Славамiр Адамовiч

БЫТАВУХА

 

I. БЕЗНАЗОЎНАЕ

Цэнтральная лiнiя сталiцы — праспэкт iмя беларускага першадрукара Францiшка Скарыны. Перасячэньне з вулiцай Камсамольскай. Гастраном «Узвышша» насупраць жоўтага будынку КГБ. Пiўны бар на рагу дому, якi фасадам выходзiць на праспэкт, а правым бокам захiнае ад сонца сквэрык зь бюстам Дзяржынскага. Пасьля шостай вечара ў бар заходзяць вертухаi з «амэрыканкi». Заўсёды групай. Пяць-шэсьць чалавек. Заўсёды кухаль-два пiва, профiль каменнага Дзяржынскага празь дзьверы, гарэлкi тут не налiваюць, можна кавалачак салёнай рыбы на 50 грамаў, не, гэта многа, грамаў на 35-45.

Пасьля адсiдкi я сустрэў iх амаль усiх. «Фiзкультурнiка» спатыкаў аж тры разы. Некалi ён браў у мяне адбiткi пальцаў, адбiраў шнуркi, дзягу й кiшэнную драбязу, першы закрыў за мной дзьверы камэры №15.

Таго, якi ў чэрвенi 1996-га прынёс мне некалькi нумароў газэты «Свабода» за сьнежань 1995-га, я ўбачыў у салёне гарадзкога аўтобуса. Праяжджалi плошчу Ванеева. Разьбiрацца не было калi. Я сьпяшаўся да жанчыны.

Апэратыўнiка, аднаго з тых, што шманалi мой пакойчык 22 сакавiка 1996 году, убачыў на прыпынку каля Дзяржцырку. Пайшлi пехатою да Круглай. Гаворым. Ведаеш, кажу, аднойчы мне здалося, што мы не пад вамi ходзiм, а пад Богам. Лёс нас вядзе, а ня вы.

Дык можа гэта толькi здалося?

Можа. Але ў той дзень вы адназначна прайгралi. Хочаш вер, хочаш не, ды вам не ў паперах трэба было рыцца, а ў ложку. Я тры гадзiны шлiфаваў заднiцай затвор абрэза, файны такi абрэзiк, тры патрончыкi. Ну вось хоць ты што рабi: вас трох i кулi тры... А ўвогуле нам усiм пашанцавала: мы жывыя.

 

II. АРУБ

Не, нездарма мы гаворым пра лясы й партызанку.

У структуры ўнутраных войскаў МУС утворана новае падразьдзяленьне: аддзел разьведкi i ўласнай бясьпекi. Па iдэi арганiзатараў новай баявой адзiнкi, АРУБ будзе дзейнiчаць супраць партызанскiх групаў i выключна ў лясной i балотнай мясцовасьцi.

Рэжыму, вiдаць, мала ўжо iснуючых «альфаў» ды «алмазаў». Рэжым баiцца. Рэжым сапраўды думае, што мы пойдзем у лясы. Ён правiльна думае. Толькi ўдакладню: мы будзем УСЮДЫ.

 

III. КРЫВЯНКА

Мы ўтрох: ваш пакорны служка, Паэт Правiльны, якi жыве ў Прэзыдэнцкiм Доме i з-за гэтага перажывае маральныя згрызоты i Паэт Няправiльны, якi цэлымi днямi жлукцiць гарэлку i не перажывае, — сядзiм у рэдакцыi i расьпiваем бутэльку гарэлкi. На стале паўбохана «Барадзiнскага» i колца крывянай кiлбасы. Няправiльны натхнёна распавядае, як ён любiць крывяную i лiвэрную. Вось толькi з-за пэнсiянэраў прыходзiцца выстойваць доўгiя чэргi.

Крамная крывянка — ня тое, што вясковая. Але закусваць ёю ў надзвычайных сытуацыях можна. Праўда, Правiльны крывiцца.

 

IV. НЯМА

Чорт яго ведае, што за краiна!

Пiтной соды не магу дакупiцца ў менскiх крамах. Днямi паўкiлi прывёз зь Вiльнi.

Насовак ня бачу ўжо каторы год — жанчыны дораць на дзень нараджэньня.

Масла зьнiкла. Праўда, ёсьць «шакаляднае».

