму кiтайцаў не набярэсься рэсурсаў. Навошта пераводзiць сыравiну? Карацей, адныя загадкi.

Як толькi ў Беларусi робiцца кепска, адразу да нашых межаў наблiжаецца Кiтай. Быццам нешта велiзарнае — хмара? ледавiк? i агiднае, як смак iхнае тушонкi. Цьвелiць сваiмi таннымi таварамi, клiча некуды... Ды даўно вядома куды. У свае абдымкi, у Азiю. Каб насiць кiтайскiя драныя гарнiтуры, гiдзячыся, есьцi нешта брыдкае, непадобнае да беларускага сала й цыбулi, i штохвiлiны памятаць пра наступствы Цяньаньмэня.

Колькi разоў даваў сабе зарок не купляць нiчога кiтайскага. Ды вось зноў сяджу на халоднай кухнi, п’ю нялюбую кiтайскую гарбату i разважаю пра жыцьцё. Нават пасьмiхаюся — цi задаволена, цi блазнавата — не зразумець, бо нехта ня мае й таго.

Тут час разважыць, цi ёсць я ўвогуле. Можа мае рацыю спадар Акудовiч: «Мяне няма»? Вось няма i ўсё. Ёсьць толькi пах цыбулi, перамяшаны з пахам поту й ванiтаў у пад’езьдзе. Нi маiх словаў, нi вынiку справы. Нiчога няма. I ў гэтую пустэчу, дзiрку павольна запаўзае кiтайскi цмок, як у дупло або пячору. Ён ня ведае словаў «няўтульна», «мулка», «халодна», «сьлiзка», «агiдна», «брыдка», «нязручна». Ён паўсюль як дома. Толькi пасунься, вызвалi месца, схадзi ў тамбур перакурыць, як ён тут як тут. Ён ня будзе гiдзiцца твайго сала з цыбуляй. Ён зжарэ нават тую крупу-сечку, якая захоўваецца ў цябе дзявяты год, яшчэ з часоў першых гадоў перабудовы, ляжыць на ўсялякi выпадак, але ты не ўяўляеш, як яе есьцi.

Здаецца, усiм даўно да лямпачкi: цi ёсьць я, цi няма. Вядома, акрамя самых блiзкiх, самых родных. Для ўсiх астатнiх... А пра каго клапоцiсься ты?

Але не. Я ёсьць. ЁСЬЦЬ. Учора пайшоў у краму набыць цукру i масла. Кажуць, даюць па пашпартох. Узяў сваю чырвонаколерную яшчэ сэсэсэраўскiх часоў кнiжыцу i пасунуў па дэфiцытныя прадукты. Аказваецца, ёсьць я на гэтым сьвеце. Знайшлi мяне ў сьпiсах. Гандлярка знайшла. Пагартала, пагартала такi вялiзны агульны сшытак i знайшла. Далiбог, i прозьвiшча маё, i iмя, i нумар дому з нумарам кватэры. Усё супадае.

Вось i сяджу зараз на кухнi, п’ю гарбату, ем батон з маслам i чакаю цмока.

Алесь Аркуш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0