Алей ёсьць — два даляры за паўлiтра.

Хiба што курам зарвала — няма яек.

Цярпеньня няма.

На Каляды паеду ў Альхоўку i ўсаджу пад левую лапатку нашага парсючка нямецкую швайку, уяўляючы, нiбы гэта ЁН, для каторага ў нас заўсёды ёсьць нянавiсьць.

 

V. ДАНОС

Вытрымкi зь лiста настаўнiкаў СШ №40 г.Вiцебска, дасланага ў аддзел па рабоце з насельнiцтвам вiцебскага аблвыканкаму.

«Паважаны Ўладзiмер Мiкалаевiч!

Зьвярнуцца да Вас нас прымусiлi абставiны, якiя склалiся ў СШ №40 за час кiраўнiцтва ёю дырэктара школы Лаўрэнава, Пятровай, Севярынец. (...) Другое пытаньне, бадай, самае галоўнае — гэта тое, што адмiнiстрацыяй школы ўзяты курс на падтрымку палiтыкi БНФ i Маладога народнага фронту. У гэтым годзе актыўна iшло разлажэньне душ навучэнцаў 10-11 клясаў, Цяпер Севярынец Т. i ейны муж у газэтах «Вiцебскi кур’ер» i «Народная воля» лiюць бруд на палiтыку Лукашэнкi ў сувязi са зьмяшчэньнем iх сына пад варту.

Некаторыя нашы навучэнцы таксама падтрымлiваюць iх, бо Лаўрэнаў дазволiў, а Пятрова ажыцьцявiла мару мацi — Тацяны Яўгенаўны — i пазнаёмiла старшаклясьнiкаў зь ейным сынам. Зьняла з 5-6 урокаў усе дзясятыя клясы, а Павал Севярынец i ягоная кампанiя ў актавай залi школы вучылi iх беларускай мове i ўсяму астатняму.

Выкладчыкам сусьветнай мастацкай культуры быў прыняты сябра Лаўрэнава — Жалянаў, якi зьяўляецца злосным ворагам палiтыкi Лукашэнкi i разам з Лаўрэнавым актыўна падтрымлiвае БНФ. Паняцьце пра сусьветную мастацкую культуру па праграме 10-х клясаў навучэнцы ведаюць павярхоўна, бо ўрокi СМК былi прысьвечаныя крытыцы кiраўнiцтва Рэспублiкi. (...) Сам Лаўрэнаў прыдумаў для сябе факультатыў па эканомiцы, i ўсе адзiнаццатыя клясы бурна на працягу году абмяркоўвалi рыначную эканомiку, не падтрымлiваючы курс Лукашэнкi. (...) Ён (дырэктар — С.А.) увесь у палiтыцы, нездарма забаранiў у школе БПСМ, хоць жадаючыя былi. (...)

Таму будзем спадзявацца, што пры Вашым садзеяньнi члены камiсii (...) аддадуць належнае кожнаму (...)».

 

VI. ЮБIЛЕЙ

«Я хочу тебя увидеть, поговорить. Если и у тебя есть такое желание — позвони мне».

Гэта мая былая жонка пiша мне 19 кастрычнiка 1998 году.

На наступны дзень я атрымаў ейны лiст i вечарам, як маладзён, пабег сустракаць з працы. Цi ня добрыя дзьве гадзiны я тэпаў каля ўваходу ў галоўнае аддзяленьне «Беларусьбанка». Было мокра й золка.

Як кiраўнiк аднаго з крэдытных аддзелаў, Вольга Васiльеўна пакiдае працу апошняя. У натоўпе банкаўскiх клеркаў пазнаю яе адразу ж: знаёмая хада, твар... Праўда, капялюшык яна раней не насiла.

«Вечар добры, Вольга!» — кажу я i цалую ў руку.

Мы iдзем праспэктам Скарыны. Бяром смалявiцкага вiна ў бутэльцы «а-ля шампанскае» (сапраўднага ўжо няма). Заходзiм у Палац прафсаюзаў. Там канцэрт беларускiх бардаў. На сцэне канфэранс Мельнiкаў у цюбяцейцы. Сьпявае сьмешны Шалкевiч. Ё-маё, Жэнька бегае па тэатральным гаўбцы!..

Толькi ўсеўшыся на галёрцы партэру, я заўважаю, што перад намi прымасьцiўся паэт Сыс. Я ледзь пасьпяваю паказаць на яго Вользе, як ён устае i гарланiць на ўсю залю, што яму абрыдла i ён пойдзе глядзець футбол.

Потым у маiм пакойчыку мы расьпiваем вiнцо. Яна зачырванелася.

Божа, як соладка цалавацца з былой жонкай!

Мы едзем да яе. Спачатку на тралейбусе, потым ловiм таксi.

I вось той самы маленькi пакойчык у кватэры ейных бацькоў. Той самы кiлiм на падлозе, ужо пацёрты. Тая самая канапа, але разьбiтая, i падраная капа...

Жонка хутка сьцелiць нам пасьцелю. I кладзецца побач. I абдымае мяне, як мужа, як тое, што належыць ёй. Яна дапамагае мне так, як можа толькi яна. Незвычайна гладкая скура вялiкага цела трыццацiвасьмiгадовай Валянцiны Васiльеўны рыпiць у маiх абдымках...

... Мы разьвялiся ў 1988 годе, вясной, пражыўшы год. У загсе нам так i не ўдалося назваць прычыну разводу.

 

VII. ПАРОДА

На дзень студэнта мы з маiм маладзейшым таварышам гасьцявалi ў iнтэрнаце ўнiвэрсытэта культуры.

Вiктар прыехаў да мяне з Пастаўшчыны: высокi, добрага беларускага роду, прыгожы малады правiнцыял, толькi што дэмабiлiзаваны з войска.

Прыйшлi мы, праўду кажучы да маёй васямнаццаткi. I, як ейныя знаёмыя, трапiлi за сьвяточны студэнцкi стол. Самы пасьля мяне старэйшы разьлiваў гарэлку. Прыпёрся ён аж з Маладэчына, але родам зь Пiнску. I сапраўды, пазнаецца пан па халявах: у «маладэчанца» характэрны паляшуцкi акцэнт, чорныя валасы i хiтрыкi ў паводзiнах.

Саша зь вiдэакамэрай быў, Вiця адкаркоўвае вiнныя бутэлькi, Юлька мая гарэлкi ня п’е (у яе й так балiць галава, бо крытычныя днi). Юльку я, вядома, люблю, але другакурсьнiца Оля з Гарадзеншчыны сваiмi вялiкiмi шэра-зялёнымi вачыма й кароткай джынсавай спаднiчкай падрэзала мяне проста пад корань.

Па трэцяй чарцы Олю выклiкаюць на вахту, i праз колькi хвiлiнаў яна прыводзiць у пакой Колю з БАТУ. «Як!? — ледзь ня ўскрыкваю я. — Няўжо гэты фiгурант зь фiзiяномiяй сярэдняй дэбiльнасьцi — ейны хлопец!?» Не, аказваецца, Коля —аднавясковец Олi. Ух, адлягло.

Аднак, самае цiкавае адбываецца па пятай чарцы. «Што ты iмееш процiў БПСМ?» — голасна пытаецца ў мяне Коля пасьля таго, як я выказаў меркаваньне, што, пэўна, сёньня на вахце дзяжураць бэпээсэмаўцы, паколькi ўсе нармальныя студэнты адзначаюць свой дзень.

Майму суседу за сталом справа я адказаў, што супраць БПСМ нiчога ня маю «процiў». Але Коля з аграрна-тэхнiчнага ўнiвэрсытэту, дзе ўжо «сьвяткавалi» з паўдня, зацiкавiўся мною ненажартачкi. Прыйшлося адрэкамэндавацца выкладчыкам культуралёгii з тэхналягiчнага iнстытуту i пакласьцi п’яненькаму бэпээсамаўцу катлетку, каб закусiў.

Пакiдалi мы гасьцiнных студэнтаў аб адзiнаццатай вечара. Усё было нядрэнна. Адно што, наведаўшы перад дарогай прыбiральню, знайшлi мы ўнiтаз у непатрэбным стане.

«Коля», — падумалi мы зь Вiктарам.

«Коля», — пацьвердзiла на другi дзень Юля.

Што зробiш: якая парода, такая i ўрода.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0